Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вечары на хутары ля Дзіканькі

Гогаль Мікалай

Шрифт:

«Яго выпусціў хто-небудзь, мой любы муж?» прамовіла яна, калоцячыся.

«Выпусціў, праўда твая; але выпусціў чорт. Паглядзі, замест яго, бервяно закута ў жалеза. Зрабіў-жа бог так, што чорт не баіцца казачых лап! Калі-б толькі думу пра гэта трымаў у галаве хоць адзін з маіх казакаў, і я-б даведаўся… я-б яму і кары не знайшоў!»

«А калі-б я?..» міжволі вымавіла Кацярына і спалохаўшыся спынілася.

«Калі-б ты надумалася, тады-б ты не жонка мне была. Я-б цябе зашыў тады ў мех і ўтапіў-бы на самай сярэдзіне Дняпра!..»

Духі заняло Кацярыне, і ёй здавалася, што валасы пачалі адлучацца на галаве яе.

VIII

На пагранічнай дарозе, у карчме, сабраліся ляхі і балююць ужо два дні. Штосьці не мала ўсяе сволачы. Сышліся, пэўна, на які-небудзь наезд: у некаторых і мушкеты ёсць; чокаюць шпоры, бразгаюць шаблі. Паны весяляцца і пахваляюцца, гавораць пра незвычайныя справы свае, надсміхаюцца з праваслаўя, завуць народ украінскі сваімі парабкамі, і важна круцяць вусы, і важна, задраўшы галовы, развальваюцца на лаўках. З імі і ксёндз разам. Толькі і ксёндз на іхні ўзор; і з выгляду нават не падобен да хрысціянскага папа. П'е і гуляе з імі і гаворыць паганым языком сваім брыдкія словы. Нічым не адстае ад іх і чэлядзь: пазакідалі назад рукавы абшарпаных жупанаў сваіх і ходзяць козырам, як быццам-бы што людскае. Гуляюць у карты, б'юць адзін аднаго картамі па насах. Набралі з сабою чужых жонак. Крык, бойка!.. Паны шалеюць і адпускаюць штукі: хапаюць за бараду жыда, малююць яму на нечасцівым ілбе крыж; страляюць у баб халастымі набоямі і танцуюць кракавяк з нечасцівым папом сваім. Не было такой спакусы на рускай зямлі і ад татар. Відаць ужо бог прызначыў ёй за грахі цярпець такое ганьбаванне. Чутно паміж агульным садомам, што гавораць пра задняпроўскі хутар пана Данілы, пра красуню жонку яго… Не на добрую справу сабралася гэтая зграя!

IX

Сядзіць пан Даніла за сталом у сваёй святліцы, падпёршыся локцем, і думае. Сядзіць на ляжанцы пані Кацярына і пяе песню.

«Штосьці сумна мне, жонка мая!» сказаў пан Даніла. «І галава баліць у мяне, і сэрца баліць. Неяк цяжка мне! Відаць дзесьці недалёка ўжо ходзіць смерць мая».

«О, мой ненаглядны муж! прыхіліся да мяне галавою сваёю! Навошта песціш ты ў сабе такія чорныя думы», падумала Кацярына, але не адважылася сказаць. Горка ёй было, вінаватай галаве, прымаць мужавы пяшчоты.

«Слухай, жонка мая!» сказаў Даніла: «Не пакідай сына, калі мяне не будзе. Не будзе табе ад бога шчасця, калі ты кінеш яго, ні ў тым, ні ў гэтым свеце. Цяжка будзе гнісці маім касцям у сырой зямлі; а яшчэ цяжэй будзе душы маёй».

«Што гаворыш ты, муж мой! ці не ты здзекваўся з нас, слабых жанок? а цяпер сам гаворыш, як слабая жанчына. Табе яшчэ доўга трэба жыць».

«Не, Кацярына, чуе душа блізкую смерць. Нешта сумна робіцца на свеце. Часы ліхія прыходзяць. Ох, помню, помню я гады; ім, пэўна, не вярнуцца! Ён быў яшчэ жывы, гонар і слава нашага войска, стары Канашэвіч! як быццам перад вачыма маімі праходзяць цяпер казацкія палкі! — Гэта быў залаты час, Кацярына! стары гетман сядзеў на вараным кані. Блішчала ў руцэ булава; наўкол сердзюкі [71] ; па баках варушылася чырвонае мора запарожцаў. Пачаў гаварыць гетман — і ўсё стала, як укопанае. Заплакаў дзядуля, як пачаў успамінаць нам колішнія справы і сечы. Эх, калі-б ты ведала, Кацярына, як рэзаліся мы тады з туркамі. На галаве маёй відзён і дагэтуль пісаг. Чатыры кулі праляцелі ў чатырох месцах праз мяне. І ніводная з ран не загаілася зусім. Колькі мы тады набралі золата! Дарагія каменні шапкамі чэрпалі казакі. Якіх коней, Кацярына, калі-б ты ведала, якіх коней мы тады нагналі. Ох, не ваяваць мне ўжо гэтак! Здаецца, і не стары, і целам бадзёры; а меч казацкі вывальваецца з рук, жыву без справы, і сам не ведаю, дзеля чаго жыву. Парадку няма на Украіне: палкоўнікі і есаулы грызуцца, як сабакі, паміж сабою. Няма старэйшай галавы над усімі. Шляхецтва наша ўсё перамяніла на польскі звычай, пераняла падступнасць… прадало душу, прыняўшы унію. Жыдоўства прыгнечвае бедны народ. О, час! час! прамінуўшы час! куды вы падзеліся, леты мае? Ідзі, хлопча, у падвал, прынясі мне кухаль мёду! Вып'ю за калішнюю долю і за даўнія гады!»

71

Асабовая варта.

«Чым будзем прымаць гасцей, пан? з лугавога боку ідуць ляхі!» сказаў, увайшоўшы ў хату, Стэцько.

«Ведаю, дзеля чаго ідуць яны», вымавіў Даніла, уздымаючыся з месца. «Сядлайце, мае верныя слугі, коней! надзявайце збрую! шаблі нагала! не забудзьцеся набраць і свінцовага талакна. З пашанай трэба сустрэць гасцей!»

Але яшчэ не паспелі казакі сесці на коней і зарадзіць мушкеты, а ўжо ляхі, быццам лісце, апаўшае ўвосень з дрэва на зямлю, усеялі сабою гару.

«Э, ды тут ёсць з кім палічыцца!» сказаў Даніла, паглядаючы на таўстых паноў, якія важна гайдаліся наперадзе на конях, у залатой збруі. «Відаць яшчэ раз давядзецца нам пагуляць на славу! Нацешся-ж, казацкая душа, апошні раз! Гуляйце, хлопцы, прышло наша свята!»

І пайшла па гарах пацеха. І забаляваў баль: гуляюць мечы; лётаюць кулі; іржуць і тупочуць коні. Ад крыку шалее галава; ад дыму слепнуць вочы. Усё перамяшалася. Але казак адчувае, дзе сябра, дзе вораг; ці прашуміць куля — валіцца заўзяты яздок з каня; свісне шабля — коціцца па зямлі галава, мармычучы языком бязладныя словы.

Але відзён у натоўпе чырвоны верх казацкай шапкі пана Данілы; мігціць у вачах залаты пояс на сінім жупане; віхурай віецца грыва варанога каня. Як птушка, мільгае ён там і там; пакрыквае і махае дамаскай шабляй і сячэ з правага і левага пляча. Сячы, казак! гуляй, казак! усцешвай малайцоўскае сэрца; але не заглядайся на залатыя збруі і жупаны! тапчы пад ногі золата і каменні! Калі, казак! гуляй, казак! але азірніся назад: нечасцівыя ляхі запальваюць ужо хаты і гоняць напалоханую худобу. І, як віхор, павярнуў пан Даніла назад, і шапка з чырвоным верхам мільгае ўжо каля хат, і радзее вакол яго натоўп.

Не гадзіну, не другую б'юцца ляхі і казакі. Не шмат робіцца тых і другіх. Але не зморваецца пан Даніла: збівае з сядла даўгою дзідай сваёю, топча хвацкім канём пешых. Ужо ачышчаецца двор, пачалі ўжо разбягацца ляхі; ужо абдзіраюць казакі з забітых залатыя жупаны і багатую збрую; ужо збіраецца пан Даніла ў пагоню, і зірнуў, каб склікаць сваіх… і ўвесь закіпеў ад лютасці: паўстаў перад ім Кацярынін бацька. Вось ён стаіць на гары і мерыцца ў яго з мушкета. Даніла пагнаў каня проста да яго… Казак, на пагібель ідзеш!.. Мушкет грыміць — і чараўнік згінуў за гарою. Толькі верны Стэцько бачыў, як мільгнула чырвонае адзенне і дзівосная шапка. Захістаўся казак і ўпаў на зямлю. Кінуўся верны Стэцько да свайго пана — ляжыць пан яго, працягнуўшыся на зямлі і заплюшчыўшы ясныя вочы. Пунсовая кроў закіпела на грудзях. Але, відаць, учуў вернага слугу свайго. Ціха прыўзняў павекі, бліснуў вачамі: «Бывай, Стэцько! скажы Кацярыне, каб не пакідала сына! Не пакідайце і вы яго, мае верныя слугі!» І заціх. Вылецела казацкая душа з дваранскага цела; пасінелі вусны. Спіць казак неабудна.

Зарыдаў верны слуга і махае рукою Кацярыне: «Ідзі, пані, ідзі; падгуляў твой пан. Ляжыць ён п'яным-п'яны на сырой зямлі. Доўга не працверазіцца яму!»

Спляснула рукамі Кацярына і павалілася, як сноп, на мёртвае цела. «Муж мой, ці ты ляжыш тут, заплюшчыўшы вочы? Устань, мой ненаглядны сакол, працягні ручку сваю! Прыўздыміся! зірні хоць раз на тваю Кацярыну, паварушы вуснамі, вымаў хоць адно слоўца!.. Але ты маўчыш, ты маўчыш, мой ясны пан! Ты пасінеў, як чорнае мора. Сэрца тваё не б'ецца! Чаму ты такі халодны, мой пан? відаць не гаручыя мае слёзы, не пад сілу ім сагрэць цябе. Відаць не гучны мой плач, не абудзіць ім цябе! Хто-ж павядзе цяпер палкі твае? Хто паімчыцца на тваім вараным коніку? голасна загукае і замахае шабляю перад казакамі? Казакі, казакі! Дзе гонар і слава ваша? Ляжыць гонар і слава ваша, заплюшчыўшы вочы, на сырой зямлі. Пахавайце і мяне, пахавайце разам з ім! Засыпце мне вочы зямлёю! націсніце мне кляновыя дошкі на белыя грудзі! Мне не патрэбна болей хараство маё!»

Плача і гаруе Кацярына; а даль уся ўкрываецца пылам скача стары есаул Гарабець на дапамогу.

X

Дзіўным-дзівен Дняпро ў часе ціхай пагоды, калі вольна і плаўна мкне праз лясы і горы поўныя воды свае. Ні зварухне; ні прагрыміць. Глядзіш, і не знаеш, плыве ці не плыве яго велічная шырыня, і здаецца, нібыта выліты ўвесь ён са шкла, і нібыта блакітная люстраная дарога, без меры ўшыркі, без канца ўдоўж, мкне і віецца ўсцяж зялёнага свету. Уцешна тады і гарачаму сонцу азірнуцца з вышыні і акунуць праменне ў холад шкляное вады, і ўзбярэжным лясам ярка адбіцца ў водах. Зялёнакосыя! яны тоўпяцца разам з палявымі кветкамі да водаў і, нахіліўшыся, глядзяць у іх і не наглядзяцца, і не налюбуюцца светлым выглядам сваім, і ўсміхаюцца да яго, і вітаюць яго, махаючы галлём. У сярэдзіну-ж Дняпра яны не адважваюцца зірнуць: ніхто, апрача сонца і блакітнага неба, не глядзіць у яго. Мала якая птушка даляціць да сярэдзіны Дняпра! Чароўны! няма роўнай яму ракі ў свеце. Дзівосны Дняпро і ў цёплую летнюю ноч, калі ўсё засынае, і чалавек, і звер, і птушка; а бог адзін велічна азірае неба і зямлю, і велічна ўстрасае рызу. Ад рызы сыплюцца зоры. Зоры гараць і свецяць над светам, і ўсе разам адбіваюцца ў Дняпры. Усіх іх трымае Дняпро на цёмным улонні сваім, ні адна не ўцячэ ад яго; хіба пагасне ў небе. Чорны лес, унізаны чорнымі груганамі, і спрадвеку разламаныя горы, звесіўшыся, тужацца закрыць яго хоць доўгім ценем сваім — дарэмна! Няма ў свеце нічога, што-б магло прыкрыць Дняпро. Сіні, сіні ходзіць ён плаўным разлівам і сярод ночы, як сярод дня, відзён за столькі ў даль, за колькі можа бачыць чалавечае вока. У пяшчоце, прыціскаючыся бліжэй да берагоў ад начнога холаду, дае ён па сабе срэбраны струмень; і ён выблісквае, быццам паласа дамаскай шаблі: а ён, сіні, зноў заснуў. Дзівосны і тады Дняпро, і няма ракі, роўнай яму ў свеце! Калі-ж пойдуць гарамі па небе сінія хмары, чорны лес хістаецца да карэння, дубы трашчаць, і бліскавіца, пераламваючыся паміж хмар, разам асветліць цэлы свет — страшны тады Дняпро! Вадзяныя пагоркі грымяць, удараючыся аб горы, і з бляскам і стогнам адбягаюцца назад, і плачуць і заліваюцца ў далі. Так гаруе старая маці казака, выпраўляючы сына свайго ў войска. Разгульны і бадзёры, едзе ён на вараным кані, узяўшыся ў бакі і зухавата заламаўшы шапку; а яна, рыдаючы, бяжыць за ім, хапае яго за стрэмя, ловіць цуглі і ломіць над ім рукі і заліваецца гаручымі слязамі.

Дзіка чарнеюць паміж ваяўнічых хваль абгарэлыя пні і каменне на выступіўшым беразе. І б'ецца аб бераг, падымаючыся ўгору і апускаючыся ўніз, прыстае лодка. Хто з казакаў асмеліўся гуляць у чаўне, у той час, калі раззлаваўся стары Дняпро! Відаць яму невядома, што ён глытае як мух людзей.

Лодка прычаліла, і вышаў з яе чараўнік. Невясёлы ён; горкая яму трызна, якую справілі казакі над забітым панам сваім. Не мала паплаціліся ляхі: сорак чатыры паны з усёю збруяю і жупанамі, ды трыццаць тры халопы пасечаны на кавалкі; а астатніх разам з конямі пагналі ў палон, прадаць татарам.

Па каменных прыступках спусціўся ён паміж абгарэлых пнёў, уніз, дзе, глыбока ў зямлі, выкапана была ў яго зямлянка. Ціха ўвайшоў ён, не рыпнуўшы дзвярыма, паставіў на стол, закрыты абрусам, гаршчок, і пачаў кідаць доўгімі рукамі сваімі нейкія невядомыя травы; узяў кухаль, выраблены з нейкага дзіўнага дрэва, зачэрпаў ім вады і пачаў ліць, варушачы вуснамі і творачы нейкія замовы. З'явілася ружовае святло ў святліцы; і страшна было зірнуць тады яму ў аблічча. Яно здавалася крывавым, глыбокія зморшчыны толькі чарнелі на ім, а вочы былі як у агні. Нечасцівы грэшнік! ужо і барада даўно пасівела, і аблічча зрыта зморшчынамі, і высах увесь, а ўсё яшчэ правіць богапраціўны намер. Пасярод хаты пачаў веяць белы воблак, і штосьці падобнае да радасці бліснула ў твары яго. Але чаму-ж раптам стаў ён нерухома з разяўленым ротам, не адважваючыся паварушыцца, і чаму валасы шчацінаю падняліся на яго галаве? У воблаку перад ім свіцілася нейчае дзівоснае аблічча. Няпрошанае, някліканае, з'явілася яно да яго ў госці; чым далей, выяснівалася болей і ўтаропіла нерухомыя вочы. Рысы яго, бровы, вочы, вусны, усё незнаёмае яму. Ніколі за ўсё жыццё сваё не здаралася яму яго бачыць. І страшнага, здаецца, у ім мала; а неадольны жах апанаваў яго. А незнаёмая дзіўная галава праз воблак таксама нерухома глядзела на яго. Воблак ужо і прапаў; а невядомыя рысы яшчэ выразней выказваліся і вострыя вочы не адрываліся ад яго. Чараўнік увесь збялеў, як палатно. Дзікім, не сваім голасам крыкнуў, перакінуў гаршчок… Усё знікла.

Поделиться с друзьями: