ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

І праўда, гэта зусім не запаведзь на сёння і на заўтра — вучыцца любіць сябе. Наадварот, з усіх мастацтваў гэта найтанчэйшае, наймудрэйшае і патрабуе найбольшай цярплівасці.

Бо свой здабытак заўсёды добра схаваны ад самога сябе, і з усіх скарбаў на астатку заўсёды выкопваецца свой скарб; такое ўздзеянне Духу Цяжару.

Ледзь не з калыскі нам даюць у спадчыну цяжкія словы і каштоўнасці: «дабро» і «зло» — так называюць гэтую спадчыну. І ў імя яе даруюць нам наша жыццё.

І таму пускаюць дзяцей да сябе, каб своечасова не даць ім палюбіць саміх сябе: такое ўздзеянне Духу Цяжару.

І мы — даверліва цягнем тое, што ўзбатуюць на нас, цягнем на агрубелых плячах па суровых гарах! І калі мы сплываем потам, нам кажуць: «Так, цяжка несці жыццё!»

Не толькі чалавеку цяжка несці і выносіць сябе! А ўсё таму, што цягне ён на сваіх плячах надта многа непатрэбшчыны. Як вярблюд, становіцца ён на калені і даецца наўючыць.

І асабліва цяжка таму, хто дужы, вынослівы, здольны да шанавання, — надта шмат чужых, цяжкіх слоў і каштоўнасцяў наўючвае ён на сябе: і вось — жыццё яму здаецца пустэльняй!

Сапраўды! Нават многае са сваіх здабыткаў нялёгка несці! Многае ў чалавеку падобнае да вустрыцы, агіднай і слізкай, якую цяжка ўхапіць.

Потым знешняя абалонка павінна быць размаляваная, каб выглядаць высакародна, быць як бы хадайнікам за ўсё, што ўсярэдзіне.

Але і гэтай штуцы трэба яшчэ навучыцца: трэба мець скарлупу, і выдатны блізір, і мудрую слепату!

Але і тут магчымая памылка: бо тая ці іншая чалавечая абалонка была і панылая, і вельмі нагадвае шкарлупу. Шмат схаваных вартасцяў і сілы застаюцца неразгаданымі; сама далікатныя лагодкі не знаходзяць таго, хто іх ацэніць!

Жанчыны гэта ведаюць, асабліва тыя, якія высока цэняцца: крыху таўсцейшыя, крыху танчэйшыя — так часта ўвесь лёс у гэтым «крыху»!

Цяжка адкрыць чалавека, а самога сябе — найцяжэй; ён часта маніць пра душу. Такое ўздзеянне Духу Цяжару.

Але адкрыў сябе той, хто кажа: вось маё дабро і маё зло. Так ён прымушае замоўкнуць крата і карліка з іх словамі: «Дабро ўсім, зло ўсім».

Праўда, я не люблю і тых, у каго добрыя ўсе рэчы, а свет гэты лічыцца найлепшым. Такіх я называю ўсімзадаволенымі.

Усімзадаволенасць, якая ўмее знаходзіць смак ва ўсім, гэта не найлепшы густ! Я паважаю ўпартыя, наравістыя языкі і шлункі, якія навучыліся слоў «Я», «Так», «Не».

Але ўсё жаваць і пераварваць — гэта, бадай што, толькі ў свіней!

Увесь час паўтараць «І-А» — гэтаму навучаны толькі аслы і тыя, хто ім блізкі духам!

Майму густу патрэбныя жоўтая і ярка-чырвоная фарба, мой густ да ўсяго дамешвае кроў. Але той, хто беліць свой дом, знаходзіць сваю бяскроўную душу.

Адны закаханыя ў муміі, другія — у прывіды: і тыя, і другія аднолькава варожыя крыві і плоці. О, якія яны агідныя майму густу! Бо я люблю кроў.

І не хачу я жыць там, дзе кожны плюе, — не да густу мне гэта: бо ні ў кога няма ў роце золата; ужо лепей жыць сярод злодзеяў і клятваадступнікаў.

Але місалізнікі, якія вылізваюць пляўкі, мне яшчэ больш агідныя; а сама гнюсную жывёліну, якую я знайшоў сярод людзей, я назваў паразітам; яна не хацела кахаць, але хацела жыць за кошт кахання.

Няшчаснымі я называю ўсіх, у каго толькі адзін выбар: зрабіцца альбо лютым зверам, альбо лютым утаймавальнікам. Сярод іх я не паставіў бы свайго будана.

Няшчаснымі я называю і тых, хто заўсёды павінен быць на варце, — брыдкія яны майму густу: усе гэтыя мытнікі і гандляры, каралі і іншыя ахоўнікі краін і куфроў.

Праўда, я таксама навучыўся быць на варце — і навучыўся гэтаму добра, — толькі на варце самога сябе. Асабліва вучыўся я стаяць, і хадзіць, і бегаць, і лазіць, і скакаць: нельга адразу навучыцца лётаць!

Па вераўчанай лесвіцы навучыўся лазіць у любоўныя вокны, спрытна караскаўся на высокія мачты; сядзець на высокіх мачтах пазнання здавалася мне асалодай,

— падобна да маленькіх агеньчыкаў успыхваць на высокіх мачтах: хай сабе малое святло, але і яно вялікая ўцеха тым караблям, якія збіліся з дарогі і церпяць бедства.

Многімі спосабамі, рознымі дарогамі прыйшоў я да сваёй праўды: не па адной лесвіцы падымаўся я ўгору, адкуль позірк мой ляцеў удалечыню.

Неахвотна распытваў я, якою дарогаю прайсці, — гэта заўсёды было мне не да густу! Я лепш распытваў і выпрабоўваў гэтыя дарогі.

Выпрабоўваць і распытваць — такія былі дарогі мае: і сапраўды трэба яшчэ навучыцца адказваць на гэтыя пытанні! Але такі ўжо мой густ:

— не добры, не благі, а мой густ, якога мне не трэба ні саромецца, ні хаваць.

«Гэта цяпер мая дарога, а дзе ж ваша?» — так адказваю я тым, хто мяне распытвае: «Якою дарогай ісці?» Бо дарогі, толькі як дарогі, няма!»

Так сказаў Заратустра.

Пра старыя і новыя скрыжалі

1

«Сяджу я тут і чакаю; навокал старыя пабітыя скрыжалі, а таксама новыя, напалавіну запісаныя. калі ж настане мая гадзіна?

— гадзіна майго зыходу, зыходу: бо я хачу яшчэ адзін раз да людзей.

Цяпер я чакаю гэтага: бо спачатку яшчэ павінны аб'явіцца азнакі, што гадзіна мая настала, — гэта павінен быць рассмешаны леў з чародкай галубоў.

Чакаючы, гутару сам з сабою, як той, каму ёсць калі. Ніхто нічога новага мне не кажа: вось я і раскажу сам пра сябе.

2

Калі я прыйшоў да людзей, убачыў, што сядзяць яны на старых прымхах: усе верылі, быццам яны даўно ведаюць, што ёсць чалавеку дабро, а што зло.

Старой пустой забавай здаваліся ім усе гамонкі пра цноту, а той, хто хацеў добра выспацца, балабоніў перад сном пра «дабро» і «зло».

Гэтую дрымоту я страсянуў, калі пачаў вучыць: ніхто яшчэ не ведае, што такое дабро і зло, ніхто, апрача творцы!

А стварае той, хто надае зямлі сэнс і дорыць ёй будучыню, а чалавеку — мэту; ён жа і стварае і добрае, і благое.

І сказаў я ім перавярнуць іх старыя кафедры і ўсё, на чым сядзела іх трухлявая пыха; я сказаў ім смяяцца з іх цнатлівых геніяў, і святых, і паэтаў, і збаўцаў свету.

Поделиться с друзьями: