Уліс з Прускі
Шрифт:
— Дзядзьку, а што там у вас новага?
Словы «дзядзьку» і «цітку» (дзядзька, цётка) тут здаўна ўжываліся пры звароце да старэйшага чалавека, і неабавязкова родзіча, і гэта лічылася выяўленнем ветлівасці і прыязнасці. Прускаўцы, як і ўсе ў наваколлі, захавалі даўняе, радавое адчуванне сваёй крэўнасці.
Назар доўга маўчаў, азадачаны Лявонкавым пытаннем, а потым адказаў:
— А-а, нічога.
— А Кузёмка больш не прыходзіў?
— Не, не чутно было.
«Нагаварыў устурбаваў людзей і знік», — падумаў Лявонка.
Падняліся на Бабіцкую гару. Лявонку, як і самому Хомку, давялося саскочыць з санак і памагаць каню ўсцягнуць іх наверх.
— Дзядзьку, а як вы без набэдрыка з'ехалі з гэтай гары?
— Рукамі, братачка, санкі прытрымліваў!
Прайшло яшчэ колькі часу. Падарожнікі маўчалі. «Гэта не тое, што дзядуля, той бы ўсю дарогу гаманіў, расказваў бы нешта…» Назар — каларытны прускаўскі тып: маўчун, двух слоў не выціснеш. Паспрабуй даведайся, пра што ён думае… Хацелася, каб хутчэй дадому. Каб маці пабачыць, сястрычак… Конь, нібы ўведаўшы яго нецярплівасць, пабег трушком. Халодны вецер пранікаў хлопцу пад ясёнку, хапаў за плечы. З холаду бралі дрыжкі. Над гарызонтам, з левага боку, вісела вялікае, круглае зімовае сонца. Снег блішчэў пад яго скупымі прамянямі, мігатліва адсвечваў блакітнымі іскрамі.
Дзесяць вёрст — няшмат. За пагоркам, удалечыні, ужо меліся паказацца дзве высокія ліпы, што раслі на прускаўскай вуліцы, і саламяныя стрэхі клуняў. Не цярпелася як найхутчэй убачыць блізкіх. Лявонка адчуваў, што яго любяць дома і чакаюць — маці, бацька, дзед, сястрычкі, і гэта яму падабалася.
І вось нарэшце вёска. Якая яна прыгожая ў гэту калядную пару! «Вот моя деревня, вот мой дом родной», — успомніліся радкі з верша, які праходзілі яшчэ ў школе. У срэбраную красу прыбраліся дрэвы на прускаўскай вуліцы. Чысціня і цішыня, якую парушае хіба што толькі птушыны піск. Птушкі бліжэй ціснуцца да чалавечага жылля: тут лепш ратавацца ад бяскорміцы. Па намёрзлых галінах скачуць-пырхаюць снегіры з ружова-чырвонымі грудкамі. Іх цэлая чародка — ажно снег ляціць з-пад тонкіх ножак.
Вось і родны падворак. Лявонка злез з санак, падзякаваў дзядзьку Назару і пакіраваў да хаты. Хата — ад таго, што на ёй і вакол ляжалі гурбы снегу, — яшчэ больш пакасілася і прыхінулася да зямлі. Яму стала яе чамусьці шкада. Замітусіўся пад паветкай Курцік, закруціў ад радасці куртатым хвосцікам. Вокны ў хаце замерзлі, але яго ўбачылі. Не паспеў пераступіць парог, як кінуліся абдымаць Тоня з Фядоркай:
— Лявонка, Лявонка, брацік!..
Лявонка любіў сясцёр, асабліва Тоню. Яна была старэйшая і смялейшая за Фядорку. Бой-дзеўка, усё ўмела рабіць, пра ўсіх клапацілася.
— Ой, схуднеў ён як! — занепакоілася яна, аглядаючы госця.
Прыйшлі з клуні Міхаль з дзедам. Абняліся з госцем. Лявонка пасталеў. Рысамі твару стаў яшчэ больш падобны на бацьку. Ростам таксама невысокі і з цела худы, шчуплы, як і Міхаль. Бацька — Лявонка нядаўна, здаецца, бачыў яго — выглядаў пастарэлым. Хоць дзеці звычайна не заўважаюць, як старэюць дарослыя, але ж гэта адразу кінулася ў вочы.
— Тоня, пакалышы малую! — прасіла Марыля, завіхаючыся ля печы.
Тоня — першая матчына памочніца: і Барбарку пакалыша, і гаспадарку дагледзіць. Фядорка таксама дапамагае — бульбу абабраць, дроў прынесці. Фядорка спакайнейшая. Марыля не магла нацешыцца дочкамі. Самая малодшая ў сям'і Барбарка. У яе яшчэ няма ніякіх абавязкаў. Наадварот нават — усе ёй прыслугоўваюць. На маленькую Барбарку цікава паглядзець — валосікі залацістыя, а вачаняты чорныя, як вугалькі.
Марыля пачала збіраць на стол. Госць прыехаў! Сабралася ўся сям'я, распытвалі пра вучылішча. Усе ведалі, што вучыцца Лявонка добра. Маці не магла на сына наглядзецца.
— Ты, відаць, там самы малы?..
Ён пасміхнуўся з наіўнасці матчыных слоў:
— Не, ёсць каторыя і меншыя за мяне.
Марыля паставіла на стол саганок бульбы, паліўшы яго падсмажаным салам, прынесла міску квашанай капусты. Кірыла парэзаў хлеб.
— Учора Ганна Васілішына пыталася, калі ты прыедзеш? — уставіла сваё слова Тоня, якой даўно карцела пра гэта сказаць. Сказала і ўбачыла, як брат апусціў галаву, шчокі заружавелі.
— Найшла пра што казаць! — як бы абараніў унука Кірыла. — Можа, яму гэта не цікава…
Усе паблажліва засмяяліся.
— Ганна — хаўрусніца твая. Вы, відаць, у змове! — словы Марылі адносіліся да Тоні.— Рана яму яшчэ пра дзяўчат думаць, хай з навукай управіцца. Раскажы лепш, сынок, што там у Камянцы!
— У Камянцы газавы ліхтар стаіць — ноччу светла, як і ўдзень, — адазваўся госць.
— А нашто ноччу святло? На тое і ноч, каб цёмна было! — падзівіўся Міхаль.
— А як злодзеі? Пры святле красці не пойдуць! — разважліва адказаў сыну Кірыла.
Усе моўчкі пагадзіліся з яго думкай.
— Ой, марудна цячэ ў вас жыццё! — як ужо гарадскі чалавек заўважыў Лявонка.
— Гэта табе пасля Камянца так здаецца, а мы прывыклі,— пасміхнуўся Міхаль.
— Не-е, мяняецца свет. Як ні кажы, а ўсё неяк інакш стала! — аспрэчыў сына Кірыла.
— Пра што гэта вы, таго? — не зразумела свёкра нявестка.
— Мяняецца, кажу, свет, — паўтарыў Кірыла, — толькі я пакуль што не магу ўцяміць, у які бок… Некалі былі людзі здаровыя — усю зіму хадзілі з голай грудзінай і нічога! А цяпер… Не ўспее вецер павеяць, а ўжо хворы.
Марыля ўздыхнула:
— Усё ад Бога. А як там твае гаспадары, сынок? Кажуць, што падлогу яны самі не мыюць, а наймаюць Прузыну з Замастоў?
— Што ж ты хочаш — местачкоўцы, — пракаўтнуўшы бульбіну, адазваўся Міхаль.
— Ходзіць Прузына, і я часам дапамагаю.
— Ты ім, кажуць, і печы паліш? — працягвала дапытвацца Марыля, нераўнадушная да лёсу сына.
— Палю, калі скажуць! У шабас. І ваду нашу…
— Чалавек вучыцца быць сярод людзей, — па-філасофску зазначыў Кірыла.
— Людзі яны не благія, — запэўніў унук, — але дома ўсё ж такі вальней сябе пачуваеш. — Памаўчаўшы, дадаў: — У іх свой клопат, наша іх не цікавіць. Толькі дзядзька Нохім часам распытвае.
— Жыды — разумныя! — пацвердзіла сынавы словы Марыля, як бы яна ўсё ведала.
Так, па традыцыі, прускаўцы называлі мясцовых яўрэяў, зразумела, не ўкладваючы ў гэтае слова ні кроплі якога-небудзь адмоўнага ці крыўдлівага сэнсу.
— Хітрыя, мужыка ўраз надуюць… — засмяяўся Міхаль.
— А ты не паддавайся! — у тон яму пажартаваў Кірыла.
— У суботу ляжаць ажно да захаду сонца. Вера ў іх такая, — працягваў Лявонка.
— Я пра гэта чула! А абедаць хоць устаюць? — пыталася Марыля.
— Чаму ж не?! У духоўцы смажаная курыца чакае.
— Ого!
— Ад звычаяў сваіх не адступаюць. Пані Малка, купляючы на базары яйкі, абавязкова пытаецца, калі іх знесла курыца. Калі ў суботу, то звычайна адмаўляецца.
— Сказана ж, таго, не чалавек дзеля суботы, субота дзеля чалавека, — паказаў сваю дасведчанасць Кірыла, але яго, напэўна, ніхто не зразумеў.