Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У палескай глушы

Колас Якуб

Шрифт:

Гаворачы гэта, Лабановіч чуў нейкую крыўду, і, як ні сіліўся захаваць яе, гэта крыўда вызначалася на яго твары.

– Куды ж вы?
– спытала Ядвіся.

– У мяне, бачыце, ёсць адна работа. Вам жа трэба збірацца ў дарогу - не буду вам замінаць... Бывайце здаровы!

Ядвіся нічога не сказала. Яна толькі вінавата і як бы пужліва заглядала яму ў вочы. Можа, яна каялася ў сваім апошнім, праўда, грубаватым жарце, але прызнацца ў гэтым чамусь не хацела.

– А можа, вы заўтра пройдзецеся з намі на раз'езд?
– спытала Лабановіча Габрынька.

– Нашто турбаваць пана настаўніка?
– прамовіла Ядвіся.
– Татка заўсёды пасылае з намі лесніка Грыгора.

Што гэта? Новая абраза ці панна Ядвіся проста не хоча яго кампаніі? А можа, яна не хоча мець сведку свайго спаткання з Сухаваравым?

Вясёлы настрой пакінуў Ядвісю, і яна засталася маўкліваю, замкнёнаю.

– Зразумела, - сказаў Лабановіч, - панне Ядвісі будзе шмат прыемней пайсці ў кампаніі Грыгора і Негруся, які напэўна сам назавецца ў праважатыя.

Пачуўшы сваё імя, Негрусь у здавальненні колькі разоў вільнуў хвастом.

Лабановіч развітаўся і выйшаў. На душы ў яго было цяжка і смутна. Ясна, што Ядвіся насміхаецца з яго. А калі і зварачала на яго ўвагу, то толькі з тае прычыны, што тут - глуш, жывога чалавека няма. А ён, як неразумнае дзіця, не бачыць нічога. Ён сам наводзіў на сябе прыемны туман самазманства, ён сам закалыхваў сябе ружовымі думкамі і салодкім летуценнем. Ну, што ж? Трэба глыбей увайсці ў сябе і там шукаць крыніц радасці і здаровага пачуцця. І трэба, наогул, узяць сябе ў рукі. Пара яму выкінуць усё гэта з галавы і сэрца, пакуль вобраз дзяўчыны яшчэ не засеў там настолькі глыбока, што з ім будзе трудна змагацца. Няхай не падумае яна, што яму без яе свет зачынен.

Колькі разоў прайшоўся Лабановіч па сваім пакоіку.

«Не, - думаў ён, - гэтак далей жыць нельга. Апрача школы і чыста асабістых інтарэсаў, ёсць яшчэ і другія - чыста грамадзянскія абавязкі. Трэба бліжэй стаць да народа, прыгледзецца, як ён жыве і чым ён жыве. Трэба пашырыць рамкі свае работы, трэба вынесці гэту работу за межы чыста школьных пытанняў».

Лабановіч накіраваўся ў школу, падышоў да кніжнае шафы. На адной палічцы стаяла колькі дзесяткаў тоненькіх кніжачак спецыяльна для народа. Выданні гэтыя былі шчупленькія і наогул пустыя. Тут пераважна былі кніжачкі, выданыя рознымі камітэтамі і гурткамі цвярозасці, або сінодскія выданні. Разгледзеўшы гэту кніжніцу, Лабановіч нічога не знайшоў у ёй цікавага, асабліва для тутэйшага насельніцтва, і вырашыў выбраць больш цікавую, на яго погляд, тэму для гутаркі з палешукамі. Аб чым жа гутарыць? Трэба звярнуць увагу на сялянскі побыт, паказаць сялянам, як жывуць другія людзі і як яны дайшлі да лепшага стану жыцця.

Лабановіч усё больш і больш захопліваўся сваёю тэмаю. У галаве складаўся план прамовы, і вынікалі ў яго ўяўленні ўсё новыя і новыя факты. Ён зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы.

На гэты час увайшла бабка.

– А вы, панічок, усё пішаце.

– Пішу, бабка.

– А ці чулі вы, панічыку, што Курульчука перамяшчаюць ад нас?

– Перамяшчаюць?
– спытаў Лабановіч.
– Чаму ж яго перамяшчаюць?

Лабановіч задумаўся. Яму стала чагось шкада. Нейкая адзінота ахапіла яго, і гэты цесны краявід, здавалася, яшчэ звузіўся і стаў больш цесным.

– Нелады ў іх з дарожным майстрам, - растлумачыла старожка прычыну выезду Курульчука.

XXI

Прайшоў нейкі час.

Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Цэлыя вечары праседжваў ён у сялянскіх хатах, прыглядаючыся да жыцця палешукоў. Яго тут прымалі і спатыкалі прыветна, з ахвотаю падтрымлівалі гутарку аб розных справах. Але гэтыя гутаркі не выходзілі за межы тых пытанняў, якія закранаў сам настаўнік, бо палешукі - людзі паважныя, сталыя, асцярожныя, не адразу і не кожнаму расчыняюць сваю душу, бо ўжо, мусіць, сама прырода Палесся палажыла на іх сваю адзнаку. Бясконцыя балоты вучылі іх мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу, бо так лёгка тут напаткаць небяспеку: на звера натрапіць, згубіць дарогу або папасціся ў рукі сярдзітым леснікам графа Патоцкага. І толькі выпадкова ўдавалася пачуць якое-небудзь няўмысля ўроненае сакавітае слова, прыказку або цікавае параўнанне. Старыя, аздобленыя сівізною, маршчынамі і пачэснымі лысінамі дзяды, жывыя летапісы цельшынскай гісторыі на працягу многіх дзесяткаў гадоў, да душы падабаліся Лабановічу. Гэта былі тыя слупы, тыя падмуркі, на якіх трымаліся традыцыі сялянскай старажытнасці. Гэта былі самавукі-аграномы, тлумачальнікі розных прыгод жыцця. Яны ведалі, у які дзень, у якую нават часіну трэба выязджаць з сахою на поле, пры якіх умовах трэба сеяць тую ці іншую збажыну. Ім досыць пабачыць першы вырай журавоў, каб сказаць, які будзе авёс. У залежнасці ад вышыні лёту знаходзіўся і рост аўса: высока ляціць вырай - высокі вырасце і авёс. Кожны такі дзед меў свой асаблівы, выразны твар.

Вось хоць бы гэты дзед Мікіта. Сівы, як голуб. Востры погляд, калючыя вочы, гатовыя пранізаць. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Але што за дока быў дзед Мікіта ў маладыя гады! І не было ў сяле роўнага яму. Такія штукі выкідваў дзед Мікіта, якіх цяпер ніхто не патрапіць, бо хіба цяпер такі народ? Ды што маладыя гады? Нават і зараз, нягледзячы на свае восемдзесят год, дзед Мікіта за пояс маладога заткне. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў ім яго маладая бунтоўная кроў, - не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце. І цяпер яшчэ баяцца дзеда Мікіты, бо ён - знахар-чараўнік, хоць знахарствам не займаецца; але калі што ўгневіць дзеда, тады пазнае ён сілу дзедавых чараў. Мікіта - чалавек нелюдзімы, удзень яго бадай што і не спаткаеш на людзях, і жыве ён адзін, як воўк, даўно пахаваўшы сваю старую і адбіўшыся ад дзяцей.

Дзед Мікіта і іншыя роданачальнікі Цельшына дабрахоць уступілі свае правы больш маладым і здаровым, самі ж ужо стаялі збоку ад грамадскіх спраў. Першае: яны ўжо ўнеслі свае падаткі грамадскаму будаўніцтву; другое: як ні ціха, як ні маларухома было вясковае жыццё, але старыя прадстаўнікі яго, дзяды-палешукі, знаходзілі ў ім цяпер многа чаго такога, што не адпавядала іх поглядам. І толькі ўжо ў незвычайна важных выпадках прымалі яны ўдзел.

Вось тады, калі вынікала якая заблытаная справа агульнавясковага характару, злазіў з печы зусім стары ўжо дзед Мікодым, выходзіў на вуліцу і голасна зазначаў:

– Вы не думайце таго - праўда не скварка, з кашаю не з'ясі. Выйдзе наверх яна, родная, бо ўжо сама зямля прысягала небу не пускаць адгэтуль цёмнай, заблытанай праявы.

Звычайна ж дзяды сядзелі больш дома або на дварэ корпаліся. У царкву яны бадай што ніколі не хадзілі, ды царквы ў Цельшыне, апрача каплічкі на могілках, не было. А дома маліцца Богу не выпадала - больш награшыш, чым намолішся. Апрача таго, маліцца іх не вучылі. І наогул, ніхто ў Цельшыне не ўмеў маліцца як трэба. Кожны маліўся так, як зносіў яго розум. Адзін раз у год, на Благавешчанне, прыязджаў сюды бацюшка з Малевіч. Тады ўжо ўсе цельшынцы і неслі свае грахі яшчэ больш грэшнаму а. Мадэсту, які быў вельмі заўзяты п'яніца і лаяльнік. Напэўна за гэта і пакараў святы Ілья малевіцкую царкву, пабіўшы перуном яе вежу. А можа, і другі грэх а. Мадэста мог пацягнуць за сабою такую кару, бо ён сушыў жыта за царскімі дзвярамі, а ў святую нядзельку перад набажэнствам зазвычай хадзіў на балота трасці бучы з рыбаю сваіх парафіян. Раз, ходзячы па балоце, уваліўся ён дзесь у апарыну па самы пояс. Царкоўны стараста, які таксама хадзіў разам з бацькам на раздабыткі, стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног.

– Чаго пазіраеш, падла пранцаватая? Цягні мяне!

Тады толькі паварушыўся стараста і вызваліў з балота а. Мадэста.

У гэту нядзельку а. Мадэст зрабіў забастоўку і не пайшоў служыць абедню.

– Што, бацюшка, можа, час званіць на абедню?
– пытаў яго дома стараста.

– А ні дзлэнг!
– крыкнуў а. Мадэст.
– Як Бог да мяне, так і я да Бога!

І ўсё ж такі, нягледзячы на ўсё гэта, цельшынцы адчувалі нейкую патрэбу так ці іначай мець сувязь з небам і царкоўнасцю, хоць гэта сувязь была больш фармальная і павярхоўная.

Лабановіч доўга не мог забыць аднаго здарэння, калі рэлігійныя патрэбы вызначыліся асабліва самабытна. Настаўнік яшчэ спаў салодкім сном. Была раніца, толькі што разднела. У кухні, поруч з пакоікам настаўніка, дзе ён спаў, стаяў глухі шум ад галасоў цельшынскага жыхарства. Гэты шум часамі гусцеў і павялічваўся, але голас бабкі спыняў яго, бо бабка не хацела трывожыць «паніча». Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Дзверы з двара то адчыняліся, то зачыняліся. У кухні тупалі, штоўхаліся; грукалі збаны, глякі і бутэлькі, а ўвесь гэты шум пакрываўся і заглушаўся шумам вады. Вада лілася з вёдзер у цэбар. Настаўнік адзеўся. Адчыніўшы дзверы, ён убачыў поўную кухню палешукоў і паляшучак, дзяўчат, маладых і старых кабет. Усе яны праціскаліся да цэбра і бралі адтуль ваду. Старожка кіравала ўсёю гэтаю справаю і падлівала ў цэбар ваду. Убачыўшы настаўніка, усё гэтае зборышча спаткала яго вельмі прыветнымі ўсмешкамі.

Поделиться с друзьями: