Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
З іх змрочных мудрацоў каб смяяліся, і з усіх, хто, нібы чорнае пудзіла, калі-небудзь сядзеў на дрэве жыцця.
На вуліцы іхніх магільніц сеў я побач з груганамі і падлай — і смяяўся з іх мінулага і яго светлай, разваленай велікапышнасці.
Сапраўды, як тапелец і прапаведнік пакаяння, выліў я свой гнеў на ўсё, што было ў іх вялікага і малога: «Лепшае ў іх — нікчэмнае, кепскае і благое ў іх — нікчэмнае!» — так смяяўся я.
Крыкам і смехам вылівалася з мяне мудрая палкасць мая, дзікая мудрасць мая, у гарах народжаная! Найвышэйшая палкасць мая, шумнакрылая!
І часта, калі я смяяўся, яна раптоўна вяла мяне ўдалеч і ўгору: і ляцеў я, трапятлівы, як страла, у напоеным сонцам захапленні:
— туды, у далёкую будучыню, якое не бачыла яшчэ нічыя мара, на Поўдзень такі скварны, што і не сніўся мастакам; туды, дзе багі, танцуючы, саромеюцца любога адзення:
— так я кажу параўнаннямі, запінаючыся і кульгаючы, як усе паэты: праўда, мне брыдка, што я мушу быць яшчэ і паэтам!
Туды, дзе любое станаўленне здавалася мне боскім танцам і дзёрзкай весялосцю, а свет — вызваленым з путаў і свабодным, памкнёным да сябе самога:
— быццам багі, якія вечна шукаюць сябе ў вечных уцёках ад сябе, шчасліва супярэчачы сабе і зноў, па-новаму, шукаючы сябе, самыя з сабою ў супярэчлівай згодзе,
— дзе сам час здаваўся мне шчаслівай насмешкай з імгненняў, дзе неабходнасцю была сама свабода, якая шчасна гуляла жазлом свабоды,
— дзе знайшоў я і старога свайго д'ябла, і спрадвечнага ворага — Духа Цяжару з усім, што стварыў ён — Гвалтам, Законам, Неабходнасцю, Вынікам, Мэтай, Воляй, Дабром і Злом.
Ці ж не павінна існаваць нешта, над чым можна танцаваць, летучы танцаваць? Ці не павінны дзеля лёгкага і найлягчэйшага існаваць краты і цяжкія карлікі?
І там гэта было; дзе я падняў з дарогі слова «Звышчалавек» і што чалавек ёсць нешта, што трэба пераадолець,
— што чалавек ёсць мост, а не мэта; што ўслаўляе ён свой полудзень і вечар, як дарогу да новых золкаў:
— слова Заратустры пра Вялікі Полудзень, якое ўзнёс я калісьці над людзьмі, быццам другую вячэрнюю зару.
Сапраўды, я даў ім убачыць новыя зоркі і новыя ночы; і над хмарамі, днямі і ночамі напяў я свой смех, як стракатую палатку.
Я лічыў іх усім маім, змыслам і намыслам: сабраць у адно і сплавіць усё, што ёсць у чалавеку ўрыўкавага, загадкавага і застрашліва выпадковага,
— як паэт, адгадчык і збаўца ад выпадковага я вучыў іх быць стваральнікамі будучыні і ратаваць, ствараючы, тое, што было.
Выбавіць у чалавеку яго мінулае і так пераўтварыць усялякае «Было», каб воля сказала: «Але ж я так хацела! Я так буду хацець!»
— вось што я назваў збавеннем, вось што вучыў я называць збавеннем…
— цяпер я чакаю майго збавення, каб ісці да іх апошні раз.
Бо яшчэ адзін раз я іду да людзей: сярод іх я хачу дайсці да свайго захаду і, паміраючы, даць ім свой сама багаты дарунак!
Гэтаму я навучыўся ў сонца, калі заходзіць яно, сама багатае свяціла: яно сыпле золата ў мора з невычэрпных сваіх скарбніц,
— каб і сама бедны рыбак веславаў залатым вяслом! Якраз яго я аднойчы бачыў, і слёзы ад бачанага не спатолілі душы маёй.
Як сонца, ідзе Заратустра да захаду: і вось, ён сядзіць, чакаючы, а вакол яго старыя разбітыя скрыжалі, а таксама і новыя, напалавіну запісаныя.
Глядзіце, вось новая скрыжаль: але дзе мае браты, каб разам са мною занесці яе ў даліну, у сэрцы людскія?
Так загадвае мая вялікая любоў да далёкага: не шкадуй блізкага твайго! Чалавек ёсць нешта, што трэба пераадолець.
Ёсць многа шляхоў і спосабаў, як пераадолець: твая задача — дабрацца да іх! Але толькі блазен думае: «Цераз чалавека можна пераскочыць».
Пераадолей сябе самога нават у блізкім тваім: і права, якое можаш узяць сілком, не дазваляй даваць табе так!
Што робіш ты, ніхто ніколі не зробіць табе. Ведайце, няма ніякага аддання.
Хто не можа загадваць, мусіць слухацца. Некаторыя ўмеюць загадваць сабе, але ім шмат чаго не стае, каб слухацца самога сябе!
Такія вось яны, высакародныя душы: яны нічога не хочуць дарам, тым болей — жыцця.
Хто ў чэрні — той хоча жыць за так, дарам; а мы іншыя, каму жыццё — дадзена, мы ўвесь час разважаем, што лепей даль нам на замену!
І сапраўды, высакародная тая казань, якая абвяшчае: «Тое, што нам абяцае жыццё, мы хочам захаваць жыццю!»
Не трэба хацець асалоды, калі не дадзена ёю цешыцца. І яшчэ — не трэба хацець цешыцца асалодай!
Асалода і нявіннасць — сама сарамлівыя рэчы: яны не хочуць, каб іх шукалі. Іх трэба мець — а шукаць трэба, бадай што, віну і цярпенні!
О братове мае, першынца заўсёды прыносяць у ахвяру. І вось, сёння мы — першынцы.
Усе мы праліваем кроў на таемных алтарах, згараем у ахвярным полымі ў гонар старых ідалаў.
Наша лепшае яшчэ маладое: і вось — сплываюць слінаю нашы бяззубыя зяпы. Наша мяса далікатнае, наша скура — яшчэ толькі ягнячая скура: як жа нам не будзіць сквапнасці ў жрацоў, прыслужнікаў старых ідалаў!
У нас саміх яшчэ жыве ён, гэты жрэц, які смажыць сабе на стол сама далікатныя лагодкі. О братове мае, як жа першынцы не маюць быць ахвярай!
Але кожны, хто роднасны нам, прагне гэтага; і я люблю тых, хто не хоча берагчы сябе. Пагібельных, якія ідуць дарогай захаду, я люблю ўсёй любоўю сваёй: бо яны пераходзяць на той бок.
Быць праўдзівым — гэта могуць нямногія! А хто можа — яшчэ не хоча! І найменей могуць — добрыя.
О гэтыя добрыя! Добрыя ніколі не кажуць праўды. Духу быць добрым — хвароба.
Яны саступаюць, гэтыя добрыя, яны ўпакорваюцца, іх сэрца паўтарае чужое, іх істота слухаецца: а хто слухаецца, той не чуе самога сябе!