ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1963

* * *
Сутонне шаўковую нітку прадзе. Ўспаміны — паэтаў багацце. Здаецца, як добры, спрыяючы сцень блукае па нашай хаце. Зімовы, вячэрні, як марыва, час. Маўчанне прыходзіць у госці. Найлепшая з моваў вось тая якраз, калі духам пачуеш кагосьці. Голаў, бы яблыню, схіліш далоў, на руку паложыш сэрца, і нітка, сугучная нітка без слоў аб долі Айчыны прадзецца. Думы за думамі кружаць ўздагон, абыякавасць рвуць спакою. Застогнеш — і сэрца маё, як звон, разгамоніцца разам з табою.

1963

* * *
Сягоння сонца ткала дываны: на шэрых стрэхах залатыя ніці. Яны былі прыгожыя, як сны, якім ў жыцці ніколі нельга збыцца... А вецер пражу сонечную рваў, на крылах паразносіў па кусочку, нагія голлі бляскам аснаваў, навіў на плот празорныя маточкі. Я ціха выйшла пражу пазбіраць, звіла ў клубкі яе з зямлі адталай і захацела зноў палотны ткаць, якіх ў жыцці яшчэ я не даткала...

1964

* * *
Вецер да Нёмнавай сіні прыпаў, вод люстра у дробязі крышыць, спакойныя хвалі разгойдаў, узняў і ціха калыша, калыша. Смела пасталі на бераг дубы, шуміць і сасна, і альшыннік, быццам купаюць густыя чубы ў разгойданай нёманскай сіні. З сецямі дружна ідуць рыбакі, шуміць ім насустрач дуброва... I вучацца хлопцы ад дрэваў стрункіх не гнуць пад вятрамі галоваў.

1964

* * *
Звычайны дзень, шляхі і раздарожжы, і мэты ўзлёт за ценем простых слоў, і падае маленькі, дробны дожджык, як жменя слёз па тых, хто адышоў... Ты ўсё маўчыш, ўсё думкамі наперад. Лепш агляніся: ніва, як абрус, і шлях стрункі, і хочацца мне верыць, што йшоў сюдою ён якраз, Кастусь. Хвала таму, хто вылецеў на волю, хвала таму, хто праўду ў сэрцы нёс, хвала таму, хто з пекла, з мукаў, з бою у цёмных сілаў вырываў наш лёс... Ты кажаш мне — нічога я не маю, глянь, той жа вецер, што, як бард, пяе, ён мой ўвесь боль, ўсе казкі майго краю, і дрэваў шум, і васількі мае. Мой пушчаў цень, сляды зуброў, аленяў, магільнікі зняволеных дзядоў, і мова — скарб наш, дарагі, нятленны, і мой змагар, што вось сюдою йшоў. О юны ўздым, зямлі пакутнай сілы! О шчодры дар духовых светлых век! І словы падалі ў дзірван і каласілі, і змагары выходзілі з-пад стрэх. Які быў смелы, родны чалавеча, адкінуўшы шляхоцкі свой жупан, ён світку шэрую, як мы, злажыў на плечы, каб боль прыкрыць народных нашых ран.

1964

* * *
На магілах не сеюць пшаніцы, з чужой крыўды не вырасце доля. Хто не здольны прад здзекам спыніцца — панаваць той не будзе ніколі.

1964

Скарына
Над Падуяй неба такое наўкруг, як сны мастакоў Адраджэння. Падуя — горад вялікіх навук, славутых надзей і імкненняў. Заціхлі званы, адбылася імша, зноў спевы гучаць на лаціне. Дыплом уручаюць: ён сын Лукаша, палачанін, Францішак Скарына... Даўно ўжо пакінуў свой меч і свой лук, і Полацк, лясамі акружаны, выйшаў насустрач свабодных навук, па-свойму сільны і мужны. Ўжо доктар навукі пад сілу яму. З Падуі слаўнай, з чужыны, вязе Беларусі, народу свайму жыццё сваё, знанні і імя. Не князь і не шляхціц, без дворні і слуг, праз пушчы, мядзведжыя тропы вяртаецца доктар медычных навук, першы доктар на ўсходзе Еўропы. Гандлюе, квітнее наш Край малады, багаты і хлебам, і рыбай: будуюцца замкі, ўстаюць гарады, вырастаюць у пушчах сялібы. Толькі навукі — паны над зямлёй, мовяць мовамі розных чужынаў. І першую кнігу на мове сваёй друкуе нашчадкам Скарына. І годнае слова гучыць сярод цьмы чужынскай, як праўда трывожная: «Не, не для долі жывёльнае мы, а к доблесці, к праўдзе народжаны». Простым людзям ён піша, субраццям сваім дарагія, разумныя словы. Апавяшчае ўрачыста усім: «Бог пусціў мяне ў свет з гэтай мовай». Можа, словы былі, як загад, гэту мову пакутныя ўнукі захавалі пад стрэхамі хат для святла, для дабра, для навукі. Мудрасць здолее ў цемры свяціць. Загад продкаў у сэрцы не згіне! Будзем думаць, вучыцца, тварыць так, як ты, ў сваёй мове, Скарына.

1965

* * *

Дануце Бічэль

Добры дзень, дарагая, харошая, маладзенькі праменьчыку наш, заварожана разам з Каложаю, ганаровая Нёмнава страж. Ноччу цьмянаю зоранька светлая тым, хто ў цемры, ў бяспуцці — маяк, беларуская, тысячалетняя, ў кожнай песні, бы Нёман, свая. Ві з праменняў сваю недавітую — з хвойным пахам жывучай смалы — залатую, пасажную нітачку на падарак каханай зямлі. Кіне месяц у Нёман па зорачцы, потым выбежыць сам на папас. Хай прадзецца табе, няхай творыцца, яшчэ скрыні не поўныя ў нас...

1965

Заблудзіць бы...
Польны вецер шлях блытае, губіць аганёк, сее-сее, падсявае зоркамі сняжок. Рвецца конік, вецер гоніць аганёк сустрэць. Добра гэтак на сутонні з ветрамі ляцець. Ну, заблудзім дык заблудзім. Гэта навакол нашы сёлы, нашы людзі, ўсюды хлеб і соль. Край наш любы, чалавечны, хоць ні брат, ні сват, ў гэты цёмны, снежны вечар кожны госцю рад. Гаманяць яшчэ па хатах, дзеці йдуць са школ, маці варыць, а дзяўчаты накрываюць стол. Вось дамы свае, глядзім мы, аганькі святла. Ах, як жаль, што не зблудзілі недзе да сяла.

1965

* * *
Ліпень пчоламі гудзе соладка, напінае вясёлкавы лук, пакацілася сабе сонейка на зялёны квяцісты луг. Выйшаў з бабкаю хлопчык русенькі гэта сонейка сустракаць: «Не расказвай мне больш, бабусенька, казкі страшнае пра ваўка. Ваўкі душаць харошых зайчыкаў, Дзе ваўкі — заўсягды бяда; мне шкада так Чырвонай Шапачкі і бабулькі старой шкада. Я сабачку куплю кудлатага і машыну з такім гудком. Калі вырасту, быццам тата мой,— пастраляю усіх ваўкоў». «А баюся, табе яны трапяцца. Усё ж мужай, мілы ўнук, расці. Столькі плача Чырвоных Шапачак, столькі бродзіць ваўкоў у жыцці».

1965

Акварэль
Сонца болей золата не плавіць, коціцца па небе, як клубок, стрыжаную галаву атаваў подых рэчкі дымам завалок...

1966

Час
Час, як конь, ляціць, мігціць, падковамі крэша з долі-крэменю агні. Час, вярні мне скрыпачку ліповую, мае песні сумныя вярні.

1966

* * *
Іншы бохан ляжыць пад абрусам, на сцяне цікавейшы абраз, толькі роднае мовы на вуснах не крануў ўсё мяняючы час. Час усё непатрэбнае крышыць, дарагога ж нішто не кране. Свеціць золата па папялішчах, бо яно не згарае ў агне. Яна свеціцца мудрасцю, ласкаю, партызанскай адвагай пяе і з крыніцы свае праславянскае непадробным променем б’е. Мова з крыўдай, са скарбамі ўласнымі, што пранесла праз жудасны век, і сівая, і разам сучасная, як харошы, жывы чалавек. Новы час непатрэбнае крышыць. Наша ж мова, як вечнасці ніць, з праславянскіх крыніц і узвышшаў красаваць будзе з намі і жыць.

1965

Зіма
Мінулі дні асенняй, бурай слякаці, падмёрзлы грунт завалакло сняжком. Такая рань, што хочацца расплакацца насустрач сонцу й лёгкім аблаком. Уквеціў шэрань голлі непакрытыя, за ночку стрэхі снегам падбяліў, як быццам нечасаную, нямытую, сялібу нашу нехта палюбіў. Я ў цёплай хусце выбегла на ганачак, на вуснах смех, такі нячасты госць. Бязмэтна неяк выглядаю саначак, якімі адзвінела маладосць. А тая даль паўзе-гудзе машынамі, праезжым экскаватарам раве, і гасне маладосць мая шыпшынная, як светлы дзень ў вячэрняй сіняве. Што ж, маладосць усім здаецца казачнай. Вось і мая: у полі ля сяла праехала пад звоначкі на саначках, па росных межах басанож прайшла. Ляцець бы так санямі параконнымі ля сонных хатаў, ля дарожных вех, каб даль звінела вокал галагонамі, а з-пад капытаў разлятаўся снег. Сялянскі нораў, кроў мая мужыцкая, да коней сэрцам цягне, да сяла. Жыву даўно забытымі прывычкамі... Што ж, маладосць сярод палёў прайшла.
Поделиться с друзьями: