ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Ці чуў я калі раней, каб сабака так выў? Мае думкі памкнуліся назад, у мінулае. Чуў! Калі быў малы, у сама раннім дзяцінстве,

— тады я чуў, як вые сабака. І бачыў, як ён дрыжаў, поўсць дыбарам, морда ўгору, у той ціхі час, апоўначы, калі сабакі вераць у прывіды;

— і мне стала шкада яго. Над домам толькі што выплыў мярцвяна-маўклівы месяц і спыніўся крывава-чырвоным шарам над пляскатым дахам, быццам злодзей над чужым дабром;

— тады сабаку апанаваў страх: бо сабакі чуюць злодзеяў і прывіды. І калі я зноў пачуў, як сабака вые, мне зноў стала шкада.

Куды знік карлік? І брама на дарозе? І павук? І нашыя шэпты? Ці я мроіў? Ці прачнуўся? Ці раптам апынуўся адзін, сярод суровых скал, у бязмежнай пустыні месячнага святла.

Але там ляжаў чалавек! І вось! Сабака скакаў, скуголіў, дыбіў поўсць; і вось ён убачыў, што я падыходжу, і зноў завыў і закрычаў — ніколі раней я не чуў, каб сабака крыкам клікаў на дапамогу.

І праўда, я ніколі не бачыў таго, што ўбачыў. Я ўбачыў маладога пастуха, які біўся ў курчы, задыхаўся, твар перакошаны, з рота звісала чорная змяя.

Нельга ўявіць сабе столькі агіды і смяротнага жаху на чалавечым твары! Мусіць, ён спаў, а змяя запаўзла яму ў горла і ўпілася ў яго.

Мая рука рванула змяю, яшчэ і яшчэ: дарма! Тады з маіх вуснаў вырваўся крык: «Кусі! Кусі! Адкусі ёй галаву! Кусі!» — так крычалі з мяне мая жудасць, мая агіда, мая нянавісць і мілажаль мой — усё маё благое і ўсё добрае злілося ў гэтым крыку.

Вы, дзёрзкія, што пасталі вакол мяне! Вы, шукальнікі, што спакушаеце нязведаныя акіяны пад зманлівымі ветразямі! Вы, загадкава-радасныя!

Дык жа адгадайце загадку, якую бачыў я, растлумачце мне сэнс відзежаў самотніка!

Бо то былі відзежы і прадбачанне: што бачыў я ў гэтым сімвале? І хто той, які мае прыйсці?

Хто той пастух, якому ў горла запаўзла змяя? Хто той чалавек, якому ўсё сама цяжкае, сама чорнае запаўзае ў горла?

І пастух паслухаўся майго крыку і ўпіўся ў змяю зубамі. Прэч, далей ад сябе выплюнуў ён змяіную галаву — і ўскочыў.

І вось — ні пастуха, ні чалавека: нехта ператвораны, асветлены, стаіць і смяецца! Ніколі і ніхто яшчэ на зямлі не смяяўся так, як смяяўся ён!

О браты мае, я чуў смех — нялюдскі смех, — і з таго часу цісне мяне неспатольная прага, грызе маркота і ніколі не аціхае.

Прага гэтага смеху точыць мяне: о, як мне жыць далей! І як бы я мог цяпер памерці!»

Так сказаў Заратустра.

Пра шчасце супроць волі

З такімі загадкамі і гаркотаю ў сэрцы плыў Заратустра па моры. А як ужо быў за чатыры дні дарогі ад шчасных выспаў і ад сваіх сяброў, ён перабароў свой смутак — пераможна, цвёрдымі нагамі ўцвердзіўся ў сваім лёсе. І такія словы сказаў свайму радаму сумленню:

«Зноў я адзін і хачу быць адзін — сам-насам з ясным небам і вольным морам; зноў вакол мяне полудзень.

Калісьці папалудні я ўпершыню здабыў сваіх сяброў, тады ж я здабыў іх і другі раз — у гадзіну, калі супакойваецца ўсякая светлыня.

Бо што засталося ад шчасця і што на паўдарозе паміж небам і зямлёй, — тое шукае сабе прыстанку ў чыёй-небудзь светлай душы: а сёння ж усякае святло паспакайнела ад шчасця.

О паполудню жыцця майго! Калісьці і маё шчасце сышло ў даліну шукаць сабе прыстанку — і знайшло гэтыя шчырыя, гасцінныя душы.

О паполудню жыцця майго! Усё я аддаў бы за адно: гэтыя жывыя пасевы маёй думкі і ранішнюю зару найвышэйшай надзеі!

Калісьці стваральнік шукаў спадарожнікаў і дзяцей сваёй надзеі: і вось — выявіў ён, што не здабыць іх інакш, як папярэдне стварыўшы іх.

Так я чыню сваю справу, калі іду да сваіх дзяцей і вяртаюся ад іх: дзеля сваіх дзяцей Заратустра павінен удасканальвацца.

Бо ўсім сэрцам любяць толькі сваё дзіця і сваю справу; і калі любоў да самога сябе вялікая, дык гэта прыкмета цяжарнасці: так заўважаў я.

Яшчэ мае дзеці цвітуць сваёй першай вясной; стаяць яны поруч, хістаюцца на ветры, дрэўцы майго саду, найлепшае з маіх набыткаў.

І праўда! Там, дзе растуць такія дрэвы, там шчасныя выспы!

Але сваім часам я выкапаю іх і пасаджу ў розных мясцінах: каб навучыліся яны адзіноце, упартасці і асцярожнасці.

Гузавата і крыва, але гнутка і цвёрда няхай стаяць яны каля мора, як жывы маяк непераможнага жыцця.

Там, дзе буры ападаюць у мора і горы спатольваюць сваю прагу, дзень і ноч яны будуць стаяць на варце, каб выпрабаваць і зведаць сябе.

Выпрабавана і праверана мае быць кожнае, каб я ведаў, ці майго яны кораня, ці загартаваная ў іх воля, ці маўчаць яны, нават калі гавораць, і ці прыкідваюцца, што бяруць аддаючы:

— каб зрабіцца калі-небудзь маімі спадарожнікамі, якія твораць і святкуюць разам са мною, тымі, хто напіша маю волю на маіх скрыжалях. — «Усё існае хай удасканальваецца».

І дзеля іх і падобных на іх я сам павінен дасягнуць дасканаласці; таму я цяпер ухіляюся ад майго шчасця і перадаю сябе ўсім няшчасцям — каб выпрабавацца і зведаць сябе апошні раз.

І праўда, мне пара было ісці; і цень вандроўніка, і працяглы спакой, і цішыня — усё маўляла мне: «Даўно пара!»

Вецер свістаў мне ў шчыліну замка і казаў: «Ідзі!» Дзверы хітра адчыняліся і запрашалі: «Ідзі!»

Але я ляжаў, прыкаваны любоўю да сваіх дзяцей: жаданні любові закавалі мяне ў кайданы, ад любові хацеў я зрабіцца здабыткам сваім дзецям і страціць сябе дзеля іх.

«Пажадаць» — у мяне гэта азначае «страціць сябе». У мяне ёсць вы, дзеці мае!» У гэтым валоданні ўсё павінна быць упэўненасцю, каб не заставалася жадання.

Але сонца маёй любові горача апаліла мяне, у сваім соку варыўся Заратустра; і тады над мною праляцелі цень і сумненне.

Я прагнуў ужо зімы і марозу: «О, калі б зіма і мароз прымусілі мяне ляскаць зубамі і дрыжаць ад сцюжы!» — уздыхаў я. І вось, — падняліся ад мяне ледзяныя туманы.

Маё мінулае разграбло свае магілы, прачнуліся смуткі, пахаваныя жыўцом, — яны толькі драмалі, схаваныя ў саванах.

І ўсё клікала мяне ў знаках і азнаках: «Пара!» Але я не чуў, пакуль, нарэшце, не скаланулася мая бездань, пакуль не апякла мяне думка.

Поделиться с друзьями: