Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

У XVIII ст. у горадзе з'явілася шмат новых культавых будынкаў. На краях узгоркаў, што падступаюць да левага берага Палаты, узніклі новыя храмы, якія адзначалі ў гарадской прасторы даліну ракі: драўляныя езуіцкія касцёлы ў Верхнім замку і паблізу моста, ад якога пачынаецца дарога на Рыгу. Група вышынных культавых будынкаў уздоўж Дзвіны ўключыла Сафійскую і Богаяўленскую цэрквы, сінагогу і францысканскі кляштар. Такім чынам, дамінуючыя збудаванні выяўлялі ў горадабудаўнічай кампазіцыі асаблівасці рэльефа і размяшчэння водных камунікацый. Пры гэтым прасторавае значэнне храмаў узмацнілася ў сувязі з ліквідацыяй крапасных сцен і вежаў і стварэннем тыповых для таго перыяду больш нізкіх земляных умацаванняў.

У канцы XVIII ст. асноўная частка гарадской забудовы канцэнтравалася паміж Дзвіной і Палатай, дзе і цяпер сгрупаваны гістарычна каштоўныя будынкі. Умацаванні Верхняга і Ніжняга замкаў прыйшлі ў заняпад, аднак земляныя валы захаваліся. З усходу горад абмяжоўвалі рэшткі крапаснога рова. Для простакутнай сеткі вуліц, закладзеных на плоскім рэльефе, арганізуючае значэнне мела Дзвіна. Паралельна ёй праходзілі асноўныя вуліцы, перпендыкулярныя напрамкі звязвалі раёны горада з ракой. У забудове простакутнай гандлёвай плошчы дамінаваў мураваны езуіцкі касцёл святога Стэфана, да якога прымыкалі карпусы калегіума. Таксама тут размяшчаўся і дамініканскі кляштар.

Полацкі гісторык В.П.Вікенцеў у выдадзенай у 1910 г. працы выказаў меркаванне, што простакутную канфігурацыю плоінча набыла падчас будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёла. У той жа час езуітамі была пракладзена галоўная Віцебская вуліца, якая арыентавалася на яго фасад. Савецкі даследнік гісторыі горадабудаўніцтва Ю. А. Ягораў адносіў стварэнне простакутнай структуры цэнтральнай часткі Полацка да сярэдзіны XVII ст., перыяду будаўніцтва гарадскіх умацаванняў у час вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, калі горад захапілі расейскія войскі. У выніку шырокамаштабных будаўнічых работ магла з'явіцца правільная планіровачная сетка, што было тыповым для ўнутранай тэрыторыі новаствораных крэпасцей XVI–XVIII стст.

У другой палове XVIII ст. сілуэт горада ўзбагаціўся за кошт павелічэння вышыні культавых збудаванняў, ускладнення пластыкі іх архітэктурных аб'ёмаў і павелічэння колькасці вежаў, якія вызначылі «вертыкалізм» сілуэта. Характэрна наяўнасць галоўнага вышыннага збудавання, якім раней служыў Сафійскі сабор (пасля — вуніяцкая базыльянская царква). Перароблены ў формах позняга барока будынак узмацніў сваю кампазіцыйную ролю. Аднак галоўнай дамінантай горада ў гэты перыяд становіцца езуіцкі касцёл, што адлюстравала ідэалагічныя памкненні каталіцкай царквы.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Полацак увайшоў у склад Расейскай імперыі і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з'яўляўся цэнтрам губерні. Праект яго рэгулярнай перапланіроўкі зацверджаны ў 1778 г. На першапачатковай стадыі ажыццяўлення ў 1793 г. ён адкарэктаваны губернскім архітэктарам Іванам Зігфрыданам, які распрацаваў «План городу Полоцку как ныне выстроено и выстраивается».

У агульных рысах простакутная планіроўка, якая існавала ў XVII–XVIII стст., служыла асновай для новага плана. Вуліцы атрымалі строгія прамалінейныя абрысы, павялічылася іх шырыня, кварталы набылі правільную канфігурацыю. Гарадскі цэнтр быў падзелены на адміністрацыйную і гандлёвую часткі, адпаведна чаму ўтварылася сіметрычная сістэма трох плошчаў, аб'яднаных трыма параднымі магістралямі. Плошча перад езуіцкім касцёлам, якая стала адміністрацыйнай, захавала галоўную ролю; яе забудова набыла ансамблевы характар за кошт узвядзення групы адміністрацыйных і жылых будынкаў. Дзве іншыя плошчы насілі гандлёвае прызначэнне.

Паводле звестак, што прыводзіць беларускі і расейскі археолаг і краязнавец XIX ст. А. М. Семянтоўскі і іншых крыніц, можна ўстанавіць назвы вуліц. Гэта Пецярбургская альбо Рыжская (сучасная вуліца Фрунзе), Прабойная (Л. Талстога), Спаская (Савецкая), Віцебская, пазней Аляксандраўская (К. Маркса), Ільінская, ці Верхне-Пакроўская (частка вуліцы К. Маркса), Наддзвінская (Энгельса), Вялікая, ці Ніжа-Пакроўская (Леніна).

У канцы XVIII ст. большасць манастырскіх збудаванняў былі ўжо мураваныя, у тым ліку карпусы вуніяцкага базыльянскага манастыра ў Верхнім замку, пабудаваныя з дрэва ў 1668 г., а з цэглы — паміж 1780 і 1793 гг.; дамініканскі касцёл з манастырскім будынкам, якія паўсталі на месцы драўляных, што згарэлі ў 1785 г.; францысканскі кляштар — раней таксама драўляны. У 1782–1785 гг. па праекце выдатнага расейскага дойліда Д. Кварэнгі ў стылі класіцызму перабудаваны Богаяўленскі манастыр, які ўключыў, акрамя галоўнага храма, будынак келляў з цёплымі цэрквамі святых Кацярыны і Ефрасінні і дапаможны корпус, пазней будынак семінарыі.

Культавыя комплексы Полацка па сваёй кампазіцыйнай, горадафармуючай ролі падзяляюцца на тры групы, крытэрыямі падзелу служаць памеры (плошча тэрыторыі, якую займае комплекс, колькасць і велічыня збудаванняў); месца ў прыродным ландшафце і планіровачнай структуры горада; умовы зрокавага ўспрыняцця комплексу.

Да першай групы належалі асноўныя ансамблі — езуіцкі калегіум і базыльянскі манастыр. Калегіум меў развітую планіроўку і разнастайны склад памяшканняў. Акрамя касцёла, ён уключаў некалькі трох-, двух- і аднапавярховых карпусоў. Будынкі ўтваралі ўнутраныя двары. З паўднёвага боку на тэрасе, звернутай да Дзвіны і абмежаванай мураванай падпорнай сцяной, размяшчаўся пладовы сад. Базыльянскі манастыр таксама займаў вялікую тэрыторыю і ўключаў, акрамя царквы, трохпавярховы жылы корпус складанай канфігурацыі, дапаможныя будынкі, працяглую мураваную агароджу.

Калегіум з'яўляўся галоўным элементам ансамбля грамадскага цэнтра, знаходзячыся на завяршэнні асноўнай планіровачнай восі горада прыкладна ў роўнай даступнасці ад усіх перыферыйных раёнаў. Месцазнаходжанне базыльянскага манастыра ў выдатных ландшафтавых умовах — сярод адкрытай прасторы на высокім мысе пры зліцці рэк, таксама забяспечвала яму выключную ролю ў кампазіцыі горада.

Комплексы першай групы, добра бачныя з тэрыторый за межамі Полацка па ўсіх напрамках, з левага берага Дзвіны ўспрымаліся ва ўсім сваім харастве. Асаблівасць агляду гэтых ансамбляў з унутраных гарадскіх прастораў — працяглыя відавыя перспектывы на іх уздоўж вуліц. Напрыклад, Віцебская вуліца арыентавалася на езуіцкі касцёл, Верхне-Пакроўская — на базыльянскую царкву. Другая асаблівасць — магчымасць шматбаковага, амаль кругавога агляду храма з прылеглых да яго ўчасткаў, якія мелі важнае грамадскае прызначэнне, напрыклад з гарадской плошчы. Храмы, якія ўзвышаліся над малапавярховай жылой забудовай, бачыліся з многіх месцаў у горадзе.

Для комплексаў другой групы характэрна невялікая плошча ўчастка, меншая колькасць і маштаб будынкаў — храма і аднаго-двух манастырскіх карпусоў. Іх значэнне ў планіроўцы горада адпавядала іерархіі комплексаў. Напрыклад, у адрозненне ад ансамбляў першай групы Богаяўленскі і францысканскі манастыры займалі радавое становішча ў забудове вуліцы, дамініканскі служыў другараднай дамінантай кампазіцыі галоўнай плошчы. Абмежаванае ўспрыняцце адбывалася пад вострымі вугламі зроку з вуліц, на якія будынкі выходзілі галоўнымі фасадамі. Калі храмы першай групы завяршалі відавыя перспектывы працяглых, асноўных гарадскіх магістраляў, то будынкі другой групы часцей замыкалі кароткія другарадныя напрамкі. Пры гэтым для такіх дамінантаў, як францысканскі, Богаяўленскі і бернардзінскі манастыры характэрна найлепшае ўспрыняцце з акваторыі і супрацьлеглых берагоў Дзвіны, актыўная роля ў стварэнні панарамы горада.

Да комплексаў трэцяй групы належалі драўляныя езуіцкія касцёлы, іншыя маламаштабныя культавыя будынкі, якія існавалі ў канцы XVIII ст. Сярод больш позніх будынкаў — кірха на Вялікай вуліцы. Навакольная забудова сціскала гэтыя дамінанты і абмяжоўвала іх агляд з цэнтральнай часткі горада, затое яны часам добра ўспрымаліся з перыферыйных тэрыторый, напрыклад, даліны ракі Палаты.

Такім чынам, ансамблі першай групы арганізоўвалі прастору Полацка ў цэлым, маючы агульнагарадское значэнне, дамінанты другой складалі кампазіцыю асобных раёнаў горада, трэцяй — служылі мясцовымі акцэнтамі невялікіх участкаў забудовы. Іерархія выяўлялася і ў агульным сілуэце Полацка адпаведна трохступенчатым падзелам вышыняў храмаў.

На прыкладзе Полацка трэба адзначыць адметную ўласцівасць размяшчэння культавых будынкаў, характэрную таксама для іншых паселішчаў. У плане горада прасочваліся рады з некалькіх храмаў, якія знаходзіліся на адной прамой. Умоўнымі прамымі лініямі можна было злучыць большасць вышынных будынкаў, пры гэтым на кожнай змяшчалася не менш за тры храмы. У XVIII — першай палове XIX ст. гэтая ўласцівасць выявілася асабліва ярка, прычым важнай рысай, тыповай таксама для расейскага горадабудаўніцтва, з'яўлялася нязначнае адступленне храмаў ад агульнай восі ў розныя бакі, што пры ўспрыняцці ўздоўж яе прадухіляла зрокавае «накладанне» будынкаў адзін на адзін.

Поделиться с друзьями: