Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
Што было далей, не ўспомню. Підорка дала абяцанне ісці на багамолле; сабрала маёмасць, што засталася пасля бацькі, і праз некалькі дзён яе сапраўды не было ў сяле. Куды пайшла яна, ніхто не мог сказаць. Падслужлівыя бабулі адправілі было яе туды, куды і Пятро пацягнуўся; ды аднойчы прыехаўшы з Кіева казак расказаў, што бачыў у лаўры манахіню, якая ўся высахла, як шкілет, і безупынна малілася; у ёй землякі, па ўсіх прыкметах, пазналі Підорку; што яшчэ ніхто не чуў ад яе ніводнага слова; што прышла яна пешкі і прынесла аклад на абраз божае маці, аздоблены такімі яркімі каменнямі, што ўсе зажмурыліся, пазіраючы на яго.
Дазвольце, гэтым яшчэ не ўсё скончылася. У той самы дзень, калі нячысцік прыбраў да сябе Петруся, з'явіўся зноў Басаўрук; толькі ўсе бягом ад яго. Дазналіся, што гэта за птушка: ні хто іншы, як шайтан, прыняўшы чалавечае аблічча для таго, каб адкопваць скарбы; а як скарбы не даюцца нячыстым рукам, дык вось ён і прываблівае да сябе малайцоў. Таго-ж года ўсе пакідалі зямлянкі свае і перабраліся ў сяло; але і там аднак-жа не было спакою ад праклятага Басаўрука. Цётка нябожчыка дзеда казала, што іменна злаваў ён больш за ўсіх на яе, за тое, што пакінула ранейшую карчму на Апошнянскай дарозе, і на ўсю сілу намагаўся выпамсціць усё на ёй. Аднойчы старшыны сяла сабраліся ў карчму і, як гаворыцца, бяседавалі па чынах за сталом, пасярэдзіне якога пастаўлены быў, грэх сказаць, смажаны баран. Дзейкалі пра тое і пра гэта, было і пра дзівы розныя, і пра цуды. Вось і прыбачылася, яшчэ-б нічога, калі-б аднаму, а то іменна ўсім, што баран падняў галаву, блукаючыя вочы яго ажывіліся і засвяціліся і чорныя шчаціністыя вусы, што з'явіліся ўмомант, значна заміргалі на прысутных. Усе адразу пазналі на баранавай галаве храпу Басаўрука; цётка дзеда майго нават думала ўжо, што вось-вось папросіць гарэлкі… Пачэсныя старшыны за шапкі, ды хутчэй дахаты. Другі раз сам царкоўны стараста, які любіў часамі паразмаўляць сам-на-сам з дзедаўскаю чаркай, не паспеў яшчэ разы два дастаць дна, як бачыць, што чарка кланяецца яму ў пояс. Чорт з табой! давай хрысціцца! А тут з палавінаю яго таксама дзіва: толькі што пачала яна замешваць цеста ў вялізнай дзяжы, раптам дзяжа выскачыла. «Стой, стой!» Куды! узяўшыся важна ў бакі, пусцілася ў прысядкі па ўсёй хаце… Смейцеся; аднак-жа не да смеху было нашым дзядам. І дарма, што айцец Афанасій хадзіў па ўсім сяле са святою вадою і ганяў чорта крапілам па ўсіх вуліцах, а ўсё яшчэ цётка нябожчыка дзеда доўга скардзілася, што нехта, як толькі вечар, стукае па даху і драпаецца па сцяне.
Ды чаго! Вось цяпер на гэтым самым месцы, дзе стаіць сяло наша, здаецца, усё спакойна; а яшчэ-ж не гэтак даўно, яшчэ нябожчык бацька мой і я запомню, як паўз разбураную карчму, Якую нячыстае племя доўга пасля таго падладжвала на свой кошт, добраму чалавеку прайсці нельга было. З закурэлага коміна слупам валіўся дым і, падняўшыся высока, так, што паглядзець — шапка скідалася, рассыпаўся гарачым вугаллем па ўсім стэпе, і чорт, не варта-б і ўспамінаць яго, сабачага сына, так усхліпваў жаласна ў сваёй будцы, што спалоханыя гайвароны чародамі ўздымаліся з бліжняга дубовага лесу і з дзікім крыкам кідаліся па небе.
Майская ноч, або тапельніца
Враг его батька знае! начнуть що небудь робыть люды хрещены, то мурдуютця, мурдуютця, мов хорты за зайцем, а все щось не до шмыгу; тилькы ж куды чорт уплетецця, то верть хвостыком — так де воно й возмецця ниначе з неба.
I. Ганна
Звонкая песня лілася ракою па вуліцах сяла ***. Быў той час, калі стомленыя дзённай працаю і турботамі парубкі і дзяўчаты шумна збіраліся ў кола, у бляску чыстага вечара, выліваць сваю весялосць у гукі, заўжды неразлучныя са смуткам. І вечар, вечна задуманы, лятуценна абдымаў сіняе неба, ператвараючы ўсё ў невызначанасць і далечыню. Ужо і змярканне; а песні ўсё не сціхалі. З бандурай у руках, прабіраўся ўцёкшы ад спевакоў малады казак Леўка, сын сельскага галавы. На казаку рашацілаўская шапка. Казак ідзе па вуліцы, трымкае рукою па струнах і падтанцоўвае. Вось ён ціха спыніўся перад дзвярыма хаты, абстаўленай невысокімі вішнёвымі дрэвамі. Чыя-ж гэта хата? чые-ж гэта дзверы? Крыху памаўчаўшы, зайграў ён і заспяваў:
Солнце нызенько, вечер блызенько, Выйды до мене, мое серденько!«Не, відаць, моцна заснула мая яснавокая красуня», сказаў казак, скончыўшы песню і набліжаючыся да акна: «Галю, Галю! ты спіш, ці не хочаш да мяне выйсці? Ты баішся, напэўна, каб нас хто не ўбачыў, ці не хочаш, можа, паказаць белы тварык на холад! Не бойся: нікога няма. Вечар цёплы. Але каб і паказаўся хто, я захіну цябе світкаю, абматаю сваім поясам, затулю рукамі цябе — і ніхто нас не ўбачыць. Але каб і павеяла холадам, я прыцісну цябе бліжэй да сэрца, адагрэю пацалункамі, надзену шапку сваю на твае беленькія ножкі. Сэрца маё, рыбка мая, каралі мае! выглянь на момант. Прасунь цераз акенца хоць белую ручку сваю… Не, ты не спіш, гордая дзяўчына!» прамовіў ён мацней і такім голасам, якім выказвае сябе той, хто засароміўся імгненнага прыніжэння: «табе да спадобы здзеквацца з мяне, бывай!»
Тут ён адвярнуўся, насунуў набакір сваю шапку і горда адышоў ад акенца, ціха перабіраючы струны бандуры. Драўляная ручка дзвярэй у гэты час закруцілася: дзверы расчыніліся з рыпам, і дзяўчына на пары семнаццатай вясны, апавітая змярканнем, нясмела аглядаючыся і не выпускаючы драўлянае ручкі, пераступіла цераз парог. У поўясным змроку гарэлі прыветна, быццам зорачкі, ясныя вочы; блішчала чырвонае каралевае маніста, і ад арліных вачэй парубка не магла ўтаіцца нават чырвань, што сарамліва ўспыхнула на шчоках яе.
«Які-ж ты нецярплівы!» казала яна яму напоўголаса. «Ужо і засердаваў! Нашто-ж абраў ты гэтакі час: натоўп народа швэндаецца безупынку па вуліцах… Я ўся дрыжу…»
«О, не дрыжы, мая чырвоная каліначка! Прыцісніся да мяне мацней!» гаварыў парубак, абдымаючы яе, адкінуўшы бандуру, якая вісела на даўгім рэмені ў яго на шыі, і сядаючы разам з ёю каля дзвярэй хаты. «Ты ведаеш, што мне і гадзіну не бачыць цябе горка».
«Ці ведаеш, што я думаю?» перапыніла дзяўчына, задуменна ўтаропіўшы ў яго свае вочы. «Мне ўсё штосьці быццам на вуха шэпча, што надалей нам не бачыцца гэтак часта. Нядобрыя ў вас людзі: дзяўчаты ўсе глядзяць так зайздросліва, а парубкі… Я прыкмячаю нават, што маці мая з нядаўняга часу пачала суровей прыглядаць за мною. Прызнаюся, мне весялей у чужых было».
Нейкі рух тугі выразіўся на твары яе пры апошніх словах.
«Два месяцы толькі ў роднай старане і ўжо занудзілася! Можа, і я надакучыў табе?»
«О, ты мне не надакучыў», прамовіла яна, усміхнуўшыся. «Я цябе кахаю, чорнабровы казак! За тое кахаю, што ў цябе карыя вочы, і як паглядзіш ты імі — у мяне як быццам на душы ўсміхаецца: і весела, і добра ёй; што прыветліва маргаеш ты чорным вусам сваім; што ты ідзеш па вуліцы, спяваеш і іграеш на бандуры, і ўсцешна слухаць цябе».
«О, мая любая дзяўчына!» ускрыкнуў парубак, цалуючы і прыціскаючы яе мацней да грудзей сваіх.
«Чакай! годзе, Леўка! — скажы спачатку, ці гаварыў ты з бацькам сваім?»
«Што?» сказаў ён, быццам прачнуўшыся. «Так, што я хачу ажаніцца, а ты выйсці за мяне замуж — гаварыў». Але неяк смутна загучала ў вуснах яго гэтае слова: гаварыў.
«І што-ж?»
«Што будзеш рабіць з ім? Прыкінуўся стары хрэн па свайму звычаю глухім: нічога не чуе і яшчэ лае, што швэндаюся бог ведае дзе, свавольнічаю і дурэю з хлопцамі па вуліцах. Але не тужы, мая Галю! Вось табе слова казацкае, што ўламаю яго».
«Ды табе толькі варта, Леўка, слова сказаць — і ўсё будзе па-твойму. Я ведаю гэта па сабе: іншы раз не паслухала-б цябе, а скажаш слова — і міжволі раблю, што табе хочацца. Паглядзі, паглядзі!» гаварыла яна далей, палажыўшы галаву яму на плячо і падняўшы вочы ўгару, дзе неабдымна сінела цёплае ўкраінскае неба, завешанае знізу кучаравымі галінамі стаяўшых перад імі вішань. «Паглядзі, вунь-вунь далёка мільгнулі зорачкі: адна, другая, трэцяя, чацвертая, пятая… Ці не праўда, гэта-ж анёлы божыя паадчынялі акенцы сваіх светлых дамочкаў на небе і глядзяць на нас? Так, Леўка? Гэта-ж яны глядзяць на нашу зямлю? Што, калі-б у людзей было крылле, як у птушак — туды-б паляцець, высока, высока… Ух, страшна! Ніводзін дуб у нас не дастане да неба. А кажуць, аднак-жа, ёсць дзесьці, у нейкай далёкай зямлі, такое дрэва, якое шуміць верхавінаю ў самым небе, і бог сыходзіць па ім на зямлю ўначы перад светлым святам».
«Не, Галю; у бога ёсць доўгая лесвіца ад неба да самай зямлі. Яе стаўляюць перад Вялікаднем святыя архангелы; і як толькі бог ступіць на першую прыступку, усе нячыстыя духі паляцяць стрымгалоў і кучамі пападаюць у пекла, і таму на Хрыстова свята ніводнага злога духа не бывае на зямлі».
«Як ціха гойдаецца вада, быццам дзіця ў калысцы!» казала далей Ганна, паказваючы на сажалку, панура абстаўленую цёмным кляновым лесам і аплаканую вербамі, якія паўтоплівалі ў ёй тужлівае сваё вецце. Як бяссільны стары, трымаў ён у сваіх халодных абдымках далёкае, цёмнае неба, абсыпаючы ледзянымі пацалункамі вогненныя зоры, якія цьмяна луналі сярод цёплага начнога паветра, як-бы прадчуваючы хуткае з'яўленне бліскучага цара ночы. Каля лесу, на гары, дрымаў з зачыненымі акяніцамі стары драўляны дом; мох і дзікая трава пакрывалі яго дах; кучаравыя яблыні разрасліся пад яго вокнамі; лес, абдымаючы сваім ценем, кідаў на яго дзікую змрочнасць; арэхавы гай слаўся каля падножжа яго і скочваўся да сажалкі.