Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Ганна як бы з удзячнасці за яго словы прыхінулася бліжэй.

— Прыгожая ты!..

Яна ціха засмяялася, ведаючы, што стала дарослай, што пакруглела і налілося спеласцю яе цела.

Ён адчуў яе набрынялыя ўжо грудзі і ціха як бы прызнаўся:

— Добра з табою.

Ганна лагодна баранілася ад яго абдымкаў, але ён усё ж такі абняў яе за гнуткую талію, і яны пацалаваліся.

— Ты ж губы не сціскай, хай адкрытымі будуць! — папрасіў ён.

Яна нячутна засмяялася.

— А ці пайшла б ты за мяне?

Ганна скрушна ўздыхнула, і ён абняў яе яшчэ мацней.

— Хто яго ведае. У цябе ж тры сястры. Іх, мусіць, першымі выдаваць будуць? І кожнай пасаг трэба.

Сёстры… Гэта праўда. Ён любіць іх, асабліва Тоню, але ж і Фядорку з Барбаркай таксама. Што іх чакае? Думкі пра будучыню хвалявалі і палохалі.

У карчах нешта зашамацела, як бы там хто быў.

— Пойдзем бліжэй пад хату… — прапанавала Ганна.

Ганніна хата — у другім канцы вёскі, і яны паволі пасунуліся ў той бок. Мінулі хату Мітрафана, Чапёркаву, падняліся на горку. Лявонка дастаў з кішэні семачкі, пачаставаў сяброўку. Густа пахла жасмінам. Там-сям пад дрэвамі, у паўзмроку летняй ночы, чуліся прыглушаная гаворка і сцішаны смех. Яны спыніліся насупраць Ганнінай хаты, адчынілі веснічкі і зайшлі на падворак. Тут, на прызбе, можна было ўтульна пасядзець. Першая прысела Ганна, Лявонка апусціўся каля яе, узяў за руку.

— А я бачу, як ты глядзіш на мяне, — усміхнулася Ганна, і ён адчуў, як яна абхапіла яго далонь. — О! — як бы ўзрадавалася яна нечаму. — Чую, як кроў у табе стукае!

— Гэта — сэрца…

— Кажуць, што сэрца ўсё чуе і ўсё разумее.

Ціха ўскрыкнула гарліца — раз, другі, трэці… Была ўжо перадапоўнач. З гародчыка даляцеў начны пах мяты — Васіліха садзіла яе кожнай вясной.

— Паглядзі! — ён задзёр галаву ўверх. — Неба якое! Зоркі! Паглядзі — дрыжаць як…

Ганна таксама падняла галаву:

— Ага!

Час ад часу ўзнікалі белыя пісагі — зоркі абрыналіся на зямлю і згаралі.

— Гэта анёлы іх гасяць — нехта, значыць, памёр, — растлумачыла дзяўчына.

— А ты шмат ведаеш, дарагулька мая!

— Якая яшчэ «рагулька»?.. — яна ціха засмяялася і ткнулася тварам у яго плячо.

— Ганначка…

Ён прыдумваў розныя пяшчотныя словы, часта бяссэнсіцу, і ёй гэта, па ўсім відаць, падабалася.

— Пайду — маці нешта прыхварэла.

— Пачакай!.. — ён яшчэ мацней узяў яе за руку.

У хаце расчынілася акно, відаць, нехта прыслухваўся да таго, што яны гаварылі. Потым з акна пачулася:

— Ганна! Ідзі ўжо дахаты.

Гэта Ганніна маці — Васіліха. Маладая пара прыціхла. «Што яна яшчэ скажа?» — насцярожыўся хлопец.

— Ой, дзеўка, зусім ад рук адбілася!

Хацелася сказаць цётцы Васілісе: «Не злуйцеся — я ж свой. Я — шчыра. Я ж, можа, ваш зяць…»

— Хваціць табе, дзяўчына, начамі лётаць — мне ўжо людзі вочы колюць! — Пасля гэтага акно зачынілася.

З вуліцы пачуліся чыесьці ўзбуджаныя крокі, нехта сказаў: «Дзе ён?» Іх было двое, і спыніліся яны каля веснічак, углядаючыся ў той бок, дзе сядзелі Лявонка з Ганнаю.

— Кужалёк? Ах, маць яго так… — вылаяўся адзін з іх, спрабуючы адчыніць веснічкі.

— Хто гэта? Ты, Грышка? — азваўся Лявонка.

— Што, не пазнаеш?

Гэта і сапраўды быў Грышка.

— Цішэй! — як бы сунімаў яго другі, што стаяў ззаду.

Але Грышка падыходзіў бліжэй. Ганна ўбачыла, як натапырыўся яго чуб, падобна як грэбень у пеўня.

— Зараз пазнаеш! — Грышка без лішніх размоў нечакана ўдарыў Лявонку па твары.

— Ты што? — здзівіўся Лявонка. — Ашалеў?

— Дай яму пад вуха! — сказаў той, што стаяў на вуліцы, невядома да каго звяртаючыся: да Грышкі ці да яго, Лявонкі.

Лявонка пазнаў голас: «Трахімка! Мала яму, што дзядзькавага каня зняверыў, да мяне яшчэ чапляецца», — падумаў ён, адчуўшы салёны прысмак у роце.

— Дык што ж вы робіце? — закрычала Ганна, роспачна ўзмахнуўшы рукамі.— Ой, людкове, ён жа яго заб'е!

Грышка хацеў яшчэ раз дастаць Лявонку кулаком, але той прыгнуў галаву і ўхіліўся ад удару.

— Ты што?

— А тое!

— Ах так?

Кроў ударыла ў галаву, і Лявонка рушыў на свайго непрыяцеля. «Няўжо не змагу?»

— Ах ты, жаба аблезлая! Ты яшчэ мяне біць будзеш! — Ён падступіў да свайго праціўніка бліжэй, схапіў загрудкі і сціснуў так, што той, нешта памкнуўшыся сказаць, захрыпеў.

Абодва пачалі валтузіцца. Грышка, вышэйшы ростам, абхапіў Лявонку сваімі доўгімі рукамі, прысеў, каб падняць праціўніка і кінуць на дол, але той злаўчыўся і неяк знізу моцна ўдарыў Грышку па сківіцы. Ганна кінулася іх разнімаць.

Біцца яны, па праўдзе казаць, не ўмелі, ні адзін, ні другі, але і аднаго і другога ўсё мацней забірала злосць. Лявонка ўскіпеў. Ён адарваў праціўніка ад сябе і з усяго размаху гваздануў кулаком у твар. Усе бачылі, як матлянулася Грышкава галава. Абодва дыхалі цяжка, са свістам, як малатабойцы.

Вакол бегала Ганна:

— Што вы робіце! Спыніцеся! Адумайцеся!

У іх было адно жаданне — пабіць, пакалечыць, знішчыць адзін аднаго, але голымі рукамі гэтага нельга было зрабіць. Выходзіла, што яны не так біліся, як тузаліся, цягалі адзін аднаго, цяжка саплі.

— Ну, хопіць, хлопцы! — з-за весніц выйшаў Трахімка. — Хопіць на сёння! — сказаў ён загадным тонам.

Але Грышка памкнуўся да частаколу, каб вырваць якога калка. У гэты момант з хаты выйшаў у белых сподніках дзядзька Васіль.

— Што такое?

Трахімка адапхнуў сябра ад плота і павалок за сабой.

— Я табе пакажу! Паглядзіш у мяне! — хрыпеў Грышка.

— Я табе рэбры паламлю! — гэта была як бы перамога — голас Лявонкі пазванчэў.

— А я табе галаву адкручу! — усё яшчэ агрызаўся яго праціўнік.

— Ну хопіць! Не вякай! — абарваў яго Трахімка.

Грышка зноў памкнуўся быў нешта сказаць.

— Маўчы!

Лявонка разам з Ганнай і гаспадаром зайшоў у хату, каб апаласнуць твар і агледзецца. На ложку адна на адной ляжалі прыгожа складзеныя падушкі. Зверху — самая маленькая, вышытая, якую тут называлі «ясікам».

Ганна прынесла вады.

Цётка Васіліха, войкаючы і спачуваючы, зрабіла яму прымочку з нейкага травянога настою.

— Ну, ты яго ў мэтлах змалаціў,— падтрымаў хлопца Васіль і, памаўчаўшы, дадаў: — Думаюць, што калі бязбацькавіч, дык і набіць лёгка…

— Нічога, дзядзьку, я не паддамся, — храбрыўся Лявонка.

— Гэта няйначай Трахім яго намовіў,— выказала сваю здагадку Васіліха.

Ачуняўшы, Лявонка падзякаваў гаспадарам, развітаўся і пайшоў.

Васіліха паглядзела на дачку, уздыхнула:

Поделиться с друзьями: