Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вечары на хутары ля Дзіканькі

Гогаль Мікалай

Шрифт:

«Дык няма, кум, месяца?»

«Няма».

«Дзіўна, дапраўды. А дай панюхаць табакі! У цябе, кум, слаўная табака! дзе ты бярэш яе?»

«Дзе там к чорту, слаўная!» адказаў кум, зачыняючы бярозавую таўлінку, сколатую ўзорамі. «Старая курыца не чхне!»

«Я помню», усё таксама гаварыў далей Чуб: «мне нябожчык карчмар Зузуля аднойчы прывёз табакі з Нежына. Эх, табака была! Добрая табака была! Дык што-ж, кум, як нам быць? цёмна-ж на дварэ!»

«Дык, бадай што, застанемся дома», прамовіў кум, ухапіўшыся за ручку дзвярэй.

Калі-б кум не сказаў гэтага, дык Чуб пэўна-б наважыў застацца, але цяпер яго як быццам нешта тузала ісці насуперак. «Не, кум, пойдзем! нельга, трэба ісці!»

Сказаўшы гэта, ён ужо і сердаваў на сябе, што сказаў. Яму было вельмі непрыемна цягнуцца ў такую ноч; але яго суцяшала тое, што ён сам знарок гэтага захацеў і зрабіў-такі не гэтак, як яму раілі.

Кум, не выразіўшы на твары сваім нават дробнага руху дакукі, як чалавек, якому зусім усёроўна, ці сядзець дома, ці цягнуцца з дому, аглядзеўся, пачухаў кійком батага свае плечы, і два кумы накіраваліся ў дарогу.

Цяпер паглядзім, што робіць, застаўшыся адна, красуня-дачка. Аксане не мінула яшчэ і семнаццаці год, як ва ўсім амаль свеце, і па той бок Дзіканькі, і па гэты бок Дзіканькі, толькі і гутаркі было, што пра яе. Парубкі гуртам спавясцілі, што лепшае дзеўкі і не было яшчэ ніколі і не будзе ніколі ў сяле. Аксана ведала і чула ўсё, што пра яе гаварылі, і была капрызная, як красуня. Калі-б яна хадзіла не ў плахце і запасцы [49] , а ў якой-небудзь капоце, дык разагнала-б усіх сваіх дзевак. Парубкі ганяліся за ёю натоўпамі, але, страціўшы цярплівасць, пакідалі пакрысе і пераходзілі да іншых, менш раздураных. Адзін толькі каваль быў упарты і не пакідаў свайго валакіцтва, не зважаючы на тое, што і з ім абыходзілася яна ні кроплі не лепш, як з іншымі. Пасля выхаду бацькі свайго, яна доўга яшчэ прыбіралася і жаманілася перад невялікім у алавянай аправе люстэркам і не магла налюбавацца сабою.

49

Род шарсцянага хвартуха ў жанчын. (Слоўн. Гогаля.)

«Што людзям уздумалася расслаўляць, быццам я прыгожая?» гаварыла яна як-бы безуважна, для таго толькі, каб пра што-небудзь палапатаць з сабою. «Маняць людзі, я зусім непрыгожая».

Але мільгануўшае ў люстры свежае, жывое, у дзіцячай юнацкасці, аблічча з бліскучымі чорнымі вачамі і невыказна прыемнай усмешкай, што прапальвала душу, раптам давялі супроцьлеглае.

«Хіба чорныя бровы і вочы мае», гаварыла далей красуня, не выпускаючы люстра: «такія прыгожыя, што ўжо роўных ім няма і на свеце? Што тут добрага ў гэтым задзёртым угару носе? і ў шчоках? і ў вуснах? быццам прывабны мае чорныя косы? Ух! Іх можна напалохацца ўвечары; яны, як доўгія змеі, перавіліся і абвіліся наўкола мае галавы. Бачу я цяпер, што я зусім непрыгожая!» і, адсоўваючы крыху далей ад сябе люстра, ускрыкнула: «Не, прыгожая я! Ах, якая прыгожая! Цуд! Якую радасць прынясу я таму, чыёй буду жонкаю. Як будзе любавацца мною мой муж! Ён страціць памяць. Ён зацалуе мяне да смерці».

«Дзівосная дзеўка!» прашаптаў, увайшоўшы ціха, каваль, «і выхвалення ў яе мала! З гадзіну стаіць, гледзячыся ў люстра, і не наглядзіцца, і яшчэ хваліць сябе ўголас!»

«Так, парубкі, ці-ж раўня я вам? вы зірніце на мяне», гаварыла далей прыгожанькая какетка: «як я плаўна пахаджаю, у мяне сарочка вышываная чырвоным шоўкам. А якія істужкі на галаве! Вам век не ўбачыць багацей галуна! Усё гэта накупляў мне мой бацька, каб са мною ажаніўся самы лепшы маладзец на свеце!» і, усміхнуўшыся, адвярнулася яна ў другі бок, і ўбачыла каваля…

Ускрыкнула і сурова спынілася перад ім.

Каваль і рукі апусціў.

Цяжка расказаць, што выражала смуглявае аблічча дзівоснай дзяўчыны. І суровасць у ім была відна; і праз суровасць нейкае здзекванне над збянтэжаным кавалём; і ледзь прыкметная чырвань дакукі тонка разлівалася па абліччы; і ўсё гэта змяшалася і было так невыказна хораша, што расцалаваць яе мільён разоў, вось усё, што можна было зрабіць тады найлепшае.

«Навошта ты прышоў сюды?» так пачала гаварыць Аксана. «Хіба хочацца, каб выгнала за дзверы лапатаю? Вы ўсе майстры пад'язджаць да нас. Умомант знюхаеце, калі бацькоў няма дома. О! я ведаю вас! Што, скрыня мая гатова?»

«Будзе гатова, маё сэрцайка, пасля свята будзе гатова. Калі-б ты ведала, колькі я корпаўся каля яе: дзве начы не выходзіў з кузні; затое ні ў адной папоўны не будзе такой скрыні. Жалеза на акоўку паклаў такое, якога не клаў на сотнікаву таратайку, калі хадзіў на працу ў Палтаву. А як будзе размалявана! Хоць увесь акалодак выхадзі сваімі беленькімі ножкамі, не знойдзеш такой! Па ўсім полі будуць раскіданы чырвоныя і сінія кветкі. Гарэць будзе, як жар. Не злуй-жа на мяне! Дазволь хоць пагаварыць, хоць паглядзець на цябе!»

«Хто-ж табе забараняе, гавары і глядзі!»

Тут села яна на лаўку і зноў зірнула ў люстра, і пачала папраўляць на галаве свае косы. Зірнула на шыю, на новую сарочку, вышываную шоўкам, і тонкае пачуццё самаздаволенасці выразілася на вуснах, на свежых ланітах і адсвяцілася ў вачах.

«Дазволь і мне сесці каля цябе!» сказаў каваль.

«Сядай», прамовіла Аксана, захоўваючы ў вуснах і здаволеных вачах тое-ж самае пачуццё.

«Цудоўная, ненаглядная Аксана, дазволь пацалаваць цябе!» прамовіў падбадзёраны каваль і прыціснуў яе да сябе з намерам схапіць пацалунак; але Аксана адхіліла свае шчокі, якія знаходзіліся ўжо на непрыкметнай адлегласці ад вуснаў каваля, і адштурхнула яго. «Чаго табе яшчэ хочацца? Яму калі мёд, дык і лыжка трэба! Ідзі прэч, у цябе рукі цвярдзей за жалеза. Дый сам ты пахнеш дымам. Я думаю, мяне ўсю запэцкаў сажаю».

Тут яна паднесла люстэрка і зноў пачала перад ім падхарошвацца.

«Не кахае яна мяне», думаў сам сабе, панурыўшы галаву, каваль. «Ёй усё забаўкі: а я стаю перад ёю, як дурань, і вачэй не зводжу з яе. І ўсё-б стаяў перад ёю, і век-бы не зводзіў з яе вачэй! Цудоўная дзеўка! чаго-б я не даў, каб дазнацца, што ў яе на сэрцы, каго яна кахае. Але не, ёй і справы няма ні да кога. Яна цешыцца сама з сябе; мучыць мяне беднага; а я за сумам не бачу свету; а я яе так кахаю, як ніводзін чалавек на свеце не кахаў і не будзе ніколі кахаць».

«Ці праўда, што твая маці вядзьмарка?» прамовіла Аксана і засмяялася; і каваль адчуў, што ў сярэдзіне ў яго ўсё засмяялася. Смех гэты як быццам разам адгукнуўся ў сэрцы і ў ціха затрапятаўшых жылах, і за ўсім тым гаркота запала ў яго душу, што ён не мае ўлады расцалаваць аблічча, якое так прыемна засмяялася.

«Што мне да маці? ты ў мяне маці і бацька і ўсё, што ні ёсць на свеце дарагога. Калі-б мяне паклікаў цар і сказаў: каваль Вакула, прасі ў мяне ўсяго, што ні ёсць лепшага ў маім царстве, усё аддам табе. Загадаю табе зрабіць залатую кузню, і будзеш ты каваць срэбранымі малатамі. Не хачу, сказаў-бы я цару, ні камення дарагога, ні залатой кузні, ні ўсяго твайго царства. Дай мне лепей маю Аксану!»

«Бачыш які ты! толькі бацька мой сам не дасць маху. Па-бачыш, калі ён не ажэніцца з тваёю маці», прамовіла, хітравата ўсміхнуўшыся, Аксана. «Аднак-жа, дзяўчаты не прыходзяць… Што-б гэта значыла? Даўно пара ўжо калядаваць. Мне робіцца нудна».

«Бог з імі, мая красуня!»

«Дзіва што! з імі пэўна прыдуць парубкі. Вось тады пойдзе баляванне. Уяўляю, якіх нагавораць смешных гісторый!»

«Дык табе весела з імі?»

«Ды пэўна-ж весялей, як з табою. А! нехта стукнуў, мусіць дзяўчаты з парубкамі».

Поделиться с друзьями: