Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Цар не выключаў варыянта пераносу пачатага астрога на левы бераг Дзвіны, у горад Друю, калі мясцовыя жыхары — «лутчие люди» вырашылі б, што гэта для абароны будзе выгадней. Але дакументы пазнейшага часу сведчаць, што ўмацаванні ўсё ж узвялі на правым беразе Дзвіны, у Задруі. У жніўні 1661 г. Друя была як бы падзелена на дзве часткі: за Дзвіной, у Задруі, стаялі маскоўскія войскі, якія заселі ў астрозе, а на левым беразе Дзвіны, у самой Друі, знаходзілася войска Рэчы Паспалітай. Яно размяшчалася ў шанцах і каля моста, які злучаў Друю з Задруяй. Кіраваў ім гетман Пац. Гетман спрабаваў рушыць свае войскі «к Двине против великого государя ратных людей, и великого государя ратные люди из пушек и их мушкетов многую шкоду учинили жмойцкому и литовскому войску», якое, дарэчы, цярпела ад голада і вострай нястачы пораху.

Апошні раз Друя вытрымала ваенныя ліхалецці 24 студзеня 1664 г., калі маскоўскія войскі зрабілі рэйд з-пад Люцына «за Двину реку… и Друю и Друйское место высекли и выжгли и хлебные запасы и конские кормы пожгли и языки поймали». Ваявода І.Сумарокаў паведаміў цару, што яго ратныя людзі, «пришед изгоном, Друю высекли и выжгли и Друйские места разорили и многих литовских людей побили и языки поймали».

Зараз сляды сярэдневяковых умацаванняў Друі зніклі пад шчыльнай гарадской забудовай.

Друцак

Умацаванні летапіснага Друцка Х-ХІІ стст. мелі складаную сістэму абароны. Яна складалася з дзядзінца (замка) і навакольнага горада (падзамка), якія функцыянавалі ў ХІV-XVІІ стст. Замак размяшчаўся на правым беразе р. Друці і меў у плане няправільную чатырохвугольную форму. Яна паўтарала натуральную канфігурацыю ўзвышэння, занятага замкам. Яго пляцоўка памерам 140 х 80 м на 22 м узвышалася над узроўнем ракі, была амаль гарызантальнай і абмяжоўвалася магутным валам. Ён і зараз дасягае 10 м вышыні, мае перад сабой абарончы роў, які даходзіў у паўднёвай частцы да 12 м, у заходняй — да 6 м глыбіні. Пляцоўку падзамка (170 х 100 м) паўкруглай формы таксама абкружаў вал вышынёй да 7 м. З напольнага боку ад астатняй часткі берагавога плато яна адрэзана дугападобным ровам. За ім, абдымаючы ўмацаванні з поўначы, захаду і ўсходу, размяшчаўся сярэдневяковы горад, які жыў своеасаблівым жыццём парубежнага паселішча.

Познія беларуска-літоўскія летапісы паведамляюць, што пасля таго, як сын князя Міндоўга Ердзвіл заняў Друцак, горад з ХІІІ ст. увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1396 г. у разгар барацьбы за велікакняжацкі пасад між Свідрыгайлам і Вітаўтам дручане спачатку падтрымлівалі першага. Вітаўт «облег» Друцкі замак і прымусіў «княжат друцких с боярами своими» прынесці яму прысягу.

У 1506 г. крымскі хан Махмет-Гірэй, напаўшы на землі Цэнтральнай Беларусі, пусціў загоны пад Вільню, а таксама да Віцебска, Полацка і Друцка і «в Друцку много зла сотворил». Наваколле апошняга, напэўна, было спалена. Пазней, у 1508 г., калі пачаўся мяцеж М. Глінскага і да горада падышлі маскоўскія ваяводы, «князи друцкия здалися и з горадом и крест целовали, что им служити великому князю московскому», упусцілі ў горад маскоўскія войскі ваяводы В. Шамячыча. Аднак у 1509 г. «водлуг перемирья» Друцак зноў быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага, хаця адзін з князёў — Андрэй Друцкі — прыняў маскоўскае падданства. З тых часоў Друцак па частках належаў шматлікім прадстаўнікам князёў Друцкіх-Горскіх-Любецкіх, Талачынскіх. У 1514 г. горад быў разрабаваны маскоўскімі войскамі. Гэта паўтарылася ў 1524 і 1535 гг.

У сувязі з частым упамінаннем у крыніцах XVІ ст. тэрміна «друцкія палі» Л. Аляксееў выказаў меркаванне, што гэта «трэба разумець так, што крэпасць ужо не існавала» і што пачынаючы з XVІ ст. Друцак вядомы, відаць, толькі як геаграфічная назва. Выказана таксама думка, што «горад, відаць, загінуў у час аблогі ад пажару ў канцы XV — пачатку XVІ стагоддзя і больш не ўзнаўляўся». Аднак аналіз гістарычных крыніц паказвае, што такое меркаванне з'яўляецца дачасным, а тэрмін «друцкія палі» мае тлумачэнне. Сам жа Л. Аляксееў пераканаўча даказаў, між іншым, што Друцак узнік у гушчы старажытных паселішчаў, якія стаялі на волаку. Праз яго траплялі ў басейн Дняпра з Заходняй Дзвіны. Акрамя таго, горад зручна размяшчаўся на перасячэнні важных гандлёвых шляхоў на ўсход (Смаленск, Масква), на поўнач (Полацак, Віцебск, Пскоў, Ноўгарад), на захад (Менск, Вільня, Кралявец, Варшава), на поўдзень (Чарнігаў, Кіеў). Раўнінная паверхня вакол Друцка, улічваючы гушчыню тут курганных могільнікаў, яшчэ ў старажытнасці пазбавілася лясоў, што прывяло да непазбежнага разворвання ўсёй навакольнай тэрыторыі. У канцы XV — пачатку XVІ ст. Друцак апынуўся не так на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, як на скрыжаванні дарог, якімі сюды прыходзілі частыя і разбуральныя войны.

Да Друцка рознымі шляхамі дабіралася войска Вялікага Княства Літоўскага, каб бараніць усходнія гарады дзяржавы. І наадварот, войскі Маскоўскай дзяржавы, дабраўшыся да Друцка, маглі рухацца на Беларусь у трох напрамках, кантралюючы адначасова і шляхі адыходу. Ваколіцы Друцка — «друцкія палі» былі зручнымі для канцэнтрацыі і прывядзення ў належны стан вялікай колькасці войскаў, якія размяшчаліся ля стратэгічна важнага скрыжавання. Яно дазваляла зрабіць патрэбны тактычны манеўр, адкрывала дарогу для аператыўнай прасторы. Усё гэта бачылі і выкарыстоўвалі маскоўскія і літоўскія ваяводы. Летапісцы фіксуюць маскоўскія палкі «на друцкіх палях» у 1514 г. колькасцю «осьмдесять тысяч» напярэдадні вядомай Аршанскай бітвы. Яны зафіксаваны ў 1524 г. у дакументах, якія паведамлялі, што «неприятель московитин собирался идти под Витебск, и под Кричев, и Оршу, або под Могилев, або под Дубровну, а тым замки обогнавши, ити бы имели к Друцким полям, делаючи шкоду панству нашому, чого же им Боже не помози».

«Стягнутися на полях Друцких» павінны былі ў разгар Інфлянцкай вайны ў 1564 г. пасланыя Іванам ІV 80 тыс. войску ваяводы П. Сярэбранага з 50 «тысячмя комонников» ваяводы П. Шуйскага. Праз два гады, у 1566 г., на Святую Троіцу тут збіралася войска Вялікага Княства Літоўскага для таго, каб прадоўжыць вайну з «Масквою». Жыць на такім бойкім і багатым на ваеннае ліхалецце месцы было цяжка. Напэўна, не выпадкова назваў гэту мясцовасць С. Герберштэйн, які праязджаў тут у 1517 і 1525 гг., раёнам «найвялікшых пустынь». Аднак жыццё ў гэтых «пустынях» усё ж цеплілася вакол Друцкага замка. Як і сам Друцак, замак працягваў існаваць. У 1544 г. дакументы зафіксавалі часткі «держанья» князя В. Ю. Талачынскага: «… в замку Одруцку, которые части мне пришли от братьи моей, тых частей моих 1/3 часть в замку Верхнем и в Нижнем городище и на месте (г. зн. у горадзе. — М.Т.) у дворищах мещанских, и в огородах, и в землях пашных тых же дворищ мещанских». Звесткі пра Горны і Дольны замкі ёсць за 1545 і 1549 гг. У 1558 г. П. Б. Храптовіч прадаў Рэчыцкаму дзяржаўцу і старосту Любашанскаму, маршалку гаспадарскаму Анікею Гарнастаю «за 200 коп грошей литовских монеты и личбы Дудаковичи и Горы и часть держанья в замку Друцком». Складзенае, відаць, у канцы XVІ ст. «Списанье замку Друцкого» называе яшчэ некалькі князёў і паноў, якія мелі тут свае часткі «держанья» — Багдан Езярэцкі, староста Ашмянскі, князі Любецкія з панам Харлінскім, князі Сакалінскія і паны Падбярэзскія. Дакумент таксама называе павіннасці навакольных сёл Дудаковіч, Сакольні, Талачына, Круглага, Канаплян, Коханава, Сянно, Расчына, Васілевіч, якія выканалі сваю частку «городовой работы» і шукалі ў ваенны час выратавання ў Друцкім замку, дзе ў іх меліся свае гародні. Ясна, што друцкія ўмацаванні будавалі залежныя сяляне, але канкрэтна колькі, чаго і з якіх сёл «Списанье» не называе. Згодна інвентару, яны ўзводзілі Верхні («Горни») замак Друцка, дзе тады стаялі дзве вежы, у тым ліку і вежу-браму, 80 гародняў і між імі два дамы.

Апісанне Друцкага замка можна знайсці ў «Кроніцы Эўрапейскай Сармацыі», выдадзенай А. Гваньіні, які ў 1558–1583 гг. быў камендантам віцебскіх земляў. «Одручка-замак на гары высокай, драўляны, калісьці быў княствам, цяпер многа шляхты рускай тытул гэтага княства ўжываюць». Урэшце, на картах 1562, 1589, 1595 і 1613 гг., выданых у Заходняй Эўропе, пастаянна паказваўся ўмоўным значком замак «Одручк», які існаваў тады рэальна.

Заняпад Друцкага замка адбыўся, верагодна, каля сярэдзіны XVІ ст. Ва ўсякім выпадку ў дакументах перыяду вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. ён не ўпамінаецца. І.Г. Корб, які быў у Друцку ў самым канцы XVІІ ст., пазначыў у сваім дзённіку: «Говорят, что в прошлом столетии этот город имел 7 миль в окружности и славился 200 знаменитых храмов, но во время ожесточенной войны… подвергался такому опустошению, что к нему можно применить то, о чем плачет поэт на развалинах Трои: где стоял Пергам — там теперь колосья». Гэтыя звесткі пра Друцак XVІ ст., вядома, празмерна перабольшаныя, але канец гісторыі яго ўмацаванняў яны ўгадалі.

Копысь

Комплекс умацаванняў горада Копысі XVІ-XVІІІ стст. атрымаў у спадчыну фартыфікацыю дзядзінца летапіснай Копысі (1095), уключаючы таксама зноў створаную лінію абароны «места». Яно разраслося ў познім сярэднявеччы ўздоўж левага берага Дняпра. Ваенна-адміністрацыйным цэнтрам горада лічыўся замак, які стаяў на ўзвышанай частцы берага. Першапачатковае мысавае гарадзішча было, напэўна, акруглым, плошчай каля 0,5 га, яго паўночны край трохі выступаў. Уваход знаходзіўся з усходняга боку. У выніку ваенна-будаўнічых работ канфігурацыя ўмацаванняў першапачатковага гарадзішча значна змянілася. Зараз перыметр вала раўняецца 370 м, памеры ўнутранай пляцоўкі 80 х 60 м. Перыметр гарадскіх умацаванняў, якія ў плане мелі выгляд выгнутага на ўсход прамавугольніка, раўняўся крыху больш за 1 км. Цікавай і значнай дэталлю планіровачнай структуры ўмацаванняў Копысі з'яўляюцца дзве невялікія ракі — Страшаўка і Сморкаўка. Яны працякалі па тэрыторыі горада з паўночнага ўсходу і ўсходу на захад, агінаючы замак з двух бакоў і ўпадаючы ў Дняпро. У ХІV-XVІІІ стст. воды гэтых рэк працавалі на абарону горада. Дзякуючы сістэме запруд на подступах да гарадскіх умацаванняў з усходу і паўночнага ўсходу ўзніклі штучныя вадаёмы. Яны запаўнялі вадою абарончыя равы знешняй лініі ўмацаванняў. Далей, прайшоўшы пад валам, што дазваляе меркаваць пра наяўнасць якой-небудзь асобай палевай канструкцыі, паўзверх якой праходзіў земляны насып, гэтыя рэкі злучаліся ля замка. Тут вусце р. Сморкаўкі было перакрыта дамбай, а воды абедзвюх рэк, падпёртыя плацінаю млына, стварылі штучнае вадасховішча. Яно абараняла непасрэдныя подступы да замка з поўдня, усходу і паўночнага ўсходу. Праезд у замак ішоў па запрудзе млына, якая падводзіла да пад'ёмнага моста перад замкавай брамай.

Прарэзкай вала на замку зафіксаваны два адметна выяўленыя будаўнічыя этапы. Першапачатковы вал быў насыпаны з дробнага пяску з гумусіраванымі праслойкамі, што, напэўна, сведчыць пра існаванне раней не ўмацаванага паселішча. Старажытнейшы вал вышынёй да 5 м узвялі ў другой палавіне ХІ — пачатку ХІІ ст. Затым вал некалькі расшырылі і павялічылі ў вышыню яшчэ на 2 м.

З другой палавіны ХІV ст., з моманту ўключэння Копысі ў Вялікае Княства Літоўскае, горад, размешчаны на скрыжаванні важных шляхоў, якія ішлі па вадзе і па сушы, часта трапляў у сферу ваенных дзеянняў. У 1535 г. войска маскоўскага ваяводы Шуйскага выпаліла ўсё наваколле Копысі і іншых гарадоў Беларускага Падняпроўя. 1562 г. у час Інфлянцкай вайны яго і іншыя гарады Ўсходняй Беларусі «опановали» маскоўскія войскі «за тое же помочь давали Инфлянтам». Затым у 1580 г. «…Москва, то есть Серебреный з немилым войском… Копысу… велми выпустошили», аднак горад зноў быў заняты войскам Вялікага Княства Літоўскага. Бясследна не прайшлі для горада вайна 1554–1667 гг. і Паўночная вайна.

Да пачатку XVІ ст. Копысь быў велікакняжацкім валоданнем, затым ім валодалі князі Астрожскія, а з 1594 г. — Радзівілы. У 1695–1744 гг. горадам валодалі прынцэсы Нейбургскія, затым зноў Радзівілы.

Копысь меў умацаванні, якія адпавядалі рангу гандлёва-рамеснага горада з насельніцтвам каля 2000 чалавек. Ужо А. Гваньіні адзначаў тут у трэцяй чвэртцы XVІ ст. радавы «замак і места». Рамонт умацаванняў рабіла гарадское і навакольнае насельніцтва, у тым ліку і новазаснананага мястэчка Барань. Усё мясцовае насельніцтва мяшчане, сяляне, зямяне-шляхта, баяры панцырныя і путныя — павінны былі ў ваенны час з'яўляцца для абароны радзівілаўскай Копысі, а ў мірны час адбываць «старажоўшчыну» ў замку ці на гарадскіх умацаваннях.

Поделиться с друзьями: