У палескай глушы
Шрифт:
– Няўжо гэта праўда?
– спытаў Лабановіч і паглядзеў на Максіма.
– А вы думалі я - Юзаф прыгожы? Вы, прафесарка, як бачу, яшчэ не адукованы ў гэтым сэнсе чалавек, - сказаў Максім і засмяяўся.
– А хіба для гэтага трэба спецыяльныя курсы скончыць?
– спытаў Лабановіч.
– Не, для гэтага трэба мужчынам быць, - адказаў Максім.
– А не проста разбэсціцца?
– Пры чым тут разбэшчванне? Прырода, брат, вымагае гэтага.
– Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Вось вы нідзе не служыце, бацька ваш ужо стары, яму трэба ўтрымліваць вас, а вы скажаце: «І прырода вымагае таго, каб ён клапаціўся пра мяне».
– Разумеецца. Хіба я прасіў яго, каб ён пусціў мяне на свет? А пусціў, няхай і корміць, няхай патурбуецца... Слухай, прафесар, давай вып'ем на «ты»?
Максім наліў чаркі. Выпілі.
– Ведаеш, брат, што, - пачаў Максім, - я табе такую маладзіцу расстараюся, што з ёю пазнаеш ты радасці раю.
Лабановіч быў ужо досыць п'яны. Яму было лёгка і весела. Перад вачамі снаваўся нейкі прыемны туман і ўсё афарбоўваў у ружовы колер. І гэты самы Максім, і Дубейка, Сухавараў, і наогул усе, праўду кажучы, добрыя людзі. Максім яшчэ зусім малады, ён - хлапчук. А што ён за бабамі ганяецца, ды хто ж гэтага не робіць? Ды Максім і іншыя маюць смеласць адкрыта сказаць аб гэтым, а ён, Лабановіч? Ён шмат горшы ад іх, бо свае брудныя мыслі аб кабетах трымае пры сабе. А ці мала часу забіралі ад яго гэтыя думкі? Ён помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе. Хіба ён добра зрабіў? Колькі разоў ён каяўся ў гэтым, і мыслі аб ёй распалялі яго. А каму ён аб гэтым казаў? Нікому. А чаму? Ясна чаму: яму, бруднаму ў такой жа меры, як і ўсе мужчыны, а можа, і больш таго, хацелася паказацца чыстым, нявінным, лепшым ад іншых. А ён... проста - манюка, хітрэц, фарысей, ашуканец, прыкіда, фальшываманетчык, бо выдае сябе не за тое, што ён ёсць... Ха-ха-ха! Ён - пустэльнік, ён - святы!..
Мутнымі вачамі ён акінуў гасцей. Уваччу ўсё калыхалася і траілася. І невядома адкуль перад ім з'явіўся вобраз панны Ядвісі. «Ядвіська, мілая, слаўная!» - казаў ён у сваіх думках. Ён схіліў галаву і штось думаў. Потым раптоўна павярнуўся да Максіма.
– Максім Грэк! Вып'ем, брат?
– Вып'ем, прафесар.
– За здароўе тае маладзіцы, з якою можна пазнаць радасці раю!
– Брава, прафесар!
Лабановіч ужо зусім ап'янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак - яны былі толькі вясёлыя, - і Саханюка, які гарэлкі не піў. Тым не меней Максім і Лабановіч выдзяляліся сярод гэтае кампаніі. Яны громка гаманілі, разводзілі рукамі і цалаваліся.
Саханюк непрыметна падышоў да калегі.
– Слухайце, калега: зойдзем на мінутку да мяне!
– Чаго? Не пайду. Я яшчэ піць хачу. Хачу пахаваць цельшынскага педагога, бо ён - фальшывы.
– На адну мінутачку, калега. Выйдзем.
– Саханюк! Мілы мой Саханючок! Ты - мой старэйшы брат. Я пакараюся табе... Але... Стой! Ты, брат, хіцёр, Саханючок: я ведаю, ты хочаш ад мяне пад п'яную руку падпіску ўзяць, што я аддаю табе гарцы.
– Гарцы ж ты мне і так аддасі як падарунак к вяселлю.
– Праўда, праўда, брат!
– схамянуўся Лабановіч.
– Жаніся, брат!.. Аддам табе гарцы, бо ты - чалавек, а не яловы пень, як думаў я раней.
Саханюк пад руку прывёў Лабановіча ў сваю кватэру.
– Куды ты мяне прывёў і нашто прывёў? Я хачу да паненак пайсці. Максім Грэк, свіны ты чалавек, дзе ты?
– Праспіцеся, калега. Ну іх! Будуць пальцамі паказваць і трубіць на цэлы павет - рады на язык падняць нашага брата.
– Эх, Саханюк, Саханюк! Ты і гарцы мае бярэш, ты і чэсць нашу настаўніцкую бароніш. Ты крануў маё сэрца. Жыві ж, Саханюк, на многія леты. Жаніся, брат, пладзіся, напаўняй пінскія балоты і валодай імі, - гаварыў Лабановіч з канапы, ледзьве варочаючы языком.
XXVIII
Першую палескую вясну сустракаў тут Лабановіч. Здавалася, што засмучэнне, тая паласа тугі, што ўсю зіму не сходзілі з твару гэтага глухога кутка Палесся, цяпер прайшлі, бо штось новае і радаснае пачынала вызначацца і ў агульным выглядзе пустэляў балот, і гэтага панурага лесу, і асобных хвой і дубоў, што высока падымалі ўгару свае кучаравыя галовы або адзінока стаялі па краях лесу.
Вясна была ранняя, як і звычайна на Палессі. У лясах на ўгрэвах снег злазіў борзда, і вызваленая з-пад снегу зямля радасна выглядала на свет жаўтавата-шэрымі плямкамі, ужо выбіваўся і леташні бруснічнік, свежы і сакавіты, сухія галінкі вераску і ягадніку. Побач чыгункі, дзе так прыемна купаліся залатыя косы сонейка, у зацішку зялёных хвой і чырванаватага маладога бярэзніку, ужо цягнулася доўгая жоўтая паласа адтаўшай зямлі. Яна шырэла з кожным днём, з кожнай гадзінай.
А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Засыпаныя снегам шпалы, старыя трухлявыя пні даўно загубленых дрэў, гнілыя галіны - усё выглядала з-пад снегу і ўсё, здавалася, радавалася, што не апошні раз бачыла сонца. А лес, асветлены і абагрэты сонцам, пазіраў зусім-такі весела. І было штось незвычайна прыемнае ў гэтых першых светла-бліскучых іскрынках абуджэння жыцця, у гэтым зямлістым паху прэлых леташніх лісцяў, дзе-нідзе шарэўшых на зямлі. І зусім іншыя струны душы закраналіся гэтым кволым патыханнем вясны, і іншыя парыванні разам з абуджэннем прыроды калыхалі душу ціхаю, няяснаю песняю ці даўно чутаю казкаю, поўнаю хараства і чараў, і кудысь цягнулі і клікалі. Куды? Можа, да таго невядомага, заўсёды павабнага, нерасчытанага і неадгаданага, закрытага заслонаю ружовых мараў, што ніколі не зліваецца з тваімі жаданнямі? А можа, гэты смутак аб чымсьці такім, міма чаго прайшоў ты няўважна і страціў навекі? Ці гэта - адбітак вечнага нездавалення чалавека, якое выдзяляе яго з круга жывёлін і вядзе па дарозе шукання і ўтварэння лепшых стасункаў жыцця і яго хараства? Ці гэта - імкненне рассунуць граніцы свайго кругагляду, каб пазнаць непазнанае, уведаць нязведанае? Але вечныя загадкі жыцця і вечныя нашы імкненні іх адгадаць, бо формы жыцця абмежаваны, само ж жыццё не мае граніц.
Пасля пісарскага балу Лабановіч некаторы час адчуваў сябе дрэнна. Яму было прыкра, што ён там напіўся, гаварыў розныя глупствы і нават піў за здароўе нейкай маладзіцы. Назаўтра ён раненька вырваўся з Хатовіч і бадай што ўцёк дадому. І вось цяпер, на другі дзень пасля п'янства, ён хадзіў па чыгунцы, крыху заспакоены, і ацэньваў свае паводзіны як чалавека і як настаўніка. Яму ўспаміналіся першыя дні прыезду сюды, яго намеры і планы. І цяпер усё гэта так не сходзілася адно з другім і не давала ніякага маральнага задавалення! Ён чуў нейкі неспакой душы. Яму хацелася кінуць тут усё і ісці. Куды? У свет, на новыя мясціны - і ўжо там пачынаць жыць як-небудзь іначай.
Лабановіч акінуў вачамі ваколіцы Цельшына: цесна, цёмна і пуста. Толькі ветракі, растапырыўшы ўгары два крылы ў бок сяла, мелі такі выгляд, як бы іх уразіла нейкая навіна, і яны, у здзіўленні сказаўшы: «О-о-о!», застылі ў такім стане. Дом пана падлоўчага і высокая вяндлярня таксама выдзеліліся крыху весялей з купы гэтых саламяных стрэх сялянскіх хат. Няўжо ж яму прыйдзецца жыць тут яшчэ другую зіму, бо на лета, калі скончацца заняткі ў школе, настаўнік думаў куды-небудзь паехаць.
Дом пана падлоўчага глянуў на Лабановіча яшчэ раз і яшчэ; скараючыся нейкаму пачуццю і голасу, ён звярнуў з чыгункі і накіраваўся дадому, паглядаючы то на высокі крыж каля школы, то на дах пана падлоўчага. Падыходзячы бліжэй да іх, настаўнік пайшоў павольней, як злодзей, кідаючы позірк на вокны. Ступіўшы яшчэ колькі крокаў, ён спыніўся: у акне з-за вазонаў кланялася тая галоўка, якую яму так прыемна было бачыць. Настаўнік прасвятлеўся і рашуча адкінуў клямку на дзверцах веснічак свае суседкі.
– З таго часу як вы закахаліся ў панну Людмілу, ужо не хочаце да нас зайсці, - сказала панна Ядвіся, не то шуткуючы, не то сур'ёзна.
Лабановіч глянуў ёй у вочы, у гэтыя акруглыя цёмныя і такія слаўныя, выразныя вочы, на яе чорныя тонкія бровы, якіх ён не бачыў ні ў аднае дзяўчыны, ні ў кога на свеце. Здаецца, ніколі не адводзіў бы ад яе сваіх вачэй! Ён падумаў: «Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая, - і дадаў: - Дурні яны!»
– А, - сказаў Лабановіч у парыванні нейкай радасці, а ўнутрах яго ўсё дрыжала, - ці толькі свету, што ў панны Людмілы? А вы мне вось што скажыце: калі ўжо вы перастанеце харашэць? Можна было б ужо і спыніцца.
Усе думкі аб помсце панне Ядвісі, усе тыя калючыя словы, якія ён думаў не так даўно кінуць ёй, - усё цяпер знікла нібы гэтыя вочы і бровы адвялі іх і пахавалі навекі.
Ядвіся сказала:
– А калі вы перастанеце быць такім панурым і злосным?
– З таго самага часу, як вы аб гэтым запыталіся.
– Не люблю я панураў, - сказала Ядвіся.
– Усё здаецца, што яны накінуцца і біць пачнуць.
– Што зрабіць? Часамі чалавеку так цяжка бывае, так наваліцца на яго гора, што нехаця ляжа чорны цень на твары.