Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
«Чаго-ж мне болей чакаць?» гаварыў сам сабе каваль. «Яна здзекуецца з мяне. Я ёй столькі-ж дарагі, як пераржавелая падкова. Але калі-ж так, не давядзецца прынамсі іншаму пасмяяцца з мяне. Няхай толькі я напэўна заўважу, хто ёй падабаецца больш за мяне, я адвучу…»
Стук у дзверы і прарэзліва загучаўшы на марозе голас: адчыні! перапыніў яго разважанні.
«Чакай, я сам адчыню», сказаў каваль і вышаў у сенцы, з намерам наламаць са злосці бакі першаму, хто трапіць настрэчу.
Мароз павялічыўся, і ўгары так зрабілася Холадна, што чорт пераскокваў з аднаго капыціка на другі і дзьмуў сабе ў кулак, жадаючы хоць крыху адагрэць мерзнуўшыя рукі. Не дзіва аднак-жа і змерзнуць таму, хто штурхаўся ад раніцы да раніцы ў пекле, дзе, як вядома, не гэтак холадна, як у нас зімою, і дзе, надзеўшы каўпак і стаўшы перад печчу, быццам і сапраўдны кухмістр, падсмажваў ён грэшнікаў з такім здавальненнем, з якім звычайна баба смажыць на Каляды каўбасу.
Вядзьмарка сама адчула, што холадна, не зважаючы на тое, што была цёпла апранена; і таму, падняўшы рукі ўгару, адставіла нагу і, прывёўшы сябе ў такое становішча, як чалавек, які імчыцца на каньках, не зварухнуўшыся ніводным суставам, спусцілася па паветры, быццам па ледзяной пакатай гары, і проста ў комін.
Чорт такім-жа парадкам падаўся ўслед за ёю. Але паколькі гэтая жывёліна спрытней за ўсякага франта ў панчохах, дык не дзіва, што ён наехаў пры самым уваходзе ў комін на шыю сваёй каханцы, і абое апынуліся ў прасторнай печы паміж гаршкоў.
Падарожніца адсунула паціхеньку засланку, паглядзець, ці не назваў сын яе Вакула ў хату гасцей, але, убачыўшы, што нікога не было, выключаючы толькі мяхі, якія ляжалі пасярод хаты, вылезла з печы, скінула цёплы кажух, падхарашылася, і ніхто-б не здолеў пазнаць, што яна за хвіліну назад ездзіла на веніку.
Маці каваля Вакулы мела з роду не больш за сорак гадоў. Яна была ні прыгожая, ні брыдкая з выгляду. Цяжка і быць прыгожаю ў такія гады. Аднак-жа яна так умела прычараваць да сябе самых спаважных казакаў (якім, не шкодзіць паміж іншым заўважыць, малы быў клопат аб харастве), што да яе пахаджаў і галава, і дзяк Осіп Нікіфаравіч (вядома, калі дзячыхі не было дома), і казак Корній Чуб, і казак Кас'ян Свербыгуз. І, у гонар ёй сказаць, яна ўмела па-майстэрску абыходзіцца з імі. Ніводнаму з іх і ў думкі не прыходзіла, што ў яго ёсць супернік. Ці ішоў набожны мужык ці дваранін, як называюць сябе казакі, апранены ў кабеняк [50] з відлогаю [51] , у нядзелю ў царкву або, калі кепскае надвор'е, у карчму, як не зайсці да Салохі, не паядаць тлустых з смятанаю варэнікаў і не пагаманіць у цёплай хаце з гаваркою і дагодлівай гаспадыняй. І дваранін знарок для гэтага даваў вялікі крук, перш чым дасягаў карчмы, і называў гэта заходзіць па дарозе. А ці пойдзе, бывала, Салоха на свята ў царкву, апрануўшы яркую плахту з кітайчатай запаскаю, а паўзверх яе сінюю спадніцу, на якой ззаду былі нашыты залатыя вусы [52] , і стане проста каля правага крыласа, дык дзяк ужо напэўна закашліваўся і міжвольна прыжмурваў вочы ў той бок; галава гладзіў вусы, заматваў за вуха асяледзец і гаварыў стаяўшаму паблізу суседу: «Эх, добрая баба! Чорт баба!» Салоха кланялася кожнаму, і кожны думаў, што яна кланяецца яму аднаму.
50
Род суконнага плашча з прышытаю ззаду відлогаю. (Слоўн. Гогаля.)
51
Адкідная шапка з сукна, прышытая да кабеняка. (Слоўн. Гогаля.)
52
Нашытыя накрыж галуны.
Але ахвотнік улазіць у чужыя справы адразу-б заўважыў, што Салоха была прыветлівей за ўсё з казакам Чубам. Чуб быў удавец; восем сціртаў збажыны заўжды стаялі перад яго хатаю. Дзве пары дужых валоў кожны раз высаджвалі свае галовы з плеценага хлява на вуліцу і мыкалі, згледзеўшы ішоўшую куму, карову, або дзядзьку, тоўстага бугая. Барадаты казёл узлазіў на самую страху і бразгацеў адтуль прарэзлівым голасам, як гараднічы, дражніў пахаджаўшых па дварэ індычак і адварочваўся задам, калі бачыў сваіх ворагаў, хлапчукоў, якія здзекваліся з яго барады. У скрынях у Чуба вялося шмат палатна, жупанаў і старасвецкіх кунтушоў з залатымі галунамі: нябожчыца жонка яго была фарсуха. У гародзе, апрача маку, капусты, сланечнікаў, засявалася яшчэ штогод двое ганей табакі. Усё гэта Салоха лічыла не лішнім далучыць да свае гаспадаркі, загадзя разважаючы аб тым, які яно набудзе парадак, калі пяройдзе ў яе рукі, і падвойвала сваю схільнасць да старога Чуба. А каб, якім-небудзь чынам, сын яе Вакула не пад'ехаў да яго дачкі і не паспеў прыбраць усё сабе, і тады-б напэўна не дапусціў яе ні да чога прычымяцца, яна ўжыла звычайны сродак усіх саракагадовых кумачак: сварыць як часцей Чуба з кавалём. Можа, гэтыя самыя хітрыкі і кемлівасць яе былі віною, што дзе-ні-дзе пачалі пагаварваць бабулі, асабліва калі выпівалі лішняе дзе-небудзь на вясёлай сходцы, што Салоха сапраўды вядзьмарка. Што парубак Кізякалупенка бачыў у яе ззаду хвост велічынёю не больш за бабскае верацяно, што яна яшчэ ў там-той чацвер чорнаю кошкаю перабегла дарогу, што да пападдзі аднойчы прыбегла свіння, закрычала пеўнем, надзела на галаву шапку айца Кандрата і пабегла назад.
Здарылася, што тады, калі бабулі гаманілі пра гэта, прышоў неяк каровячы пастух Тыміш Карасцявы. Ён не мінуў выпадку расказаць, як улетку перад самаю Пятроўкаю, калі ён лёг спаць у хляве, падмасціўшы пад галаву салому, бачыў на ўласныя вочы, што вядзьмарка з распушчанаю касою, у адной кашулі, пачала даіць карову, а ён не мог паварушыцца, так быў зачарован, і памазала яго вусны нечым такім паскудным, што ён пляваў пасля таго цэлы дзень. Але ўсё гэта нешта малаверагодна, бо адзін толькі сарачынскі засядацель можа ўбачыць вядзьмарку. І таму ўсе шаноўныя казакі махалі рукамі, калі чулі такія размовы. «Брэшуць, сучыя бабы!» быў звычайны адказ іх.
Вылезшы з печы і падхарашыўшыся, Салоха, як добрая гаспадыня, пачала прыбіраць і стаўляць усё на сваё месца; але мяхоў не зачапіла: гэта Вакула прынёс, няхай-жа сам і вынесе! Чорт тым часам, калі яшчэ ўлятаў у комін, неяк знячэўку адвярнуўшыся, убачыў Чуба, поруч з кумам, ужо далёка ад хаты. Умомант вылецеў ён з печы, перабег ім дарогу і пачаў раскапваць з усіх бакоў гурбы замёрзлага снегу. Узнялася мяцеліца. У паветры забялела. Снег мітусіўся ўзад і ўперад сеткаю і пагражаў заляпіць вочы, рот і вушы пешаходам. А чорт паляцеў ізноў у комін, у цвёрдай упэўненасці, што Чуб вернецца разам з кумам назад, застане каваля і пачастуе яго так, што ён доўга не здужае ўзяць у рукі кісць і маляваць крыўдныя карыкатуры.
Сапраўды, ледзь толькі паднялася мяцеліца, і вецер пачаў рэзаць проста ў вочы, як Чуб ужо выказаў раскаянне і, націскаючы глыбей на галаву капялюхі [53] , частаваў лаянкай сябе, чорта і кума. Зрэшты гэтае сердаванне было робленым. Чуб быў вельмі рады, што паднялася мяцеліца. Да дзяка яшчэ заставалася ў восем разоў больш за тую адлегласць, якую яны прайшлі. Падарожнікі павярнулі назад. Вецер дзьмуў у патыліцу; але мёў снег, і праз яго не было нічога відаць.
53
Шапка з вушамі.
«Стой, кум! Мы, здаецца, не туды ідзем», сказаў, крыху адышоўшы, Чуб: «я не бачу ніводнае хаты. Эх, якая мяцеліца! Звярні адно ты, кум, крыху ўбок, ці не знойдзеш дарогі; а я тым часам пашукаю тут. Собіць-жа нячыстая сіла пацягацца па гэтакай завірусе! не забудзься закрычаць, калі знойдзеш дарогу. Бач якую кучу снегу напусціў у вочы шайтан!»
Дарогі, аднак-жа, не было відаць. Кум, адышоўшы ўбок, клыпаў у доўгіх ботах узад і ўперад і нарэшце прыбіўся проста да карчмы. Гэтая знаходка так яго ўзрадавала, што ён забыўся на ўсё і, абтросшы з сябе снег, увайшоў у сенцы, ніяк не турбуючыся аб куме, які застаўся на вуліцы. Чубу здалося тым часам, што ён знайшоў дарогу; спыніўшыся, узяўся ён крычаць на ўсё горла, але, бачачы, што кум не з'яўляецца, вырашыў ісці сам. Крыху прайшоўшы, убачыў ён сваю хату. Гурбы снегу ляжалі каля яе і на страсе. Ляпаючы намерзнуўшымі на холадзе рукамі, узяўся ён стукаць у дзверы і крычаць загадна сваёй дачцы, каб адамкнула іх.
«Чаго табе тут трэба?» сурова закрычаў вышаўшы каваль.
Чуб, пазнаўшы кавалёў голас, адступіўся крыху назад. «Э, не, гэта не мая хата», гаварыў ён сам сабе: «у маю хату не забрыдзе каваль. Ізноў-жа, калі прыгледзецца добра, дык і не кавалёва. Чыя-б была гэта хата? Вось і маеш! не пазнаў! гэта кульгавага Леўчанка, які нядаўна ўзяў маладую жонку. У яго аднаго толькі хата падобна да мае. Я гляджу, што мне здалося і спачатку трохі дзіўна, што так хутка прышоў дадому. Аднак-жа Леўчанка сядзіць цяпер у дзяка, гэта я ведаю, чаго-ж каваль?.. Э, ге, ге! ён ходзіць да яго маладой жонкі. Вось як! добра… цяпер я ўсё зразумеў».
«Хто ты такі і чаго цягаешся пад дзвярамі?» прамовіў каваль больш сурова чым раней і падышоўшы бліжэй.
«Не, не скажу яму, хто я», падумаў Чуб: «чаго добрага, яшчэ прытаўчэ, пракляты вырадак!» І, з'іначыўшы голас, адказаў: «Гэта я, добры чалавек, прышоў вам на пацеху пакалядаваць крыху пад вокнамі».
«Выносься к чорту з сваімі калядкамі!» злосна закрычаў Вакула. «Што-ж ты стаіш? чуеш, выносься зараз-жа вон!»
Чуб сам ужо меў гэты разумны намер, але яму здалося прыкрым, што вымушан слухацца загадаў каваля. Здавалася, нейкі злы дух штурхаў яго пад руку і вымушаў сказаць што-небудзь насуперак. «Чаго-ж ты, сапраўды, гэтак раскрычаўся?» прамовіў ён тым-жа голасам: «я хачу калядаваць, дый годзе».
«Эге! ды ты ад слоў не ўтаймуешся!..» Услед за гэтымі словамі Чуб адчуў вельмі балючы ўдар у плячо.
«Ды вось гэта ты, як бачу я, пачынаеш ужо біцца!» прамовіў ён, крыху адступаючы.
«Пайшоў, пайшоў!» крычаў каваль, пачаставаўшы Чуба другім штуршком.
«Што-ж ты!» прамовіў Чуб такім голасам, у якім адбіваўся і боль, і дакука, і нясмеласць. «Ты, бачу, не на жарты б'ешся, і балюча б'ешся!»
«Пайшоў, пайшоў!» закрычаў каваль і бразнуў дзвярыма.
«Глядзі, як разышоўся!» гаварыў Чуб, застаўшыся адзін на вуліцы. «Паспрабуй, падыйдзі! бач які! вось вялікая цаца! ты думаеш, я на цябе і ўправы не знайду. Не, галубок, я пайду, і пайду проста да камісара. Ты ў мяне будзеш ведаць. Я не пагляджу, што ты каваль і маляр. Аднак-жа паглядзець на спіну і плечы: я мяркую, сінія плямы ёсць. Мусіць, моцна даў варожы сын! шкада, што холадна і не хочацца скідаць кажуха! Чакай ты, чартоўскі каваль, каб чорт патоўк і цябе, і тваю кузню, ты ў мяне наскачашся! бач, пракляты шыбенік! аднак-жа, цяпер яго няма дома. Салоха, мяркую, сядзіць адна. Гм… яно-ж недалёка адсюль; пайсці-б! Час цяпер такі, што нас ніхто не застане. Можа, і таго будзе можна… бач, як балюча адлупцаваў пракляты каваль!»