Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
Частка другая
Прадмова
Вось вам і другая кніжка, а лепей сказаць, апошняя! Не хацелася, моцна не хацелася выдаваць і гэтай. Дапраўды, час і пакінуць. Я вам скажу, што на хутары пачынаюць ужо смяяцца з мяне: вось, кажуць, здурнеў стары дзед: на старасці год цешыцца дзіцячымі забаўкамі! І праўда, даўно пара на спакой. Вы, шаноўныя чытачы, пэўна, думаеце, што я прыкідваюся толькі старым. Куды тут прыкідвацца, калі ў роце зусім зубоў няма! Цяпер, калі што мяккае трапіцца, дык буду як-небудзь жаваць, а цвёрдае — дык ні за што не адкушу. Дык вось вам ізноў кніжка! Не лайцеся толькі! Не добра лаяцца на развітанне, асабліва з тым, з каторым, бог ведае, ці хутка ўбачыцеся. У гэтай кніжцы пачуеце апавядальнікаў, усё амаль для вас незнаёмых, выключаючы хіба толькі Фаму Грыгор'евіча. А таго гарохавага паніча, што расказваў такой мудрагельнай моваю, якога многа вострасловаў і з маскоўскага народа не магло зразумець, ужо даўно няма. Пасля таго, як пасварыўся з усімі, ён і не заглядаў да нас. Так, я вам не расказваў гэтага выпадку? Паслухайце, тут раскамедыя была. Мінулы год, так неяк каля лета, ды ледзь не на самы дзень майго патрона, прыехалі да мяне ў госці (трэба вам сказаць, шаноўныя чытачы, што землякі мае, дай бог ім здароўя, не забываюць старога. Ужо ёсць пяцьдзесяты год, як я пачаў помніць свае імяніны. Каторы-ж мне дакладна год, гэтага ні я, ні старая мая вам не скажам. Мусібыць, блізка пад семдзесят. Дзіканьскі поп, айцец Харлампій, ведаў, калі я нарадзіўся; ды шкада, што пяцьдзесят год ужо, як яго няма на свеце). Вось, прыехалі да мяне госці: Захар Кірылавіч Чухапупенка, Сцяпан Іванавіч Курачка, Тарас Іванавіч Смачненькі, засядацель Харлампій Кірылавіч Хлоста; прыехаў яшчэ… вось забыўся, дапраўды, імя і прозвішча… Осіп… Осіп… Божа мой, яго ведае ўвесь Міргарад! ён яшчэ, калі гаворыць, дык заўсёды шчаўкане спачатку пальцам і падапрэцца ў бокі… Ну, бог з ім! у другі раз успамяну. Прыехаў і знаёмы вам паніч з Палтавы. Фаму Грыгор'евіча я не лічу; гэта ўжо свой чалавек. Разгаварыліся ўсе (ізноў трэба вам заўважыць, што ў нас ніколі не бывае гаворкі пра дробязі. Я заўжды люблю прыстойныя гаворкі; каб, як кажуць, разам і асалода і навучанне было), разгаварыліся пра тое, як трэба саліць яблыкі. Старая мая было пачала гаварыць, што трэба спачатку добра вымыць яблыкі, потым намачыць у квасе, а потым ужо… «Нічога з гэтага не будзе!» падхапіў палтавец, заклаўшы руку ў гарохавы кафтан свой і прайшоўшы важным крокам па пакоі: «нічога не будзе! Перш за ўсё трэба перасыпаць кануперам [44] а потым ужо…» Ну, я на вас спасылаюся, шаноўныя чытачы, скажыце сумленна, ці чулі вы калі-небудзь, каб яблыкі перасыпалі кануперам? Праўда, кладуць смародзінны ліст, нячуй-вецер, трыліснік; але каб клалі канупер… не, я не чуваў пра гэта. Ужо, здаецца, лепш за маю старую ніхто не ведае пра гэтыя справы. Ну, гаварыце-ж вы! Знарок, як добрага чалавека, адвёў я яго паціхеньку ўбок: «Слухай, Макар Назаравіч, эй, не смяшы народ! Ты чалавек не абы які: сам, як гаворыш, абедаў раз з губернатарам за адным сталом. Ну, скажаш што-небудзь падобнае там, дык цябе-ж засмяюць уее!» Што-ж бы, вы думалі, ён сказаў на гэта? — Нічога! плюнуў на падлогу, узяў шапку і вышаў. Хоць-бы развітаўся з кім, хоць-бы матнуў каму галавою, толькі чулі мы, як пад'ехала да варот цялежка са званком; сеў і паехаў. І лепей! Не трэба нам такіх гасцей! Я вам скажу, шаноўныя чытачы, што горш няма нічога на свеце, як гэтая знаць. Што яго дзядзька быў некалі камісарам, дык і нос нясе ўгару. Ды быццам камісар такі ўжо чын, што вышэй за яго няма на свеце. Дзякуй богу, ёсць і большыя за камісара. Не, не люблю я гэтае знаці. Вось вам у прыклад Фама Грыгор'евіч, здаецца, і не знатны чалавек, а зірнуць на яго: у твары нейкая важнасць ззяе, нават калі пачне нюхаць звычайную табаку, і тады адчуваеш міжвольную пашану. У царкве, калі запяе на крыласе — замілаванасць невыказная! растаў-бы, здавалася, увесь!.. А той… ну, бог з ім! ён думае, што без яго казак і абыйсціся нельга. Вось, усё-ж такі назбіралася гэтая кніжка.
44
Пахучая трава.
Я, помніцца, абяцаў вам, што ў гэтай кніжцы будзе і мая казка. І сапраўды, хацеў быў гэта зрабіць, але ўбачыў, што для казкі мне трэба, прынамсі, тры такіх кніжкі. Думаў перш асобна надрукаваць яе, але перадумаў. Бо я-ж ведаю вас: будзеце смяяцца са старога. Не, не хачу! Бывайце! Доўга, а можа зусім, не ўбачымся. Ды што? вам-жа ўсёроўна, хоць-бы і не было мяне зусім на свеце. Міне год, другі — і ніхто з вас пасля не пашкадуе і не ўспамяне пра старога пасічніка Рудога Панька.
Ноч перад калядамі
Астатні дзень перад Калядамі прайшоў. Зімовая, ясная ноч наступіла. Зірнулі зоры. Месяц велічна ўзняўся на неба пасвяціць добрым людзям і ўсяму свету, каб усім было весела калядаваць і славіць Хрыста [45] . Марозіла мацней, як з раніцы; але затое так было ціха, што рып марозу пад ботамі быў чуцён за поўвярсты. Яшчэ ніводзін натоўп парубкаў не паказваўся пад вокнамі хат; месяц адзін толькі заглядаў у іх крадком, як-бы заклікаючы дзяўчат скончыць прыбірацца і хутчэй выбегчы на рыпатлівы снег. Тут цераз комін адной хаты клубамі паваліўся дым і пайшоў хмараю па небе, і разам з дымам паднялася вядзьмарка верхам на веніку.
45
Калядаваць у нас называецца спяваць пад вокнамі напярэдадні Каляд песні, якія называюцца калядкамі. Таму, хто калядуе, заўсёды кіне ў мех гаспадыня, ці гаспадар, ці хто застаецца дома, каўбасу, або хлеб, або мядзяны грош, хто чым багаты. Гавораць, што быў некалі ідал Каляда, якога лічылі за бога, і што быццам ад таго пайшлі калядкі. Хто яго ведае? Не нам, простым людзям, аб гэтым меркаваць. Летась айцец Осіп быў забараніў калядаваць па хутарах, кажучы, што нібыта гэтым народ дагаджае шайтану. Аднак-жа, калі сказаць праўду, дык у калядках і слова няма пра каляду. Пяюць часта пра нараджэнне Хрыста; а ў канцы жадаюць здароўя гаспадару, гаспадыні, дзецям і ўсяму дому. (Заўвага пасічніка.)
Калі-б у гэты час праязджаў сарачынскі засядацель на тройцы абыватальскіх коней, у шапцы з барашкавым аколышкам, зробленай на ўланскі манер, у сінім кажусе, падбітым чорнымі смушкамі, з д'ябальскі сплеценым гарапнікам, якім ён мае звычай падганяць свайго фурмана, дык ён-бы пэўна прыкмеціў яе, бо ад сарачынскага засядацеля не схаваецца ніводная вядзьмарка на свеце. Ён ведае дакладна, колькі ў кожнай бабы свіння прыводзіць парасят, і колькі ў скрыні ляжыць палатна, і што іменна з свайго адзення і гаспадаркі пакіне ў заставу добры чалавек у нядзелю ў карчме. Але сарачынскі засядацель не праязджаў, дый якая яму справа да чужых, калі ў яго ёсць свая воласць. А вядзьмарка, тым часам, узнялася так высока, што адной толькі чорнаю плямкай мільгала ўгары. Але дзе ні з'яўлялася плямка, там зоры, адна за адною, знікалі на небе. Хутка вядзьмарка набрала іх поўны рукаў. Тры ці чатыры яшчэ блішчалі. Раптам з другога боку з'явілася другая плямка, павялічылася, пачала расцягацца і ўжо была не плямка. Блізказоры, хоць-бы і надзеў на нос, заместа акуляраў, колы з камісаравай брычкі, і тады-б не пазнаў, што гэта такое. Спераду зусім немец [46] ; вузенькая мордачка, якая безупынна круцілася і нюхала ўсё, што ні траплялася, заканчвалася, як і ў нашых свіней, кругленькім лычыкам, ногі былі такія тонкія, што каб гэткія меў ярэскаўскі [47] галава, дык ён пераламаў-бы іх у першым казачку. Але затое ззаду ён быў сапраўды губернскі страпчы [48] ў мундзіры, бо ў яго вісеў хвост, такі востры і доўгі, як цяперашнія мундзірныя фалды; толькі хіба па казлінай барадзе пад мордай, па невялікіх рожках, якія тырчалі на галаве, і што ўвесь быў не бялейшы за камінара, можна было здагадацца, што то не немец і не губернскі страпчы, а проста чорт, якому апошняя ноч засталася швэндацца на белым овеце і навучаць грахам добрых людзей. Заўтра-ж, з першымі званамі на завутраню, пабяжыць ён, не аглядаючыся і падціснуўшы хвост, у свой бярлог.
46
Немцам называюць у нас кожнага, хто толькі з чужой зямлі, ці то француз, ці цэсарац, ці швед — усёадно немец. (Заўвага Гогаля.)
47
Ярэскі — мястэчка Палтаўскай губ., Міргарадскага павета.
48
Страпчы — чыноўнік па нагляду за ходам спраў у судовых установах (гістар.).
Тым часам чорт краўся паціхеньку да месяца і ўжо быў працягнуў руку схапіць яго, як раптам адхапіў яе лазад, як-бы апёкшыся, пасмактаў пальцы, паматляў нагою і забег з другога боку, і ізноў адскочыў і адхапіў руку. Аднак-жа, не зважаючы на ўсе няўдачы, хітры чорт не пакінуў сваіх свавольстваў. Падбегшы, раптам схапіў ён абодвума рукамі месяц, крыўляючыся і дзьмучы, перакідаў яго з рукі на руку, як мужык, які дастаў голымі рукамі агонь для свае люлькі; нарэшце паспешна схаваў у кішэнь і, як быццам ні ў чым не бывала, пабег далей.
У Дзіканьцы ніхто не чуў, як чорт украў месяц. Праўда, валасны пісар, выходзячы ракам з карчмы, бачыў, што месяц, ні з таго, ні з сяго, танцаваў па небе, і запэўняў з бажбою ў гэтым усё сяло; але міране ківалі галовамі і нават падымалі яго на смех. Але-ж якая была прычына чорту адважыцца на такую беззаконную справу? А вось якая: ён ведаў, што багаты казак Чуб запрошаны дзякам на куццю, дзе будуць: галава; прыехаўшы з архірэйскай пеўчай сваяк дзяка, у сінім сурдуце, які браў самага нізкага баса; казак Свербыгуз і яшчэ той-сёй. Дзе, апрача куцці, будзе варануха, перагнаная на шафран гарэлка і шмат усялякага ежыва. А тым часам яго дачка, красуня на ўсё сяло, застанецца дома, а да дачкі напэўна прыдзе каваль, асілак і хлапчына хоць куды, які быў чорту яшчэ прыкрэй за казака айца Кандрата. У вольны ад справы час каваль займаўся маляваннем і лічыўся лепшым жывапісцам ва ўсім акалодку. Сам-жа сотнік Л…ка, які тады яшчэ быў у добрым здароўі, выклікаў яго сумысля ў Палтаву пафарбаваць дашчатую агароджу каля яго дома. Усе міскі, з якіх дзіканьскія казакі сёрбалі боршч, былі размалёваны кавалём. Каваль быў богабаязны чалавек і пісаў часта абразы святых, і цяпер яшчэ можна знайсці ў Т… царкве яго евангеліста Луку. Але вяршыняй яго мастацтва была адна карціна, напісаная на царкоўнай сцяне ў правым прытворы, на якой ён намаляваў святога Пятра ў дзень страшнага суда, з ключамі ў руках, выганяўшага з пекла злога духа; спалоханы чорт мітусіўся ва ўсе бакі, прадчуваючы сваю пагібель, а зняволеныя раней грэшнікі білі і ганялі яго пугамі, паленнямі і ўсім чым пападзе. У той час, калі жывапісец працаваў над гэтаю карцінай і пісаў яе на вялікай драўлянай дошцы, чорт на ўсю сілу тужыўся перашкодзіць яму, штурхаў невідочна пад руку, падымаў з горна ў кузні попел і абсыпаў ім карціну; але не зважаючы на ўсё, работа была скончана, дошка ўнесена ў царкву і ўмацавана ў сцяне прытвора, і з таго часу чорт пакляўся помсціць кавалю.
Адна толькі ноч заставалася яму бадзяцца па белым свеце; але і ў гэтую ноч ён вышукваў чым-небудзь спагнаць на кавалі сваю злосць. І для гэтага наважыўся ўкрасці месяц, з той надзеяй, што стары Чуб ляны і не лёгкі на заход, да дзяка-ж ад хаты не гэтак блізка: дарога ішла па засёлах, паўз млын, паўз могілкі, абгінаючы яр. Яшчэ пры месячнай ночы варануха і гарэлка, настоеная на шафране, магла-б завабіць Чуба. Але ў такую цемру наўрад ці ўдалося-б каму сцягнуць яго з печы і вызваць з хаты. А каваль, які здавён не меў з ім добрай згоды, пры ім ні за што не адважыцца ісці да дачкі, не зважаючы на сваю сілу.
Такім вось чынам, як толькі чорт схаваў у кішэнь свой месяц, раптам па ўсім свеце зрабілася так цёмна, што не кожны знайшоў-бы дарогу ў карчму, не толькі да дзяка. Вядзьмарка, убачыўшы сябе раптам у цемры, войкнула. Тут чорт, пад'ехаўшы дробным бесам, падхапіў яе пад руку і пачаў нашэптваць на вуха тое самае, што звычайна нашэптваюць усяму жаночаму роду. Дзіўна вядзецца на нашым свеце! Усё, што ні жыве ў ім, усё тужыцца пераймаць і перадражніваць адно другое. Раней, бывала, у Міргарадзе адзін суддзя ды гараднічы хадзілі зімою ў пацягнутых сукном кажухах, а ўсё дробнае чыноўніцтва насіла проста нагольныя. Цяпер-жа і засядацель, і падкаморы адсмалілі сабе новыя шубы з рашацілаўскіх смушак з суконным верхам. Канцылярыст і валасны пісар узялі сабе пазалетась сіняе кітайкі па шэсць грывен аршын. Панамар справіў сабе нанкавыя на лета нагавіцы і камізэльку з паласатага гарусу. Словам, усё пнецца ў людзі. Калі-ж гэтыя людзі не будуць суетнымі! Можна пабіцца аб заклад, што шмат каму здасца дзіўным бачыць чорта, які і сам падаўся туды-ж. Прыкрэй за ўсё тое, што ён пэўна ўяўляе сябе прыгажуном, тым часам як постаць — зірнуць сорамна. Морда, як гаворыць Фама Грыгор'евіч, паскудства паскудствам, аднак-жа і ён пад'язджае з залётамі! Але на небе і пад небам так зрабілася цёмна, што нічога нельга ўжо было бачыць, што адбывалася далей паміж імі.
«Дык ты, кум, яшчэ не быў у дзяка ў новай хаце?» гаварыў казак Чуб, выходзячы з дзвярэй свае хаты, хударляваму, высокаму ў кароткім кажусе мужыку з адросшаю барадою, якая паказвала, што ўжо больш за два тыдні не кратаў яе абломак касы, каторым звычайна мужыкі голяць сваю бараду праз адсутнасць брытвы. «Там цяпер будзе добрая пачостка!» гаварыў далей Чуб, шырока пасміхнуўшыся пры гэтым. «Як-бы толькі нам не спазніцца».
Пры гэтым Чуб паправіў свой пояс, які шчыльна падпяразваў яго кажух, націснуў мацней на вушы сваю шапку, сціснуў у руцэ пугу — страх і грозьбу надаедных сабак, але, зірнуўшы ўгару, спыніўся… «Што за д'ябал! Глядзі, глядзі, Панас!..»
«Што?» прамовіў кум і падняў сваю галаву таксама ўгару.
«Як што? месяца няма».
«Што за насланнё? сапраўды няма месяца».
«Вось і яно, што няма», вымавіў Чуб з некаторай гаркотаю на нязменную кумаву абыякавасць. «Табе, пэўна, і гора мала».
«А што мне рабіць!»
«Трэба-ж было», гаварыў далей Чуб, уціраючы рукавом вусы: «убіцца нейкаму д'яблу, каб яму не давялося, сабаку, раніцаю чаркі гарэлкі выпіць! Дапраўды, нібыта на смех… Сумысля, сядзеўшы ў хаце, глядзеў у акно: ноч — цуд. Светла; снег блішчыць пры месяцы. Усё было відно, як удзень. Не паспеў выйсці за дзверы, і вось, хоць вока выкалі!»
Чуб яшчэ доўга бурчаў і лаяўся, а між іншым, у той-жа час раздумваў, на чым спыніцца. Яму да смерці хацелася пагаманіць пра ўсякую лухту ў дзяка, дзе, напэўна, сядзеў ужо і галава, і прыезджы бас, і дзягцяр Мікіта, які ездзіў праз кожныя два тыдні ў Палтаву на таргі і адпускаў такія жарты, што ўсе міране браліся за жываты са смеху. Ужо бачыў Чуб у думках стаяўшую на стале варануху. Усё гэта было прывабна, праўда; але начная цемра напамянула яму аб той ляноце, якая так люба ўсім казакам. Як-бы добра цяпер ляжаць, падабраўшы пад сябе ногі, на ляжанцы, курыць спакойна люльку і слухаць праз чароўную дрымоту калядкі і песні вясёлых парубкаў і дзяўчат, якія збіраліся натоўпамі па падвоканню. Ён-бы, напэўна, спыніўся на апошнім, калі-б быў адзін, але цяпер абодвум не так нудна і страшна ісці цёмнаю ноччу, ды і не хацелася-такі паказацца перад іншымі лянівым ці баязлівым. Скончыўшы лаянку, звярнуўся ён зноў да кума.