Страчаная спадчына
Шрифт:
З другога боку, відаць і глабальная разбуральная сутнасць такога шырокамаштабнага пераўтварэння, відавочныя памеры страт, панесеных гарадамі. Была амаль цалкам знішчана самабытнасць, сістэма рэгіянальных і мясцовых тыповых рысаў і арыгінальных асаблівасцей планіровачных структур вялікай колькасці паселішчаў. Планіроўка гарадоў несла ў сабе матэрыяльныя сляды ўсіх этапаў шматвяковага развіцця паселішчаў, пачынаючы са старажытнейшага перыяду. Гэта вызначала яе велізарную навуковую і эмацыянальна-эстэтычную каштоўнасць, дазваляла прасачыць уздзеянне розных фактараў на развіццё гарадоў, уплыў культур іншых народаў Эўропы і станаўленне рэгіянальнай беларускай спецыфікі ў горадабудаўніцтве. Калі б не было схематычнага і нярэдка «казённага» руканструкцыйнага падыходу, да нашых дзён дайшло б мноства планіровачных структур гарадоў і мястэчак ва ўсёй іх тыпалагічнай разнастайнасці, што нязмерна ўзбагаціла б горадабудаўнічую спадчыну. Змястоўнасць натуральна сфармаванай планіроўкі, яе мастацкія якасці прасочваюцца на прыкладзе населеных месцаў, дзе не праводзілася рэканструкцыя, — Горадні, Слоніма, Наваградка, Камянца, Друі, Браслава і іншых.
У другой палове XIX — пачатку XX ст. у сувязі з інтэнсіўным развіццём капіталістычных адносін у гарадах, асабліва буйных, бурна расла прамысловасць. Істотным горадаўтваральным фактарам становіцца чыгуначны транспарт. Павялічваецца тэрыторыя і насельніцтва гарадоў. Змяняюцца функцыі паселішчаў, якія набываюць ролю не толькі гандлёвых і адміністрацыйных цэнтраў, але цэнтраў прамысловасці, культуры, фінансавай дзейнасці, што было прычынай з'яўлення новых тыпаў будынкаў.
Прынцыпы рэгулярнай планіроўкі адбіліся на далейшым фармаванні населеных месцаў. На значных тэрыторыях сфармавалася новая капітальная забудова, якая захавалася да нашага часу. Знізілася роля плошчаў як адміністрацыйных і гандлёвых цэнтраў, часткова яны адводзіліся пад гарадскія скверы. Пры гэтым зоны канцэнтрацыі грамадскага жыцця перамясціліся на галоўныя вуліцы. У цэлым структуры гарадскіх цэнтраў атрымалі значнае тэрытарыяльнае развіццё, трансфармаваліся з плошчы ў сістэму плошчаў і асноўных магістраляў. Працягвалі будавацца культавыя збудаванні, аднак іх значэнне ў прасторавай кампазіцыі горада было меншае, чым у папярэднія перыяды.
Пяройдзем да падрабязнага разгляду асаблівасцей гарадоў, што дазволіць ахарактарызаваць высокую ў мінулым і цяпер страчаную горадабудаўнічую культуру, знікшыя ўнікальныя архітэктурна-мастацкія якасці. Адзначым факты фізічнага разбурэння помнікаў альбо маральнага іх знішчэння ў наш час шляхам узвядзення паблізу рэзка дысгармануючай забудовы, якія прывялі да цяперашняга вельмі збедненага стану гістарычных раёнаў гарадоў.
Зробім аналіз гарадоў паслядоўна, паводле геаграфічнай прыметы, «рухаючыся» з усходу на захад. Выбар прыкладаў і падрабязнасць асвятлення тых ці іншых пытанняў вызначаюцца памерамі страт горадабудаўнічых помнікаў і неабходнасцю разгледзець гарады рознай велічыні, якія мелі ў мінулым і цяпер маюць найбольш каштоўную спадчыну, з асабліва канфліктным супрацьпастаўленнем старога і новага.
Гістарычнае развіццё паселішчаў характарызуецца па этапах, аднак найбольшая ўвага ўдзелена другой палове XVIII — першай палове XIX ст. На гэты час прыпадае найвышэйшае развіццё, «росквіт» горадабудаўнічай кампазіцыі большасці беларускіх гарадоў і мястэчак. У параўнанні з папярэднімі этапамі ў другой палове XVIII і першай палове XIX ст. гарады мелі большыя тэрыторыі, колькасць і маштаб вышынных культавых збудаванняў, больш высокі ўзровень капітальнасці масавай забудовы. У гэты перыяд праявілася найвышэйшае развіццё сістэмы прасторавых дамінантаў, дасканаласць кампазіцыйных сувязей паміж імі, гарманічнае адзінства планіроўкі і забудовы з навакольным прыродным ландшафтам, выразныя суадносіны вышыннай і радавой забудовы, іншыя якасці. Найбольш каштоўнымі эстэтычнымі ўласцівасцямі валодаў як горад у цэлым, так і яго асноўныя ансамблі, напрыклад, галоўныя плошчы.
У далейшым, пачынаючы з сярэдзіны XIX ст., назіраецца паступовы працэс парушэння ўсталяванай сістэмы дамінантаў, страты важнейшых збудаванняў альбо іх скажэнне шляхам карэннай перабудовы. У многім факты зносу і перабудовы абумоўлены мікалаеўскай рэакцыяй, што наступіла пасля выступлення дзекабрыстаў і нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830–1831 гг. у Польшчы, Беларусі і Летуве. У наступныя дзесяцігоддзі працэс перабудовы каталіцкіх храмаў працягваўся. Вялікія страты гарадскому асяроддзю нанесены першай сусветнай вайной. У другой палове XIX — пачатку XX ст. натуральнае назапашванне новых архітэктурна-мастацкіх каштоўнасцей — буйнамаштабнай грамадскай і жылой капітальнай забудовы, рознай па стылістычных напрамках, аб'ектаў культавай і прамысловай архітэктуры, тым не менш, не ўзняло дасягненні гэтага часу да эстэтычнага ўзроўню перыяду найвышэйшага развіцця горадабудаўнічай кампазіцыі.
Полацак
Самы старажытны беларускі горад, цэнтр буйнейшага і багатага княства, межы якога ў канцы XI ст. дасягалі Рыжскага заліва, мае і найбольш даўнюю архітэктурную спадчыну. Полацак склаўся пры ўпадзенні ракі Палаты ў Заходнюю Дзвіну і ў XI–XIII стст. меў характэрную для таго часу забудову: размешчаныя на ўзвышшах Верхні замак (дзядзінец), Ніжні замак (навакольны горад), а таксама Вялікі пасад уздоўж Дзвіны. У Верхнім замку знаходзіліся Сафійскі сабор (1044–1066), княжацкі палац, жылыя пабудовы. Відавочна, на плоскім участку ля сцен Верхняга замка сфармавалася гандлёвая плошча — усходнім славянам было ўласціва размяшчаць рынак каля дзядзінца. У забудову плошчы ўваходзіў манастыр Багародзіцы (канец XI — пачатак XII ст.).
Менавіта ў гэты перыяд склалася схема размяшчэння храмаў у плане горада, што атрымала паслядоўнае развіццё ў наступныя стагоддзі. Яе асаблівасць — ланцужкі культавых будынкаў уздоўж Дзвіны і Палаты, пачатак якім даў галоўны храм — Сафійскі сабор. Сярод вядомых храмаў на правым беразе Дзвіны — Багародзіцкая царква, на левым — манастыры Іаана Прадцечы і Барысаглебскі, а ўздоўж Палаты — царква на паўночным канцы Ніжняга замка і Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр.
У XVI ст. Полацак складаўся з Верхняга, Ніжняга замкаў і новага добраабароненага пасада — Запалоцця. Такім чынам, існавала трохчастковая сістэма звязаных паміж сабой раёнаў, кожны з якіх быў абкружаны драўлянымі сценамі са шматлікімі вежамі. Вялікі пасад у гэты час не меў умацаванняў і, відаць, заняпаў. Беларускі краязнавец і этнограф XIX ст. М. В. Без-Карніловіч на падставе гістарычных дакументаў апісаў Полацак XVI ст.: «На самым высокім месцы ў вугле, дзе Палата ўпадае ў Дзвіну, стаяў Верхні замак, абведзены сцяной з вежамі; паміж імі ўсходняя адрознівалася ад іншых вышынёй, таўшчынёй, архітэктурай. Месца, на якім стаяў Верхні замак, з поўдня абмывала Дзвіна, з захаду і поўначы — Палата, з усходу прымыкаў Ніжні замак, абведзены таксама сцяной з вежамі. Сцены складаліся са збітых паміж сабою ў два рады драўляных брусоў; у сярэдзіне Верхняга замка красаваўся цудоўны мураваны Сафійскі сабор; пад'ёмны мост цераз роў служыў зносінамі паміж абодвума замкамі; у іх уязджалі з двух бакоў: з Запалоцця па драўляным мосце на палях, з усходняга боку Ніжняга замка, куды ўваходзіла дарога, што вядзе з Віцебска ў Полацак». Да нашага часу добра захаваліся тапаграфічныя асаблівасці замкавых валоў, абрысы рэчышча калісьці паўнаводнай Палаты і размяшчэнне мастоў цераз яе.
У сярэдзіне XVI ст. у Верхнім і Ніжнім замках налічвалася пяць вуліц і два завулкі. Сярод грамадскіх будынкаў называюцца ратуша з гандлёвымі радамі, чатыры гасцінныя дамы, млын на Палаце, гарадская лазня. Існавалі праваслаўныя Сафійскі і Пятроўскі манастыры ў Верхнім замку і Васкрасенскі ў Ніжнім, Машанецкі манастыр, Срэценская, дзве Мікалаеўскія цэрквы таксама на тэрыторыі замкаў; Богаяўленскі манастыр на беразе Дзвіны. У 1563 г. Богаяўленскі манастыр наведаў Іван Грозны, у 1656 г. — цар Аляксей Міхайлавіч, а ў 1705 г. — Пётр I. У другой палове XVII ст. тут узведзены будынак школы, у якой вучыўся і пазней выкладаў выдатны грамадскі і царкоўны дзеяч, педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі.
Сярод каталіцкіх кляштараў у гістарычных крыніцах упамінаюцца бернардзінскі, закладзены ў 1498 г., і драўляны францысканскі — 1684 г. У першай палове XVI ст. пабудаваны адзін са старажытнейшых у Вялікім Княстве Літоўскім кальвінскі збор. Акрамя таго, у 1580 г. на востраве, што на Заходняй Дзвіне, закладзены езуіцкі калегіум. У XVII ст. паблізу Верхняга замка з'явіўся новы калегіум, а стары пасля быў разбураны.
Шаснаццатае стагоддзе атрымала ў спадчыну закладзеную ў папярэднія стагоддзі схему размяшчэння культавых будынкаў уздоўж прыродных прастораў Дзвіны і Палаты. Яна дапоўнілася групай храмаў на Вялікім пасадзе і царквою ў Запалоцці. Пры гэтым значэнне галоўнай дамінанты захаваў Сафійскі сабор. У сілуэце гарадской забудовы прыкметна вылучаліся ўмацаванні, галоўным чынам крапасныя вежы з шатровымі завяршэннямі.
У XVII–XVIII стст. горад развіваецца ва ўсходнім напрамку ўздоўж Дзвіны (раён Пераддзвіння), уключаючы тэрыторыю Вялікага пасада. У 1655 г. «Верхні замак быў умацаваны тынам стаячым з сасновага лесу з 9 вежамі, у акружнасці замак меў 668 сажняў. У Ніжнім замку было 7 вежаў, у акружнасці ён меў 1117 сажняў» (апісанне расейскага географа і статыстыка В. П. Сямёнава паводле дадзеных гістарычных дакументаў вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, 1905 г.). У крапасных сценах замкаў размяшчалася пяць варот. Сярод будынкаў Верхняга замка ўпамінаюцца келлі і парадныя памяшканні архіепіскапскага двара, брама насупраць Сафійскага сабора. У 1654–1663 гг. вакол Пераддзвінскага пасада ўзведзены новыя ўзмоцненыя абарончыя збударанні.
Падчас Паўночнай вайны, у 1707 г. быў складзены план Полацка, які адлюстроўвае канфігурацыю ўмацаванняў, размяшчэнне і архітэктурнае аблічча асноўных храмаў. Верхні замак, часткова Ніжні, увесь Пераддзвінскі пасад і канец Дзвінскага вострава абкружала лінія земляных абарончых збудаванняў. Параўнанне плана з больш познімі графічнымі дакументамі і сучасным планам горада дазваляе дакладна ўстанавіць месцы колішніх пабудоў, за сваю гісторыю шматразова пераробленых. Сярод іх — драўляны езуіцкі калегіум, які стаяў там, дзе ў другой палове XVIII ст. з'явіўся мураваны калегіум; бернардзінскі кляштар размешчаны на пляцу пабудаванага пазней дамініканскага кляштара; Богаяўленская царква на месцы аднайменнай царквы другой паловы XVIII ст. Драўляны езуіцкі калегіум стаяў на месцы кальвінскага збора, спаленага ў 1660 г. Частка будынкаў калегіума змяшчалася таксама ў Верхнім замку, там, дзе раней знаходзіўся праваслаўны Пятроўскі манастыр.