Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вечары на хутары ля Дзіканькі

Гогаль Мікалай

Шрифт:

«Ну, Афанасій Іванавіч, мы папаліся з вамі; народу стукаецца куча, і мне здаўся кумаў голас…»

Варэнік спыніўся ў горле паповіча… Вочы яго вылупіліся, нібыта які-небудзь выхадзец з таго свету толькі што зрабіў яму перад гэтым візіт свой.

«Лезьце сюды!» крычала спалоханая Хіўра, паказваючы на пакладзеныя пад самай столлю на двух перакладзінах дошкі, на якіх былі навалены розныя хатнія манаткі.

Небяспека дадала духу нашаму герою. Апамятаўшыся крыху, ускочыў ён на ляжанку і палез адтуль асцярожна на дошкі. А Хіўра пабегла без памяці да варот, бо грукат у іх паўтараўся з большай сілай і нецярплівасцю.

VII

Да тут чудасія, мосьпане!

З маларас. камедыі

На кірмашы адбылося дзіўнае здарэнне: усё напоўнілася чуткамі, што дзесьці паміж таварам паказалася чырвоная світка. Бабульцы, што прадавала абаранкі, здаўся шайтан, ва ўбранні жахлівае свінні, які безупынна нахіляўся над вазамі, нібыта нечага шукаючы. Гэта хутка разнеслася па ўсіх кутках ужо сціхшага табара; і ўсе лічылі за злачынства не верыць, не зважаючы на тое, што прадаўшчыца абаранкаў, рухомая крама якой была поруч з яткаю карчмаркі, раскланьвалася ўвесь дзень без патрэбы і пісала нагамі штосьці зусім падобнае да свайго панаднага тавару. Да гэтага дадаліся перабольшаныя весткі аб цудзе, бачаным валасным пісарам у разбураным хляве, так што пад ноч усе цясней ціснуліся адзін да аднаго; супакой парушыўся, і страх перашкаджаў кожнаму змружыць вочы свае; а тыя, што былі не зусім з адважнага дзесятка і мелі прыстанішча ў хатах, падаліся дамоў. Да ліку апошніх належаў і Чаравік з кумам і дачкою; яны разам з гасцямі, якія панапрошваліся да іх у хату, нарабілі моцнага грукату, што так напалохаў нашу Хіўру. Кума ўжо крыху разабрала. Гэта можна было бачыць з таго, што ён два разы праехаў з сваім возам па дварэ, пакуль знайшоў хату. Госці таксама былі ў вясёлым настроі і без цырамоніі ўвайшлі раней за самога гаспадара. Супруга нашага Чаравіка сядзела, як на іголках, калі пачалі яны шныпарыць па ўсіх кутках хаты.

«Што, кума?», закрычаў увайшоўшы кум: «цябе ўсё яшчэ калоціць трасца?»

«Так, нядужыцца», адказала Хіўра, неспакойна паглядаючы на накладзеныя пад столлю дошкі.

«А ну, жонка, дастань там у возе баклажку!» казаў кум прыехаўшай з ім жонцы: «Мы чарпанём яе з добрымі людзьмі; а то праклятыя бабы панапалохалі нас так, што і сказаць брыдка. А мы-ж, дальбог, браткі, праз глупства прыехалі сюды!» гаварыў ён, сёрбаючы з глінянай конаўкі. «Я тут-жа стаўляю новую шапку, калі бабы не надумаліся пасмяяцца з нас. Ды хоць-бы і сапраўды шайтан! — Што шайтан? Плюйце яму на галаву! Хоць-бы ў гэты-ж момант надумаўся ён стаць вось тут, напрыклад, перада мною: будзь я сабачы сын, калі не паднёс-бы яму дулю пад самы нос!»

«А чаго-ж ты раптам збялеў увесь!» закрычаў адзін з гасцей, які перавышаў усіх галавою і стараўся заўжды выказваць з сябе храбраца.

«Я… Гасподзь з вамі! прыснілася?»

Госці ўсміхнуліся. Здаволеная ўсмешка з'явілася на твары высокага банматыста-храбраца.

«Куды яму цяпер бялець!» падхапіў другі: «шчокі ў яго расцвілі, як мак; цяпер ён не Цыбуля, а бурак — або лепей, як тая чырвоная світка, што так ужо напалохала людзей».

Баклажка пракацілася па стале і зрабіла гасцей яшчэ весялейшымі, чым раней. Тут Чаравік наш, якога даўно ўжо мучыла чырвоная світка і не давала ні на хвіліну спакою цікаўнаму яго духу, прыступіў да кума.

«Скажы, будзь ласкаў, кум! вось прашуся ды не дапрашуся гісторыі пра гэту праклятую світку».

«Э, кум! яно-б і не варта расказваць нанач; ды хіба ўжо, каб дагадзіць табе і добрым людзям (пры гэтым звярнуўся ён да гасцей), якім, я заўважаю, столькі-ж, як і табе, хочацца даведацца пра гэтую дзіковіну. Ну, няхай будзе так. Слухайце-ж!»

Тут ён пачухаў плечы, уцёрся крысом, паклаў абедзве рукі на стол і пачаў:

«Аднойчы, за якую віну, дальбог, ужо і не ведаю, толькі выгналі аднаго чорта з пекла!»

«Як-жа, кум?» перапыніў Чаравік: «як-жа магло здарыцца, каб чорта выгналі з пекла?»

«Што-ж рабіць, кум, выгналі дый выгналі, як сабаку мужык выганяе з хаты. Можа, на яго напала дурная ахвота зрабіць якую-небудзь добрую справу, ну, і паказалі дзверы. Вось, чорту беднаму так зрабілася нудна, так нудна без пекла, што хоць да пятлі. Што рабіць? Давай з гора п'янстваваць. Угняздзіўся ў тым самым хляве, які, ты бачыў, разваліўся пад гарою і паўз які ніводзін добры чалавек не пройдзе цяпер, не засцярогшы сябе спачатку крыжам святым, і стаў чорт такі гуляка, якога не знойдзеш паміж парубкамі. З раніцы да вечара адна справа, што сядзіць у карчме!..»

Тут ізноў строгі Чаравік перапыніў апавядальніка.

«Бог ведае, што гаворыш ты, кум! Як можна, каб чорта ўпусціў хто-небудзь у карчму: у яго-ж ёсць, дзякуй богу, і кіпцюры на лапах і рожкі на галаве».

«Вось тут і штука, што на ім была шапка і рукавіцы. Хто яго пазнае? Гуляў, гуляў — нарэшце, дайшло да таго, што прапіў усё, што меў з сабою. Карчмар доўга верыў, пасля і перастаў. Давялося чорту пакінуць у заставу чырвоную світку сваю, ледзь не за трацяк цаны, жыду, які карчмарыў тады на Сарачынскім кірмашы; пакінуў і кажа яму: глядзі, жыд, я прыду да цябе па світку роўна цераз год: беражы яе! і знік, як быццам у ваду. Жыд разгледзеў добра світку; сукно такое, што і ў Міргарадзе не дастанеш! а чырвоны колер гарыць, як агонь, так што не наглядзеўся-б! Вось жыду здалося нудным чакаць тэрміну. Пачухаў сабе пейсікі, дый злупіў з нейкага прыезджага пана амаль пяць чырвонцаў. Пра тэрмін жыд і забыўся быў зусім. Дык вось аднойчы, пад вечар, прыходзіць нейкі чалавек: „ну, жыд, аддавай світку маю!“ Жыд спачатку быў і не пазнаў, а пасля, як разглядзеў, дык і прыкінуўся, быццам у вочы не бачыў: „якую світку? у мяне няма ніякае світкі! я ведаць не ведаю твае світкі!“ Той, зірк і пайшоў; толькі пад вечар, калі жыд, замкнуўшы сваю будку і пералічыўшы па скрынях грошы, накінуў на сябе прасцірадла і пачаў па-жыдоўску маліцца богу — чуе шорхат… зірк — ва ўсіх вокнах павыстаўляліся свіныя лычы…»

Тут сапраўды пачуўся нейкі невыразны гук, вельмі падобны да рохкання свінні; усе збялелі… Пот выступіў на твары апавядальніка.

«Што?» прамовіў у спалоху Чаравік.

«Нічога!» адказаў кум, калоцячыся ўсім целам.

«Ась!» абазваўся адзін з гасцей.

«Ты сказаў»…

«Не!»

«Хто-ж гэта рохкнуў?»

«Бог ведае, чаго гэта мы перапалохаліся! нікога няма!»

Усе баязліва сталі азірацца наўкол і пачалі шныпарыць па кутках. Хіўра была ні жывая, ні мёртвая. «Эх вы, бабы, бабы!» прамовіла яна ўголас: «ці вам-жа казакаваць і быць мужамі! вам-бы верацёны ў рукі, ды пасадзіць за грэбень! адзін хто-небудзь, можа, даруй божа… Пад кім-небудзь лаўка зарыпела, а ўсе і кінуліся, як шалёныя!»

Гэта ўвагнала ў сорам нашых храбрацоў і прымусіла іх падбадзёрыцца; кум сербануў з конаўкі і пачаў расказваць далей: «Жыд умлеў; аднак-жа свінні на нагах, доўгіх, як хадулі, паўлазілі ў вокны і ў момант ажывілі яго плеценымі трайчаткамі [16] , прымусіўшы яго скакаць вышэй гэтай бэлькі. Жыд у ногі, прызнаўся ва ўсім… Толькі світку нельга было ўжо вярнуць хутка. Пана абакраў на дарозе нейкі цыган і прадаў світку перакупцы; тая прывезла яе зноў на Сарачынскі кірмаш, але з таго часу ніхто нічога не купляў у яе. Перакупка дзівілася, дзівілася, нарэшце, скеміла: пэўна, віною ўсяму чырвоная світка. Нездарма заўсёды, калі надумвалася яна апранаць, адчувала, што яе ўсё душыць нешта. Не думаючы, не гадаючы доўга, кінула ў агонь — не гарыць чартоўскае адзенне. Э, ды гэта чортаў падарунак! Перакупка ўмудрылася і падсунула ў воз аднаму мужыку, які вывез прадаваць масла. Дурань і ўзрадаваўся: толькі масла ніхто і пытаць не хоча. Эх, нядобрыя рукі падкінулі світку! Схапіў сякеру і пасек яе на кавалкі; зірк — і лезе адзін кавалак да другога, і зноў цэлая світка. Перахрысціўшыся, хапіў сякераю другі раз, кавалкі раскідаў па ўсім месцы і паехаў. Толькі з той пары кожны год, і якраз у часе кірмаша, чорт з свіною лічынаю ходзіць па ўсёй плошчы, рохкае і падбірае кавалкі свае світкі. Цяпер, кажуць, аднаго толькі левага рукава нестае яму. Людзі з тае пары адхрышчваюцца ад таго месца, і вось ужо будзе гадоў з дзесятак, як не было на ім кірмаша. Ды собіла-ж нялёгкая цяпер засядацеля а…»

16

Трайны гарапнік. (Слоўн. Гогаля.)

Другая палавіна слова замерла на вуснах апавядальніка…

Акно бразнула з шумам; шкло са звонам вылецела прэч, і страшны свіны лыч выставіўся, паводзячы вачыма, як быццам пытаючыся: а што вы тут робіце, добрыя людзі?

VIII

…Пиджав хвист, мов собака,

Мов Каин затрусывсь увесь;

Из носа потекла табака.

Катляраўскі. Энеіда

Жудасць скавала ўсіх, што былі ў хаце. Кум з разяўленым ротам ператварыўся ў камень. Вочы яго вылупіліся, як быццам хацелі стрэліць; расстаўленыя пальцы спыніліся ў сударгавай нерухомасці ў паветры. Высокі храбрэц, у неадольным страху, падскочыў пад столь і ўдарыўся галавою аб перакладзіну; дошкі пасунуліся, і паповіч з громам і трэскам паляцеў на зямлю. «Ай! ай! ай!» крычаў адзін, паваліўшыся на лаўцы, матляючы ў жаху рукамі і нагамі. «Ратуйце!» гарланіў другі ў адчаі, захінуўшыся кажухом.

Кум, выведзены з свае скамянеласці паўторным перапудам, папоўз у курчах пад падол свае супругі. Высокі храбрэц палез у печ, не зважаючы на вузкі чалеснік, і сам засунуў сябе засланкай. А Чаравік, як быццам абліты гарачым кіпнем, схапіўшы на галаву гаршчок, заместа шапкі, кінуўся ў дзверы і, як шалёны, бег па вуліцах, не бачачы зямлі пад сабою; адна змора толькі прымусіла яго зменшыць крыху хуткасць бегу. Сэрца яго калацілася, як млыновая ступа, пот ліў градам. У знямозе гатоў ужо быў ён упасці на зямлю, як раптам пачулася яму, што ззаду хтосьці гоніцца за ім… Духі яму заняло.

Поделиться с друзьями: