Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Глядзі, з жыдамі жывеш — каб веры іх не пераняў,— у голасе Міхаля прагучала засцярога.

Кірыла, пагладзіўшы бараду, сказаў:

— Заходзіў я ў Камянцы ў іх царкву — пуста, адны сцены, не так, як у нас.

— У нашай царкве прыгожа! — падтрымала яго Марыля.

— Хто яго ведае, ці ёсць той Бог, — ні на кога не гледзячы, прамовіў Міхаль, але Кірыла быў гатовы і да такога павароту гаворкі.

— Есць! Але нават калі і ёсць, дык сёння людзі яго не надта баяцца. У Камянцы, я ўжо расказваў вам, Лейка — Нохімава дачка — з праваслаўным пабраліся, і нічога. Хоць усе былі супраць — і бацькі, і рабін.

— Гэта — праўда! — пацвердзіў унук.

— Дык жа ўцяклі некуды! Не проста гак… — напомніла Марыля.

— Знайшліся! У Берасці,— заспакоіў Лявонка.

Прускаўцы казалі не Брэст, а Берасць.

— Прысутныя ажывіліся.

— Знайшліся-такі? — па-жаночы ўзрадавалася Марыля.

— У кравецкай майстэрні працуюць! І ён, і яна…

— Не прападуць! — упэўнена сказаў Кірыла. — Свет, як ні кажыце, літасцівы да чалавека…

Назаўтра Міхаль з сынам, як толькі пачало світаць, падаліся ў клуню, на ток, малаціць жыта. Кірыла, яшчэ раней за іх, пайшоў даваць корм жывёле. Лявонка хуценька памыўся, апрануўся, рады, што хоць у нечым зможа дапамагчы бацьку.

— Ён яшчэ малы, не ўмее! — пашкадавала сына Марыля.

— Навучыцца! Хутчэй управімся, а то мышы паядуць.

У сялянскай клуні — свой свет, тут заўсёды цікава, у любую пару года. Нават пах нейкі асаблівы, прыемны. Пахне збожжам. Летам тут вяліся ластаўкі. Ляпілі пад дахам гнёзды, а на паветра, на прастор, выляталі праз дзіркі, якія свіціліся ў страсе. Зімой — цішыня. Паветра — чыстае, свежае, настоенае на пахах збажыны і сена, — прыемна казыча ноздры.

Малацьбіты разаслалі на таку пару снапоў і пабралі ў рукі цапы. Міхаль узяў звычайны цэп, сыну даў меншы, лягчэйшы, паказаў, як трэба з ім упраўляцца.

— Вось так, вось так! Цапільна да канца не апускай!

Дзверы ў клуню зачынены, але вецер дзьме ў падваротню. Міхаль сабраў некалькі кулёў саломы і заткнуў падваротню, каб памочніку было цяплей. Кволы — яшчэ, не дай Бог, прастудзіцца. Пачалася работа. Міхаль — добры малацьбіт, біў цэпам, ажно трашчала салома, Лявонку махаць гэтай прыладай было цяжэй, але стараўся не адставаць. Бацька паддаў ахвоты. Толькі чуваць: бах-бах, ба-бах!.. Абмалочаныя снапы акуратна вытрасалі, бралі з застаронка новыя. Хутка давялося распранаць світкі. Лявонкаў чуб прыліп да лба.

— Вунь да цябе сябар прыйшоў. Адпачні.

У дзвярах стаяў Павал Гальяш. Яго пухлы хлапечы твар свяціўся радаснай усмешкай. Сябрукі як-ніяк. У прускаўскай школе разам вучыліся.

— Дзядзьку Міхаль, дайце я крыху паб'ю!

— Умееш?

— А што тут умець?

— Ха-ха! — засмяяўся Міхаль. — У аднаго запыталі, ці ўмееш чытаць, дык ён адказваў: «Можа, і ўмею, не спрабаваў».

Хлопцы таксама засмяяліся на яго жарт.

— Не, я ўмею!

І абодва застукалі цапамі. Добра ўмарыўшыся, зрабілі перапынак.

— Маладзец! Добра б'еш — аж ток стогне… — пахваліў гаспадар Павала.

— Дзядзьку Міхаль, было б што! А ў вас, я гляджу, урадзіла.

Міхаль ссунуў шапку на патыліцу:

— Так, як і ў вас, аднолькава.

— Не, у нас менш.

— Гэта табе так здаецца, — Міхаль выкрасаў агню, распаліў цыгарку.

Павал павярнуўся да сябра:

— Лявонка, а як там у вас у вычылішчы? — Яму было цікава даведацца пра сябруковы справы.

— Вучымся, — няпэўна адказаў той, а потым, быццам успомніўшы нешта, прагаварыў: — Ведаеце, а наш настаўнік Станіслаў Арцёмавіч казаў, што блізкасць да зямлі ачышчае чалавека, робіць яго прасцей і мудрэй. Так сцвярджае Леў Талстой.

На гэта ніхто нічога не адказаў. Міхаль, зацягнуўшыся цыгаркай, нават з трывогай нейкай паглядзеў на сына, які ў яго вачах станавіўся як бы іншым чалавекам. Вось што значыць вучоны!

— Бацька і мяне абяцаў сёлета аддаць у вучылішча! — пахваліўся Павал.

— Ад зямлі адарвешся, а неба не дасягнеш… — як бы ў адказ яму прамовіў Міхаль, зацягваючыся дымам.

— Вунь, — сказаў Павал, — наш Фама Фаміч гаворыць, што мы ў цэнтры Еўропы жывём, у самай сярэдзіне, а граматных у нас ой як мала…

Усе ведалі, што ў Фамы Фаміча было адно дзіўнае захапленне. Ён чамусьці быў упэўнены, што цэнтр Еўропы знаходзіцца якраз у Прусцы. Узброіўшыся лінейкай і цыркулем ён цэлымі вечарамі гнуўся над картай, вымяраючы адлегласці ад Прускі ва ўсе бакі свету.

— Дык вось, ці не ад вялікай граматы блазнам стаў! — азваўся Міхаль, з крэктам беручы цэп.

Аднак хлопцы, відаць было, не падзялялі Міхалёвых жартаў. У іх — сваё.

— Ці пойдзеш з гвяздай? Такую прыгожую на гэты раз зрабілі! І свечку ўставілі — нават пры ветры гарыць! — ажыўлена расказваў Павал.

— Чаму ж не? Пайду, калі возьмеце! — загарэўся Лявонка.

…Абмалочанае збожжа веялі, ачышчаючы яго з дапамогай драўлянай лапаты ад асцюкоў і мякіны. Правеянае зерне ссыпалі ў мяшкі. Міхаль падмятаў ток. К вечару торп у застаронку, як адзначыў хлопец, на пару снапоў паніжэў.

VIII

Каляда і Ражство пачыналіся пасля зімовага сонцавароту. Каляда дбала пра людскі дабрабыт і — як на сялянскі розум — павінна была паспрыяць удачы.

Марыля гатавала святочную вячэру — куццю, калядны боршч. Мужчыны клапаціліся пра гаспадарку, асабліва пра жывёліну. Хрыстос у хляве нарадзіўся, дык жывёле на Ражство трэба асабліва дагадзіць. Кірыла не скупіўся ні на подсціл, ні на корм. Орліка ён пакарміў сечкай з бульбай, перасыпаўшы іх аўсом. Ланьцы (гэта — карова) у яслі паклаў мешанкі (сена з саломай), як звычайна, але ў дадатак яна атрымала яшчэ і бульбы. Калі свята, дык для ўсіх. На дзвярах і вушаках крэйдай намаляваў крыжыкі. Гэткім чынам гаспадары аганяліся ад чарцей-хлевавікоў, якія маглі прычыніць шкоду скаціне.

Вечарам нікуды не разыходзіліся, сабраліся ў хату, куды Кірыла ўжо прынёс невялічкую вязаначку сена і сноп абмалочанага жыта. Гэтага патрабаваў старадаўні звычай. Сноп стаў у покуці, пад абразамі, а сена тоненька разаслалі па стале, накрылі святочным настольнікам. І будзе стаяць гэты жытні снапок тут, у покуці, ажно да Вадохрышча.

У хаце панавала адчуванне нейкай урачыстай таямнічасці. Супакоілася нават Барбарка, лежачы ў калысцы з адкрытымі вачанятамі.

Вячэраць Кужалі селі, калі ўзышла першая зорка. Адзін толькі Лявонка не ўседзеў — пабег недзе з сябрукамі «гвязду» насіць.

Поделиться с друзьями: