Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
Тут воз пачаў з'язджаць з моста, і апошніх слоў ужо не-магчыма было расслухаць; але парубак не хацеў, здаецца, скончыць гэтым: не думаючы доўга, схапіў ён камяк гразі і шпурнуў услед за ёю. Удар быў трапнейшы, чым можна было меркаваць: увесь новы паркалёвы ачыпак запырсканы быў гразёю, і рогат разгульных гарэзнікаў падвоіўся з новаю сілаю. Мажная франціха ўскіпела гневам; але воз ад'ехаў у гэты час даволі далёка, і помста яе перакінулася на бязвінную падчарыцу і павольнага сажыцеля, які, прызвычаіўшыся здаўна да падобных з'яў, захоўваў упартае маўчанне і, не хвалюючыся, прымаў мяцежныя словы ўгневанай супругі. Аднак-жа, не зважаючы на гэта, няўтомны язык яе трашчаў і матляўся ў роце да таго часу, пакуль не прыехалі яны ў прыгараддзе да старога знаёмага і кума, казака Цыбулі. Сустрэча з кумамі пасля доўгай ростані выгнала на час з галавы гэтае непрыемнае здарэнне, прымусіўшы нашых падарожнікаў пагаварыць аб кірмашы і спачыць крыху пасля далёкай дарогі.
II
Що боже, ты мий господе! чого нема на тій ярмарци! колеса, скло, деготь, тютюн, ремень, цыбуля, крамари всяки… так, шо хоть бы в кишени було рублив и с тридцять, то и тогди б не закупив усіеи ярмаркы.
Вам, пэўна, здаралася чуць, як дзесьці валіцца аддалены вадаспад, калі ўстрывожанае наваколле поўна гулам, і хаос цудоўных, невыразных гукаў віхурай носіцца перад вамі. Ці не праўда, ці не тыя самыя пачуцці раптоўна абхопяць вас у віхуры сельскага кірмаша, калі ўвесь народ зрастаецца ў адно велізарнае страхапудзіла і варушыцца ўсім сваім тулавам на плошчы і па цесных вуліцах, крычыць, гагоча, грыміць? Шум, лаянка, мыканне, бэканне, роў — усё зліваецца ў адну бязладную гаману. Валы, мяхі, сена, цыганы, гаршкі, бабы, пернікі, шапкі — усё ярка, пярэста, бязладна, мітусіцца кучамі і мільгае перад вачыма. Рознагалосыя размовы топяць адна другую, і ніводнае слова не вызваліцца, не выратуецца ад гэтага патопу; ніводзін крык не вымавіцца выразна. Толькі плясканне па руках гандляроў чуецца з усіх бакоў кірмаша. Ломіцца воз; звініць жалеза; грымяць дошкі, якія скідваюць на зямлю; і замарочаная галава не дабярэ ладу, куды звярнуцца. Прыезджы мужык наш з чорнаброваю дачкою даўно ўжо штурхаўся ў народзе. Падыходзіў да аднаго воза, мацаў другі, пытаўся пра цану; а тым часам думкі яго круціліся безупынна каля дзесяці мяхоў пшаніцы і старой кабылы, прывезеных ім на продаж. Па твары яго дачкі прыкметна было, што ёй не надта прыемна церціся каля вазоў з мукою і пшаніцаю. Ёй-бы хацелася туды, дзе пад палатнянымі яткамі [9] прыгожа паразвешаны чырвоныя істужкі, завушніцы, алавяныя, мядзяныя крыжы і дукаты [10] . Але і тут, аднак-жа, яна знаходзіла сабе многа рэчаў для назірання: яе надзвычайна смяшыла, як цыган і мужык білі адзін аднаго па руках, ускрыкваючы самі ад болю; як п'яны жыд даваў бабе кісяля [11] , як перакупкі [12] , пасварыўшыся, перакідваліся лаянкаю і ракамі; як маскаль, пагладжваючы адною рукою сваю казліную бараду, другою… Але вось адчула яна, хтосьці тузануў яе за вышываны рукаў сарочкі. Азірнулася — і парубак у белай світцы з яркімі вачыма стаяў перад ёю. Жылкі яе здрыгануліся і сэрца закалацілася так, як яшчэ ніколі, ні пры якай радасці, ні пры якім горы: і дзіўна, і люба ёй здалося, і сама не магла ўцяміць, што рабілася з ёю.
9
Род палаткі ці шатра. (Слоўн. Гогаля.)
10
Род медалю, носіцца на шыі. (Слоўн. Гогаля.)
11
«Даваць кісяля» значыць ударыць каго-небудзь ззаду ног. (Заўвага Гогаля.)
12
Гандляркі. (Слоўн. Гогаля.)
«Не бойся, сэрцайка, не бойся!» гаварыў ён ёй напоўголаса, узяўшы яе руку: «Я нічога не скажу табе благога!»
«Можа, гэта і праўда, што ты нічога не скажаш благога», падумала сама сабе красуня: «толькі мне дзіўна… пэўна, гэта нячысцік! Сама, здаецца, ведаеш, што не варта гэтак… а сілы нестае ўзяць ад яго руку».
Мужык азірнуўся і хацеў штосьці прамовіць да дачкі, але збоку пачулася слова: пшаніца. Гэтае магічнае слова прымусіла яго ў той-жа момант далучыцца да дваіх голасна размаўляўшых негацыянтаў, і ўвагі, якая прыкавалася да іх, ужо нішто не магло адцягнуць.
III
Чи бачишь вин якый парныще?
На свити трохи есть такых.
Сывуху так мов брагу хлыще!
«Дык ты думаеш, зямляк, што кепска пойдзе наша пшаніца?» гаварыў чалавек, з выгляду падобны да заезджага мешчаніна, жыхара якога-небудзь мястэчка, у саматканых, запэцканых дзёгцем і засаленых нагавіцах, другому ў сіняй, там-сям ужо залапленай світцы і з вялізным гузам на ілбе.
«Ды думаць няма чаго тут; я гатоў ускінуць на сябе пятлю і матляцца на гэтым дрэве, як каўбаса перад Калядамі на хаце, калі мы прадамо хоць адну мерку».
«Каго ты, зямляк, задурваеш? Прывозу-ж, акрамя нашага, няма зусім», запярэчыў чалавек у саматканых нагавіцах. — «Так, гаварыце сабе, што хочаце», думаў сам сабе наш знаёмы, не прапускаючы ніводнага слова з гутаркі двух негацыянтаў: «а ў мяне дзесяць мяхоў у запасе».
«Вось яно і ёсць, што калі дзе ўбілася чартоўшчына, дык чакай столькі карысці, як ад галоднага маскаля», падкрэслена прамовіў чалавек з гузам на ілбе.
«Як чартоўшчына!» падхапіў чалавек у саматканых нагавіцах.
«Ці чуў ты, што пагаварваюць у народзе?» гаварыў далей чалавек з гузам на ілбе, наводзячы на яго скосу панурлівыя свае вочы.
«Ну!»
«Ну, вось табе і ну. Засядацель — каб яму не давялося болей абціраць губы пасля панскай слівянкі — вызначыў для кірмаша праклятае месца, на якім, хоць трэсні, ніводнага зярняці не збудзеш. Ці бачыш ты той стары, раскіданы хлеў, што вунь-вунь стаіць пад гарою?» (Тут цікаўны бацька нашай красуні падсунуўся яшчэ бліжэй і ўвесь ператварыўся, здавалася, ва ўвагу). — «У тым хляве безупынна водзяцца чартоўскія шашні; і ніводзін кірмаш на гэтым месцы не праходзіў без бяды. Учора валасны пісар праходзіў позна ўвечары, толькі зірк — у слухавое акно выставілася свіное рыла і зарохкала так, што ў яго мароз падраў па скуры; таго і чакай, што ізноў пакажацца чырвоная світка!»
«Што-ж гэта за чырвоная світка?»
Тут у нашага ўважлівага слухача валасы сталі дуба, са страхам адвярнуўся ён назад і ўбачыў, што яго дачка і парубак спакойна стаялі, абняўшыся і напяваючы адзін аднаму нейкія любоўныя казкі, забыўшыся пра ўсе світкі на свеце. Гэта разагнала яго страх і прымусіла звярнуцца да ранейшай бесклапотнасці.
«Эге, ге, ге, зямляк, ды ты майстар, як бачу, абдымацца! Хапі мяне чорт, калі я не на чацверты толькі дзень пасля вяселля навучыўся абдымаць сваю Хвеську нябожчыцу, ды і то дзякуй куму: быўшы дружкам, на троп паставіў».
Парубак заўважыў адразу-ж, што бацька яго любай не хапае зор з неба, і ў думках пачаў складаць план, як-бы схіліць яго на сваю карысць.
«Ты, мусіць, чалавек добры, не ведаеш мяне, а я цябе адразу пазнаў».
«Можа, і пазнаў».
«Калі хочаш, і імя, і прозвішча, і ўсё-ўсякае раскажу: цябе зваць Салопій Чаравік».
«Так, Салопій Чаравік».
«А прыгледзься добра, ці не пазнаеш ты мяне?»
«Не, не пазнаю. Не ў гнеў будзе сказана, на вяку столькі давялося нагледзецца мордаў усякіх, што чорт іх і прыпомніць усіх».
«Шкада-ж, што ты не прыпомніш Галапупенкава сына!»
«А ты быццам Ахрымаў сын?»
«А хто-ж? Хіба адзін толькі лысы дзідзько, калі не ён».
Тут сябры пабраліся за шапкі, і пайшло лабызанне; наш Галапупенкаў сын, аднак-жа, не трацячы часу, наважыўся ў тую-ж хвіліну абсадзіць новага свайго знаёмага.
«Ну, Салопій, вось, як бачыш, я і дачка твая пакахалі адзін другога так, што хоць-бы і навекі жыць разам».
«Што-ж, Параска», сказаў Чаравік, смеючыся і адвярнуўшыся да свае дачкі: «можа, і сапраўды, каб ужо, як гаворыцца, разам і таго… каб і пасвіліся на адной траве! што? па руках? а ну, новабраны зяць, давай магарычу!»
І ўсе трое апынуліся ў вядомай кірмашовай рэстарацыі — у жыдоўкі пад яткай, застаўленай шматлікаю флатыліяй су-лей. бутляў, пляшак усіх радоў і ўзростаў.
«Эх, хват! за гэта люблю!» казаў Чаравік, крыху падгуляўшы і бачачы, як нарачоны зяць яго наліў кубак велічынёй у поўкварты і, ні трохі не зморшчыушыся, выпіў да дна, бразнуўшы яго пасля на дробныя кавалкі. «Што скажаш, Параска? Якога я жаніха табе дастаў? Глядзі, глядзі: як ён па-малайцоўску цягне пенную!..»
І, пасмейваючыся і пагойдваючыся, пацягнуўся ён з ёю да свайго воза; а наш парубак накіраваўся па радах з красным таварам, у якіх знаходзіліся купцы нават з Гадзяча і Міргарада — двух славутых гарадоў Палтаўскай губерні, выглядаць найлепшую драўляную люльку ў мядзянай блішчастай аправе, хустку ў кветкі на чырвоным полі і шапку для вясельных падарункаў цесцю і ўсім, каму належыць.
IV
Хоть чоловикам не онее,
Да коли жинци, бачишь, тее,
Так треба угодыты…
«Ну, жонка! а я знайшоў дачцы жаніха!»
«Вось, якраз да таго цяпер, каб жаніхоў адшукваць. Дурань, дурань! табе, мусіць, і на вяку напісана застацца такім! Дзе-ж ты такі бачыў, дзе-ж ты такі чуў, каб добры чалавек бегаў цяпер за жаніхамі? Ты падумаў-бы лепей, як пшаніцу з рук збыць; добры павінен быць і жаніх там! мяркую, абадранейшы з усіх галадрабцаў» [13] .
13
Бядняк, бабыль. (Слоўн. Гогаля.)