Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вечары на хутары ля Дзіканькі

Гогаль Мікалай

Шрифт:

«Божа, блаславі!» сказаў Чаравік, складаючы ім рукі. «Няхай жывуць, як вянкі віюць!»

Тут пачуўся шум у народзе.

«Я хутчэй лопну, чым дапушчу да гэтага!» крычала сажыцелька Салопія, якую аднак-жа з рогатам адпіхаў натоўп народа.

«Не шалей, не шалей, жонка!» гаварыў спаважна Чаравік, бачачы, што пара дужых цыганоў аўладалі яе рукамі: «што зроблена, то зроблена; я перамяняць не люблю!»

«Не, не! гэтага не будзе»… крычала Хіўра, але ніхто не слухаў яе; некалькі пар абступіла новую пару і злажылі вакол яе непранікальную, танцуючую сцяну.

Дзіўнае, невымоўнае пачуццё аўладала-б гледачом, пры відовішчы, як ад аднаго ўдару смыком музыкі, у саматканай світцы, з даўгімі закручанымі вусамі, усё накіравалася, воляю ці супроць волі, да адзінства і перайшло ў згоду. Людзі, на пахмурых абліччах якіх, здаецца, век не прамільгвала ўсмешка, прытупвалі нагамі і ўздрыгвалі плячамі. Усё імчалася. Усё танцавала. Але яшчэ дзіўнейшае, яшчэ больш неразгаданае пачуццё абудзілася-б у глыбіні душы, зірнуўшы на бабулек, на старэчых абліччах якіх павявала абыякавасць магілы, каторыя штурхаліся паміж новым, усмешлівым, жывым чалавекам. Бесклапотныя! нават без дзіцячае радасці, без іскры спачування, якіх адзін хмель толькі, як механік свой бяздушны аўтамат, прымушае рабіць штосьці падобнае да чалавечага, яны ціха ківалі захмялелымі галовамі, падтанцоўваючы за вясёлым народам, не кідаючы нават позірку на маладую пару.

Гром, рогат, песні чуліся цішэй і цішэй. Смык паміраў, слабеючы і губляючы невыразныя гукі ў пустаце паветра. Яшчэ чулася дзесьці тупанне, штосьці падобнае да гаманы аддаленага мора, і хутка ўсё стала пуста і глуха.

Ці-ж не гэтак і радасць, чароўная і здрадлівая госця, адлятае ад нас, і дарэмна адзінокі гук думае выказаць весялосць. Ва ўласным рэху чуе ўжо ён сум і пустку, і дзіка ўслухваецца ў яго. Ці-ж не гэтак і жвавыя сябры бурнага і вольнага юнацтва, па адным, адзін за другім, губляюцца па свеце і пакідаюць, нарэшце, аднаго, даўняга брата іх. Смутна пакінутаму! І цяжка і сумна робіцца сэрцу, і няма чым дапамагчы яму.

Вечар напярэдадні Івана Купалы

Быль, расказаная дзячком ***скай царквы

Фама Грыгор'евіч меў асаблівага парадку дзівацтва: ён да смерці не любіў пераказваць адно і тое-ж. Бывала, часам, калі ўпросіш яго расказаць што зноўку, дык, глядзі, што-небудзь ды ўкіне новае, або перайначыць так, што пазнаць нельга. Аднойчы, адзін з тых паноў — нам, простым людзям, цяжкавата і назваць іх: пісакі яны — не пісакі, а вось тое самае, што барышнікі на нашых кірмашах. Нахапаюць, напросяць, накрадуць усяго-ўсякага, дый выпускаюць кніжачкі, не таўсцей за буквар, кожны месяц ці тыдзень. Адзін з гэтых паноў і выманіў у Фамы Грыгор'евіча гэтую самую гісторыю, а ён зусім і забыўся пра яе. Толькі прыязджае з Палтавы той самы паніч у гарохавым каптане, пра якога гаварыў я, і якога адну аповесць вы, мяркую, прачыталі ўжо, прывозіць з сабою невялікую кніжачку і, разгарнуўшы пасярэдзіне, паказвае нам. Фама Грыгор'евіч гатоў ужо быў асядлаць нос свой акулярамі, але, успамянуўшы, што ён забыўся іх падматаць ніткамі і абляпіць воскам, перадаў мне. Я, паколькі грамаце так-сяк разумею і не нашу акуляраў, узяўся чытаць. Не паспеў перагарнуць дзве старонкі, як ён раптам спыніў мяне за руку.

«Чакайце! спярша скажыце мне, што гэта вы чытаеце?»

Прызнаюся, я крыху сумеўся ад такога пытання.

«Як, што чытаю, Фама Грыгор'евіч! вашу быль, вашы ўласныя словы».

«Хто вам сказаў, што гэта мае словы?»

«Ды чаго лепей, тут і надрукавана: расказаная такім-та і такім дзячком».

«Плюйце-ж на галаву таму, хто гэта надрукаваў! брешe сучый москаль. Ці так я гаварыў? Що-то вже, як у кого чорт ма клепки в голови! Слухайце, я вам раскажу яе зараз».

Мы прысунуліся да стала, і ён пачаў:

Дзед мой (царства яму нябеснае! Каб яму на тым свеце еліся адны толькі буханцы пшанічныя, ды макаўнікі ў мёдзе) умеў дзівосна расказваць. Бывала, павядзе гаворку — цэлы дзень не пасунуўся-б з месца, і ўсё слухаў. Ужо не раўня якому-небудзь цяперашняму балагуру, каторы як пачне маскаля вязці [17] ды яшчэ і моваю такою, быццам яму тры дні есці не давалі, дык хоць бярыся за шапку, ды з хаты. Як цяпер помню — нябожчыца старая, маці мая, была яшчэ жывая — як у доўгі зімовы вечар, калі на дварэ трашчаў мароз і замуроўваў наглуха вузенькія шыбы нашай хаты, сядзела яна перад грэбенем, выводзячы рукою даўгую нітку, гайдаючы нагою калыску і напяваючы песню, якая нібыта цяпер чуецца мне. Каганец, дрыжучы і ўспыхваючы, як быццам палохаючыся чаго, свяціў нам у хаце. Верацяно гудзела; а мы ўсе, дзеці, сабраўшыся ў кучку, слухалі дзеда, які не злазіў ад старасці, больш за пяць год, з свае печы. Але не дзіўныя размовы пра даўнюю старасветчыну, пра наезды запарожцаў, пра ляхаў, пра маладзецкія справы Падковы, Паўтара-Кажуха і Сагайдачнага не займалі нас так, як апавяданні пра якую-небудзь даўнейшую дзівосную справу, ад якіх заўсёды дрыжыкі праходзілі па целе і валасы натапырваліся на галаве. Іншы раз страх, бывала, такі забярэ ад іх, што ўсё з вечара здаецца бог ведае якім страшыдлам. Здарыцца, уночы выйдзеш чаго-небудзь з хаты, вось так і думаеш, што на пасцелю тваю паклаўся спаць выхадзец з таго свету. І, каб мне не давялося расказваць гэтага другі раз, калі не лічыў часта здалёк уласную пакладзеную ў галавах світку за д'ябла, які скруціўся там. Але галоўным у дзедавых апавяданнях было тое, што ў жыцці сваім ён ніколі не маніў, і што, бывала, ні скажа, дык іменна так і было.

17

Маніць.

Адну з яго дзівосных гісторый перакажу цяпер вам. Ведаю, што шмат знойдзецца такіх разумнікаў, што папісваюць па судах і чытаюць нават грамадзянскую грамату, якія, калі даць ім у рукі звычайны часаслоў, не разабралі-б ні аза ў ім, а скаліць напаказ свае зубы — ёсць умельства. Ім усё, што ні раскажаш, на смех. Гэтакае нявер'е разышлося па свеце! Ды чаго, — вось, не любі мяне бог і прачыстая! вы, можа, нават не дасце веры: аднойчы неяк заікнуўся пра вядзьмарак — што-ж! знайшоўся сарвігалава, вядзьмаркам не верыць! Ды, дзякуй богу, вось я колькі жыву ўжо на свеце, бачыў такіх інаверцаў, якім правозіць папа ў рэшаце [18] было лягчэй, як нашаму брату панюхаць табакі, дый тыя адхрышчваліся ад вядзьмарак. Але прысніся ім, не хочацца толькі вымавіць, што такое, няма чаго і меркаваць пра іх.

18

Зманіць на споведзі.

Год, куды больш як за сто, гаварыў нябожчык дзед мой, нашага сяла і не пазнаў-бы ніхто: хутар, самы бедны хутар! Хацінак з дзесяць, не абмазаных, не накрытых, тырчала то там, то сям пасярод поля. Ні плоту, ні хлява прыстойнага, дзе-б паставіць жывёлу або воз. Гэта-ж яшчэ багатыры так жылі; а зірнулі-б на нашую брацію, на галечу: выкапаная ў зямлі яма — вось вам і хата! Толькі па дыме і можна было пазнаць, што жыве там чалавек божы. Вы запытаеце, чаму-ж яны жылі так? беднасць не беднасць; таму што тады казакаваў амаль кожны і набіраў у чужых землях не мала дабра; а больш таму, што не было патрэбы прыдабываць прыстойную хату. Які народ тады ні швэндаўся па ўсіх месцах: крымцы, ляхі, літвінства! Бывала тое, што і свае прыедуць кучамі ды абдзіраюць сваіх-жа.

Усяго бывала.

У гэтым вось хутары паказваўся часта чалавек, ці лепш д'ябал у чалавечым абліччы. Адкуль ён, чаго прыходзіў, ніхто не ведаў. Гуляе, п'янствуе і раптам знікае, як у ваду, і погаласкі няма. Там, зірк — зноў быццам з неба ўпаў, сланяецца па вуліцах сяла, якога цяпер і следу няма і якое было, можа, не далей за сто крокаў ад Дзіканькі. Назбірае сустрэчных казакаў: рогат, песні, грошы сыплюцца, гарэлка, як вада… прычэпіцца, бывала, да прыгожых дзяўчат: надарыць істужак, завушніц, маністаў — падзець няма куды! Праўда, што прыгожыя дзяўчаты крыху задумваліся, прымаючы падарункі: бог ведае, можа, сапраўды перайшлі яны цераз нячыстыя рукі. Родная цётка майго дзеда, якая трымала ў той час карчму на цяперашняй Апошнянскай дарозе, у якой часта гуляў Басаўрук, так называлі гэтага чартоўскага чалавека, іменна казала, што ні за якія выгоды не згадзілася-б прыняць ад яго падарункаў. Ізноў, як-жа не ўзяць: кожнага ахопіць страх, калі нахмурыць ён, бывала, свае шчаціністыя бровы і пусціць спадылба такі позірк, што, здаецца, збег-бы бог ведае куды; а возьмеш, дык на другую-ж ноч і цягнецца ў госці які-небудзь прыяцель з балота, з рагамі на галаве, і давай душыць за шыю, калі на шыі маністы, кусаць за палец, калі на ім пярсцёнак, або цягнуць за касу, калі ўплецена ў яе істужка. Бог з імі тады, з гэтымі падарункамі! Але вось бяда — і адчапіцца нельга: кінеш у ваду — плыве чартоўскі пярсцёнак або маністы паўзверх вады, і да цябе-ж у рукі.

У сяле была царква, бадай ці яшчэ, як успамяну, не святога Панцялея. Жыў тады пры ёй іерэй, блажэннай памяці айцец Афанасій. Заўважыўшы, што Басаўрук і на Вялікдзень не бываў у царкве, надумаўся быў ушчуць яго, пакласці царкоўнае пакаянне. Куды! насілу адкараскаўся. «Слухай, паноча!» загрымеў ён яму ў адказ: «ведай лепей сваю справу, чым лезці ў чужыя, калі не хочаш, каб казлячае горла тваё было залеплена гарачаю куццёю!» Што рабіць з акаянным? Айцец Афанасій абвясціў толькі, што кожнага, хто будзе знацца з Басаўруком, будзе лічыць за католіка, ворага Хрыстовай царквы і ўсяго чалавечага роду. У тым сяле быў у аднаго казака, прозвішчам Каржа, работнік, якога людзі звалі Пятром Бязродным; можа, таму, што ніхто не помніў ні бацькі яго, ні маці. Стараста царквы гаварыў, праўда, што яны на другі-ж год паўміралі ад чумы; але цётка майго дзеда ведаць гэтага не хацела і з усяе сілы старалася надзяліць яго раднёю, хоць беднаму Пятру ў ёй было столькі патрэбы, колькі нам у леташнім снезе. Яна казала, што бацька яго і цяпер на Запарожжы, быў у палоне ў турак, нацярпеўся пакуты бог ведае якой і нейкім цудам, пераапрануўшыся за еўнуха, даў ходу. Чорнабровым дзяўчатам і маладзіцам мала было справы да радні яго. Яны гаварылі толькі, што калі-б апрануць яго ў новы жупан [19] , зацягнуць чырвоным поясам, надзець на галаву шапку з чорных смушак з шыкоўным сінім верхам, прывесіць з боку турэцкую шаблю, даць у адну руку малахай [20] , у другую люльку ў прыгожай аправе, дык заткнуў-бы ён за пояс усіх парубкаў тутэйшых. Але вось бяда, што ў беднага Петруся ўсяго толькі і была адна шэрая світка, у якой было больш дзірак, як у некаторага жыда ў кішэні злотых. І гэта-б яшчэ невялікая бяда; а вось бяда: у старога Каржа была дачка красуня, якой, я мяркую, наўрад ці прыпадала вам бачыць. Цётка нябожчыка дзеда расказвала, — а жанчыне, самі ведаеце, лягчэй пацалавацца з чортам, не ў гнеў будзь сказана, чымся назваць каго красуняю, — што поўненькія шчокі казачкі былі свежыя і яркія, як мак самага тонкага ружовага колеру, калі, умыўшыся божаю расою, гарыць ён, распроствае лісцінкі і ахарошваецца перад толькі што ўзышоўшым сонейкам; што бровы нібы чорныя шнурочкі, якія купляюць цяпер для крыжыкаў і дукатаў дзяўчаты нашы ў праходзячых па сёлах з каробкамі маскалёў, роўна нагнуўшыся, як быццам глядзеліся ў ясныя вочы; што раток, пазіраючы на які аблізвалася тагачасная моладзь, здаецца, на тое і створаны быў, каб выводзіць салаўіныя песні; што валасы яе, чорныя, як крылле ворана, і мяккія, як малады лён (тады яшчэ дзяўчаты нашы не запляталі іх у дрыбушкі [21] , перавіваючы прыгожымі, яркіх колераў, сіндзячкамі [22] ), падалі кучаравымі кудзерамі на шыты золатам кунтуш [23] . Эх, не давядзі божа аглошваць мне на крыласе алілуя, калі-б, вось тут-жа, не пацалаваў яе, не зважаючы на тое, што сівізна прабіраецца па ўсім старым лесе, што ўкрывае маю макавінку, і пад бокам мая старая, як бяльмо на воку. Ну, калі дзе парубак і дзеўка жывуць блізка адзін ад другога… самі ведаеце, што выходзіць. Бывала, ні свет, ні зара, падковы чырвоных ботаў і прыкметны на тым месцы, дзе прастарэквала Підорка з сваім Петрусём. Але ўсё-б Каржу і на думку не прышло што-небудзь нядобрае, ды аднойчы, ну, гэта ўжо і відаць, што ніхто іншы, як нячысцік падвёў, надумаўся Пятрусь, не агледзеўшыся добра ў сенцах, заляпіць пацалунак, як кажуць, ад шчырага сэрца, у ружовыя губкі казачкі, і той самы нячысцік, каб яму, сабачаму сыну, прысніўся крыж святы, настроіў здуру старога хрэна адчыніць дзверы хаты. Здзеравянеў Корж, разявіўшы рот і ўхапіўшыся рукою за дзверы. Пракляты пацалунак, здавалася, аглушыў яго зусім. Яму здаўся ён гучней, чым удар макагона [24] аб сцяну, якім звычайна ў наш час мужык праганяе куццю, за адсутнасцю фузеі [25] і пораху.

19

Род каптана. (Слоўн. Гогаля.)

20

Гарапнік. (Слоўн. Гогаля.)

21

Дробныя косы. (Слоўн. Гогаля.)

22

Вузкія істужкі. (Слоўн. Гогаля.)

23

Верхняе старасвецкае адзенне. (Слоўн. Гогаля.)

24

Мяла. (Слоўн. Гогаля.)

25

Крэмневая стрэльба.

Ачнуўшыся, зняў ён са сцяны дзедаўскі гарапнік і ўжо хацеў быў пакрапіць ім спіну беднага Пятра, як, адкуль ні вазьміся, шасцігадовы брат Підорчын, Івась, прыбег і ў спалоху схапіў ручкамі яго за ногі, закрычаўшы: «тата, тата! не бі Петруся». Што загадаеш рабіць? у бацькі сэрца не каменнае: павесіўшы гарапнік на сцяну, вывеў ён яго паціху з хаты: «Калі ты мне калі-небудзь з'явішся ў хаце, або хоць толькі пад вокнамі, дык слухай, Пятро, дальбог, прападуць твае чорныя вусы, дый асяледзец [26] твой, вось ужо ён два разы абматваецца вакол вуха, не будзь я Цярэнцій Корж, калі не развітаецца з тваёю макавінай!» Сказаўшы гэта, даў ён яму лёгенька рукою стусана [27] у патыліцу, так што Пятрусь, не згледзеўшы зямлі, паляцеў стрымгалоў. Вось табе і дацалаваліся! Ахапіла маркота нашых галубкоў; а тут яшчэ пагалоска па сяле, што да Каржа ўнадзіўся хадзіць нейкі лях, абшыты золатам, з вусамі, з шабляю, з шпорамі, з кішэнямі, што бражджалі як званок ад торбачкі, з якой панамар наш, Тарас, ходзіць кожны дзень па царкве. Ну, вядома, чаго ходзяць да бацькі, калі ў яго водзіцца чорнабровая дачка. Вось, аднойчы Підорка схапіла, заліваючыся слязамі, на рукі Івася свайго: «Івасю мой любы, Івасю мой мілы! бяжы да Петруся, маё залатое дзіця, як страла з лука; раскажы яму ўсё: любіла-б яго карыя вочы, цалавала-б яго белы тварык, ды не судзіў лёс мой. Не адзін ручнік вымачыла гаручымі слязамі. Мутарна мне. Цяжка на сэрцы. І родны бацька — вораг мой: змушае ісці за нялюбага ляха. Скажы яму, што і вяселле рыхтуюць, толькі не будзе музыкі на нашым вяселлі; будуць дзякі спяваць, замест кобз і сапілак [28] . Не пайду я танцаваць з жаніхом сваім; панясуць мяне. Цёмная, цёмная мая будзе хата! з кляновага дрэва, і, замест коміна, крыж будзе стаяць на страсе!»

26

Доўгая пасма валасоў на галаве, якая заматваецца на вуха. (Слоўн. Гогаля.)

27

Кулак. (Слоўн. Гогаля.)

28

Музычны інструмент. (Слоўн. Гогаля.)

Поделиться с друзьями: