У палескай глушы
Шрифт:
– Выбачайце. А калі была зроблена такая пастанова? Напэўна тады, калі Цельшына не мела свае школы? А раз гэта школа цяпер ёсць, то было б па меншай меры смешна браць ссыпку ад свае школы і даваць у чужую. І наогул гэта справа такая простая і відавочная, што і дзіця зразумее ўсю недарэчнасць вашага дамагання.
Саханюк ніколечкі не пакрыўдзіўся.
– Я грунтуюся на цыркулярах дырэкцыі народных вучылішчаў, які зазначае, што раз была пастанова валаснога сходу даваць ссыпку, дык ваша вёска не мае права яе адабраць. Вось чаму я і прыехаў забраць гэту ссыпку.
– Але вы яе не атрымаеце.
– Вазьму!
– Не, не возьмеце!
Колькі хвілін Лабановіч узіраўся ў Саханюка. Саханюк таксама глядзеў на калегу. У яго жаўтаватых вачах блукаў нявінны смех.
– Ведаеце што, - прамовіў Лабановіч.
– Мне не шкада гэтае ссыпкі, Бог з ёю. Аднак, калі пайшло ўжо на рызыку, магу вас не толькі запэўніць, але і перазапэўніць, што вы адгэтуль не возьмеце ні аднюсенькага зярнятка.
– Ну, пабачым, - сказаў Саханюк.
– Нічога вы не пабачыце!
У самы разгар спрэчкі рыпнулі дзверы з кухні. Старожка прасунула галаву.
– Вось, панічыку, вам грошы: нідзе не дастала! Была і ў Лявона, і ў Губаровых - няма.
– Ну, то давай будзем абедаць.
Саханюк адмовіўся абедаць. Ён прыехаў сюды з Дубейкам і ўмовіўся з ім па дарозе заехаць на пачастунак. Куды, Саханюк не сказаў. Цяпер жа ён мусіць ехаць, бо Дубейка ў старасты яго напэўна ўжо чакае.
Саханюк развітаўся з калегам, заклікаючы яго да сябе ў госці.
– Дзякую, - сказаў Лабановіч, - але, калега, майце на ўвазе, што ссыпкі вы не атрымаеце.
– Буду судзіцца, - не адступаўся Саханюк.
– Вось прыеду і земскаму жалабу падам на вашага старасту.
Пад вечар таго ж самага дня стараста сабраў гарцы і прывёз іх Лабановічу.
– Што, панічок, звар'яцеў ён, ці што? Як-то мы аддамо яму ссыпку, калі ў нас ёсць свой настаўнік!
У старасты быў важны начальніцкі выгляд і пачуццё выпаўненага абавязку перад школай і настаўнікам.
– Хоць бы ён пасаромеўся, - абурліва гаварыла бабка.
– Як гэта можна забраць ссыпку з чужое школы?
Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў.
XX
Панна Ядвіся была ў незвычайна вясёлым настроі. Яна і малая Габрынька пойдуць заўтра на раз'езд, сядуць на машыну і паедуць у госці. У Гарадзеншчыне ў іх былі сваякі, і татка дазволіў паехаць туды тыдні на два пагасцяваць. Габрынька кружылася каля мачыхі, жартавала, смяялася такім вясёлым дзіцячым смехам, што нават пераважна смутная і заклапочаная пані падлоўчая не магла захаваць свой звычайны настрой і таксама смяялася.
– Адстань, адстань: ты ўжо не дзіця.
Пані падлоўчай, здавалася, было крыху нялоўка, што панна Габрынька так дурэе пры чужым чалавеку. А гэты чужы чалавек быў Лабановіч.
Але Габрынька не зварачала на гэта ўвагі. Яна выдумала кароценькі вершык і раз-пораз дэкламавала яго сваёй мачысе:
Мама така слічна,
Слепа, дыхавічна.
– От распуста, - ківала галавою пані падлоўчая, зварачаючыся да настаўніка.
– Я буду пісьменніцай. Хачу напісаць аповесць, як на Палессі жылі дзве прыгожыя краскі-панны і што з гэтага выйшла, - смяялася Габрынька.
– А што з гэтага выйшла?
– пацікавіўся Лабановіч.
– Выйшла тое, чаго ніхто не спадзяваўся! Гэтыя дзве красуні пакахалі аднаго маладога паніча і кінуліся яму на шыю. А ён, небарака, з гора пайшоў і ўтапіўся ў Целяшовым Дубе.
– Габрынька, устыдзься!
– прамовіла пані падлоўчая.
А Габрынька ўся хадзіла ад смеху. Таксама смяялася і панна Ядвіся, крыху засаромеўшыся такой непасрэднасці, прастаты і смеласці жартаў свае сястры.
– У вас, як бачна, ёсць здольнасці пісьменніцы, - смяяўся і Лабановіч.
– Але чаго ж ён, гэты ваш паніч, тапіцца пайшоў?
Габрынька хітра зірнула на сястру. Ядвіся, відавочна, зацікавілася яе жартам і, смеючыся, адказала за сястру:
– Мусіць, той паніч спалохаўся свайго шчасця.
Немаведама чаго, сёстры пераглядаліся і перасмейваліся. Проста ім было весела, іх цешыла і радавала гэта паездка, змена ўражанняў, новыя месцы, новыя знаёмствы.
Лабановіч пачуў нейкае засмучэнне. Скуль яно, ён не ведаў і сам. Ці не з таго, што панна Ядвіся так радуецца? Як відаць, яе нішто не прымацоўвала тут, ніхто не цікавіў, і яна з лёгкім сэрцам гатова была змяняць гэту глуш Палесся на кожнае новае месца, бо сэрца яе было вольнае, а можа, шукала другога сэрца, каб забіцца яму ў адзін тон? А можа, гэта сэрца было ўжо там?
І пачуванне адзіноты закралася ў душу настаўніка: ён тут - чужы і лішні. І смешнымі цяпер здаліся тыя думкі, якія яшчэ так нядаўна цешылі яго маладое сэрца.
Пані падлоўчая выйшла. У пакоі засталіся адны дзяўчаты. Каля печы пад канапаю ляжаў стары Негрусь і зрэдку павільваў хвастом, калі міма яго праходзіла панна Ядвіся.
– Я ні разу не бачыў вас у такім добрым гуморы, - сказаў да яе Лабановіч.
– Вы сёння такая вясёлая, як ніколі.
– А вы хацелі б, каб я плакала?
– спытала яна.
– Не, я гэтага зусім не хацеў бы. Але, як я заўважаю, у вас тут няма нічога такога, аб чым вы маглі б пашкадаваць. І калі б вам напаткалася такое здарэнне, што вы маглі б ніколі сюды не варочацца, вы і ніколечкі аб гэтым не пашкадавалі б.
– О не!
– прамовіла панна Ядвіся.
На хвілінку яна як бы аб чымсі задумалася. Твар яе стаў сур'ёзны. Але ў момант вока выраз яе перамяніўся, уваччу забліскалі іскаркі смяшлівасці і хітрасці.
– О не! Вы памыляецеся!
– сказала яна.
– У мяне тут ёсць нехта такі, каго мне вельмі цяжка пакінуць і аб кім вельмі непакоіцца маё сэрца.
Лабановіч замёр у салодкім і разам трывожным чаканні. Панна Ядвіся акінула яго бачлівым поглядам. Яна раптоўна ўсхапілася і накіравалася да Негруся.
– Негрусь, мілы мой Негрусь!
– сказала яна і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку.
– Мы разлучымся з табою на цэлыя два тыдні!
– Тым прыемней будзе часіна спаткання пасля разлукі, - сказаў Лабановіч і ўстаў.
– Ну, зычу вам усяго найлепшага: шчасліва заехаць, весела гуляць і лёгка перанесці разлуку з тым, аб кім так непакоіцца ваша сэрца.