ЖАНРЫ

Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)

Пацюпа Юры

Шрифт:

Падсумоўваючы шматгадовую спрэчку аб сылябіцы, можна вылучыць наступныя пазыцыі: Г. Шэнгелі, В. Жырмунскі, М. Гарэцкі, А. Квяткоўскі, Л. Цімафееў, П. Беркаў і А. Яскевіч прызнаюць у сылябічным вершы танічны прынцып; Б. Тамашэўскі, І. Яромін, У. Халшэўнікаў, А. Панчанка, І. Гутараў і В. Рагойша адмаўляюць яго. У прыватнасьці, паводле Б. Тамашэўскага ўсе склады ў сылябічным вершы прамаўляюцца як ненацісьненыя, паводле І. Яроміна — усе склады прамаўляюцца як націсьненыя, П. Беркаў за апорныя акцэнты бярэ рытмавую канстанту кляўзулы і цэзуры, А. Яскевіч пашырае націскі на ўсе значальныя словы. І ўсё ж ніводнае з гэтых правілаў ня можа разгадаць дэкляраваны М. Гарэцкім парадак націскаў ды завесьці «матор» сылябічнага вершу.

Калі б гэтак званы беларускі «сылябічны» верш грунтаваўся толькі на роўнаскладовасьці, ці, дакладней, складалічэньні, то ён наагул ня змог бы існаваць, бо супярэчыў бы жывому маўленьню, дзе націскі адыгрываюць далёка не апошнюю ролю. Прыкладна так вершазнаўцы і разважалі, мала задумваючыся, чаму ж гэты верш трываў ладны час. У разважаньнях утваралася зачараванае кола: верш быў складалічыльны і таму заняпаў; верш заняпаў, бо быў складалічыльны. Ні ў той, ні ў другой палове зьмеркаваньня няма праўды. Надта ўжо зацягнуўся гэты заняпад, заняўшы чатыры стагодзьдзі паміж Францішкамі — Скарынам і Багушэвічам. А ў творчасьці Янкі Купалы ён пераможна запачаткаваў пятае стагодзьдзе.

На жаль, сучаснае літаратуразнаўства (у тым ліку слаўнае сваёю «дакладнасьцю» вершазнаўства) разьвіваецца ў глыбокім вакуўме — з прычыны нейкае фатальнае няздатнасьці скарыстоўваць даньні лінгвістыкі дзеля ўласных мэтаў. Тым часам мовазнаўства даўно падтачыла падваліны традыцыйна-банальных уяўленьняў пра верш. Прыкладам, такі славуты паліглёт і тэарэтык мовы, як Я. Паліванаў, пісаў: «Чысты выпадак сылябічнага вершаваньня… — без дамешку акцэнтуацыйнага моманту — мы мала ў якіх мовах знойдзем: у прыватнасьці, у японскай і рукюскай, а таксама, зь іншага боку, і ў народнай паэзіі эрзя-мардоўскага дыялекту». Я. Паліванаў не праводзіў рэзкае граніцы паміж «сылябічным» вершаваньнем палякаў ды французаў з аднаго боку і «сыляба-танічным» расейцаў ды немцаў зь іншага, адпаведна тарнуючы да іх куды карэктнейшыя тэрміны: сылябічна-танічнае і танічна-сылябічнае.

Каштоўныя для паэтыкі і пакуль што малаўсьведамленыя вынікі даюць дасьледаваньні сучаснае беларускае лінгвісткі Т. Паплаўскай:

Практычная немень у беларускай мове рэдукцыі ў агульнапрынятым разуменьні слова сягае складалічыльнае базавае рытмавае структуры беларускае мовы, тым часам як дынаміка бязнаціскавага вакалізму ў расейскай мове лучыцца з выражаным такталічыльным рытмам. Адначасна беларуская рытміка адпавядае рытміцы літоўскае мовы, мы можам, зважаючы на даведзенасьць усходнебалтыйскага субстрату для асноўнага арэалу беларускае мовы, разглядаць тую як яе спадкі. Варта зважаць і на такі факт, што літоўская мова належыць да чыста тонавых, якою была і праславянская. Сярод сучасных славянскіх моў тонавыя характарыстыкі захавалі сэрбска-харвацкая і славенская. Рэшта ў той ці іншай меры іх страціла. Беларуская мова, аднак, страціўшы тонавыя характарыстыкі, захавала зьвязаную зь імі рытмавую структуру, да чаго мог у пэўнай ступені спрычыніцца другасны балцкі субстрат, замацаваўшы даўную рытмавую тэндэнцыю.

Гэта вельмі істотнае, а ў пэўнай ступені — нават збытнае сьведчаньне. Яно наводзіць на разважаньні і штурхае да далейшага вывучэньня пытаньня, чаму ў беларускай паэзіі «сылябічны» (сылябічна-танічны) верш прыжыўся лепш, чым у расейскай. Якія фактары — культурныя ці празадыйныя — адыгралі тут галоўную ролю? Цікава зазначыць, што расейскія знаўцы паэзіі і раней, нават ня маючы ўзораў з практыкі, зрэдку выказваліся на карысьць сылябікі. Адно што іх ніхто ня слухаўся. Прыкладам, В. Брусаў пісаў:

Сьцьвярджэньне некаторых даўнейшых падручнікаў, быццам сылябічная сыстэма тарнуецца ў мовах, дзе націск займае той самы склад ў усіх словах (напрыклад, апошні, перадапошні і да т. п.), — ані няслушнае і аспрэчваецца прыкладам хоць бы італійскае мовы, дзе ў жывым маўленьні націскі падаюць на ўсенькія склады (ад апошняга да чацьвёртага і пятага з канца і нават далей).

Каб разьвязаць пастаўленую праблему вершаваньня, спашлюся на ўласны досьвед. У час лекцыяў з гісторыі беларускае культуры мне ня раз даводзілася цытаваць творы нашых даўнейшых паэтаў. Бо як без жывых ілюстрацыяў расказаць, што такое панэгірычныя вершы Андрэя Рымшы, што такое зьвярыныя гратэскі Дамініка Рудніцкага? Як паказаць, што ўжо тады беларуская мова мала чым розьнілася ад сучаснае? Я і сам не заўважыў, калі і якім спосабам у мяне вырабілася рытмічная манера чытаньня старабеларускіх паэтаў. Іх вершы аказаліся зусім не грувасткімі, як мне здавалася раней і як да гэтае пары цьвердзяць нашыя літаратуразнаўцы. Проста трэба засвоіць існасьць падставовых паняткаў — двух старых, цэзуры ды канстанты, і аднаго новага, пульсанты, — на якіх палягае беларускі «сылябічны» верш. Месца цэзуры падлягае строгаму разьліку, але на практыцы мы знаходзім яе свабодна і лёгка. Чаму?

Без інтуіцыі цэзуры радок на дзесяць і болей складоў наагул ня змог бы паўнаварта функцыяваць. Сэнс цэзуры зводзіцца да таго, каб падкрэсьліць рытмавую канстанту, моцны акцэнт на месцы цэзуры і на кляўзуле. Канстанта часьцей за ўсё прыпадае на другі ад канца склад, радзей — на першы ці трэці. Другі склад тут замацаваўся пад уплывам польскае мовы, дзе месца націску, апрача аднаскладовых слоў, заўжды другое ад канца. Практычна законам цэзуры ды рытмавае канстанты прыхільнікі «націскавай» тэорыі і абмяжоўваюць правілы чытаньня сылябічных вершаў. Але калі мы пачнем улічваць і цэзуру, і канстанту — верш усё роўна прагучыць як проза. Крыху бліжэй да фактычнае праўды патрабаваньне А. Яскевіча вылучаць кожнае значальнае слова. Зрэшты, на практыцы гэта яшчэ больш заблытвае, бо нямала значальных слоў, якія акцэнтаваць зусім без патрэбы, а на некаторыя, наадварот, прыпадае па два рытмавыя націскі.

Дзеля рытмічнасьці ў кожным паўрадку мусіць зьявіцца пульсанта, яшчэ адзін моцны націск, фармальна ніяк не пазначаны. Шуканьне пульсанты яшчэ ў большай ступені грунтуецца на інтуіцыі. Ад рытмавае канстанты яна не павінна стаяць ні надта блізка, ні надта далёка. Гэтае месца ў істотна абмежаваным дыяпазоне ўвесь час мяняецца. Часьцей за ўсё рытмавы націск падае на значальнае слова і, у ідэале, імкнецца супасьці з націскам лягічным. Месца лягічнага націску, сваім парадкам, залежыць ад разуменьня вершу. А гэта яшчэ ў большай ступені прымушае віхтацца дадатковы акцэнт. Пэўнымі парамэтрамі пульсанта збліжаецца з тою адзінкаю, якую Г. Шэнгелі называў інтэнса, пры той розьніцы, што інтэнсаю лічылася і канстанта, і ўсякі іншы значальны акцэнт. Такім парадкам, калі канстанта і цэзура палягаюць на інтуіцыі формы, найперш даўжыні радка, дык пульсанта ўлічвае зьмест і паглыбляе форму. Да вонкавага радковага рытму дадаецца нутраны рытм — правобраз мэтрычнага.

Увага наконт лягічнага націску асабліва істотная, бо пацьвярджае ідэю, да якой пакутліва, але няўхільна мусіла прыйсьці сучаснае вершазнаўства: складоваю адзінкаю радка ёсьць не ступа і ня склад, а цэлае значальнае слова. Пульсанта адмаўляе ступы і паказвае, што рытмічнае чытаньне вершаў грунтуецца на іх разуменьні. Рытм — ня нешта вонкавае, паралельнае сэнсу, ён сам зьяўнік гэтага сэнсу. Узьнікненьне рытму як нутраное меры тэксту — зьява ня менш рэвалюцыйная, чым адкрыцьцё кола ці агню. Пры пераходзе ад «першабытнага вэрлібру» як формы высокаарганізаванае рыторыкі да канвэнцыйнага вершу «крытычнаю масаю» служылі і даўжыня радка, і рытмавая канстанта. З таго моманту, слушна зазначае А. Яскевіч, «колькасьць апорных, структурна значальных рытмавых ярусаў у сылябіцы нашмат узрастае».

Паспрабуем паказаць правілы чытаньня сылябічных вершаў на прыкладзе Сімяона Полацкага. Заразом трэба мець на ўвазе, што рытмічнае акцэнтаваньне апорных слоў мусіць быць мацнейшым за вылучэньне ступ пры мэтрычным чытаньні:

Красная весна // ныне нам сияет, и день пресветлый // вселенней блистает. Аще вся снегом // зрятся покровенна, и лютым хладом, // аки умерщвленна: обаче весна: // се бо цвет там полный, прозябе Христос, // сый же крин юдолный. Белший от снега // плоти чистотою, краснейший солнца // души добротою. Он же есть шипок, // чермно обагренный кровию, с земли // чистыя рожденный.

Рытмавую канстанту мы захавалі нават там, дзе яна супярэчыла беларускай акцэнтуацыі. А калі паасобныя словы чытаць бяз «польскіх» націскаў — весна, Христос, шипок, земли, — тады рытмавая будова вершу істотна зьменіцца, але ў цэлым не разбурыцца. Жаданьне зьмяніць канстанту ўзмацняецца тым, што калі моцныя апорныя акцэнты «зрушыць» у бок беларускасьці, дык празь іх выразна «прасьвечвае» шасьціступовы цэзураваны харэй:

Красная весна // ныне нам сияет…
Поделиться с друзьями: