Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У палескай глушы

Колас Якуб

Шрифт:

– Барані Божа! Якая ж у нас работа?.. Вы так рэдка да нас заходзіце...

– Што маю права часамі і спыніць вашу работу, асабліва калі яна непрыемная?

– Работы, пане настаўніку, ніколі не пераробіш.

– Гэта праўда.

– Ці не можна ведаць, якая праўда?
– вясёлым, маладым голасам прамовіла панна Ядвіся, падыходзячы да настаўніка.
– Добры вечар, пане Лабановіч!

Ядвіся падала руку, ускінула на настаўніка свае чыстыя цёмныя вочы і затрымала на ім свой погляд, як бы штось чытаючы на яго твары.

– Што ж гэта вас не відаць нідзе?
– прамовіла яна.
– І да нас не заходзіце.

– Каб я да вас часта заходзіў, то, напэўна, не заўважыў бы, як вы пахарашэлі, - смеючыся, адказаў Лабановіч.

Ядвіся на міг апусціла вочы.

– Цяпер я вас разумею, - сказала яна.
– Вы чакалі, покі я не пахарашэю, бо такую, якою вы сустракалі мяне першыя разы, вам непрыемна было бачыць? Праўда?

– А панна Габрыня за гэты час пастарэла, - не адказваючы на пытанне панны Ядвісі, сказаў Лабановіч.

– Ну, што гэта вы! Як бы раней намовіліся, - запратэставала маленькая Габрынька.
– І татка называе мяне старэнькаю, і вы тое самае кажаце.

– А вы мне не адказалі, - стаяла на сваім Ядвіся.
– Я ад вас не адступлюся, покі не адкажаце.

– Ну, то ў такім разе я ніколі не адкажу вам, бо мне вельмі будзе цяжка, калі вы адступіцеся ад мяне.

Ядвіся прыкінулася ўсерджанай і нецярпліва тупнула.

– З вамі ніяк нельга да праўды дайсці. А вось жа я адступлюся: хачу паглядзець, як вам будзе цяжка.

Панна Ядвіся адышлася і села на канапу.

Лабановіч перайшоў у цёмны куток пакоя.

– Куды ж вы схаваліся?
– спыталася Габрынька.

– Я не хачу, каб ваша сястра бачыла, як мне цяжка.

Паненкі заліліся вясёлым смехам. Панна Ядвіся зняла з лямпы абажур і падышла да Лабановіча.

– Пакажыце, як вам цяжка?

– А цяпер мне зусім лёгка!
– смяяўся Лабановіч.

– У вас сем пятніц на тыдні!
– сказала Ядвіся і папрасіла яго бліжэй да лямпы.

Настаўнік і паненкі селі каля стала.

– Дзе ж вы былі і каго вы бачылі за гэты час, покі мы тут старэлі і харашэлі?
не вытрымала панна Ядвіся, каб не засмяяцца.

Лабановіч пазіраў на яе вясёлы і дапраўды пахарашэўшы твар, на гэтыя тонкія, прыгожа скругленыя бровы. Яму было прыемна ў кампаніі гэтых дзвюх мілых дзяўчынак.

– Перш-наперш прашу прабачэння, што не перадаў вам паклонаў ад Сухаварава і Турсевіча.

– Ну, як жыве пан Турсевіч?

– А чаму вы наўперад не запыталіся, як жыве Сухавараў?
– запытаў Лабановіч і бачліва паглядзеў на Ядвісю.

Ядвіся і Габрыня пераглянуліся, усміхнуўшыся. Як відаць, у іх была гутарка аб Сухавараве, і яны знайшлі ў ім нешта такое, з чаго цяпер смяяліся.

– Вы не чулі, як пан Сухавараў грае на гітары?
– спытала Габрыня, не вытрымала і залілася смехам.

Ядвіся стрымлівалася, паглядаючы на настаўніка. А потым і яна засмяялася, ды так заразліва, што і Лабановіч смяяўся, гледзячы на іх; нават малы Чэсь, які ўвесь час моўчкі сядзеў каля печы, мусіў смяяцца.

– Калі дазволіце, я скажу прычыну вашага смеху.

Сёстры адразу перасталі смяяцца.

– Ну, скажыце!
– разам прамовілі яны.

– У вас была гутарка аб Сухавараве. Вы зацікавіліся - які выгляд мелі б губы пана Сухаварава ў той час, калі б ён граў на гітары і сам падпяваў бы.

Ядвіся апусціла галаву. Зірнуўшы на Габрыньку, яна не магла ўтрымацца ад смеху і дала яму поўную волю.

Лабановіч дагадаўся, што правільна зразумеў прычыну іх смеху.

– Што, праўда?

– Вы не аматар адгадваць, - адказала Ядвіся.
– Усё гэта вы самі выдумалі.

– Панна Габрыня, напэўна, скажа праўду.

Габрыня зірнула на Лабановіча, потым на Ядвісю. Дзяўчаты зноў засмяяліся.

– Вы праўдзівы ці не?
– нечакана запытала настаўніка Ядвіся.

– Чаму вы так пытаецеся?
– здзівіўся крыху Лабановіч, пазіраючы ёй у вочы.

– Проста, мне цікава ведаць.

– Як бы я вам ні адказаў, усё роўна вы не паверыце.

– А чаму вы думаеце, што я вам не паверу?

– Каб вы мне паверылі, то, я думаю, вы не пыталіся б у мяне аб праўдзівасці.

– Але вы не ведаеце, ці веру я вам, ці не; не ведаеце, ці лічу вас праўдзівым. Мне проста хочацца ад вас пачуць, як вы думаеце пра сябе.

– Значыць, вы самі пра мяне ўжо думалі?
– усміхнуўшыся, запытаў настаўнік.

Ядвіся крыху замяшалася, і ледзь прыметны румянец выступіў на яе шчоках.

– Калі вы спаткаеце чалавека, дык не можаце аб ім не падумаць, - сур'ёзна прамовіла яна.

Лабановіч на хвіліну задумаўся.

– Прызнацца, я ніколі не цікавіўся гэтым пытаннем. Тут, на алессі, дзе людзей сустракаеш мала, можа, і задумаешся над кожным чалавекам, які ні пяройдзе перад тваімі вачамі. Але ў горадзе, дзе не паспяваеш больш-менш стала заўважыць твар кожнага стрэчнага, я думаю, што гэта проста немагчыма. Можа, дзе ў мазгах гэты працэс і выяўляецца, але ў нашай свядомасці ён дапраўды не адбіваецца.

– Я ў гарадах не была, - адказала панна Ядвіся, крыху нахмурыўшыся.

– Ах, Ядвіська! Што ж гэта мы: і не падзякавалі пану настаўніку за кнігі.

– Выбачайце, я і забылася. Вельмі дзякую вам, - прамовіла Ядвіся.

– А вы прачыталі іх?

– Даўно прачыталі, - адказалі дзяўчаты.

– Я яшчэ прынясу, калі кнігі вам спадабаліся.

Служанка прынесла самавар. Селі піць чай.

Ну, а як жа спадабаліся вам кнігі?
– пытаў Лабановіч паненак за чаем.

– Вельмі цікавыя кнігі!
– сказала Габрынька.
– Мы іх чыталі цэлымі вечарамі.

– Ці гэта ўсё была праўда, што там напісана?
– спытала Ядвіся.

– Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. І кожная звычайная з'ява жыцця, калі ахінуць яе ў прыгожую форму і асвятліць больш-менш яскрава тым ці іншым светапоглядам і пры гэтым яшчэ вызначыць тыя, часта непрыметныя пружыны выяўлення нашай душы, што звычайна не ўлоўліваюцца нашым вокам, - можа быць тэмаю для вельмі цікавага апавядання. Хоць бы ўзяць для прыкладу вас. Можна б было, - каб знайшоўся такі, разумеецца, мастак, - цікава напісаць, як у глухім Палессі гадаваліся і раслі дзве красуні сястры. Гэтыя дзяўчаткі хочуць вырвацца на шырокі прастор жыцця, бо іх забівае і губіць гнілое паветра палескіх балот і гразь розных падонкаў культуры. Вось вам аснова апавядання, драмы і чаго хочаце. А ўжо справа самога пісьменніка дадаць тыя ці іншыя завязкі, узяць той ці другі тон, гледзячы па яго здольнасці... Для яго тут расчыняюцца шырокія магчымасці.

Поделиться с друзьями: