Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Асновай горада з'яўляўся ўмацаваны дзядзінец (замак), які размяшчаўся, дзеля лепшай абароны, на ўзвышшы, звычайна ў сутоках дзвюх рэк. Іншы раз дзядзінец быў у нізіне, і прыроднай перашкодай з'яўлялася балоцістая мясцовасць. На дзядзінцы знаходзіліся княжацкі палац, сабор і іншыя культавыя будынкі, жыллё феадалаў і дружыны, заможных рамеснікаў. Да дзядзінца прылягаў навакольны горад, звычайна ўмацаваны валам са сцяной і абарончым ровам. Каля сцен дзядзінца традыцыйна размяшчалася гандлёвая плошча, да якой радыяльна сыходзіліся вуліцы. Трэцяй структурнай часткай гарадской тэрыторыі з'яўляўся пасад, які далучаўся да навакольнага горада. Такім чынам, у разглядаемы перыяд і ў наступныя стагоддзі найбольш буйныя гарады мелі трохчасткавую структуру. Уздоўж шляхоў на акраінах гарадоў узнікалі неўмацаваныя слабоды.

У XIV–XVI стст. развіццё рамесніцкай вытворчасці і гандлю спрыяла росту гарадскіх паселішчаў. На мяжы XVII ст. налічвалася каля 40 гарадоў з колькасцю насельніцтва больш за 5 тысяч жыхароў. Гарады падзяляліся на вольныя (каронныя) і прыватнаўласніцкія. Іншым тыпам гарадскіх паселішчаў былі мястэчкі, якія фармаваліся каля замкаў, манастыроў, феадальных двароў. Як і ў гарадах, жыхары былі рамеснікамі і гандлярамі, аднак іх асноўным заняткам заставалася сельская гаспадарка. У XV–XVI стст. многія гарады і мястэчкі атрымалі самакіраванне (магдэбургскае права).

У гарадах, што ўзніклі ў XI–XIII стст., планіровачная структура атрымала далейшае развіццё. Трасы вуліц мелі адвольныя абрысы і складаліся адпаведна рэльефу. Асноўныя вуліцы — працяг міжгарадскіх трактаў — сыходзіліся да замка, узведзенага на месцы старажытнага дзядзінца, і гандлёвай плошчы, якія былі грамадскім асяродкам паселішча. Гарадскія кварталы і плошчы мелі няправільную ў плане канфігурацыю, у цэнтральнай частцы кварталы былі дробныя, на ўскраіне — больш буйныя.

Па характары вулічнай сеткі вызначаліся тыпы планіровак, працэс фармавання якіх быў абумоўлены пэўным комплексам фактараў: радыяльная, з перавагай накірункаў, што сыходзіліся да цэнтра; радыяльна-дугавая, дзе радыусы дапаўняліся вуліцамі ў выглядзе паўкальца ці частак акружнасці; галіністая, у якой ад месцаў перакрыжаванняў радыусаў з дугамі разыходзіліся да перыферыі пучкі вуліц. Пры наяўнасці не аднаго, а двух ці больш цэнтраў канцэнтрацыі радыяльных напрамкаў узнікала веерная сістэма.

У вялікай колькасці існавалі планіроўкі нецэнтрычнага тыпу: лінейная, у асноўным уласцівая для мястэчак уздоўж дарог; радавая, прадстаўленая сістэмай амаль паралельных асноўных напрамкаў; простакутна-прамалінейная, блізкая да геаметрычна правільнай простакутнай; перакрыжаваная — рады напрамкаў, якія перасякаліся. Пашырана было таксама спалучэнне розных тыпаў планіроўкі на тэрыторыі аднаго горада.

У XV–XVI стст. фармаваліся і рэгулярныя структуры, што належалі да гатычнай горадабудаўнічай культуры. Для іх тыпова простакутная рыначная плошча, ад кутоў якой адыходзілі па дзве вуліцы — працягі бакоў плошчы.

У забудову плошчы ўваходзілі ратуша, гандлёвыя рады, культавыя будынкі, дамы заможных гараджан. У групе гарадоў плошча размяшчалася перад замкам, што сведчыла аб устойлівасці старажытнарускай горадабудаўнічай традыцыі (Крычаў, Магілеў, Пінск і інш.). У гарадах другой групы старажытная плошча каля замка прыйшла ў заняпад ці захавалася, аднак у XV–XVI стст. сфармавалася новая гандлёвая плошча — грамадскі цэнтр горада, на некаторым аддаленні ад замка, у чым праявіўся ўплыў заходнеэўрапейскага горадабудаўніцтва (Горадня, Менск, Наваградак, Полацак і інш.). Замак і плошча злучаліся характэрным планіровачным элементам — кароткай, часта крывалінейнай вуліцай. У шэрагу прыватнаўласніцкіх гарадоў гандлёвы цэнтр горада і замак склаліся на значным аддаленні адзін ад аднаго (Мір, Нясвіж, Ружаны і інш.).

На планіровачную структуру гарадоў зрабілі ўплыў абарончыя збудаванні, якія складаліся з равоў і земляных валоў з крапаснымі сценамі і вежамі. У гарадах без вонкавых ліній абарончых збудаванняў умацаваны былі толькі феадальныя замкі (Кобрын, Наваградак, Ружаны, Слонім). Сістэма абароны горада ўзмацнялася манастырамі. Гарады з вонкавымі лініямі ўмацаванняў, акрамя замка на месцы старажытнага дзядзінца, мелі 1–2 паясы абарончых збудаванняў, якія ахоплівалі вялікія тэрыторыі (Віцебск, Магілеў, Пінск, Полацак). На перакрыжаванні асноўных вуліц з лініямі ўмацаванняў ставіліся абарончыя вежы-брамы. Культавыя збудаванні размяшчаліся ў вузлавых месцах планіровачнай структуры на важных у горадабудаўнічых адносінах участках. У XVII–XVIII стст. большасць храмаў з'явілася на месцах больш старажытных культавых будынкаў, знішчаных войнамі альбо пажарамі, што сведчыла пра стабільнасць размяшчэння дамінант прасторавай кампазіцыі горада.

У канцы XVI — першай палове XVII ст. ажыццяўлялася шырокамаштабнае будаўніцтва прыватнаўласніцкіх гарадоў (Быхаў, Любча, Нясвіж, Слуцак). Пад уплывам заходнэўрапейскай архітэктуры рэнесанса сфармавалася рэгулярная прасторава-планіровачная кампазіцыя гэтых гарадоў, якія былі абнесены сістэмай земляных умацаванняў геаметрычна правільных абрысаў. Напрыклад, план асноўнай часткі Нясвіжа быў блізкі да квадрата з простакутнымі кварталамі і плошчай у цэнтры. План Быхава ўяўляў сабою паўкруг, падзелены на дзве часткі вялікай выцягнутай плошчай. План Слуцка набліжаўся да круга, які перасякаўся па дыяметры ракой.

У другой палове XVII і першай палове XVIII ст. гарады і мястэчкі перажывалі перыяд заняпаду, выкліканага зацяжнымі войнамі — Расеі з Рэччу Паспалітай і Паўночнай. Колькасць гарадскога насельніцтва зменшылася, знізілася рамесная вытворчасць, скараціўся гандаль. У другой палове XVIII ст. адзначаецца некаторае адраджэнне і паступовы рост паселішчаў. Развіваецца і ўскладняецца планіровачная сістэма вуліц, лініі ўмацаванняў у гэты час прыходзяць у заняпад. У структуры горада ўзмацняецца значэнне шматлікіх каталіцкіх культавых комплексаў, якія разам з іншымі вышыннымі будынкамі (ратушы, цэрквы, сінагогі, замкавыя вежы) фармуюць выдатныя па сваёй мастацкай каштоўнасці сілуэты гарадоў. Ва ўласніцкіх і асобных каронных гарадах у выніку рэфарматарскай палітыкі магнатаў у другой палове XVIII ст., звязанай з арганізацыяй мануфактурных вытворчасцей, адбываюцца карэнныя альбо лакальныя пераўтварэнні планіровачнай структуры (Горадня, Слонім, Слуцак, Паставы).

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) і далучэння беларускіх зямель да Расейскай імперыі пачалася праводзімая ў русле агульнадзяржаўнай палітыкі рэканструкцыя гарадоў, заснаваная на горадабудаўнічых прынцыпах класіцызму. Распрацоўка праектаў перапланіроўкі праходзіла, у асноўным, у чатыры этапы. Першы — 1778 г. і 1783–1785 гг. — самая вялікая партыя планаў гарадоў усходніх губерняў; другі — 1800 г. — серыя планаў гарадоў Менскай губерні; трэці — першая палова XIX ст. — праекты планіроўкі Берасця, Пінска, новы план Менска і інш.; чацвёрты этап — сярэдзіна і другая палова XIX ст. — планы заходніх гарадоў. На працягу XIX ст. закладзеныя ў праектах новыя планіровачныя структуры ў большасці былі рэалізаваны ў натуры, атрымаўшы ў працэсе ажыццяўлення далейшае развіццё.

Ствараемая кампазіцыя гарадоў грунтавалася на прынцыпах рацыяналізму і класічных ідэалах. Некаторым паселішчам надавалася ў плане форма простакутніка ці шматкутніка. Пры гэтым найбольшае пашырэнне атрымаў прыём простакутнай планіроўкі вулічнай сеткі з утварэннем аднолькавых квадратных ці простакутных кварталаў. У кожнай планіровачнай сістэме вылучаліся кампазіцыйныя восі ў выглядзе асноўных вуліц. Гарадскі цэнтр — плошча альбо сістэма плошчаў — размяшчаўся ў месцах перасячэння гэтых восяў. Галоўныя і другарадныя плошчы адпавядалі патрабаванням рэгулярнасці, былі ў плане квадратныя, простакутныя, шматкутныя. Праектуемы цэнтр звычайна сумяшчаўся з гістарычным галоўным ансамблем горада. Яго архітэктура вызначалася як новай класіцыстычнай забудовай, якая ўключала пабудаваныя па ўзорных праектах гандлёвыя рады, адміністрацыйныя і іншыя грамадскія ўстановы, так і манументальнымі збудаваннямі XVII–XVIII стст.

Рэгулярная перапланіроўка найбольш паслядоўна ажыццяўлялася ў малых павятовых гарадах, новыя планы якіх з'яўляліся ідэальнымі планіровачнымі схемамі таго часу. У буйных гарадах з большай доляй капітальнай забудовы рэканструкцыйныя мерапрыемствы ўлічвалі асноўныя асаблівасці ўсталяванай структуры вуліц. Пры гэтым, аднак, быў ліквідаваны самабытны характар няправільных абрысаў вуліц і плошчаў, які паступова фармаваўся ў сярэднявеччы і наступны час.

Ацэнка рэгулярнай перапланіроўкі беларускіх гарадоў з сучасных пазіцый можа насіць дваісты характар. З аднаго боку, відавочна яе агульнадзяржаўная, гуманістычная накіраванасць, спроба пераўтварыць у маштабе імперыі ўсталяваныя структуры на аснове прагрэсіўнага для таго часу падыходу, асветніцкіх ідэй. Класіцыстычны горадабудаўнічы метад дазволіў карэнным чынам палепшыць функцыянальную арганізацыю паселішчаў, асабліва буйных, стварыць развітую структуру вуліц і плошчаў, якая аказалася жыццяздольнай для гарадскіх функцыянальных працэсаў, у тым ліку транспартнага руху, больш чым на дзвесце гадоў, аж да нашага часу. Той факт, што праектныя прапановы насілі таксама і паказны характар, не заўсёды ўлічвалі рэльеф мясцовасці, а ў шэрагу паселішчаў аказаліся нежыццёвымі з прычыны завышанай колькасці і маштаба плошчаў, не зніжае значнасці агульнага горадабудаўнічага падыходу. Закладзеныя ў гэты перыяд прасторавыя структуры павінны ацэньвацца як помнікі горадабудаўнічага мастацтва эпохі класіцызму, якія патрабуюць аховы.

Поделиться с друзьями: