Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У палескай глушы

Колас Якуб

Шрифт:

– А якое ў вас было гора?
– спытала Ядвіся.

– Не пытайцеся: ніякага ў мяне не было гора. Хіба вы наведзяце яго на мяне, але гэтага я вельмі не хацеў бы.

– Я? Што я для вас значу?

– Усё!
– адказаў настаўнік.

– Праўда?
– ціха спытала Ядвіся.

– Гатоў пабажыцца, аб заклад пабіцца, - пачаў сыпаць Лабановіч словамі, узяўшы жартлівы тон, каб жартамі прыкрыць тое, што ішло ад самага сэрца.

Панна Ядвіся, як сарна, скокнула да печкі, дзе стаяў пусты кошык. Схапіўшы кош, яна падбегла з ім да Лабановіча і прамовіла:

– Сыпце ў кош сваё красамоўства!

Яны смяяліся, шчаслівыя, як дзеці.

Ядвіся раптоўна стала сур'ёзнаю.

– Скажыце, - прамовіла яна, - каб я вас аб чымсі папрасіла, ці зрабілі б гэта для мяне?

– Усё, што можна зрабіць, зраблю.

– Зробіце?

– Зраблю.

Панна Ядвіся апусціла вочы, потым паволі ўзняла іх на настаўніка.

– У Гарадзеншчыне ў мяне ёсць адна дзяўчына, - ну, вам усё роўна, хто яна. Ёй трэба выйсці замуж. Разумееце? Ёй проста трэба павянчацца, каб у дакументах мець іншае прозвішча. Нашто - гэта таксама вам нецікава. Дык ці згадзіліся б вы павянчацца з ёю?

Ядвіся гаварыла самым сур'ёзным чынам.

Лабановіч і верыў, і не верыў. Калі гэта ўсё праўда, то, значыць, для Ядвісі ён зусім не патрэбны чалавек. І яму стала так горка і непрыемна. Ён апусціў вочы і, памаўчаўшы, прамовіў з прыметнаю ноткаю нездавалення:

– Аб жаніцьбе, якая б яна ні была, я думаю столькі, колькі думаеце і вы аб леташнім снезе.

У гэты час у пакой увайшла Габрынька, і размова наконт жаніцьбы на тым і скончылася.

– Ну, кажыце, як вам гасцілася?
– звярнуўся да яе настаўнік.

Габрынька з жартам і ажыўлена апавядала, як ім было там добра і як не хацелася ехаць сюды. Ядвіся маўчала. Лабановіч слухаў Габрыньку і стараўся не пазіраць на Ядвісю. А яна ўвесь час не зводзіла з яго вачэй. А потым ціхенька выйшла, нічога не сказаўшы. Яна доўга не прыходзіла і вярнулася тады, калі Лабановіч ужо выйшаў і накіраваўся да сябе на кватэру.

Настрой у яго быў самы паганы. Ён проста не мог знайсці сабе прыпынку, не ведаў, за што ўзяцца. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоіку, ён узяў паперу і пяро і сеў пісаць ліст свайму семінарскаму сябру Янку Тукалу.

«Мілы Янка!

«Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты? Адгукніся! Як без цябе тут гарую, прыйдзі падзівіся».
– З гэтае песні пачаў ён, змяняючы яе тэкст.
– Абрыдла, брат, мне тут. Усё прыгледзелася і прыелася. Пачынаецца вясна. Разам з ёю ва мне абуджаецца і нейкі дух бадзяння. От бы забраў пад паху свае манаткі, пайшоў бы куды вочы глядзяць. Скончыцца работа ў школе, паеду дадому. На другі год думаю перабрацца куды-небудзь далей у глыб Палесся. Я пачынаю аналізаваць самога сябе і вынікамі застаюся незадаволены. Тая звычайная работа, якую мы павінны весці ў школе, мне здаецца мала вартоўнай, і калі толькі ёю абмежаваць сваю дзейнасць, то гэта значыць рабіць вельмі мала, бо будзеш заўсёды чуць нейкі недахват. І тады трэба будзе на ўсё махнуць рукою, а каб было весела, прыйдзецца звярнуцца да карт, гарэлкі і праз колькі гадоў зрабіцца поўным вахлаком, што звычайна на кожным кроку і робіцца. Я чую, што ў мяне няма грунту пад нагамі, бо я не намеціў сабе пэўнага плана работы. Я, брат, тая муха, што папала пад шкляны каўпак: і свет вакол відаць, і месца ёсць выбіцца з гэтага каўпака, але няма здольнасці папасці ў выйсце. І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма. Можа, каму выпадкова і пашчаслівіцца знайсці дарогу з гэтага каўпака, але пераважная большасць пападае ў сыроватку і трапечацца ў ёй, покі не захлынецца. Яшчэ нічога, калі ўсяго гэтага не заўважаеш і думаеш, што так і трэба. Але вельмі цяжка пачуваць, што цябе пачынае зацягваць балота, і ты ведаеш, што ў гэтым балоце твая грамадзянская смерць. І калі б мяне спытаў хто, што мне найболей кінулася ў вочы і зрабіла мацнейшае ўражанне за першы год настаўніцтва, я вызначыў бы гэта так: павольнае ўміранне душы і зацягванне цябе балотам... Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Няхай жыве вандроўніцтва!

Як я табе і казаў, ва мне з незвычайнаю сілаю абудзіўся дух бадзяння. Я не знаходжу сабе спакойнага месца, мяне кудысь цягне і парывае. Часамі проста хочацца зашчаміць сабе галаву і плакаць. «Маркотна жыць на гэтым свеце, панове». Цяпер толькі зразумеў я, якую праўду казаў Гогаль».

Напісаўшы гэты ліст, Лабановіч прылёг на канапу і задумаўся... «А ўсё гэта я лгу: не тыя прычыны майго нездавалення і смутку». І перад ім ізноў усплыў вобраз Ядвісі, і зноў аб ёй, толькі аб ёй, пачаў думаць.

XXIX

– Бабка, дома паніч?
– пытала панна Ядвіся старую Мар'ю.

– Не, паненачка, кудысь выйшаў нядаўна.

Ядвіся падышла да дзвярэй, прыслухалася, як бы не верачы бабцы і баючыся быць злоўленай, потым ціхенька адчыніла іх, ускочыла ў пакойчык, азіраючы яго цікавым поглядам. Яна падышла да пісьмовага стала і палажыла туды маленькі букецік першых вясенніх красак. Потым узяла асадку, адарвала вузенькую палоску паперы, крыху падумала. На яе губах заблукала ўсмешка, і яна напісала: «мілы», паставіла тры кропкі і дадала другое слова «дурань». Паперачку з напісанымі словамі залажыла ў разгорнутую кнігу, яшчэ раз азірнулася і выскачыла ў кухню.

– Глядзі ж, бабка, не кажы панічу, што я тут была. Барані Божа, бабка, не кажы!
– сказала і бягом кінулася на двор. Скора дзесь з двара пачуўся яе голас. Яна спявала нейкую песню.

Бабка ціха ўсміхнулася сама сабе і прамовіла ўголас:

– Вясёлая, харошая паненка!
– і аб чымсі задумалася.

Праз хвіліну бабка сама ўвайшла ў пакойчык. Ёй хацелася дазнацца, якую штуку выкінула там паненка.

– Красачак прынесла, няхай падумае пра мяне.

Бабка ўзяла ў рукі букецік, паглядзела на яго, паднесла да носа і палажыла зноў на стол. Яна чагось уздыхнула і выйшла.

Гэта было на захадзе сонца.

Калі ўжо добра сцямнела, прыйшоў Лабановіч. Ён запаліў лямпу. Пры яе святле заўважыў кветачкі.

«Хто ж гэта палажыў іх сюды?» - спытаў ён сябе самога і стаў разглядаць букецік.

Вечар быў цёплы і ціхі, Лабановіч падышоў да акна і расчыніў фортку. Вокны пакояў пана падлоўчага былі цёмныя. Там, значыць, нікога не было; можа, яшчэ рана. З двара далятаў сюды шум сельскае вуліцы. Дзесь у канцы вуліцы пілікала скрыпка, там жа чуўся радасны смех дзяўчат і іх крык і піск. Відаць, за імі ганяліся хлопцы, лавілі і дурэлі з імі. Потым дзяўчаты хорам спявалі «вяснянкі». Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара, і водгулле іх замірала дзесь у соннай цішы балот.

На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі, пераліваліся, як бы там трапяталі крыльцамі нейкія дыяментныя матылі. І было штось незвычайна важнае і велічнае ў гэтым далёкім харастве недасяжных зор і ў гэтай маўклівасці цёмнага бяздоннага неба, і перад велізарнасцю і тайнасцю яго заціхаў дробны клопат зямлі.

«Колькім людскім пакаленням свяцілі гэтыя зоркі!
– разважаў настаўнік.
– Людскія пакаленні даўно сышлі з твару зямлі, і вецер даўно параздзімаў іх магілы і разнёс па свеце прах касцей іх, а яны, спакойныя зорачкі, кожную ясную ночку будуць свяціць сваім немяцежным бляскам, неўспагадныя на ўсе мітусенні і трывогі ўсхваляванай душы чалавека. А мы перабудзем свой век, колькі нам прызначана, гэты страшэнна кароткі міг, малюпасенечкае звенца ў бясконцым ланцугу жыцця, і ніякага следу не захаваюць па нас бязлітасныя часы. І ці варта так прырастаць да гэтага жыцця, да гэтага нязначнага моманту ў ходзе часаў?»

І нейкая туга ахапіла настаўніка. Аб чым? Мабыць, аб тым, што такая мізэрная і нязначная людская доля, людское жыццё. Ён апусціў галаву над сталом і сядзеў нерухліва. Лёгкі і раптоўны шолах каля шыбы акна абудзіў яго. Ён узняў галаву, і ў гэты момант на стол упала некалькі такіх жа самых красачак, што былі і ў букеце. Відаць, некаторыя з іх не папалі ў фортку, а толькі лёгенька крануліся шыбак і засталіся за акном. Разважанні аб нязначнасці людскога жыцця былі таксама раптоўна распуджаны чыёюсь рукою, што кінула гэтыя краскі.

Поделиться с друзьями: