Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
Як быццам укамянеўшы, не зрушыўшыся з месца, слухаў Пятро, калі невялікае дзіця лепятала яму Підоркіны словы. «А я думаў, няшчасны, ісці ў Крым і Турэччыну, наваяваць золата і з дабром прыехаць да цябе, мая красуня! Ды не быць таму. Нядобрае вока зірнула на нас. Будзе-ж, мая дарагая рыбка! будзе і ў мяне вяселле: толькі дзякоў не будзе на тым вяселлі; воран чорны пакрача, замест папа, нада мною; чыстае поле будзе мая хата; шызая хмара — мая страха; арол выклюе мае карыя вочы; вымыюць дажджы казацкія костачкі, і віхура высушыць іх. Але што я? на каго? каму скардзіцца? Так ужо, відаць, бог загадаў — гінуць, дык гінуць!» — Ды просценька і пацягнуўся ў карчму.
Цётка нябожчыка дзеда крыху здзівілася, убачыўшы Петруся ў карчме, ды яшчэ ў такую пару, калі добры чалавек ідзе на завутраню, і вылупіла на яго вочы, нібы спрасонку, калі загадаў ён падаць кухаль сівухі, амаль не з поўвядра. Толькі дарэмна думаў небарака заліць сваё гора. Гарэлка шчыпала за язык, быццам крапіва, і здавалася яму гарчэй за палын. Кінуў ад сябе кухаль на зямлю. «Досыць гараваць табе, казак!» загрымела штосьці басам над ім. Азірнуўся: Басаўрук! у! якая пачвара! Валасы — шчаціна, вочы — як у вала! «Ведаю, чаго нехапае ў цябе: вось чаго!» Тут бразнуў ён з чартоўскаю ўсмешкаю скураным кашальком, што вісеў у яго каля пояса. Здрыгануўся Пятро. «Ге, ге, ге! ды як гарыць!» зароў ён, перасыпаючы на руку чырвонцы. «Ге, ге, ге! ды як звініць! А і справы толькі аднае буду патрабаваць за цэлую гару такіх цацак». «Д'ябал!» закрычаў Пятро. «Давай яго, на ўсё гатоў!» Ударылі па руках. «Глядзі, Пятро, ты паспеў якраз у пару: заўтра Івана Купала. Адну толькі гэтую ноч у годзе і цвіце папараць. Не праваронь! Я цябе буду чакаць, апаўночы, у Мядзвежым яры».
Я мяркую, што куры так не чакаюць той пары, калі баба вынесе ім хлебных зярнят, як чакаў Пятрусь вечара. Раз-поразу глядзеў, ці не робіцца цень ад дрэў даўжэй, ці не румяніцца, знізіўшыся, сонейка, і што далей, то нецярплівей, Такая-ж вось даўжыня! мусібыць дзень божы згубіў дзе-небудзь канец свой. Вось ужо і сонца няма. Неба толькі чырванее на адным баку. І яно ўжо цьмянее. У полі робіцца халадней. Сутунее, сутунее і — змерклася. Насілу! З сэрцам, што ледзь-ледзь не выскоквала з грудзей, сабраўся ён у дарогу і асцярожна спусціўся густым лесам у глыбокі яр, які называлі Мядзвежым. Басаўрук ужо чакаў там. Цёмна, хоць у вока стрэль. Рука пры руцэ, прабіраліся яны па грузкіх балотах, чапляючыся за густую цярніну і спатыкаючыся амаль на кожным кроку. Вось і роўнае месца. Агледзеўся Пятро: ніколі яшчэ не здаралася яму заходзіць сюды. Тут спыніўся і Басаўрук.
«Ці бачыш ты, стаяць перад табою тры пагоркі. Шмат будзе на іх кветак розных; але, хавай цябе нетутэйшая сіла, вырваць хоць адну. Толькі як зацвіце папараць, хапай яе і не азірайся, што-б табе ззаду ні здавалася».
Пятро хацеў быў запытацца… зірк — і няма ўжо яго. Падышоў да трох пагоркаў, дзе-ж кветкі? Нічога не відаць. Дзікі быльнік чарнеў наўкола і глушыў усё сваёю гушчынёю. Але вось бліснула на небе бліскавіца, і перад ім паказалася цэлая града кветак, усё дзівосных, усё нябачаных; тут-жа і простае лісце папараці. Але не даў веры Пятро і ў роздуме стаў перад імі, падпёршыся абодвума рукамі ў бакі.
«Што тут за дзіўната? дзесяць разоў на дзень здараецца бачыць гэтае зелле; якое-ж тут дзіва? Ці не надумалася пасмяяцца д'ябальская храпа?»
Зірк — чырванее маленькая наквець і, як быццам жывая, рушыцца. Сапраўды, дзіўна! Рушыцца і робіцца ўсё больш, больш і чырванее, як гарачы вугаль. Успыхнула зорачка, нешта ціха затрашчала, і кветка разгарнулася перад яго вачыма, быццам полымя, асвятліўшы і іншыя каля сябе.
«Цяпер пара!» падумаў Пятро і працягнуў руку. Глядзіць, цягнуцца з-за яго сотні калматых рук таксама да кветкі, і ззаду яго нешта перабягае з месца на месца. Зажмурыўшы вочы, рвануў ён за сцяблінку, і кветка засталася ў яго руках. Усё сціхла. На пні паказаўся седзячы Басаўрук, увесь сіні, як мярцвяк. Хоць-бы паварушыў адным пальцам. Вочы нерухома ўтароплены на штосьці, бачнае яму аднаму толькі; рот на палавіну разяўлены, і ні гуку. Наўкол ні шурхне. Ух, страшна! Але вось пачуўся свіст, ад якога замлела ў Пятра ў сярэдзіне, і здалося яму, быццам трава зашумела, кветкі пачалі паміж сабою размаўляць галаском тоненькім, нібы срэбраныя званочкі; дрэвы загрымелі сыпучай лаянкай… Твар Басаўрука раптам ажыў; вочы бліснулі. «Насілу вярнулася, яга», прабурчэў ён праз зубы. «Глядзі, Пятро, стане перад табою зараз красуня: рабі ўсё, што ні загадае, а не — дык згінуў навек!» Тут раздзяліў ён сукаватым кіем куст цярніцы, і перад ім паказалася хацінка, як гаворыцца, на курыных ножках. Басаўрук ударыў кулаком, і сцяна захісталася. Вялікі чорны сабака выбег насустрач і з вішчаннем, перакінуўшыся кошкай, кінуўся ў вочы ім. «Не шалей, не шалей, старая чартоўка!» прагаварыў Басаўрук, прыправіўшы такім слоўцам, што добры чалавек і вушы-б заткнуў. Зірк, заместа кошкі, бабуля з тварам, зморшчаным, як печаны яблык, уся сагнутая ў дугу; нос з падбародкам быццам шчыпцы, якімі лушчаць арэхі. «Слаўная красуня!» падумаў Пятро, і мурашкі пайшлі па спіне яго. Вядзьмарка вырвала ў яго кветку з рук, нахілілася і штосьці доўга шаптала над ёй, пырскаючы нейкай вадою. Іскры пасыпаліся ў яе з рота; пена з'явілася на губах. «Кідай!» сказала яна, аддаючы кветку яму. Пятро падкінуў, і, што за цуд? кветка не ўпала проста, але доўга здавалася вогненнай галачкай сярод змроку і, быццам лодка, плавала па паветры; нарэшце, паціхеньку пачала апускацца ніжэй і ўпала так далёка, што ледзь прыкметна была зорачка, не больш за макавае зерне. «Тут!» глуха прахрыпела старая; а Басаўрук, падаючы яму рыдлёўку, прамовіў: «капай тут, Пятро. Тут убачыш ты столькі золата, колькі ні табе, ні Каржу не снілася». — Пятро, папляваўшы ў рукі, схапіў рыдлёўку, націснуў нагою і вывернуў зямлю; другі, трэці, яшчэ раз… штосьці цвёрдае!.. Рыдлёўка звініць і не ідзе далей. Тут вочы яго ясна пачалі распазнаваць невялікую, акутую жалезам, скрыню. Ужо ён хацеў быў дастаць яе рукою, але скрыня пачала паглыбляцца ў зямлю, і ўсё, чым далей, глыбей, глыбей; а ззаду яго чуўся рогат, больш падобны да змяінага шыпення. «Не, не бачыць табе золата, пакуль не дастанеш крыві чалавечай!» сказала вядзьмарка і падвяла да яго дзіця гадоў шасці, накрытае белым прасцірадлам, паказваючы знакам, каб ён адсек яму галаву. Укамянеў Пятро. Жарты, адрэзаць ні за што, ні пра што чалавеку галаву, ды яшчэ бязвіннаму дзіцяці. У гневе сарваў ён прасцірадла, што накрывала яго галаву, і што-ж? Перад ім стаяў Івась. І ручкі паскладала беднае дзіця накрыж; і галоўку павесіла… Як шалёны, падскочыў з нажом да вядзьмаркі Пятро і падняў ужо руку…
«А што ты абяцаў за дзяўчыну?..» грымнуў Басаўрук і быццам кулю пасадзіў яму ў спіну. Вядзьмарка тупнула нагою: сіняе полымя выхапілася з зямлі; сярэдзіна яе ўся асвятлілася і стала нібыта з крышталю вылітая; і ўсё, што ні было пад зямлёю, зрабілася відочным, як на далоні. Чырвонцы, дарагое каменне, у скрынях, у катлах, грудамі былі навалены пад тым самым месцам, дзе яны стаялі. Вочы яго загарэліся… розум крануўся… Як шалёны, ухапіўся ён за нож, і бязвінная кроў пырснула яму ў вочы. Д'ябальскі рогат загрымеў з усіх бакоў. Дзівосныя пачвары зграямі скакалі перад ім. Вядзьмарка, учапіўшыся рукамі за труп са ссечанай галавой, як воўк, піла з яго кроў… Усё пайшло наўкругі ў галаве яго! Сабраўшы ўсю сілу, кінуўся бегчы ён. Усё ўкрылася перад ім чырвоным святлом. Дрэвы ўсе ў крыві, здавалася, гарэлі і стагналі. Неба, распаліўшыся, дрыжэла… Вогненныя плямы, як маланкі, мітусіліся ў яго вачах. Выбіўшыся з сілы, убег ён у сваю хацінку і, як сноп, паваліўся на зямлю. Мёртвы сон ахапіў яго.
Два дні і дзве начы спаў Пятро не прачынаўшыся. Ачнуўшыся на трэці дзень, доўга аглядаў ён куткі свае хаты; але дарэмна тужыўся што-небудзь прыпомніць: памяць яго была, як кішэня старога скнары, з якога поўгроша не выманіш. Пацягнуўшыся крыху, пачуў ён, што ў нагах нешта бразнула. Глядзіць: два мяхі з золатам. Тут толькі, нібыта праз сон, успомніў ён, што шукаў нейкага скарба, што было яму аднаму страшна ў лесе. Але за якую цану, як прыдабыўся ён, гэтага ніякім чынам не мог зразумець.
Убачыў Корж мяхі і — разнежыўся: «Такі, гэтакі Пятрусь, нямазаны! ды ці-ж я не любіў яго? ды ці-ж не быў ён у мяне, як родны сын?» і панёс несусвеціцу, так што таго да слёз праняло. Дзіўна толькі здалося Підорцы, калі пачаў расказваць, як цыганы, што праходзілі міма, укралі Івася. Ён не мог нават успомніць твару яго, так абмарочыла праклятая чартоўшчына! Марудзіць не было патрэбы, паляку далі пад нос дулю, дый заварылі вяселле: напяклі шышак [29] нашылі ручнікоў і хустак [30] , выкацілі бочку гарэлкі; пасадзілі за стол маладых; разрэзалі каравай [31] ; трымкнулі ў бандуры, цымбалы, сапілкі, кобзы — і пайшла забава…
29
Невялікі хлеб, што робіцца на вяселлях. (Слоўн. Гогаля.)
30
Насавая хустачка. (Слоўн. Гогаля.)
31
Вясельны хлеб. (Слоўн. Гогаля.)
Даўней вяселле спраўлялася — не зраўняеш з цяперашнім. Цётка майго дзеда, бывала, раскажа — люлі толькі! Як дзяўчаты, у пышным галаўным уборы з жоўтых, сініх і ружовых стрычак [32] , паўзверх якіх навязваўся залаты галун, у тонкіх кашулях, вышытых па ўсім шве чырвоным шоўкам і ўнізаных дробнымі срэбранымі кветачкамі, у саф'янавых ботах на высокіх жалезных падковах, плаўна, нібы пава, і з шумам, як віхура, скакалі ў горліцы [33] . Як маладзіцы, з караблікам на галаве, верх якога ўвесь быў зроблены з сутазалатой парчы [34] , з невялікім выразам на патыліцы, з якога выглядаў залаты ачыпак, з двума вытыркаўшымі, адзін наперад, другі назад, ражкамі, самага дробнага чорнага смушка; у сініх, з лепшага паўтабенеку [35] , з чырвонымі клапанамі кунтушах, важна ўзяўшыся ў бакі, выступалі па адной і мерна выбівалі гапака. Як парубкі, у высокіх казацкіх шапках, у тонкіх суконных світках, зацягнутых шытымі срэбрам паясамі, з люлькамі ў зубах, спрытна пад'язджалі да іх і падпускалі турусы. Сам Корж не ўцярпеў, гледзячы на маладых, каб не ўспамянуць даўнейшага. З бандураю ў руках, пасмоктваючы люльку і разам падспеўваючы, з чаркаю на галаве, пусціўся старычына, пры гучным крыку гуляк, у прысядкі. Чаго не прыдумаюць, падпіўшы? Пачнуць, бывала, прыбірацца ў храпы, божа ты мой, да чалавека не падобны!
32
Істужкі.
33
Танец.
34
Срэбная з золатам.
35
Шаўковая тканіна. (Слоўн. Гогаля.)
Ужо не цяперашнія пераапрананні, што бываюць на вяселлях нашых. Што цяпер? толькі што корчаць цыганоў ды маскалёў. Не, вось, бывала, адзін апранецца жыдам, а другі чортам, пачнуць спярша цалавацца, а пасля схопяцца за чубы… Бог з вамі! Смех апануе такі, што за жывот хапаешся. Паапранаюцца ў турэцкае і татарскае адзенне, усё гарыць на іх, як жар… А як пачнуць дурэць ды строіць штукі… ну, тады хоць святых вынось. З цёткай пакойнага дзеда, якая сама была на гэтым вяселлі, здарылася пацешная гісторыя; была яна апранена тады ў шырокую татарскую сукенку, і з чаркаю ў руках частавала сход. Вось, аднаго падбіў нячысцік абкаціць яе ззаду гарэлкаю; другі, таксама, не даў маху, выкрасаў у тую-ж хвіліну агню, дый падпаліў… полымя шугнула, бедная цётка, перапалохаўшыся, давай скідаць з сябе, пры ўсіх, сукенку… Шум, рогат, мітусня ўзнялася, як на кірмашы. Словам, старыя не запомнілі ніколі яшчэ вясёлага такога вяселля.
Пачалі жыць Підорка ды Пятрусь, быццам пан з паняю. Усяго ўволю, усё блішчыць… Аднак-жа добрыя людзі ківалі крыху галовамі, гледзячы на жыццё іх. «Ад чорта не будзе дабра», пагаварвалі ўсе ў адзін голас. «Адкуль, як не ад спакушальніка народа праваслаўнага, прышло да яго багацце? Дзе яму было ўзяць такую кучу золата? Чаму, раптам, у той самы дзень, калі разбагацеў ён, Басаўрук згінуў, як у ваду?» — Гаварыце-ж, што людзі выдумляюць? Сапраўды-ж, не прайшло месяца, Петруся ніхто пазнаць не мог. Чаму, што з ім зрабілася, бог ведае. Сядзіць на адным месцы, і хоць-бы слова з кім. Усё думае і як быццам хоча нешта прыпомніць. Калі-ж Підорцы ўдасца прымусіць яго пра што-небудзь загаварыць, як быццам забудзецца і развесяліцца нават; але ненарокам паглядзіць на мяхі — «чакай, чакай, забыўся!» крычыць, і зноў задумаецца, і зноў тужыцца пра штосьці ўспомніць. Іншы раз, калі доўга сядзіць на адным месцы, здаецца яму, што вось-вось усё зноўку прыходзіць у думку… і зноў усё знікла. Здаецца: сядзіць у карчме; нясуць яму гарэлку, паліць яго гарэлка; прыкрыць яму гарэлка. Хтосьці падыходзіць, б'е па плячы яго… але далей усё як быццам туманам засцілаецца перад ім. Пот валіцца градам па твары яго, і ён у знямозе сядае на сваё месца.
Чаго ні рабіла Підорка, і раілася са знахарамі, і пярэпалах вылівалі і саняшніцу заварвалі [36] — нічога не дапамагала. Так прайшло і лета. Шмат казакаў адкасілася, шмат казакаў, якія былі разгульнейшыя за іншых, і ў паход пацягнулася. Чароды качак яшчэ тоўпіліся на балотах нашых; але крапівянак ужо і следу не было. У стэпах зачырванела. Сцірты хлеба то сям, то там, быццам казацкія шапкі, стракацелі на полі. Трапляліся на дарозе і вазы, наваленыя суччам і дрывамі. Зямля зрабілася тужэй і дзе-ні-дзе пачала прахватвацца марозам. Ужо і снег пачаў сеяцца з неба, і галлё дрэў прыбралася шэранню, быццам заячай футрай. Вось ужо ў ясны марозны дзень чырвонагруды снягур, быццам фарсісты польскі шляхціц, праходзіўся па снегавых кучах, выцягваючы зерне, і дзеці вялізнымі кіямі ганялі па лёдзе драўляныя кубары, тым часам як бацькі іх спакойна вылежваліся на печы, выходзячы часамі, з запаленай люлькай у зубах, злаяць па-людску праваслаўны маразок, або праветрыцца і памалаціць у сенцах залежанае збожжа. Нарэшце снягі пачалі раставаць, і шчупак хвастом лёд раскалоў, а Пятро ўсё таксама, і чым далей, тым яшчэ суровей. Нібыта прыкуты, сядзіць пасярод хаты, паставіўшы сабе ў ногі мяхі свае. Здзічэў; аброс валасамі; зрабіўся страшны; і ўсё думае пра адно, усё тужыцца прыпомніць нешта, і злуецца, і сярдуе, што не можа ўспомніць. Часта дзіка падымаецца з свайго месца, паводзіць рукамі, утароплівае ў штосьці вочы свае, як быццам хоча злавіць яго; губы варушацца, нібы хочуць вымавіць нейкае даўно забытае слова — і нерухома спыняюцца… Шаленства авалодвае ім, як вар'ят, грызе і кусае сабе рукі і з дакукі рве клоччам валасы, пакуль, суняўшыся, не ўпадзе, нібы ў забыцці, і пасля зноў пачынае прыпамінаць, і зноў шаленства і зноў мука. Што гэта за насланнё божае? Жыццё не ў жыццё зрабілася Підорцы. Страшна ёй было заставацца спярша адной у хаце; ды потым звыклася небарака з сваім горам. Але ранейшай Підоркі ўжо нельга было пазнаць. Ні румянца, ні ўсмешкі; знудзела, счахла, выплакаліся ясныя вочы. Раз, хтосьці ўжо, відаць, зжаліўся над ёю, параіў ісці да варажбіткі, якая жыла ў Мядзвежым яры і пра якую хадзіла слава, што ўмее лячыць усе на свеце хваробы. Адважылася папрабаваць апошні сродак; слова за слова, угаварыла старую ісці з сабою. Гэта было ўвечары, якраз напярэдадні Купала. Пятро ў непрытомнасці ляжаў на лаўцы і не заўважаў новай госці. Як вось, пакрысе, пачаў прыўздымацца і ўглядацца. Раптам увесь задрыжаў, як на пласе; валасы падняліся гарою… і ён засмяяўся такім рогатам, што страх урэзаўся ў Підорчына сэрца. «Успомніў, успомніў!» закрычаў ён у страшнай весялосці і, размахнуўшы тапор, пусціў ім на ўсю сілу ў старую. Тапор на два вяршкі ўбег у дубовыя дзверы. Старая знікла, і дзіця гадоў сямі, у белай кашулі, з пакрытаю галавою, стала пасярод хаты… Прасцірадла зляцела. «Івась!» закрычала Підорка і кінулася да яго; але здань уся, з ног да галавы, пакрылася крывёю і асвятліла ўсю хату чырвоным святлом. У спалоху выбегла яна ў сенцы; але, апомніўшыся крыху, хацела было дапамагчы яму; дарэмна! дзверы зачыніліся за ёю так моцна, што не пад сілу іх адамкнуць. Збегліся людзі; узяліся стукаць; высадзілі дзверы: хоць-бы душа адна. Уся хата поўна дыму, і пасярэдзіне толькі, дзе стаяў Пятрусь, куча попелу, ад якога мясцінамі ўздымалася яшчэ пара. Кінуліся да мяхоў: адны пабітыя чарапкі ляжалі замест чырвонцаў. Вылупіўшы вочы і разявіўшы раты, не смеючы паварушыць вусам, стаялі казакі, нібы ўкапаныя ў зямлю. Такі страх нагнала на іх гэтае дзіва.
36
Выліваюць пярэпалах у пас у выпадку перапуду, калі хочуць дазнацца, ад чаго здарыўся ён: кідаюць расплаўленае волава або воск у ваду і чыю набудуць яны падобнасць, тое самае і спужала хворага; пасля чаго і ўвесь пярэпалах праходзіць. Заварваюць саняшніцу, калі мутарыць і баліць жывот. Для гэтага запальваюць кавалак пянькі, кідаюць у конаўку і перакульваюць яе дагары дном у міску, напоўненую вадой і пастаўленую на жываце хворага; пасля, пашаптаўшы, даюць яму выпіць лыжку гэтай самай вады. (Заўвага Гогаля.)