У палескай глушы
Шрифт:
Застаючыся на адзіноце з самім сабою, Лабановіч часта думаў аб Ядвісі. Ён нават размаўляў з ёю ў думках. І гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Ядвіся так міла і крыху хітравата пазірала на яго і смяялася. Яму самому рабілася так добра і ціха на душы ад гэтае размовы. Ён чуў, што нешта прыемнае ўліваецца ў душу і грэе яго сэрца. Але пры спатканні з Ядвісяю ён ніколі не выказваў таго, што гаварыў ёй без яе. Не то сарамяжлівасць яшчэ чыстага сэрца, не то нейкая асцярога стрымлівала сказаць ёй усё, што было на душы.
XIX
У хуткім часе пасля таго, як Лабановіч вярнуўся ад Турсевіча, да яго прыехаў Саханюк. Лабановіч быў моцна здзіўлены, угледзеўшы на парозе высокую, сухарлявую фігуру хатовіцкага настаўніка. Перш-наперш ніяк не чакаў яго ў госці, асабліва ў будны дзень.
– Зд'ястуйце!
– прамовіў Саханюк, прычым губы і вочы смяяліся вясёлым смехам.
– Што, не чакалі мяне?
– спытаў ён, павітаўшыся з калегам.
– Ніяк не чакаў, - здзіўлена адказаў Лабановіч, - ну, тым прыемней пабачыць вас тут. Заходзьце ж, калі ласка, у кватэру, а я зараз канчаю лекцыю і пушчу хлопцаў на абед... А можа, вам цікава пазнаёміцца з маёй школаю, то будзьце ласкавы.
Саханюк больш з далікатнасці прайшоўся між вучнёўскіх лавак, заглядаючы на грыфелевыя дошкі і на сшыткі вучняў, а потым прыпыніўся каля шафы з кнігамі і слухаў, як калега вёў работу і якія адказы давалі вучні.
Лабановіч стараўся не скасавацца перад Саханюком і паказаць сваю школу з найлепшага боку. Запытанні так і сыпаліся адно за другім, а следам за пытаннямі выклікаліся вучні. Яны давалі досыць добрыя адказы.
– Можа, паэкзаменуеце маіх вучняў?
– спытаў Лабановіч Саханюка.
Саханюк махнуў рукою, даючы гэтым знаць, што ён не мае ніякіх запытанняў.
– Схавайце кнігі!
– звярнуўся Лабановіч да вучняў.
Дзеці борзда пахавалі кнігі і дошкі.
– Малітву!
Школа хорам праспявала малітву прад абедам. З шумам рынуліся дзеці на вуліцу і запоўнілі яе сваімі звонкімі галасамі.
– Ну, як вам падабаецца мая школа?
– А нічога, добра! Добра!.. Вы, відаць, многа працуеце?
– Працаваць-то прыходзіцца. Толькі мне ўсё здаецца, што ў маёй працы чагось не стае і што я раблю не так, як трэба.
Настаўнікі ўвайшлі ў пакойчык.
– Э, плюньце вы на гэта, - прамовіў Саханюк.
– Навучылі чытаць, пісаць і задачы развязваць і - шабаш! Вы думаеце, медалёў заслужыце? Або свет гэтым перавернеце? Інспектар знойдзе, да чаго прычапіцца. Ну, у самым лепшым выпадку падзяку напіша, а дырэкцыя вам дзесяць рублёў вышле. Але сваё здароўе даражэй.
– А як вы сваю школу пакінулі?
– А дзе яна дзенецца? У лес не пабяжыць, - адказаў, смеючыся, Саханюк.
«Відаць, брат, ты не так сюды прыехаў», - падумаў Лабановіч.
– Мусіць, у вас нейкая важная справа, калі так. Можа, часамі ў сваты прыехалі да каго?
– мяняючы тон размовы, жартліва запытаў яго Лабановіч.
– А што ж? Сватайце. Гуляць будзем.
– Дык бачыце, я кепскі сват. Каб часамі з-за дзяўчыны не пасварыліся.
– Каб з-за дзяўчыны ды яшчэ сварыцца! Ці мала гэтага дабра на свеце? Хопіць на наш век!.. Паміж іншым, вамі цікавіцца адна паненка.
– Паненка? Якая?
– Такая, што ўсё аддай - і мала!
– Ну, хто ж такая?
– Кажа: хацела б пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.
– Можа, завітанская чараўніца?
– Яна, калега, яна! Як гэта вы адгадалі?
– А ў мяне бабка - знахарка; я ў яе лекцыі па знахарству бяру.
– А ўсё ж такі цікава, чаму вы дагадаліся, што гэта яна?
– А вельмі проста: усе кавалеры - сем пар вінных і сем пар нявінных і вы ў тым ліку - закахаліся ў панну Людмілу. У яе аж галава закружылася ад радасці і дух заняўся. Але яе засмучае адно: чаму не ўсе кавалеры нясуць падатак яе хараству? Я, калі хочаце, той гарбач у казцы «Царэўна - чырвоная краска», які не пакланіўся царэўне. І не буду ёй кланяцца.
– Вось вы які!
– сказаў Саханюк і засмяяўся.
– А што ж вы думалі!
– І не пазнаёміцеся з ёю?
– Ва ўсякім разе сам да яе не пайду.
– Чаму?
– Проста не пайду, і ўсё.
Саханюк гаварыў, часамі смяяўся, але Лабановічу здавалася, што чагось самага галоўнага яго калега не кажа, бо не можа быць, каб ён прыехаў сюды толькі дзеля таго, каб паведаміць, што дачка каморніка хоча пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.
– Выбачайце, я зараз вярнуся.
Лабановіч выбег у кухню.
– На табе, бабка, пяцьдзесятку, прынясі гарэлкі.
– Вы яго, панічок, частавацімеце?
– шэптам спыталася бабка.
– А што?
– Не варта, панічыку! Гэта ж ён, панічок, прыехаў гарцы збіраць!
– Якія гарцы?
– Ссыпку з нашага вобчаства на школу!
– Каму ссыпку?
– Сабе, панічыку!
Бабка, гаворачы гэта, аж сіпала ад абурэння.
Лабановіч пазіраў на яе і дзівіўся. Уся гэта справа для яго была незразумелаю, хоць у значнай меры пралівала святло на прыезд Саханюка.
– Ну, бабка, прынясі гарэлкі; вып'ем, тады, можа, да сэнсу прыйдзем.
Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача.
Лабановіч вярнуўся да госця. Яшчэ нічога не разумеючы, ён зірнуў на Саханюка.
– Ведаеце, што кажа мая бабка: быццам вы прыехалі збіраць нейкую ссыпку. Што вы на гэта скажаце?
Саханюк апусціў вочы, як бы пачуўшы нейкую нялоўкасць, а потым ускінуў іх на калегу.
– Так, мне належыць ссыпка ад вашага сяла, - прамовіў ён спакойна.
– Вы не жартуеце?
– здзівіўся Лабановіч.
– Не, кажу зусім сур'ёзна.
– Ха-ха-ха!
– Лабановіч так і паехаў ад смеху.
Саханюк пазіраў на калегу, таксама ўсміхаючыся.
– Што вы знаходзіце тут смешнага?
– спытаў ён.
– Ну, як жа не смяяцца? Вы прыехалі да мяне адбіраць мой хлеб. Я буду вучыць, а вы толькі будзеце гарцы браць.
– Чакайце!
– загарачыўся Саханюк.
– На валасным сходзе была зроблена пастанова, каб на хатовіцкую школу давалі ссыпку. Ад вашага сяла мне належыць дванаццаць пудоў трыццаць фунтаў жыта. Ну? Я і маю поўнае права ўзяць сваё.