Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Крыху мудрасці — гэта ўжо магчыма; але вось якую шчасную ўпэўненасць знаходзіў я ва ўсіх рэчах: яны любяць скакаць на нагах выпадку.
О яснае і высокае неба па-нада мною! У тым якраз ад сёння твая чысціня мне, што больш няма вечнага павука-розуму і ягонай павуціны:
— што ты — месца пад скокі боскіх выпадковасцяў, што ты — стол божышчаў, на якім божыя гульцы кідаюць гульнёвыя косці.
Ты чырванееш? Хіба я сказаў, чаго не след было? Альбо хочучы дабраславіць, сказаў які кленіч?
Альбо сорам — быць удвух — увагнаў цябе ў чырвань? Ты кажаш мне змоўкнуць і сысці, бо вось — блізіцца дзень?
Свет глыбокі, і ён глыбейшы, чым гэта калі думалася дню. Не ўсё асмельваецца гаварыць перад абліччам дня. Але дзень блізіцца, і мы развітаемся!..»
Так сказаў Заратустра.
Пра цноту, якая нікчэмніць
Калі Заратустра быў зноў на цвёрдай зямлі, ён не адразу пайшоў на сваю гару ў пячору, а прайшоў шмат дарог, усюды распытваў і выпытваў пра тое, пра сёе, так што, жартуючы, нават казаў сам сабе: «Вось рака, якая многімі звівамі вяртаецца да сваіх вытокаў!» Бо яму карцела ведаць, што сталася з чалавекам за час, калі яго, Заратустры, не было: зрабіўся ён большы ці меншы. І аднаго разу ён угледзеў шэраг новых дамоў; ён здзівіўся і сказаў:
«Што азначаюць гэтыя дамы? Далібог, не была вялікая тая душа, якая збудавала іх на сваё падабенства!
Ці не дурное дзіця дастала іх са скрынкі з цацкамі? Каб другое дзіця зноў іх схавала ў скрынку.
Гэтыя пакоі і каморкі: няўжо людзі ў іх уваходзяць і выходзяць назад? У іх жа толькі месца шаўкавічным кукалкам або памаўзлівым кошкам, якія даюцца паласавацца і сабою».
І Заратустра спыніўся і задумаўся. Нарэшце ён журботна сказаў: «Усё тут здрабнела!
Усюды я бачу ніжэйшыя вароты; такі, як я яшчэ, бадай што, увойдзе ў іх, але мусіць угнуцца.
О, калі я зноў вярнуся на радзіму, дзе мне не трэба будзе нагінацца, нагінацца перад малымі!» — І Заратустра ўздыхнуў і паглядзеў удалеч.
І таго самага дня ён сказаў казань пра цноту, якая нікчэмніць.
«Я хаджу сярод гэтага народу і не плюшчу вачэй: людзі не даруюць мне, што я не зайздрошчу іх цнотам.
Яны кусаюць мяне, бо я кажу ім: малым людзям патрэбны маленькія цноты; бо мне цяжка прызнаць, што патрэбны гэтыя сама маленькія людзі!
Я падобны на пеўня ў чужым катуху, яго дзяўбуць нават куры; але я нічога не маю да гэтых курэй.
Я з імі ветлівы, як з любою нікчэмнаю прыкрасцю; быць калючым з малым здаецца мне мудрасцю, вартай хіба што вожыка.
Усе яны гавораць пра мяне, седзячы ўгары каля агню; усе гавораць пра мяне, але ніхто пра мяне не думае!
Вось новая цішыня, якой я навучыўся: той шум, які ўчыняюць яны вакол мяне, расхінае покрыва над маімі думкамі.
Яны ўчыняюць гармідар: «Чаго ад нас хоча гэта чорная хмара? Хоць бы яна не прынесла заразы!»
А нядаўна нейкая кабета схапіла сваё дзіця, калі тое памкнулася да мяне: «Забярыце дзяцей! — закрычала яна. — Такія вочы высмальваюць дзіцячыя душы».
Калі я прамаўляю, яны пачынаюць кашляць: яны думаюць, што гэтак можна супраціўляцца бурліваму ветру; яны не здагадваюцца пра буру майго шчасця!
«Нам няма калі, нам не да Заратустры» — так пярэчаць яны; але што мне да іхніх «калі», якім не коле Заратустра?
І нават як хваляць мяне: хіба можна спачыць на іхніх усхваленнях? Хвала мне іхняя — што поле ў бадзяках: скура свярбіць нават як здымеш яе.
І вось што яшчэ ўведаў я сярод іх: хто хваліць, робіць выгляд, што аддае заслужанае, а папраўдзе ён сам хоча ўварваць сабе яшчэ болей!
Спытайцеся ў маёй нагі, ці падабаецца ёй іх манера хваліць і прынаджваць? Праўда, у гэтым рытме «цік-так» не можа яна ні скакаць, ні не варушыцца.
Яны спрабуюць хваліць мне іх дробную цноту і надзіць мяне да яе; яны і нагу маю хацелі б угаварыць на рытмічнае «цік-так» свайго шчасцейка.
Я хаджу сярод іх і не мружу вачэй: людзі здрабнелі і драбнеюць далей. І прычына таго — іх вучэнне пра шчасце і цноту.
Яны сціплыя нават і ў цноце, бо хочуць камфорту. А з камфортам сумяшчаецца толькі сціплая цнота.
Праўда, і яны вучацца хадзіць па-свойму, і нават ісці наперад: гэта я называю хадзіць накульгваючы. І гэтак я заважаю толькі тым, хто спяшаецца.
І шмат хто з іх, ідучы наперад, глядзіць назад, выцягнуўшы шыю: я ахвотна іх штурхаю.
Ногі і вочы не павінны ні хлусіць, ні ганіць за хлусню адно аднаго. Але шмат хлусні ў маленькіх людзей.
Некаторыя маюць сваю волю, але большасць толькі служаць волі іншых. Ёсць і сярод іх шчырыя, але большасць — усяго толькі благія акторы.
Ёсць сярод іх акторы несвядомыя, ёсць і акторы насуперак сваёй волі: шчырых заўсёды мала, асабліва — шчырых актораў.
Мужчынскія якасці тут рэдкія: вось чаму жанчыны ў іх робяцца мужчынамі. Бо толькі той, у каго ў дастатку мужчынскага, вызваліць у жанчыне жанчыну.
І вось найгоршая крывадушнасць, якую я ў іх бачыў: тыя нават, якія загадваюць, падрабляюцца пад цноты падначаленых.
«Я служу, ты служыш, мы служым» — так моліцца тут крывадушнасць паноў, — шкада, калі першы пан — толькі першы слуга!
Нават у іх крывадушнасць пранікла цікаўнасць маіх вачэй: і я разгадаў іхняе шчасце — шчасце мук — і іх бзычанне на асветленых сонцам шыбах.
Колькі дабрыні, столькі і слабасці бачу я. Колькі справядлівасці і спагады, столькі і слабасці.
Круглявыя, сумленныя і паблажлівыя яны паміж сабою, як пясчынкі круглыя, сумленныя і паблажлівыя да пясчынак.
Сціпла абдымаць маленькае шчасце — яны называюць гэта «ўпакорваннем»! І пры гэтым сціпла касавурацца на другое маленькае шчасце.
Яны, у сутнасці, хочуць вельмі мала, а найбольш аднаго — каб іх ніхто не крыўдзіў. Таму яны такія запабеглівыя і кожнаму робяць дабро. Але гэта — баязлівасць: хай сабе хоць і цнотаю называецца.
І калі яны, гэтыя маленькія людзі, гавораць тоўстым голасам, я чую ў іх голасе толькі хрыпласць, бо любы продзімень робіць іх хрыплымі.
Яны кемлівыя, і ў цнотаў хітрыя пальцы. Але ім не хапае кулакоў — пальцы ў іх не ўмеюць сціскацца ў кулак.
Цнотаю яны лічаць тое, што робіць сціплым і плохім: так яны ператварылі ваўка ў сабаку, а людзей — у найлепшую хатнюю жывёліну — чалавека.