Страчаная спадчына
Шрифт:
Інвентары 1670 і 1675 гг. паведамляюць пра існаванне ў Давыд-Гарадку двух замкаў — Горнага і Дольнага. Горны быў абнесены высокім валам, абкружаны вадою, але на яго тэрыторыі стаяў толькі «дом кухонны», астатняе ўсё было знішчана ў час вайны. Дольны замак (ён жа «падзамча») меў парканавую агароджу. Агульная даўжыня лініі ўмацаванняў абодвух замкаў раўнялася 20 шнурам (г. зн. 980 м. — М.Т.), з якіх на Верхні прыпадала 9 шнуроў і 1 прут (каля 466 м. — М.Т.), на Ніжні — 10 шнуроў і 9 прутоў (каля 534 м. — М.Т.). У лініі ўмацаванняў называюцца таксама «вывады», што трэба вызначыць альбо як патаемныя выхады за межы ўмацаванняў, альбо як бастыёны.
Сітуацыйна планіроўка замкаў у 1675 г. выглядала наступным чынам: вакол іх разрастаўся горад, які меў дзве праваслаўныя царквы і адзін касцёл. З «места» можна было трапіць у Ніжні замак па мосце з парэнчамі, які быў перакінуты праз роў. Уваход на мост запіраўся варотамі. Адсюль зноў па новым мосце на палях праз рэчку Чартарыю траплялі ў Горны замак. Уваход ішоў праз новую, напалову ўзведзеную дубовую браму. Пасярод замкавага двара знаходзілася студня з дубовым зрубам. Абодва замкі былі абкружаны новым дубовым парканам. У 1681 г. і пазней мост у Верхні замак узвялі «на ізбіцах-зрубах».
Усе наступныя інвентары Давыд-Гарадоцкага замка да 1760 г. даюць уяўленне паступовага запусцення і разбурэння замкаў, якія з цягам часу ператварыліся з мясцовага цэнтра абароны ў месца рэзідэнцыі ўпраўляючых-адміністратараў гэтага перыферыйнага валодання Радзівілаў. Праўда, да 1702 г. інвентары пастаянна называюць ваенна-будаўнічыя павіннасці мясцовага насельніцтва, але, відаць, Паўночная вайна канчаткова зняла іх з парадку дня. Усё радзей згадваецца рэчка Няволя, у інвентары за 1702 г. упершыню сустракаецца сучасная назва рэчкі Чартарыі-Няволі — рэчка Няпраўда.
З 1702 г. пастаянна адзначаецца «каля таго замку канал з вадою цякучаю». Усё радзей сустракаецца інфармацыя пра вежы, але пра паркан, што стаяў «на валу кругом», усё яшчэ гаворыцца на працягу першай чвэрці XVІІІ ст. Заўважана ўмацаванне ўязной вежы — брамы замка. У 1728–1734 гг. пастаянна адзначаецца замкавая «вялікая брама з залкай наверсе». Па баках брамы стаялі дзве фланкіруючыя вежы. Затым яе змяніла звычайная драўляная брама з двума кардыгардамі і тарцічнымі варотамі з няхітрай сістэмай запораў. Яны адчынялі і запіралі доступ на замкавы панадворак, дзе ў акружэнні гаспадарчых пабудоў стаяў палац адміністратараў. Гэта фіксуе ў апошні раз інвентар Давыд-Гарадка за 1793 г.
Друя
Паселішча Друя вядома па пісьмовых і археалагічных крыніцах з ХІV ст. Згадваецца яно ўпершыню ў 1386 г. у «Кроніцы» Стрыйкоўскага ў сувязі з міжусобнай вайной Андрэя Полацкага.
Да канца XV ст. Друя належала слугам Полацкага замка. У 1496 г. ёй ужо валодалі князі Масальскія на падставе прывілея — на «место», замак і воласць, атрыманага ад вялікага князя Аляксандра. У князёў Масальскіх горад знаходзіўся амаль два стагоддзі. У 1506 г. па даравальнай грамаце вялікага князя Аляксандра Друя з ваколіцамі пераходзіць да Ганны Масальскай з роду Сапегаў. У грамаце князь асобна падкрэсліў, што ён «не вызваляе мяшчан Друйскіх ад направы Полацкага замка і ваеннай службы нашай, па звычаю і практыцы іншых людзей». Неабходна адзначыць, што і сама Друя ў пачатку XVІ ст. лічылася значным абарончым горадам у паграніччы.
У лютым 1515 г. маскоўскія ваяводы І.Шамін, Ю. Замяцін і Сабураў ваявалі Браслаўшчыну і пасады «в Друи ожгоша». Быў, напэўна, спалены і замак, паколькі дакументы таго часу адзначылі: «А ныне городок на Друи новый». Па некаторых сведчаннях, першапачатковы замак князёў Масальскіх знаходзіўся на левым бераге Друйкі, на тэрыторыі так званага Старога места, а пасля падзей 1515 г. быў перанесены на правы бераг Друйкі.
Неабходна адзначыць, што з тактычнага пункту гледжання месцараспалажэнне Друі і яе замка было не вельмі ўдалым. Замак не мог заняць выступ ля ўпадзення Друйкі ў Дзвіну, таму што ён быў нізкі, малы і вясной пастаянна заліваўся Акрамя таго, з усходу над ім узвышалася гара, якая, калі б яе заняў праціўнік, магла быць выкарыстана для ўстаноўкі артылерыі і абстрэлу замка. Пасля 1515 г. было вырашана паставіць замак на гэтым узвышэнні, але і тут для ўмацавання было не лепшае месца, бо амаль з усіх бакоў меліся доўгія схілы, зручныя для атак праціўніка. а Дзвіна і Друйка былі аддалены ад замка на значную адлегласць. Тым не менш «Полацкая ревизия» 1552 г. зафіксавала Друйскі «замок спольный» братоў князёў Масальскіх на левым беразе Дзвіны. «Замок оборонный» абкружыў мястэчка, у якім лічылася 112 дымаў і 800 чалавек жыхароў. Дакумент не паведамляе пра структуру замкавых умацаванняў. Хутчэй за ўсе ў Друі, як і ў многіх іншых дробных гарадах, яны былі ў занядбаным стане. Хоць тут у пачатку Інфлянцкай вайны і размяшчаўся конны атрад (1561), аднак роля Друйскага замка ў гэтай вайне пе высветлена. У «Тетради» 1563 г., якая вызначала межы Полацкага павета, пра яго сказана: «А Друя город еще не поставлен, а город Друя стоит на Двине». У той жа час тут адзначана, што «посад Друйскій стал в Полоцком повете на Полоцкой земле». Перамірны «лист» паміж бакамі, якія ваявалі, ад 1594 г. у дакументах называе яго ўжо ў ліку замкаў Падзвіння.
У канцы XVІ ст., у 1594 г., у дакументах сустракаецца памінанне аб «опалом замку Друйском», што сведчыць пра стан умацавання таго часу. Аднак А. Гваньіні зазначаў тут у пачатку XVІІ ст. замак з мястэчкам над Дзвіною і Друяй «Ад таго замка, — адзначаў ён, пачынаецца граніца інфляндская».
У XVІІ ст. Друя змяніла свайго ўладальніка, якім стаў магутны магнат, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Ён купіў Друю ў князя Масальскага за 5 тыс. коп грошаў літоўскіх. 8 сакавіка 1618 г. І.С. Сапега аб'явіў, што ля сутокаў р. Друі з Заходняй Дзвіной ён закладвае новы горад Сапежын «у валу і астрозе», які забяспечыць як зброяй, так і іншымі абарончымі сродкамі. Для таго каб збудаванне ўмацаванняў не было занадта цяжкім для жыхароў Сапежына, магнат назаўсёды абавязаў сялян дзвюх сваіх валасцей — Дубровіцкай і Задзвінскай аказваць дапамогу гараджанам. Усе гарадскія прыбыткі ад збору падаткаў магістрату дазвалялася выкарыстоўваць на патрэбы горада, догляд і рамонт «привалка и острога». У сувязі з блізкім размяшчэннем ад мяжы і дзеля большай перасцярогі, каб хто-небудзь пад прыкрыццём гандлевых спраў не прыехаў тайна з непрыяцельскай зямлі і «не соглядал», кожны, хто прыязджаў у горад, абавязаны быў заявіць пра свае тавары і патрэбы гараднічаму і бурмістру. Свае тавары купцы мусілі складваць у гасцінным двары, які размяшчаўся ў астрозе. Гораду давалася магдэбургскае права (1619) і пячатка з выявай віціны пад разгорнутым ветразем. Тыя, хто жадалі пасяліцца ў новазакладзеным горадзе, атрымлівалі «свабоды» на 20 гадоў. Адной з мэт закладкі Сапежына была абарона мяжы Вялікага Княства Літоўскага.
Хоць у 1632 г. Друя была занята маскоўскімі войскамі «с пролитием крови жителей, урядников, ротмистров и всей военной добычей», аднак горад у хуткім часе адрадзіўся. Тут дзейнічалі рамесныя цэхі, якія, як і ў іншых магдэбургскіх гарадах, валодалі ўласнай ваеннай амуніцыяй, харугвамі-сцягамі, бубнамі і трубамі. У ваенных адносінах жыхары Друі падзяляліся на тры сотні са сваімі сотнікамі. У горадзе былі свае збройныя майстры — мечнік, людвісар, слесары і іншыя рамеснікі.
На пачатку вайны 1554–1667 гг., 27 чэрвеня 1654 г., пасля бою Друя была занята царскімі войскамі князя М. Шарамецьева і С. Стрэшнева, якія «горад Друю взяли и литовских людей побили и дворы и костелы пожгли». Частка жыхароў, «убояся», разбеглася па навакольных лясах. Аднак у 1655 г. дзісненскі ваявода М. Чэлішчаў заклікаў друянаў жыць па-ранейшаму ў сваіх дамах. Тыя вярнуліся.
У ходзе контрнаступлення войск Рэчы Паспалітай у канцы вясны — пачатку лета 1655 г. Друя была занята палкоўнікам Касароўскім. Супраць яго 20 чэрвеня з Полацка накіравалася групіроўка царскіх ратных людзей на чале з ваяводам Д. Якаўлевым. Яна нанесла непрыяцелю паражэнне, узяла палонных, вялікія трафеі і «таборы литовских людей пожгла». Друя зноў моцна пацярпела ад ваенных дзеянняў і служылых людзей Д. Якаўлева. «Нас, сирот твоих, — пісалі друяне цару, — многих посекли и разорили, и обдолжали великими долгами».
Праз некаторы час у сувязі з уступленнем Швецыі ў вайну шведы акупавалі Браслаўскі павет, а ў Друю ўвайшоў атрад палкоўніка дэ ла Гарда колькасцю каля 100 чалавек. Даведаўшыся, што горад ужо прысягнуў цару, шведы абрабавалі горад, яго навакольныя вёскі і пайшлі адсюль. У 1656 г. іх застава размяшчалася ў Сапежынскай слабадзе на тэрыторыі кляштара. Маскоўцы таксама паставілі заставу ў 46 чалавек, баючыся, каб «друяне не разбежались», а таксама шведскага пагрому. У тым жа годзе з Друі пад Дзінабург для пабудовы і ўмацавання астрога ў дапамогу маскоўскім войскам былі накіраваны мясцовы пушкар, цясляр і каваль.
У 1657 г. у Друі размясціліся 2 тыс. чалавек маскоўскай пяхоты і казакоў пад началам ваяводы Пронскага. Цар загадаў ваяводзе І.С.Ціхменеву «для береженья и от приходу воинских людей острог делать друйскими посацкими и уездными жилецкими всякими людьми». У кастрычніку 1657 г. ваявода ўжо пачаў будаваць у Задруйскай слабадзе на правым беразе Дзвіны «на Полоцкой стороне» драўляны астрог. Аднак цар указаў, што ваявода задумаў узводзіць занадта вялікія ўмацаванні, «велми не по людям, на 600 саженях» даўжыні. Ваяводзе быў пасланы наказ, каб ён «призвав к себе друянского уезду помещиков, шляхту добрую и друйских бурмистров и мещан лучшнх людей, помыслил и поговорил», якое месца болей падыходзіць для такога будаўніцтва. Рэкамендавалася «острог делать на 300 саженях». Ужо ўзведзеныя вежы належала пераставіць на новае месца, але каб «болши того под острог места не занимал». У астрозе ставілі гарматы.