Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Гэта асабістае… Таемнае… Я аб чымсьці толькі здагадваюся… Мне здаецца… яму трэба было прыдумаць новую версію жыцця… (Маўчыць.)

Дзіцячыя ўспаміны пра бацьку ў мяне спалучаны заўсёды з вышынёй, палётам — да яго на плечы, пад столь. Я сяджу ў яго «на карку», гэтая гульня ў нас называлася «тата-коська»… Лячу ў паветры, гэта мы гуляем «у самалёт»… Першая яго прафесія — ваенны лётчык… Ён вучыўся лятаць у планернай школе. Вучылі іх спісаныя «на гражданку» ваенныя лётчыкі. Фанаты! Бацька ўспамінаў, што, калі ён, ужо дарослы, убачыў, на чым яны ляталі, здзівіўся, як яны жывымі засталіся. Самаробныя планеры… Драўляныя рэечкі, абабітыя паркалем… марляй… Усё кіраванне — ручка і педаль… «Але затое, калі ляціш, — гаварыў ён, — ты бачыш птушак, ты бачыш неба. Ты адчуваеш крылы…»

Напэўна, пасля гэта робіцца марай? Неабходнасць? (Маўчыць.) Неба мяняе псіхіку людзей… Вышыня… Я ведаю яго сяброў, былых ваенных лётчыкаў. Яны заўсёды былі трошкі ганарыстымі да ўсіх астатніх: яны — ляталі!!

Я любіла свайго бацьку. Але я не любіла ягонае пакаленне. І я не баюся гэтых слоў. Бацька быў лепшым з іх. Але і яго зламалі: ён стаў, як усе. Пакутаваў. Ён пакутаваў ад гэтага. (Паўза.) Збіраючыся разам, яны шмат гаварылі пра вайну. Пераможцы! Перамога ў вайне — гэта нібы знойдзены сэнс іх жыцця. Хай самі яны не ваявалі, але яны адчувалі сябе дзецьмі перамогі. Яны перамаглі… Яны асвоілі цалінныя землі… Яны паляцелі ў космас… Яны будавалі камунізм… Яны жартавалі з гэтага, складалі анекдоты. Але яны верылі ў гэтыя папяровыя ідэалы. Хлуслівыя і наіўныя ідэалы. Я гэта для сябе вызначаю як эмацыянальны сацыялізм. Усе яны былі эмацыянальнымі сацыялістамі. Ідэалісты! Слепакі! Але гэта было іхнім жыццём, сэнсам іхняга жыцця. Сэнс жыцця, як асабістая праблема, для іх не існаваў. Я памятаю, я добра памятаю, што нават за сталом у свята яны гаварылі аб Расеі, а не аб сваім жыцці… Такое гэта пакаленне… Такія людзі… (Маўчыць.) Трагедыя гэтага пакалення ў тым, што яно жыло ў прыдуманым свеце. І ўрэшце рэальнасць уварвалася ў іхняе жыццё… З цягніка, што імчаўся ў сацыялізм, у цудоўную далеч, ім трэба было перасесці ў цягнік з курсам — на капіталізм. У спустошаную рэальнасць… У канкурэнцыю… У іншыя чалавечыя стасункі… Без ілюзій… На хаду ўскочыць у новы састаў… Імгненна… У маім жыцці гэта магло ўкласціся, а ў ягоным — не. Занадта імкліва ўсё адбылося, занадта нечакана. А яны ж рамантыкі!! А тут трэба было прыдумваць новую версію жыцця… Жорсткую, рацыянальную. Жыццё заклікала, крычала: «Мяняй! Мяняй!» А ён да гэтай новай ролі быў не гатовы. (Маўчыць.) Яны ўсе не гатовыя… Яны не гатовыя розумам, сэрцам… Яны не гатовыя на фізіялагічным узроўні… Ім бы ваяваць на барыкадах… Моцна сябраваць… Спяваць адны песні, марыць пра «блакітныя гарады» і сумаваць па нязробленым, піць… А тут трэба не ваяваць, а змагацца. Змагацца ж трэба з самім сабой: са сваім няўмельствам, са сваёй лянотай, са сваёй псіхалогіяй…

Яны гэта не ўмеюць… (Паўза.)

У бацькі ўжо былі два жыцці: спачатку ён — ваенны лётчык, пасля — журналіст. Гэта шмат для аднаго чалавека. Дастаткова. (Маўчыць.) Гэта асабістае… Таемнае…

Я незадаволена сабой… Сумбурна… Блытана… Я нічога не вытлумачыла… Гэта ж — жыццё… І смерць…

А што я ведаю?

Я любіла бацьку. У нас розныя прафесіі. Я — эканаміст, я ўсё жыццё лічу, а ён сузіраў жыццё, марыў… Ён з таго пакалення, якое занадта шмат значэння надавала словам. Занадта шмат сэнсу. (Маўчыць.)

Нехта штодня прыносіць на яго магілу адну кветачку… Чаму — белую? Ці белую ружу… Ці рамонак… Напэўна, гэта яна. (Маўчыць.)

Ён пісаў вершы. Ён усё жыццё пісаў наіўныя, хлапечыя вершы… І любіў фатаграфаваць птушак і звяроў… Мой бацька… (Замаўкае і далей адмаўляецца доўжыць гаворку.)

З запісных кніжак бацькі:

Дзе ж ты, цвярозы гісторык?

Вось думка А. Платонава, што смерць неаднойчы нас наведвае…

Расейскі чалавек не хоча проста жыць, ён хоча жыць дзеля чагосьці… Ён хоча ўдзельнічаць у вялікай справе…

Ідэалізацыя будучыні — гэта наш духоўны стан, форма нашага існавання ў гісторыі. Яна і загубіла наша жыццё.

У сённяшніх газетах раптам прачытаеш:

«Да сярэдзіны 80-ых гадоў Саюз уяўляў сабой шматмільённае чалавечае пагалоўе з добра адладжаным механізмам азіяцкіх табуншчыкаў, абавязаных наглядаць за планамернай эксплуатацыяй жывёлапрамысловай сыравіны» (газета «Московский комсомолец»).

«Шматмільённае чалавечае паголоўе», «жывёлапрамысловая сыравіна»… А гэта было тваё жыцце…

— Я кахаю цябе, — сказала яна.

— Можа, ты любіш не мяне, а само каханне? — спытаў я.

— Я кахаю цябе, — зноў сказала яна.

Жанчына — гэта штосьці іншае…

У В.Н. цяпер свой занятак. Прадае кудысьці за мяжу нашы запалкі. Мае капітал.

За пляшкай гарэлкі ён мне ўчора прызнаўся, што часам яму хочацца спяваць нашы камсамольскія песні.

Я ішоў дадому і паспрабаваў успомніць:

Быў загад — яму на захад, На ўсход пайшла яна. Заклікала камсамольцаў Грамадзянская вайна.

Што мы ведаем пра нашу нянавісць і любоў? А нехта напіша: «шматмільённае чалавечае пагалоўе», «жывёлапрамысловая сыравіна»…

Ляжаў… Глядзеў у столь… І думаў… А ў сярэдзіне працаваў ужо, быў запушчаны нейкі механізм.

У дарозе.

Нам дай пакорпацца ў зорках, а не зрабіць штосьці на зямлі. Хоць бы — нармальныя дарогі. Добры асфальт пакласці.

Ты жыў у той час. І раптам ты вінаваты, што жыў у той час. Мучыўся. Пакутаваў. Няхай. Ты ўсё роўна вінаваты.

Пра старых. Іх пазбавілі ўсяго. Нават магчымасці жыць мінулым…

Памятаю. Барабан круціцца… Кідаеш капеечку… Вавёрачка вымае твой лёс… Запісачку ў зубках табе нясе… Альбо хтосьці вернецца… Альбо тужыць у палоне…

А я чакаў тату… А тата ўжо ляжаў у зямлі пад Смаленскам. З сорак першага.

З размовы ў адной школе са старшакласнікамі.

Яны нават тэлевізар не глядзяць. Палітыка іх не вабіць.

Але ў дні жнівеньскага путчу былі на вуліцах з лістоўкамі. Цяпер, кажуць, ужо не пойдуць да Белага дома. Яны адчуваюць сябе падманутымі…

Я апрануўся, пагаліўся. Восень. Хадзіў па горадзе, забрыдаў у любімыя кнігарні…

Гэта мае ўспаміны пра жнівень 91-га, калі мы перамаглі. Калі Гарбачоў вярнуўся з Фароса…

Яшчэ я памятаю, як салдаты сядзелі на танках і елі марожанае…

Сяджу ля тэлевізара… Ідзе з'езд.

Няма ніводнага чалавека на зямным шары, у якім было б столькі грамадскага, як у нас. Жывём падзеямі, а не жыццём. Што сказаў Ельцын? Што яму адказаў Хасбулатаў?

Няма таго, каб выпіць. Ці пайсці да жанчыны. На лыжах пакатацца.

Ідзе з'езд.

Ідзеш знаёмымі вуліцамі: французская крама, нямецкая, польская… Я падумаў, што ўжо некалькі гадоў не магу купіць сабе — савецкія шкарпэткі, савецкія трусы… Савецкія цыгарэты…

Што з намі адбылося? Куды мы прапалі?

Я думаў, што ён прынёс артыкул ці свае фатаграфіі, а ён зайшоў пагаварыць. Студэнт. Расказаў, што хадзіў на мітынгі дэмакратаў. Пасля быў на сходах нацыянал-патрыётаў. Пазнаёміўся з фашыстамі. Цяпер — да нас, у рэдакцыю:

— Што рабіць?

Адвечнае расейскае пытанне. Адвечны расейскі юнак.

— Мне абавязкова хто-небудзь дасць вінтоўку, — сказаў, развітваючыся. — Мой розум пратэстуе — не магу забіваць. Але яны не даруюць.

— Хто яны?

— Яшчэ не ведаю…

Сёння размаўляў з забойцай. Прыгожая маладая жанчына. Забіла мужа… сякерай. Былі моманты, калі я глядзеў на яе, слухаў, і яна мне падабалася. Я лавіў сябе на думцы, што яна мне падабаецца. Прымаў яе словы, пачуцці, я нібы з ёю пражываў яе жыццё. І не знаходзіў у сабе ні агіды, ні абурэння.

Поделиться с друзьями: