Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
«Вы, ваша імператарскае вялічаства, занадта ласкавы. Сюды трэба, прынамсі, Лафантэна [61] !» адказаў пакланіўшыся чалавек з перламутравымі гузікамі.
«Па праўдзе скажу вам: я да гэтага часу без памяці ад вашага Брыгадзіра. Вы наўдзіў добра чытаеце! Аднак-жа», гаварыла далей гасударыня, зварочваючыся зноў да запарожцаў: «я чула, што на Сечы ў вас ніколі не жэняцца».
«Як же, мамо! чалавеку-ж, сама ведаеш, без жонкі жыць нельга», адказаў той самы запарожац, што размаўляў з кавалём, і каваль здзівіўся, чуючы, што гэты запарожац, ведаючы так добра граматную мову, гаворыць з царыцаю, як быццам знарок, самай грубай гутаркай, якую звычайна называюць мужычай. «Хітры народ!» падумаў ён сам сабе: «напэўна нездарма ён гэта робіць».
61
Французскі байкапісец.
«Мы не чарняцы», гаварыў далей запарожац: «а людзі грэшныя. Ласыя, як і ўсё шаноўнае хрысціянства, на скаромнае. Ёсць у нас ці мала такіх, што маюць жонак, толькі не жывуць з імі на Сечы. Ёсць такія, што маюць жонак у Польшчы; ёсць такія, што маюць жонак на Украіне; ёсць такія, што маюць жонак і ў Турэччыне».
У гэты час кавалю прынеслі чаравікі. «Божа ты мой, што за аздоба!» ускрыкнуў ён радасна, ухапіўшы чаравікі. «Ваша царскае вялічаства! што-ж, калі чаравікі такія на нагах, і ў іх, трэба спадзявацца, ваша благароддзе, ходзіце і на лёд коўзацца, якія-ж павінны быць самыя ножкі? мяркую, прынамсі, з чыстага цукру».
Гасударыня, якая сапраўды мела самыя стройныя і цудоўныя ножкі, не магла не ўсміхнуцца, чуючы такі камплімент з вуснаў прастадушлівага каваля, якога ў сваім запарожскім убранні маглі палічыць за прыгажуна, не зважаючы на смуглявае аблічча.
Узрадаваны такой вельмі прыхільнай увагаю, каваль ужо хацеў быў распытацца як належыць царыцу пра ўсё: ці праўда, што цары ядуць адзін толькі мёд ды сала, і да таго падобнае — але, пачуўшы, што запарожцы штурхаюць яго пад бакі, вырашыў замаўчаць; і калі гасударыня, звярнуўшыся да старых, пачала распытваць, як у іх жывуць на Сечы, якія звычаі вядуцца — ён, адышоўшы назад, нагнуўся да кішэні, сказаў ціха: «Вынось мяне адсюль хутчэй!» і раптам апынуўся за шлагбаумам.
«Утапіўся! дальбог, утапіўся! вось: каб я не сышла з гэтага месца, калі не ўтапіўся!» балбатала таўстая ткачыха, стоячы ў натоўпе дзіканьскіх баб пасярод вуліцы.
«Што-ж, хіба я манюка якая? хіба я ў каго карову ўкрала? хіба я ссурочыла каго, што мне не даюць веры?» крычала баба ў казацкай світцы з ліловым носам, размахваючы рукамі. «Вось, каб мне вады не захацелася піць, калі старая Пераперчыха не бачыла на ўласныя вочы, як павесіўся каваль!»
«Каваль павесіўся! вось табе і маеш!» сказаў галава, вы-ходзячы ад Чуба, спыніўся і падаўся бліжэй да ўсіх, што размаўлялі.
«Скажы лепей, каб табе гарэлкі не захацелася піць, старая п'яніца!» адказала ткачыха: «трэба быць такой шалёнай, як ты, каб павесіцца! ён утапіўся! утапіўся ў проламцы! Гэта я так ведаю, як тое, што ты была зараз у карчмаркі».
«Брыдотніца! бач чым пачала папракаць!» гнеўна запярэчыла баба з ліловым носам. «Маўчала-б, нягодніца! Хіба я не ведаю, што да цябе дзяк ходзіць кожны вечар».
Ткачыха ўзгарэлася.
«Што дзяк? да каго дзяк? што ты хлусіш?»
«Дзяк?» праспявала, праціскаючыся да ўсіх, што спрачаліся, дзячыха ў кажуху з заячай скуры, пацягнутым сіняй кітайкай. «Я дам пачуць дзяка! хто гэта кажа дзяк?»
«А вось да каго ходзіць дзяк!» сказала баба з ліловым носам, паказваючы на ткачыху.
«Дык гэта ты, сука», сказала дзячыха, падступаючыся да ткачыхі: «дык гэта ты, вядзьмарка, напускаеш яму туман і поіш нячыстым зеллем, каб хадзіў да цябе».
«Адкасніся ад мяне, шайтан!» гаварыла адступаючыся ткачыха.
«Бач, праклятая вядзьмарка, каб ты не даждала дзяцей сваіх бачыць, нягодніца! цьфу!..» тут дзячыха плюнула проста ў вочы ткачысе.
Ткачыха хацела і сабе зрабіць тое самае, але замест таго плюнула ў няголеную бараду галаве, які, каб лепей усё чуць, падабраўся блізка да тых, што спрачаліся. «А, паскудная баба!» закрычаў галава, абціраючы крысом твар і падняўшы пугу. Гэты рух прымусіў усіх разыйсціся з лаянкаю ў розныя бакі. «Гэтакая брыда!» паўтараў ён, працягваючы абцірацца. «Дык каваль утапіўся! Божа ты мой! а які хвацкі жывапісец быў! якія нажы моцныя, сярпы, плугі ўмеў выкоўваць! што за сіла была! Так», гаварыў ён далей, задумаўшыся: «такіх людзей мала ў нас у сяле. Дзіва што я, яшчэ седзячы ў праклятым мяху, заўважаў, што небарака быў моцна не ў настроі. Вось табе і каваль! быў, а цяпер і няма! а я збіраўся падкаваць сваю рабую кабылу!..» І, будучы повен такіх хрысціянскіх думак, галава ціха пацягнуўся ў сваю хату.
Аксана збянтэжылася, калі да яе дайшлі такія весткі. Яна мала давала веры вачам Пераперчыхі і дзейканню баб, яна ведала, што каваль занадта набожны, каб адважыцца згубіць сваю душу. А што, калі ён, сапраўды, пайшоў з намерам ніколі не варочацца ў сяло? А наўрад ці ў іншым месцы знойдзецца такі маладзец, як каваль! ён-жа так кахаў яе! ён даўжэй за ўсіх трываў яе капрызы! Красуня ўсю ноч пад сваёй коўдрай варочалася з правага боку на левы, з левага на правы, — і не магла заснуць. То, раскідаўшыся ў чароўнай абнажонасці, якую начны змрок хаваў нават ад яе самой, яна амаль уголас лаяла сябе. То, прыціхшы, наважвала ні пра што не думаць — усё думала. І ўсё гарэла; і да раніцы закахалася па вушы ў каваля.
Чуб не выказаў ні радасці і ні смутку аб лёсе Вакулы. Яго думкі былі заняты адным: ён ніяк не мог забыцца на здрадніцтва Салохі і сонны не пакідаў лаяць яе.
Надышла раніца. У царкве яшчэ да відна было поўна народа. Пажылыя жанчыны ў белых намітках [62] у белых суконных світках, пабожна хрысціліся каля самага ўваходу царкоўнага. Дваранкі ў зялёных і жоўтых кофтах, а некаторыя нават у сініх кунтушах з залатымі ззаду вусамі, стаялі паперадзе іх. Дзяўчаты, у якіх на галавах наматана была цэлая крама істужак, а на шыі маністаў, крыжоў і дукатаў, стараліся прабрацца яшчэ бліжэй да іканастаса. Але наперадзе ўсіх стаялі дваране і простыя мужыкі з вусамі, чубамі, тоўстымі шыямі і толькі што выгаленымі падбародкамі, усё пераважна ў кабяняках, з-пад якіх высоўвалася белая, а ў некаторых і сіняя світка. На ўсіх тварах, куды ні зірні, відно было свята: галава аблізваўся, уяўляючы, як ён разгавеецца каўбасою; дзяўчаты думалі аб тым, як яны будуць коўзацца з хлопцамі на лёдзе; бабулі шчырэй, як некалі, шапталі малітвы. Па ўсёй царкве чуваць было, як казак Свербыгуз клаў паклоны. Адна толькі Аксана стаяла нібыта не свая… Малілася і не малілася. На сэрцы ў яе стоўпілася столькі розных пачуццяў, адно сумней за другое, што твар яе выражаў адно толькі моцнае збянтэжанне; слёзы дрыжалі на вачах. Дзяўчаты не маглі зразумець прычыны гэтага і не падазравалі, каб віною быў каваль. Аднак-жа не адна Аксана была занята кавалём. Усе міране заўважылі, што свята як быццам не свята. Што як быццам усё нечага нестае. Як на ліха, дзяк, пасля падарожжа ў мяху, ахрып і бражджаў ледзь чутным голасам; праўда, прыезджы спявак слаўна браў баса, але куды-б лепей, каб і каваль быў, які заўсёды, бывала, як толькі спявалі Отча наш ці Іжэ херувімы, узыходзіў на крылас і выводзіў адтуль тым самым напевам, якім спяваюць і ў Палтаве. Да таго-ж ён адзін выконваў і пасаду царкоўнага тытара. Ужо адышла завутраня; пасля завутрані адышла абедня… куды-ж гэта сапраўды запрапасціўся каваль?
62
Белая апона з рэдкага палатна з адкінутымі назад хвастамі, якую носяць на галаве жанчыны. (Слоўн. Гогаля.)
Яшчэ шпарчэй у астатні час ночы імчаўся чорт з кавалём назад. І ўмомант апынуўся Вакула каля свае хаты. У гэты час праспяваў певень. «Куды?» закрычаў ён, ухапіўшы за хвост чорта, які хацеў уцякаць: «чакай, прыяцель, яшчэ не ўсё: я яшчэ не падзякаваў табе». Тут, ухапіўшы дубец, зважыў ён яму тры ўдары, і бедны чорт прыпусціўся бегчы, як мужык, якога толькі што адлупцаваў засядацель. Дык вось, замест таго, каб ашукаць, спакусіць і абдурыць іншых, вораг чалавечага роду быў сам абдураны. Пасля гэтага Вакула ўвайшоў у сенцы, закапаўся ў сена і праспаў да абеду. Прачнуўшыся, ён спалохаўся, калі ўбачыў, што сонца ўжо высока: «Я праспаў завутраню і абедню!» Тут набожны каваль паглыбіўся ў смутак, разважаючы, што гэта напэўна бог, знарок, у пакаранне за грэшны яго намер згубіць сваю душу, наслаў сон, які не даў яму нават пабыць у такое ўрачыстае свята ў царкве. Але аднак-жа, супакоіўшы сябе тым, што ў наступную нядзелю выспаведаецца ў гэтым папу, і ад сённешняга дня пачне біць па пяцьдзесят паклонаў праз увесь год, зазірнуў ён у хату; але ў ёй не было нікога. Відаць, Салоха яшчэ не варочалася. Асцярожліва дастаў ён з-за пазухі чаравікі і зноў здзівіўся з дарагой работы і з дзіўнага здарэння мінулай начы; памыўся, апрануўся як мага лепш, апрануў тое самае адзенне, якое дастаў у запарожцаў, выняў са скрынкі новую шапку з рашацілаўскіх смушак з сінім верхам, якой не надзяваў яшчэ ні разу, ад тае пары, як купіў яе падчас бытавання ў Палтаве; дастаў таксама новы ўсіх колераў пояс, паклаў усё гэта разам з гарапнікам у хустку і накіраваўся проста да Чуба.
Чуб вылупіў вочы, калі ўвайшоў да яго каваль, і не ведаў, з чаго здзіўляцца: ці з таго, што каваль уваскрос, ці з таго, што каваль адважыўся да яго прыйсці, ці з таго, што выстраіўся ён такім франтам і запарожцам. Але яшчэ больш здзівіўся ён, калі Вакула развязаў хустку і паклаў перад ім навюсенькую шапку і пояс, якога не бачылі ў сяле, а сам паваліўся яму ў ногі і прамовіў упрошваючым голасам: «злітуйся, бацько! не гневайся! вось табе і гарапнік: бі, колькі душа зажадае, аддаюся сам, ва ўсім каюся; бі, ды не гневайся толькі! Ты-ж калісьці братаўся з нябожчыкам бацькам, разам хлеб-соль елі і магарыч пілі».
Чуб не без патайнай прыемнасці бачыў, як каваль, які нікому ў сяле ў вус не дзьмуў, гнуў у руцэ пятакі і падковы, як грэцкія бліны, той самы каваль ляжаў у нагах яго. Каб яшчэ больш не панізіць сябе, Чуб узяў гарапнік і ўдарыў яго тры разы па спіне. «Ну, хопіць з цябе, уставай! старых людзей заўсёды слухай! Забудзем усё, што было паміж намі! Ну, цяпер гавары, чаго табе хочацца?»
«Аддай, бацько, за мяне Аксану!»
Чуб крыху падумаў, паглядзеў на шапку і пояс, шапка была цудоўная, пояс таксама не горшы ад яе, успамянуў пра здрадлівую Салоху і сказаў рашуча: «добра! засылай сватоў!»