Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У палескай глушы

Колас Якуб

Шрифт:

– Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я - англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, расеец і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы - беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх. Мы ведаем такое здарэнне з адным нашым знаёмым настаўнікам, да якога прыехала з дому матка. У яго былі госці. Ён пры гасцях не пасмеў пазнаць свае мацеры: «Ідзі ты, кажа, кабетка, на кухню: там цябе накормяць».

– Гэта - свінства!
– адклікнуўся Турсевіч і плюнуў з нейкаю агідаю.
– Баяўся мужыком здацца і выявіў сваё поўнае хамства.

Сябры некаторы час ішлі між прысад, а потым звярнулі на дарожку, гладка ўезджаную сялянскімі санямі, і пайшлі ў бок чыгункі.

– Я хачу паказаць табе даўнейшыя могілкі, - сказаў Турсевіч і павёў сябра ў невялічкі лясок на ўзгорку недалёка ад дарогі.

Дзе-нідзе на гэтых могілках тырчалі рэшткі крыжоў, панура нахіленых над зямлёю, і невялічкія гарбкі, закрытыя снегам. Між высокіх дрэў стаяла дзервяная каплічка з пабітымі вокнамі. Яна была пабудавана ў асобым стылі і мела арыгінальны выгляд. Яшчэ і цяпер па глухіх кутках Случчыны, напэўна, захаваліся такія каплічкі. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Дзервяны дашок яе прагніў і зяўраў чорнымі дзіркамі. Ухапіўшыся за выступ падваконня, Лабановіч зазірнуў у сярэдзіну каплічкі. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Усярэдзіне каплічка мела яшчэ досыць свежы выгляд, але ўсё ў ёй было пахмурным і страшным, і самі сцены, здавалася, сурова пыталі: «Чаго табе трэба тут, пустацікавец? Якое ты маеш права парушаць спакой гэтае святыні?»

– Каб я ўмеў маляваць, - сказаў Лабановіч, - я перанёс бы яе на паперу.

– Цікавая каплічка, - згадзіўся і Турсевіч.
– Вось я і прывёў цябе сюды, каб паказаць яе. І ведаеш, якое было тут нядаўна здарэнне. Адзін тутэйшы абывацель з шляхты быў на паляванні. Сабака выгнаў ліса. Ліс схаваўся пад алтар каплічкі. Паляўнічы пачаў капацца і забіў ліска. Аб гэтым даведаўся бацюшка, падаў на суд за абразу святыні. Адным словам, завязалася цэлая громкая справа.

– А ведаеш, і мне не шкада, што гэтага паляўнічага на суд падалі, - адказаў Лабановіч.
– Разумеецца, справа тут не ходзіць аб абразе, але сам па сабе гэты выпадак моцна скрабе сэрца: бедны звярок думаў знайсці сабе тут ратунак.

Сябры моўчкі ішлі з могілак. Відаць было, што кожнага паасобку займалі свае думкі. Лабановіч чуў нейкае засмучэнне і неспакой. Яго штось не здавальняла і кудысь цягнула. Магла быць тут прычынаю і тая акалічнасць, што, як яму здавалася, Турсевіч лепей вёў сваю школьную працу, і наогул яго школа рабіла ўражанне больш паспяховай школы. А можа, таксама мела значэнне іх скорая разлука, бо цяпер яны ішлі на станцыю, адкуль ён мусіць паехаць у сваю глуш.

– Што, брат, прыціх?
– запытаў яго Турсевіч.
– Чаго зажурыўся?

– Не заўсёды ж і вясёлым быць, - адказаў Лабановіч.
– Ведаеш, брат, як пабачыў я тваю школу, твае заняткі, то мая школа ў параўнанні з тваёю нікуды не гадзіцца.

– Ха-ха-ха!
– засмяяўся Турсевіч.
– Ніколі твая школа не будзе адставаць, раз ты ёю так моцна цікавішся і прымаеш блізка да сэрца. Гэта ў цябе яшчэ з непрывычкі, з першага года. А я пераконан, што твая школа шмат лепш стаіць за многія.

– Што я табе хацеў сказаць, - прамовіў Лабановіч, - давай вясною, як скончацца заняткі ў школах, паходзім па Беларусі, азнаёмімся з ёю бліжэй. А свае назіранні запішам, збяром багаты матэрыял. Прыцягнем яшчэ ў сваю кампанію якога-небудзь фатографа, здымкаў цікавых наробім... Апрача смеху... Гэты план, разумеецца, распрацаваць трэба. Я толькі думку падаю.

– А што ты думаеш? Гэта было б цікава. Аб гэтым, брат, трэба падумаць сур'ёзна, яй-права!

– Ты ведаеш, - з жарам падхапіў Лабановіч, пачуўшы падтрыманне сябра, - гэта была б цікавейшая рэч! Мы б абышлі шмат школ, бліжэй пазнаёміліся б з настаўніцтвам, абудзілі б цікавасць да свайго краю. А самае важнае - мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, ведаць адну толькі цесную школу і траціць час на карты і папойкі, што звычайна робіць наш брат, так жыць нельга, бо для гэтага трэба наўперад задушыць у сабе голас сумлення, голас доўгу перад народам.

– Вучыцца нам, брат, яшчэ трэба многа, - зазначыў Турсевіч.
– Я, напрыклад, думаю ў інстытут падавацца.

– І я чую, што трэба вучыцца, але сэрца маё ніяк не ляжыць да інстытута. Бо што такое інстытут? Гэта тая ж самая казарма-семінарыя, розніца толькі ў тым, што інстытут канчаткова заб'е ўсё яшчэ больш-менш жывое ў нашай душы, чаго не забіла семінарыя, і з настаўніка зробіць сухога кашчэя-чыноўніка.

Лабановіч у глыбі душы пачуў нейкую непрыязнь да сябра, бо, як яму здалося, Турсевіч штось задумаў, нязгоднае з тымі поглядамі, у якіх, як увесь час лічыў Лабановіч, яны не разыходзяцца.

І ўжо да самае станцыі сябры ішлі моўчкі, замкнёныя ў сабе саміх. Развіталіся яны сардэчна.

– Не забывай жа мяне, - сказаў на развітанне Турсевіч.

– Цяпер, брат, твая чарга даведацца свайго старога месца і старога прыяцеля, - адказаў Лабановіч.

XVII

– Ну, як жа вам, панічок, гасцілася?
– пытала бабка Лабановіча.

– Ой, бабка, добра гасцілася! «Было што піты і есты, але прынукі не было», - адказаў настаўнік на паляшуцкі лад.

– У мяне, панічок, капуста ад абеду засталася, можа, вы хлебанулі б крыху?

– Не, бабка, есці я не хачу.

– То, мусіць, вас той паніч добра частаваў?

– А як жа, бабка! Дзякаваць Богу, пачаставаў на славу.

– Ну, то і добра, панічок!

Да бабкі хтосьці прыйшоў. Яна зараз жа выйшла ў кухню, а Лабановіч сеў за вучнёўскія сшыткі. Перагледзеўшы, палажыў іх на месца і колькі разоў прайшоўся па пакоіку. Усе гэтыя часы ён чуў, што яму як бы чагось не стае. Чаго? Рэч вядомая: яму трэба пабачыць панну Ядвісю. Не: гэта не так. Яму проста хочацца пабачыць яе. Якая ж тут патрэба? Хіба ён мае сказаць ёй што?.. А чаму ж не мае? Ці ж гэта не была б праўда, каб ён прыйшоў і сказаў да яе: «Я прыйшоў да цябе, бо хачу бачыць цябе, хачу чуць твой голас: ён гучыць для мяне, як вясна; хачу пачуць твой смех, бо ён, як промень сонца асвятляе мне душу. Я прыйшоў да цябе, бо прывяло мяне сэрца».

«Не, дудкі, брат, ты гэтага не пасмееш сказаць ёй. Так можа сказаць Сухавараў, бо ў яго словы не ад сэрца і ні да чога яны не абавязваюць яго, - думаў Лабановіч.
– Чым меней думаць, тым лепей. Проста захацеў пайсці і пайду».

Хвіліну ці дзве счакаўшы, Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Ніхто не ішоў адчыняць: або не чулі стуку, або не было дома.

Ён пастукаў мацней. Зараз жа пачуліся чыесь крокі. Дзверы бразнулі і адчыніліся.

– Ёсць хто дома?
– спытаў настаўнік служанку пана падлоўчага.

– Пан з паняю паехалі ў Хатовічы, дома паненкі і Чэсь.

– Проша, проша!
– падбегла Габрынька і папрасіла Лабановіча заходзіць далей.

Маленькая, жвавая смуглянка, здавалася, была вельмі рада госцю. Жывыя і бойкія вочкі яе так і свяціліся радасцю.

– Калі ласка, проша да пакоя!

Габрынька ўзяла лямпу і павяла госця ў прасторны пакой.

– Сядайце, калі ласка.

– Я, можа, не ў час зайшоў да вас і пашкодзіў вам у рабоце?
– запытаўся Лабановіч.

Поделиться с друзьями: