Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вечары на хутары ля Дзіканькі

Гогаль Мікалай

Шрифт:

Але пакінем Чуба выліваць на свабодзе сваю гаркоту і вернемся да каваля, бо ўжо на дварэ напэўна ёсць гадзіна дзевятая.

Спачатку страшна здалося Вакулу, калі падняўся ён ад зямлі на такую вышыню, што ўжо нічога не мог бачыць унізе, і праляцеў як муха пад самым месяцам так, што калі-б не нахіліўся крыху, дык зачапіў-бы яго шапкаю. Аднак-жа, трохі пачакаўшы, ён падбадзёрыўся і пачаў ужо кпіць з чорта. Ён надзвычай цешыўся, як чорт чхаў і кашляў, калі ён здымаў з шыі кіпарысавы крыжык і падносіў да яго. Знарок падымаў ён руку пачухаць галаву, а чорт, думаючы, што яго збіраюцца хрысціць, ляцеў яшчэ шпарчэй. Усё было светла ў вышыні. Паветра ў лёгкім срэбраным тумане было празрыстае. Усё было відно; і нават можна было заўважыць, як віхурай праімчаўся паўз іх, седзячы ў гаршку, чараўнік; як зоры, сабраўшыся ў кучу, гулялі ў жмуркі; як клубіўся ўбаку воблакам цэлы рой духаў; як чорт, што танцаваў пры месяцы, зняў шапку, убачыўшы каваля, які скакаў верхам; як ляцеў, варочаючыся назад, венік, на якім, відаць, толькі што з'ездзіла, куды трэба, вядзьмарка… шмат яшчэ дрэні сустракалі яны. Усё, бачачы каваля, на хвіліну спынялася паглядзець на яго, і потым ізноў імчалася далей і рабіла далей сваё; каваль усё ляцеў, і раптам заблішчаў перад ім Пецербург увесь у агні. (Тады была з нейкага выпадку ілюмінацыя.) Чорт, пераляцеўшы цераз шлагбаум, ператварыўся ў каня, і каваль убачыў сябе на адменным бегуну сярод вуліцы. Божа мой! стук, гром, бляск; па абодва бакі ўзвышаюцца чатырохпавярховыя сцены; стук капытоў каня, гук колаў адгукаліся громам і разлягаліся з чатырох бакоў; дамы раслі, і быццам падымаліся з зямлі, на кожным кроку; масты дрыжалі; карэты лёталі; рамізнікі, фарэйтары крычалі; снег свістаў пад тысячай саней, што ляцелі з усіх бакоў; пешаходы ціснуліся і тоўпіліся пад дамамі, унізанымі плошкамі, і велізарныя цені іх мільгалі на сценах, дасягаючы галавой каміноў і дахаў. Са здзіўленнем аглядаўся каваль на ўсе бакі. Яму здавалася, што ўсе дамы ўтаропілі на яго свае незлічоныя, вогненныя вочы і глядзелі. Паноў, у пацягнутых сукном шубах, ён убачыў так многа, што не ведаў, каму шапку здымаць. «Божа ты мой, колькі тут панства!» падумаў каваль. «Я мяркую, кожны, хто ні пройдзе па вуліцы ў шубе, то і засядацель, то і засядацель! а тыя, што катаюцца ў такіх дзіўных брычках са шклом, тыя, калі не гараднічыя, дык пэўна камісары, а можа, і больш яшчэ». Яго словы былі перапынены запытаннем чорта: «Ці проста ехаць да царыцы?» «Не, страшна», падумаў каваль. «Тут, дзесьці, не ведаю, спыніліся запарожцы, якія праязджалі ўвосень цераз Дзіканьку. Яны ехалі з Сечы з паперамі да царыцы; усё-ж такі параіцца-б з імі. Гэй, шайтан, лезь да мяне ў кішэню, ды вядзі да запарожцаў!» Чорт у адну хвіліну схуднеў і зрабіўся такім маленькім, што без намагання ўлез да яго ў кішэню. А Вакула не паспеў азірнуцца, як апынуўся перад вялікім домам, увайшоў, сам не ведаючы як, на лесвіцу, адчыніў дзверы і падаўся крыху назад ад бляску, убачыўшы прыбраны пакой, але крыху падбадзёрыўся, пазнаўшы тых самых запарожцаў, якія праязджалі цераз Дзіканьку, сядзеўшых на шаўковых канапах, падабраўшы пад сябе намазаныя дзёгцем боты, і курыўшых самую моцную табаку, што называюць звычайна карашкамі.

«Дзень добры, панове! памагай бог вам! вось дзе ўбачыліся!» сказаў каваль, падышоўшы блізка і злажыўшы паклон да зямлі.

«Што там за чалавек?» запытаў той, што сядзеў перад самым кавалём, другога, што сядзеў крыху далей.

«А, вы не пазналі?» спытаў каваль: «гэта я, Вакула каваль! Калі праязджалі ўвосень цераз Дзіканьку, дык прагасцявалі, дай божа вам усякага здароўя і доўгіх год, амаль два дні. І новую шыну тады паставіў на пярэдняе кола вашай кібіткі!»

«А!» сказаў той-жа запарожац: «гэта той самы каваль, які малюе хвацка. Здароў, зямляк, чаго цябе бог прынёс?»

«А так, захацелася паглядзець, кажуць…»

«Што-ж, зямляк», сказаў прыасаніўшыся запарожац і жадаючы паказаць, што ен можа гаварыць і па-руску, — «што, балшой горад?»

Каваль і сабе не хацеў асараміцца і здацца навічком, да таго-ж, як мелі выпадак бачыць ніжэй гэтага, ён ведаў і сам граматную мову. «Губернія выдатная!» адказаў ён абыякава: «няма чаго сказаць, дамы балшушчыя, карціны вісяць скрозь адменныя. Шмат якія дамы спісаны літарамі з сусальнага золата надзвычайна. Няма чаго сказаць, дзівосная прапорцыя!»

Запарожцы, убачыўшы, што каваль так вольна размаўляе, зрабілі вывад вельмі для яго выгодны.

«Пасля пагамонім з табою, зямляк, болей; цяпер-жа мы едзем зараз да царыцы».

«Да царыцы! а будзьце ласкавы, панове, вазьміце і мяне з сабою!»

«Цябе?» прамовіў запарожац з такім выглядам, з якім гаворыць дзядзька чатырохгадоваму свайму выхаванцу, каторы просіць пасадзіць яго на сапраўднага, на вялікага каня. «Што ты будзеш там рабіць? Не, не можна». Пры гэтым на твары яго з'явілася многазначная міна. «Мы, брат, будзем з царыцаю гаманіць пра сваё». «Вазьміце!» настойліва прасіў каваль. «Прасі!» шапянуў ён ціха чорту, ударыўшы кулаком па кішэні. Не паспеў ён гэтага сказаць, як другі запарожац прамовіў: «Возьмем яго, сапраўды, браткі!»

«Бадай што, возьмем!» прамовілі іншыя.

«Апранай-жа адзенне такое, як і мы».

Каваль схапіўся нацягваць на сябе зялёны жупан, як раптам дзверы адчыніліся і ўвайшоўшы з пазументамі чалавек сказаў, што час ехаць.

Дзіўна зноў здалося кавалю, калі ён паімчаўся ў велізарнай карэце, гойдаючыся на рэсорах, калі з абодвух бакоў паўз яго беглі назад чатырохпавярховыя дамы, і брук, пагрымліваючы, здавалася, сам слаўся пад ногі коней. «Божа ты мой, якое святло!» думаў сам сабе каваль: «у нас удзень не бывае так светла».

Карэты спыніліся перад дварцом. Запарожцы вышлі, трапілі ў вельмі прыгожыя сені і пачалі падымацца па бліскуча асветленых сходах.

«Што за сходы!» шаптаў сам сабе каваль: «шкада нагамі таптаць. Якія аздобы! усе кажуць: маняць казкі! які чорт маняць! Божа ты мой, што за білы! якая работа! тут аднаго жалеза рублёў на пяцьдзесят пайшло!»

Ужо ўзлезшы па сходах, запарожцы прайшлі першую залу. Нясмела ішоў следам за імі каваль, баючыся на кожным кроку паслізнуцца на паркеце. Прайшлі тры залы, каваль усё яшчэ не пакідаў здзіўляцца. Трапіўшы ў чацвертую, ён міжволі падышоў да карціны, якая вісела на сцяне. Гэта была прачыстая дзева з дзіцем на руках. «Што за карціна! што за дзівосны жывапіс!» разважаў ён: «вось, здаецца, гаворыць! здаецца, жывая! а дзіця святое! і ручкі прыціснула! і ўсміхаецца беднае! а фарбы! Божа ты мой, якія фарбы! тут вохры, я мяркую, і на капейку не пайшло, усё яр ды бакан. А блакітная так і гарыць! важнейшая работа! мусібыць грунт наведзены быў блейвасам. Толькі як ні дзівосны гэтыя маляванні, але гэтая мядзяная ручка», працягваў ён, падыходзячы да дзвярэй і мацаючы замок, «яшчэ большага варта здзіўлення. Вось якая чыстая работа! Гэта ўсё, я мяркую, нямецкія кавалі за самую дарагую цану рабілі…» Можа, доўга яшчэ-б разважаў каваль, калі-б лакей з галунамі не штурхнуў яго пад руку і не напамянуў, каб ён не заставаўся ад іншых. Запарожцы прайшлі яшчэ дзве залы і спыніліся. Тут загадана было ім чакаць. У зале тоўпілася некалькі генералаў у вышываных золатам мундзірах. Запарожцы пакланіліся на ўсе бакі і сталі ў кучу. Хвіліну пачакаўшы, увайшоў у суправаджэнні цэлай світы велічнага росту даволі мажны чалавек у гетманскім мундзіры, у жоўтых боціках. Валасы на ім былі крыху ўскудлачаны, адно вока крыху падслепаватае, на твары вымалёўвалася нейкая пагардлівая велічнасць, ва ўсіх рухах відаць была звычка загадваць. Усе генералы, якія пахаджвалі даволі надзімана ў залатых мундзірах, замітусіліся і з нізкімі паклонамі, здавалася, лавілі кожнае яго слова і нават драбнейшы рух, каб зараз ляцець выконваць яго. Але гетман не звярнуў нават і ўвагі, ледзь матнуў галавою і падышоў да запарожцаў.

Запарожцы ўсе злажылі паклон у пояс.

«Ці ўсе вы тут?» запытаў ён працяжна, вымаўляючы словы крыху ў нос.

«Та вси, батько!» адказалі запарожцы, кланяючыся зноў.

«Не забудзецеся гаварыць так, як я вас вучыў?»

«Не, бацько, не забудземся».

«Гэта цар?» спытаў каваль аднаго з запарожцаў.

«Куды табе цар! гэта сам Пацёмкін [58] » адказаў той.

У другім пакоі пачуліся галасы і каваль не ведаў, куды падзець свае вочы ад мноства ўвайшоўшых дам у атласных убраннях з даўгімі хвастамі і прыдворных у вышываных золатам кафтанах і з пучкамі ззаду. Ён толькі бачыў адзін бляск і больш нічога. Запарожцы раптам усе ўпалі на зямлю і закрычалі ў адзін голас: «Злітуйся, мамо! злітуйся!»

58

Вяльможа пры Екацярыне II.

Каваль, не бачачы нічога, выпрастаўся і сам з усёй шчырасцю на падлозе.

«Устаньце!» прагучаў над імі ўладны і разам прыемны голас. Некаторыя з прыдворных замітусіліся і штурхалі запарожцаў.

«Не ўстанем, мамо! не ўстанем! памром, а не ўстанем!» крычалі запарожцы.

Пацёмкін кусаў сабе вусны, нарэшце падышоў сам і загадна шапянуў аднаму з запарожцаў. Запарожцы падняліся.

Тут асмеліўся і каваль падняць галаву і ўбачыў стаяўшую перад сабою невялікага росту жанчыну, крыху нават мажную, напудраваную, з блакітнымі вачамі і разам з тым велічна ўсмешлівым выглядам, які так умеў скараць сабе ўсё і мог толькі належаць адной царствуючай жанчыне.

«Святлейшы абяцаў мяне пазнаёміць сёння з маім народам, якога да гэтага часу не бачыла», гаварыла дама з блакітнымі вачыма, разглядаючы з цікаўнасцю запарожцаў. «Ці добрае ў вас тут утрыманне?» гаварыла яна далей, падыходзячы бліжэй.

«Та спасиби, мамо! Правіянт даюць добры (хоць бараны тутэйшыя зусім не тое, што ў нас на Запарожжы), чаму-ж не жыць як-небудзь?..»

Пацёмкін скрывіўся, бачачы, што запарожцы гавораць зусім не тое, чаму ён іх вучыў…

Адзін з запарожцаў, прыасаніўшыся, вышаў наперад: «Злітуйся, мамо: чым цябе твой верны народ угнявіў? Хіба трымалі мы руку паганца-татарына; хіба пагаджаліся ў чым-небудзь з турчынам; хіба здрадзілі табе справай ці думкаю? За што-ж няласка? перш чулі мы, што загадваеш усюды будаваць крэпасці ад нас; пасля чулі, што хочаш павярнуць у карабінеры [59] ; цяпер чуем новыя напасці. Чым вінавата запарожскае войска? ці тым, што перавяло тваю армію цераз Перакоп і дапамагло тваім енералам пасеч крымцаў?..»

59

Прымусіць несці рэгулярную ваенную службу (карабінер — салдат, узброены карабінам).

Пацёмкін маўчаў і нядбайна чысціў невялічкаю шчотачкаю свае брыльянты, якімі былі ўнізаны яго рукі.

«Чаго-ж хочаце вы?» клапатліва спытала Екацярына.

Запарожцы многазначна зірнулі адзін на аднаго.

«Цяпер пара! царыца пытаецца, чаго хочаце!» сказаў сам сабе каваль і раптам паваліўся доле.

«Ваша царскае вялічаства, не загадвайце караць, загадвайце дараваць. З чаго, не ў гнеў будзь сказана вашай царскай ласцы, зроблены чаравікі, што на нагах вашых? я мяркую, ніводзін шавец, ні ў адной дзяржаве на свеце не здолее так зрабіць. Божа ты мой, што калі-б мая жонка абула такія чаравічкі!?»

Гасударыня засмяялася. Прыдворныя засмяяліся таксама. Пацёмкін і хмурыўся і ўсміхаўся разам. Запарожцы пачалі штурхаць пад руку каваля, думаючы, ці не звар'яцеў ён.

«Устань!» сказала ласкава гасударыня: «калі табе так хочацца мець такія чаравікі, дык гэта не цяжка зрабіць. Прынясіце яму зараз-жа чаравікі самыя дарагія, з золатам! Дапраўды, мне вельмі падабаецца гэтая прастадушнасць! Вось вам», гаварыла далей гасударыня, накіраваўшы позірк на стаяўшага далей за іншых, з поўным, але крыху бледным абліччам, чый скромны кафтан з вялікімі перламутравымі гузікамі паказваў, што ён не належаў да ліку прыдворных [60] : «прадмет варты дасціпнага пяра вашага!»

60

Д. І. Фанвізін — аўтар камедый «Недарасль» і «Брыгадзір».

Поделиться с друзьями: