Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

І вось аднойчы ні Лейка, ні Іван не з'явіліся дадому — як скрозь зямлю праваліліся. Устрывожаная, заплаканая Малка хадзіла па мястэчку. «Лейка, Лей-ка, дзе ты?» — клікала яна ў роспачы, як быццам дачка наўмысна схавалася недзе.

Куды яны пазнікалі — таго ніхто не ведаў. Такая гісторыя…

Штрыкман прысеў на зэдлік і пакруціў галавой:

— Бач, пабралі ахвоту любіцца. Калі б такое раней, дык маглі б і каменнямі пабіць.

— Калі ж гэта было! Цяпер, пане муй, не той час…

— Гэта так, але каб дзеці бацькоў кідалі…

— Фар вус, гатаню, ціст мір азелхэ цурэс? О, ду біст гэрэхт!.. [3] — сказаў Нохім на незразумелай Лявонку мове.

— Усіх чакае апраметная, — уздыхнуў Штрыкман, а Нохім, ужо без якой-небудзь сувязі з папярэдняй размовай, паскардзіўся:

— Ой, гэтыя заказчыкі! Кожны стараецца, каб менш заплаціць…

Штрыкман, пакінуўшы малако, пайшоў.

…Як заўсёды, у нядзелю Лявонка чакаў некага з дому. Ехалі праведаць яго, а заадно па гаспадарчай патрэбе на базар: прадаць што-небудзь і што-небудзь купіць. Бацька альбо дзед прывозілі звычайна буханку хлеба, круп, кавалак сала, цыбуліну ці яшчэ што. Пры гэтым наказвалі:

3

— За што, Божа, прычыняеш мне столькі гора? (яўр.)

— Помні, сынок, трэба дзяліцца з іншымі, калі ў каго няма.

Аднойчы Лявонка хацеў пачаставаць Нохіма дамашняй каўбасой і вельмі быў здзіўлены, калі той адмовіўся.

Часцей наведваў дзед. Унук міжвольна ў думках параўноўваў яго з Нохімам і знаходзіў, што яны ў нечым падобныя.

Кірыла спачуваў сябру:

— Трэба вам, таго, большую хату, прастарнейшую!

Замест адказу Нохім расказаў яму адну з сваіх гісторый.

У гэтых яго гісторыях была мудрасць і нешта такое, што выклікала ўсмешку. Расказваючы, ён вельмі хваляваўся:

— Адзін яўрэй паскардзіўся рабіну, што ягонай сям'і цесна жыць. Ён, жонка і пяцёра дзяцей гняздзяцца ў адным маленькім пакойчыку. Рабін паглядзеў на яго і кажа: «Вазьмі служанку!» — «На што мне служанка?» — «Не пытай, вазьмі, і ўсё. І прыйдзеш да мяне праз сем дзён». Прайшло сем дзён. Ідзе ён зноў да рабіна. «Ай-яй, гэта пекла, не жыццё. Жонка і служанка валтузяцца з ранку да вечара, дзеці плачуць, у мяне галава трашчыць!» — «А не бяры ты ўсё да галавы, — суцешыў яго рабін. — Купі сабе яшчэ казу». — «Але ж я не маю ні хлява, ні нават каморкі…» — «Нічога. Нойдзеш для яе нейкі куточак». Мінула сем дзён. Яўрэй трэці раз з'яўляецца да рабіна… — У гэтым месцы Нохім асабліва хваляваўся: — «Гвалт у хаце, крык, плач, бруд, смурод… Больш няма як цярпець!» — «Скончылася цярпенне? — перапытаў рабін. — Цяпер дазваляю табе прадаць казу». Прайшло яшчэ сем дзён. Яўрэй ізноў наведаўся. «Ой, дзякуй! Адпачылі мы, пазбыўшыся таго брыдкага, надаедлівага стварэння». — «Адпачылі? — узрадаваўся рабін. — Тады дазваляю табе звольніць служанку». Той паслухаў. Прайшло тры дні, і ён зноў пераступіў парог рабінавай хаты. «Ну і што?» — спытаў рабін, пагладжваючы сівую бараду. — «Ой, добра нам, добра… Мы цяпер жывем як людзі! Не пакойчык, а палац!»

Слухачы, у тым ліку і Лявонка, засмяяліся, адчуўшы мудры сэнс гэтай гісторыі.

Калі ўсе супакоіліся, Кірыла з вясковай праставатасцю сказаў:

— Цесна ў вас у мястэчку!

— Цесна, — пагадзіўся Нохім.

— У нас — поле. Прасторна! А каб ты, Нохім, таго, меў, скажам, зямлю, ці рабіў бы ты на ёй?

Шавец задумаўся, паправіў на галаве ярмолку.

— Не, мусіць, не. Бацька мой меў зямлю тут вунь, у Завадзькавічах, і, ведаеш, мусіў прадаць. Не атрымлівалася. Зямля, пане муй, патрабуе залежнасці. Пасеяць — пасееш, а ці ўродзіць — гэта табе ніхто не скажа. Не, мне лепш малатком грукаць. Гэта надзейней. — І ён дастаў з зубоў драўляны цвічок, уставіў яго ў праколатую адтулінку ў падэшве і спачатку лёгенечка, а потым моцна стукнуў па ім сваім шавецкім малатком.

* * *

У гэты дзень Малка рана вярнулася з мястэчка, прачыніла дзверы ў каморку, дзе знаходзіўся Лявонка.

— А дзе Нохім? — у яе голасе і постаці адчувалася узбуджанасць.

— Можа, ён у Арона… — паціснуў плячыма Лявонка.

Ён ведаў, што гаспадыня хадзіла ў мястэчка, наведвала базар і крамы і прыносіла адтуль усялякія навіны і самыя нечаканыя ўражанні.

Малка скардзілася на высокія цэны — і на малако, і на цукар, і на газу. Здаралася, напрыклад, што яна і прадавец, абмяркоўваючы курыцу і цану на яе, па некалькі разоў вырывалі птушку адно ў аднаго, шмат спрачаліся і нават сварыліся. Малка пра ўсё расказвала Нохіму.

Праз нейкі час вярнуўся, накульгваючы, і Нохім. У яго — свая навіна:

— На мінулым тыдні Штрыкман ішоў дадому агародамі і ўваліўся ў яму з памыямі!

Але Малка перабіла яго сваім, радасным:

— Нарэшце! Нарэшце!

Вочы ў шаўца зрабіліся круглымі:

— Што — нарэшце?

— Нарэшце аб'явілася наша Лейка!

Навіна была, што і казаць, прыемная і радасная, але погляд Нохіма пасуровеў.

— Для мяне яе — як і няма. — І ўсё ж такі не стрымаўся, спытаў: — Калі аб'явілася?

— Толькі што пачула. На базары… — Малка нават рукой паказала ў той бок, дзе быў базар.

Лейка з мужам, аказваецца, жылі ў Берасці, працавалі ў кравецкай майстэрні. Пра ўсё гэта Малка распавяла мужу.

Нохім уважліва выслухаў яе і сказаў, як бы падагульняючы:

— Усіх чакае апраметная, як кажа Штрыкман.

— Апраметная, апраметная — толькі і чуеш! — Не такой, відаць, рэакцыі чакала Малка ад мужа. Яна мітусліва захадзіла па пакоі.

— Але ж што б ні было, а жыць, пане муй, трэба, — уздыхнуў Нохім і накіраваўся ў куток, дзе знаходзіўся яго шавецкі варштат.

— Заладзіў сваё: апраметная, апраметная. Пра дзіця сваё не хочаш думаць…

— Чаму вы лічыце, што ўсіх чакае апраметная? Айцец Нікадзім кажа, што праведнікі трапяць у рай, — асмеліўся падаць голас Лявонка, які чуў размову гаспадароў.

— Чаму гэта яны трапяць у рай? А якая розніца ўрэшце? — пытаннем на пытанне адказаў Нохім, не жадаючы на гэты раз заглыбляцца ў магчымыя лёсы праведнікаў і грэшнікаў.

…Вечарам Нохім з Малкай запалілі свечы ў падсвечніку і павячэралі фаршырованай рыбай з булкай, якую называлі халай. Да суботы гаспадары рыхтаваліся яшчэ ў пятніцу. У пятніцу вечарам мястэчка замірала — нават па ваду ніхто не хадзіў. У суботу, з самай раніцы, Нохім апрануў талес і маліўся. «Мы будзем ляжаць, а ты, Лявон, печ растопіш», — наказаў свайму пастаяльцу. Потым гаспадары залезлі пад пярыны і ляжалі, чакаючы, калі зойдзе сонца, каб устаць і перадыхнуць ад доўгага ляжання. Лявонка спачуваў ім, разважаючы, што не так і лёгка вытрымаць цэлы дзень пад цяжкаю пярынай, ды яшчэ і моўчкі, бо нават размаўляць не дазвалялася. Але ж нічога дзіўнага — у суботу шабас. У кутку на вузкім стале ціха гарэла суботняя свечка, ледзь рассоўваючы асенні морак пакоя. Вядома было, што ў суботу яўрэяў наведваюць патрыярхі Аўраам і Якаў, таму трэба глядзець, каб дзверы былі адчыненыя, а то раптам прыйдуць, а ўвайсці не змогуць — зачынена. Пакрыўдзяцца! Лявонка дзівіўся, што людзі гэтак моцна, упарта трымаюцца свайго, здавён заведзенага. Аб працы ў шабас не можа ісці нават гаворкі. Субота — святая. Кожную пятніцу прыходзіў малочнік Арон Штрыкман — абмяняцца навінамі, пагутарыць. Арон — чалавек надта набожны. Нездарма ён быў пастаянным наведвальнікам сінагогі. У суботу Лявонка ўсім ім паліў печы, насіў Нохіму і суседзям ваду з калодзежа, за вядро давалі паўкапейкі. Быў, прасцей кажучы, папіхачом. Гаспадары аказаліся людзьмі ціхімі, сціплымі, працавітымі. Кожнаму стараліся дагадзіць. Лявонку здавалася, што яны ўвесь час нечага баяцца.

Урокі трэба было вучыць да змроку, каб не паліць агню — шкада газы. Ён гэтак і рабіў, затым клаўся на свой тапчан, спаў. Уставаў рана…

Набліжалася Ражство, а з ім і зімовыя канікулы.

VII

За ім заехаў сусед — Назар Хомка, які прыязджаў на базар. Світка на ім латаная-пералатаная. Назар маўчаў, адно толькі кашляў. Лявонка пачуў, як ад яго дыхнула халодным полем, і ўзрадаваўся, што трэба збірацца дадому. Зрэшты, якія там зборы — яго клуначак заўсёды напагатове.

…Сані ехалі роўна, як плыве човен па ціхай вадзе. У небе вісела вялікае шэрае воблака, падобнае на Нохімаву пярыну, якой ён акрываўся, калі клаўся спаць. Па баках рассцілаліся па-зімоваму анямелыя палі, над якімі лёталі чароды галодных варон. Снег рыпеў пад палазамі, адзываўся на розныя лады — як жывы. Незвычайнай белізной ён аздабляў усё наваколле. Пульхная снежная навісь прыгнула дадолу лапы ельнікаў, хмызнякі.

Лявонка любіў снег. Праехаўшы Мікалаева, ён не ўтрымаўся, узяў у жменю снегу, скамячыў яго і паднёс да вуснаў, лізнуў. Назар паглядзеў на яго, пасміхаўся.

Поделиться с друзьями: