ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

О думка мая, што прыйшла з бездані! Калі ж хопіць у мяне сілы чуць, як ты ўстаеш са сваёй магілы, і не дрыжаць пры гэтым?

Да самага горла даходзяць удары майго сэрца, калі адчуваю, як ты паўстаеш ува мне! Ад самога твайго маўчання ў мяне зацінае дух, калі ты маўчыш, бяздонная!

Ніколі я не адважваўся клікаць цябе на святло: годзе ўжо і таго, што насіў я цябе ў сабе! Яшчэ бракавала мне сілы на апошнюю мужнасць ільва, на найвышэйшую адвагу ягонае волі.

Шмат жахлівага было мне ў тваім цяжары: але калі-небудзь я здабуду яшчэ сілу і ільвіны рык, які выкліча цябе з мяне!

І толькі адолеўшы ў сабе гэта, я адолею і большае: і перамога будзе пячаткаю маёй дасканаласці!

А пакуль што я вандрую па невядомых морах; дагаджае мне выпадак. Я гляджу наперад і назад — і не бачу канца.

Не настала яшчэ гадзіна маёй апошняй барацьбы: магчыма, яна ўжо блізка? Жыццё і мора навокал вабяць мяне падступнай — сапраўды падступнай — прыгажосцю!

О паполудню жыцця майго! О надвячорак шчасця! О прыстань у бурлівым моры! О мір і спакой сярод невядомага! Як мала я вам давяраю!

Праўда, не давяраю я вашай падступнай прыгажосці! Я падобны на закаханага, які не верыць залішне пяшчотнай усмешцы.

Як ён, раўнівы, штурхае ад сябе каханую, пяшчотны ў суровасці сваёй, — так і я адштурхоўваю шчасную гадзіну.

Прэч ад мяне, шчасная гадзіна! Супроць маёй волі прыйшла з табой шчаснасць. Гатовы на сама глыбокую скруху, я стаю тут: прыйшла ты не ў час!

Прэч ад мяне, шчасная гадзіна! Лепей знайдзі сабе сховішча там, у сваіх дзяцей! Спяшайся! І яшчэ да вечара перадай ім дабраславенне майго шчасця!

Блізка ўжо вечар: сонца садзіцца. Адышло маё шчасце!»

Так сказаў Заратустра. Цэлую ноч ён чакаў, калі да яго завітае няшчасце: але марна чакаў. Ноч была ясная і ціхая, і само шчасце ўсё бліжэй, бліжэй падступалася да яго. А на золку засмяяўся Заратустра сэрцу свайму і сказаў пакепліва: «Шчасце бегае за мною. Гэта таму, што я не бегаю за жанчынамі. А шчасце — жанчына».

На досвітку

«О неба нада мною, о Чыстае! Глыбокае! О Бездань святла! Сузіраючы цябе, я трымчу ад боскіх жаданняў.

Кінуцца ў тваю вышыню — гэта мая глыбіня! Схавацца ў тваю чысціню — гэта мая нявіннасць!

Бога хавае яго прыгажосць: так ты хаваеш свае зоркі. Ты маўчыш: так ты мне абвяшчаеш сваю мудрасць.

Маўкліва раскінулася ты над бурлівым морам; любоў твая і сарамяжлівасць — звеставанне маёй душы.

Ты прыйшло да мяне, прыгожае, схаванае ў сваёй прыгажосці, маўклівасцю гаворыш ты мне, адкрываеш сваю мудрасць.

О, як мне разгледзець усю сарамлівасць тваёй душы! На досвітку адкрылася ты мне, самотніку.

Мы здавён з табою сябры: і смутак, і сум, і аснова наша — усё супольнае ў нас, нават сонца. Мы не гаворым з табою, бо ведаем надта многа: моўчкі, усмешкамі перадаём мы адно аднаму нашыя веды.

Ці не святло ты ад майго полымя? Твая душа — ці не сястра майму розуму?

Мы вучыліся разам; разам вучыліся падымацца над сабою да саміх сябе і бясхмарна ўсміхацца:

— усміхацца з бясконцай далечы, светлымі вачыма, калі пад намі, быццам дождж, клубяцца Гвалт, Мэта і Віна.

І калі я бадзяўся адзінокі: чаго прагнула душа мая на сцежках аблуды? І калі падымаўся ў горы, каго, як не цябе, я шукаў там?

І ўсе мае бадзянні і ўзыходжанні — яны былі толькі вымушанасцю і дапамогаю няўмеку: мая воля хоча толькі ляцець, ляцець у цябе, у твае неабсягі!

Што ненавідзеў я больш за павольна-коўзкія воблакі, за ўсё, што цябе засмучала? І сваю нянавісць ненавідзеў, бо яна засмучала цябе!

Я ненавіджу павольна-коўзкія воблакі, гэтых скрадліва-драпежных катоў: яны забіраюць у цябе і ў мяне тое, што ў нас супольнае — нічым не абмежаванае, бясконцае сцверджанне і дабраславенне.

Павольна-коўзкія воблакі — мы ненавідзім гэтых пасяброўцаў і ўмяшанцаў, гэтых палавіннікаў, якія не навучыліся ні дабраслаўляць, ні праклінаць ад паўнаты сэрца.

Лепей ужо не бачыць неба і сядзець у бочцы, лепей пазбавіць сябе неба, знемагаючы ў прорве, чым цябе, святло нябеснае, бачыць запамрочанае коўзкімі воблакамі!

І мне часта хацелася змацаваць іх калючым дротам маланак, каб громам біць, як у літаўры, па іх напучаным жываце: я — угневаны барабаншчык, бо яны ж адбіраюць у мяне тваё сцверджанне і дабраславенне, о неба, чыстае неба па-над мною! О бездань святла! — бо яны адбіраюць у мяне маё сцверджанне і дабраславенне.

Бо мне лепей хай шум і грукат і праклёны непагоды, чым абачлівая, сумніўная кашэчая спакайната; і сярод людзей найболей ненавіджу такіх вось скрадлівых, палавіністых, няпэўных і марудлівых, як гэтыя коўзкія воблакі.

І «хто не ўмее дабраслаўляць, павінен вучыцца праклінаць!» — гэтае светлае настаўленне ўпала мне з яснага неба, гэта зорка нават у сама цёмныя ночы стаіць на маім небе.

А сам я — дабраслаўляю і сцвярджаю, калі толькі ты нада мною, чыстае, яснае неба, бездань святла! Тады ва ўсе бездані панясу я святое сцверджанне маё.

Я стаў тым, хто дабраслаўляе і сцвярджае: дзеля гэтага я зрабіўся змагаром і змагаўся так доўга, каб вызваліць калі-небудзь рукі на дабраславенне.

І вось маё дабраславенне — быць над кожнай рэччу яе круглым дахам, яе блакітным звонам, яе вечным спакоем; шчасны, хто так дабраслаўляе!

Бо ўсе рэчы ахрышчаны ў крыніцы вечнасці і па той бок дабра і зла; а дабро і зло — гэта толькі імклівыя цені, вільготны сум, коўзкія воблакі.

Праўда, гэта дабраславенне, а не кляцьба, калі я вучу: «Над усімі рэчамі высіцца неба-выпадковасць, неба-нявіннасць, неба-непрадказальнасць, неба-весялосць».

«Выпадковасць» — гэта сама старая арыстакратыя свету, я вярнуў яе ўсім рэчам, я вызваліў іх ад падначалення мэце.

Гэтую свабоду і бясхмарнасць неба я паставіў, як блакітны звон, над усімі рэчамі, калі вучыў, што ні пад імі, ні праз іх не выяўляе сябе ніякая «вечная воля».

Гэтую дзёрзкую весялосць і блазнаванне я паставіў на месца той волі, калі вучыў: «Адно немагчымае ва ўсіх рэчах — разумнасць!»

Хоць крыху розуму — насенне мудрасці, рассеянае ад зоркі да зоркі — гэтая закваска дамяшаная да ўсіх рэчаў: да блазнавання дамяшаная мудрасць рэчаў!

Поделиться с друзьями: