Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

— Дзякую за параду, — сказаў ён праз некалькі дзён. — Выступіў. Воплескаў не было. Пасля сходу падышоў начальнік: «Ты ў нас надта разумны, тваю маць. Пішы «па ўласным жаданні», тваю маць, ці такі артыкул уляплю, што ў турму сядзеш, тваю маць!» І праз гадзіну далі разлік. Яшчэ і вінен застаўся — трыццаць чатыры рублі «за перавыдаткі паліва».

Я ў гэты час працавала на абласным радыё, «ваявала» за справядлівасць, пісала кнігу пра дзяцей вайны. Я прызнавалася ўжо, што вайна была самым моцным уражаннем майго жыцця. Не для мяне адной, для ўсіх. Пра вайну шмат пісалі, гаварылі; ставіліся фільмы, спектаклі, балеты. Яна быццам усё яшчэ заставалася нормай, мерай рэчаў. Сотні, тысячы магіл у лясах, ля дарог, сярод гарадоў і вёсак нагадвалі і нагадвалі пра яе. Ставіліся новыя помнікі, манументы, насыпаліся скіфскія курганы Славы. Пастаянна падтрымлівалася высокая тэмпература болю… Я мяркую, што яна рабіла нас нячулымі, і мы аніяк не маглі вярнуцца назад, да нормы. Цяпер прыгадваю, як у аповедах былых франтавікоў мяне здзіўляла адна дэталь, якая ўвесь час паўтаралася. Тое, як доўга пасля вайны не аднаўлялася натуральнае стаўленне да смерці — страх, неўразуменне перад ёю. Уяўлялася дзіўным, што людзі так горка плачуць над целам і труною аднаго чалавека. Падумаеш: адзін нехта памёр, аднаго некага не стала? Калі яшчэ зусім нядаўна яны жылі, спалі, елі, нават кахалі сярод дзесяткаў трупаў знаёмых і незнаёмых людзей, што ўспухалі на сонцы, як бочкі, ці ператвараліся пад дажджом і артылерыйскім абстрэлам у гліну, у гразь, раскалашмачаную дарогу. Я сама памятаю, як адразу пасля вайны ехала ў трамваі і раптам крык: крычала жанчына, у яе «зрэзалі» з пляча сумачку. Яна дагнала і схапіла за рукаў бруднага, абарванага хлапчука: «Памажыце! Трымайце! Злодзей! Злодзей!» Яго сталі ўсе біць, штурхаць, яшчэ колькі хвілін — і разарвуць. У мяне падскочыла ад радасці сэрца, калі я ўбачыла ў гэтым натоўпе, што чыніў дзікі суд, маладога афіцэра, у форме, з ордэнамі: уратуе, абароніць! Тое, сведкай чаго я стала, дагэтуль кідае мяне ў дрыжыкі. Ён падцягнуў хлапчука да сябе, узяў яго за руку і пераламаў яе, як палку… І выштурхнуў з трамвая… Ніхто не закрычаў: ні натоўп, ні хлапчаня…

…Ён ляжаў, прыкрыты белай касынкай… І гэтая чорная рваная зорка… Я такія раны толькі на вайне дзеўчынёхай бачыла…

…Колькі было хлапечага гонару, бляску ў вачах, калі яго ўзялі на работу інкасатарам у Дзяржбанк:

— Там такія хлопцы, мама. Біцэпсы — во! А галоўнае — цяпер ні адзін гаішнік не мае права спыніць маю машыну! Разумееш?! А то махне палачкай — і гані дзесятку. Уніжайся.

Раптам зрабілася рэальным наша самае жаданае: ён будзе здаровым, праз тры-чатыры месяцы дактары паабяцалі зняць з дыспансернага ўліку. Зніклі падковы-ацёкі, вочы сталі вялікія і блакітныя. Цяпер ён паступіць у інстытут на завочнае. Што за выпрабавальнік машын без адукацыі, гэта не баранак звычайны круціць. Была ў нас мара недаступная — каляровы тэлевізар. Пашанцавала, узялі ў крэдыт без папярэдняга ўзносу. Ён глядзеў свае любімыя аўтаралі…

Мы былі б шчаслівыя, каб не адна наша гаворка…

— Ты заўсёды мяне вучыла, — пачаў гэтую гаворку ён, — чытай, думай. Вось я і думаю. Мае хлопцы вярнуліся з арміі. Іх не пазнаць. Яны там такое бачылі, перажылі, што гатовы забіваць усіх запар. У нас з табой цікава атрымліваецца: жывём у адным доме: ты — на светлым баку, а я — на цёмным. Ты пішаш нарысы пра слаўных працаўнікоў, табе ўручаюць ганаровыя граматы і кветкі. Ты заходзіш у жыццё з параднага ўваходу, а я з самага ніжняга паверха, з падвала…

— Сын, жыццё бывае жорсткае, але ў ім, як у прыродзе, цемра саступае месца святлу. Мы перамаглі страшнага ворага, неверагоднага — фашызм. Ты ўявіць сабе не можаш, што такое быў апошні дзень вайны! Людзі выйшлі на вуліцы: плакалі, абдымаліся, цалаваліся, спявалі, танцавалі. Яны верылі, што ўсё зло знікне з твару зямлі, усе будуць добрыя, сумленныя, светлыя… Пасля мора крыві, слёз… Я гэта бачыла дзяўчынкай, не магу забыць…

— Чыстыя і светлыя ў псіхушках сядзелі. Іх на пальцах можна пералічыць. Ты што, мама, і праўда верыла, што Сахараў здраднік, вар'ят? А Высоцкі памёр, бо піў… А не з нуды, бяссілля, што гэтую кітайскую крамлёўскую сцяну не прабіць, не ўзарваць? Ад гэтай безвыходнасці можна звар'яцець. Чалавечы розум яе не вытрымлівае. А ты як з іншай планеты на Зямлю спусцілася. Колькі можна пра вайну?! За сорак з гакам гадоў час што-небудзь бы іншае зрабіць і захапляцца…

Калі б з ім побач быў бацька… Мужчына…

…За сцяной прабіў гадзіннік, я налічыла адзінаццаць удараў… Дзе сын? Наша дамова — калі ён затрымліваецца пазней за дзесяць, званіць — выконвалася няўхільна. Дванаццаць… Я кідалася з пакоя на балкон, з балкона — у пакой. Правярала: ці працуе тэлефон, ці спраўны званок у дзверы?

Званок празвінеў… Адчыняю дзверы.

— Мама, хуценька таксісту два рублі, — з гэтымі словамі ён зайшоў у кватэру, з разбітым барвова-сінім тварам, з распухлымі рукамі.

Аддаў таксісту грошы. Не апусціўся, а асеў, як непасільны для самога сябе мех, у крэсла:

— Заўтра прыйду на работу, атрымаю зброю і перастраляю ўсю гэтую свалату! Апошнюю кулю пакіну сабе!

Што здарылася? Што адбылося?

Пабыў у сябрука, ішоў дадому. Спыніўся на мосце — папаліць, палюбавацца на ноч, на зоркі (гэта я ў маленстве навучыла яго глядзець на зоркі ў вадзе — свет у зорках, сын!). Праехала міліцэйская машына — добра, што міма. Не, развярнулася і назад да яго. Падбеглі два міліцыянеры:

— Ты чаго тут стаіш?

— Палю.

— Ідзі ў машыну.

— На якой падставе?

Яны паказалі яму «падставы» — заламалі рукі, білі па твары, па галаве, запхнулі ў машыну, там дратавалі ботамі… Па аперыраванай нырцы… Прывезлі ў аддзяленне міліцыі. Дзяжурыў пажылы маёр, мільганула надзея: гэты разбярэцца, пазвоніць у інкасацыю ці дадому. Пачуў каманду:

— У камеру!

У дванаццаць гадзін вывелі і загадалі падпісаць адну паперыну, што ў п'яным выглядзе перашкаджаў адпачынку працоўных, а другую, што ўсе рэчы яму вернуты.

— Я не быў п'яны і нікому не перашкаджаў, — яшчэ спрабаваў ён штосьці даказаць. — Акрамя дакументаў, якія вы мне вярнулі, у пашпарце ляжалі грошы… Сорак рублёў, чатыры дзесяткі…

— Пасядзі яшчэ гадзінку ў камеры, падумай…

Праз гадзіну ён паставіў подпіс пад абедзвюма паперынамі.

— Мама, ты ж ведаеш, я не баязлівец. Я падпісаў гэтыя паперкі, каб вырвацца адтуль. Мы нічога з табой не дакажам. Яны абаронены мундзірам, а мы перад імі безабаронныя. — І паўтарыў. — Заўтра прыйду на працу, атрымаю зброю і перастраляю ўсю гэтую свалату! Апошнюю кулю пакіну сабе. Я не змагу жыць пасля гэтага ўніжэння! Ты даруй мне, мама, але я не змагу!

Усю ноч я стаяла перад ім на каленях, умольвала. Ён маўчаў.

Дагэтуль шкадую, што не дала сыну выспацца той апошняй яго ноччу на зямлі…

Раніцай ўсміхнуўся мне сваім разбітым тварам:

— Добра, мама, не хвалюйся. Я, пэўна, і не змагу страляць у людзей…

Як я магла адпусціць яго?! Не кінулася ўслед, ведаючы, што праз гадзіну ў ягоных руках будзе пісталет? Я ж думала, што страляюць толькі на вайне… Што вайна даўно скончылася…

Ён не вярнуўся… Ні ноччу а палове другой, ні ў дзве гадзіны… Ніколі…

У пяць раніцы я дамаглася адказу:

— Няшчасны выпадак… Са зброяй…

— Ён жывы?

— Не…

У восем раніцы я была ў інкасацыі. Мяне абступілі з усіх бакоў:

— Мы спыталі, хто яго так размаляваў? Ён махнуў рукой: мужчынскі занятак… Падумалі: можа, з-за дзяўчыны якой… Калі б ведалі… Ён быў вельмі слаўным хлопцам… Можна сказаць — дарослае дзіця…

Дзякую, людцы!

У дзевяць раніцы я была ў начальніка гарадской міліцыі. Той дзень я памятаю па гадзінах, па хвілінах. Розум працаваў дакладна і цвяроза. Я бегла па следзе забойцы, як сабака-сышчык… Тых, хто забіў яго перад тым, як ён зайшоў у раздзявалку і стрэліў сабе ў скронь? Хто ён? Хто яны?

Начальнік міліцыі прачытаў маю заяву:

— А можа, у яго і не было сарака рублёў. А вы міліцыю абвінавачваеце…

Я закрычала ўпершыню за ўсю гэтую невыносную ноч, за асіраціўшую мяне раніцу:

— Вы больш нічога не прачыталі ў маёй заяве?! У мяне сына забілі!!

…Праз некалькі гадоў крымінальную справу спынілі «з-за адсутнасці падзеі злачынства». Мой сын казаў праўду: гэтую сцяну не праб'еш. Я шукала забойцаў… Хто яны? Хто ён? Знішчаліся дакументы, адмаўляліся ад сваіх першых паказанняў запалоханыя міліцыяй сведкі… Мяняліся толькі следчыя… Я шукала забойцу… Баялася звар'яцець ад гэтых слоў, шкадаванняў, папрокаў: што ж ён, як дзіця, падумаеш, стукнулі ў міліцыі… Праз гэта страляцца? Але, мы ўсе гэтак жывём… Псіх…

Поделиться с друзьями: