ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1965

Зубры
Непрыгожыя, барадатыя, з нетраў пушчы ідуць зубры, на плячох — вехі-грывы кудлатыя і цяжкія нясуць гарбы. То палягуць, то зноў паднімуцца, растрывожыўшы трэскам глуш, ногі моцныя аж пружыняцца пад цяжарам магутных туш. Сваёй пушчаю крочаць, стройныя, цёмна-бурыя, як дымы, неабласканыя, неасвоеныя, першабытныя так, як мы. Без хлусні, без лісінага нораву, ў цеснай дружбе — свая сям’я, вытрывалыя, непакорныя, — да такіх належыць зямля! Ўсе прыходзілі, ўсе іх нішчылі, — ад чужынца дабра не пачуць, а яны грамадой нялічанай страпянуцца і зноў жывуць. Адна пушча-зямля ім маткаю, мора жытняе без граніц, мы адною жывём чалядкаю, з адных сілу бяром крыніц. Ўсё гляджу на сям’ю зубрыную. З вадапою ў гушчар брыдуць. І здаецца цяжкой хвілінаю — будзем жыць, бо яны жывуць. Калі пушча цвіце пралескамі, плешча сонца вясной з гары, — беларускія, белавежскія, з новай сілай равуць зубры.

1965

Буслы
Да зямлі беларускай, да каханай зямлі зноў вяртаюцца гусі, зноў вяртаюцца буслы ды лятуць жураўлі. Закружылі над Зэльвай, паляцелі дамоў. На гняздо сваё села даўганогіх буслоў. I ляскочуць ад рання, і будуюць, як мы, цэлы дзень ад світання ўсё ўдваіх да змяркання свае гнёзды-дамы. На высокай таполі бусел кладку кладзе, толькі б бліжай да сёлаў, да працоўнае долі простых нашых людзей. I хоць зноў ім на зіму ў чужы край адлятаць, як жа гэту Радзіму, хлебароднае дзіва,— як яе не кахаць.

1966

* * *
Такая цішыня, што лісце не шапоча, не гнуцца травы посцілкай зялёнай, пагодны дзень паволі плюшчыць вочы, да сну здымае светлую карону, на небасхіл кладзе. Маўчаць палі, лясы, гаі заціхлі, нясе рака чароты ў задуменні, паўзе туман з дарогі, пахнуць ліпы, і мякка ноч малюе вокал цені ля сонных дрэў. У галаве ад паху як ад чаду, чутно, здаецца, ў цішыні бязмернай, як славяць продкі маладую Ладу ды шлюць Ярыле песні ў час вячэрні на мове роднай...

1966

Маці
Ты пагладзь мяне, мая матуля, ласкава, ціхенька, хоць у сне, як тады, калі пяяла люлі у дзяцінства казачнай вясне. Ды рукою, шорсткаю ад працы, ўсе удары залячы жыцця. Хоць віскі даўно ўжо серабрацца, дай адчуць, што я яшчэ дзіця, што, як колісь, на галоўцы русай пальцы рук праменнямі ляглі, акажыся зноў па-беларуску, мовай роднаю загавары. Завязі ізноў мяне у школу, прытулі да сэрца, як калісь... Парай коней на акутых колах будзем доўга ехаць ў Ваўкавыск. Знаеш, мама, ў школе ўсё па-польску, каб прымелі — душу узялі б. Гавары мне мовай родных вёсак сонечнай, пакрыўджанай зямлі. Кажаш, вырасла танкляваю вярбою, азарыла юнасцю наш дом... Забяры мяне назад з сабою, мне так добра, калі мы разом... Годзе, годзе, мама дарагая, рук не трэба нада мной ламаць. Я ж адно ў жыцці маім кахаю, чаго нельга на зямлі кахаць. Ты сама ўліла мне гэту сілу горкіх крыўдаў, што не ўбачыў бог, і сама такою нарадзіла — з прагай волі ў маладых грудзёх. Птушак шнур запознены, асенні праляцеў і скрыўся ў тумане. Калі б знала, для якіх цярпенняў нарадзіла, маці, ты мяне. Пакладзі на голаў мне далоні, запляці апошні раз касу, я цябе такою, як сягоння, праз жыццё, як святасць, пранясу.

1966

* * *
Маці мая сялянская, маці мая славянская, ветлівая, гасцінная, ў крыўдзе чужой непавінная. Ураджайная і зялёная, хлебам слаўная ад вякоў, неспакойная, неўгамонная ды бунтарская ў жылах кроў. Гаспадарыла ды батрачыла — намагалася за дваіх. Не хачу я чужое мачыхі аглядаць на слядох тваіх! Ты — мой боль круты, ты — мой шлях святы, сцежка верная ў цішыне. Ўсё мне дорага, што прыдбала ты працай, сілаю для мяне. Ты — як праўда праўд, ўсюды свой і брат, мовы роднае звонкі дар. Ты — мой шлях круты, ты — мой боль святы, Беларусь мая, мой алтар.

1966

* * *
Кажуць, што праўды няма на свеце, дружба людская — словы на вецер, вернасць і сталасць — як лёгкі дым, пышуцца словам да першай бяды. З кім бы бяды не дзяліў папалам,— ў горы, ў нягодзе апынішся сам, певень і тройчы не пракрычыць — кінуць самотнай цябе уначы. Як добра, што сонца не гасне ўгары, і ветры гамоняць са мной, як сябры, і дождж аблівае, змывае слязьмі памяць аб тых, каго звалі людзьмі.

1966

Мая мова
Ў добры час, на улонні вясковым, дзе вадзіца крынічная б’е, навучыўся я матчынай мове і задуманых песняў яе. Многа ёсць недасягнутых скарбаў, яшчэ болей прываблівых мар. Я яе ні за што не аддаў бы, бо яна — найвялікшы мой скарб! Яна гойдае спевам калыску, літасціва шчабеча ў бядзе, на ёй песні складаюць вятрыскі ў неспакойны, разбуджаны дзень. Мая мова не знае змярканняў ад маленства да старасці лет, буду песціць яе, як каханне, разглядаць, як чароўны букет. Можа, мовы чужой навучуся, каб суседзяў гасцінна вітаць, але толькі на ёй, беларускай, буду людзям аб долі пяяць. Мая мова — як шчасце на вуснах, хвалявання гарачы прыбой, можа быць, на чужой засмяюся, ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.

1966

* * *
Не бярозаю і не калінаю з салаўямі на досвітку млець, ані вечна зялёнан ялінаю ў снегапады і ў спёку шумець. Не лябёдкай, не скрыпкай ліповаю — я хачу, як апошні наш зубр, сільнай быць, гартаванай, суроваю, так цвярдой, бы пушчанскі наш дуб. Хачу ўстояць — каронаю ў просіні, а карэннем ад сэрца зямлі,— ад нямілых, ліхіх, ад няпрошаных сваім голлем яе затуліць. I пяяць ёй ліствою, галінамі, кожным нервам карэнняў кахаць. Яе лёс, яе шчасце праўдзівае на дубовыя плечы узняць. Старажыць, засланяць, безбаронную, ад чужацкіх разгулаў спыняць і удар, ў яе сэрца скірованы, трапяткім сваім сэрцам прыняць.

1966

Моладзі
Дзень мой гасне, жыццё на змярканні адплывае, як хвалі ракі. Добры дзень, маладыя зальвяне, дарагія мае землякі. Раніцой выбягаеце з вулак, бы вясёлы, жывы ручаёк, спяшыце, быццам пчолы у вулей, на няўмольны, працоўны званок. Са слядамі марозу на шчочках, з сумкай, поўнаю кніг і сшыткоў. Вашы крыху заспаныя вочы мяне часта вітаюць без слоў. Дзень за днём я душою вас мераю. Часам радасць, а часам сумнеў. I глядзіш, з малай вусені шэрае матылёк аж пад сонца ўзляцеў. А да сонца дарога адчынена, толькі крыллі расправіць шырэй. Захацець — і ўсё стала магчымае для харошых, працоўных людзей. Няхай ваша вяснянае «сяння» стане стартам да новых змагань, да навукі, да працы, да знанняў, да высот, да жыцця без заган. Моладзь — гэта надзея, світанне, каласы нашы і васількі. Ў добры ж час, маладыя зальвяне, дарагія мае землякі!

1966

* * *
Час пазрывае галіны з камля, камень ад гадоў струхлее. Жыць толькі будзе па нас зямля, якая штогод маладзее. Хочаш не хочаш — ты жменька яе, цяжка на гэта згадзіцца, што рана ці позна яна нас спаўе, прытуліць, каб не разлучыцца. Так зроблена мала мною ў жыцці, гляджу — і ужо вечарэе. Дай мне, зямля, яшчэ раз прарасці над Нёмнам тваёю надзеяй.

1966

Гудзевічы
Плодам цвет становіцца увосень, хлебам — колас буйны на мяжы, боль — жыццёвай заваддзю адносіць, толькі памяць застаецца жыць. Калі вецер зашапоча лісцем, раскалыша неўгамонны лес,— памяць валачэ мяне ў дзяцінства, ў дзедаў кут, у гудзевіцкі бэз. Цвіў той бэз, як цуд, на ўсіх дарогах, апіраўся на амшэлы брук, воблакам суквецця ля парогаў нахіляўся да дзіцячых рук. Ўсюды папялішчы і руіны і з каменняў голыя муры, толькі неба ў лужах каляінаў, залаты сярпочак угары. Бой заціх, кругом пустое поле, дзевяць вёснаў на маім вяку, я вучуся ў Гудзевіцкай школе, лётаю па бэзавым вянку. Сівы дзед мой, пан з сям’і мужыцкай, гэтак дзіўна ўнучку гадаваў, сыпау шчодра у прыполік дзічкі, залатоўку на сшыткі даваў. А зімою браў к сабе на санкі, затуляў з каленцамі ў кажух, да бацькоў мы гналіся маланкай, аж званочак хахатаў паўкруг. А у школе? У школе ўсё па-польску. Не «адзін», а «едэн», «пенць» — не «пяць», «буль» — не «боль» і «бэндзе весь» — не «вёска»,— вучыць пані дзетак размаўляць. Мы пяём, адказваем, чытаем, а калі выходзім на парог — гаманіць Радзіма дарагая, роднай мовай плешчацца ў грудзёх. I на ёй, адзінай, звоняць росы, зоры палымяныя ўначы, на зары разбуджаныя кросны, дзеўчына, па воду бегучы. Маладзіцы ткуць ляны, бывала, песні вечарынамі пяюць... Нават ноч пад дрэвамі сціхала, толькі б песні гэтыя пачуць. Валаконцы у дзіцячай жмені, ляскатанне церніц-сакатух, верацёнаў танец летуценны, на кудзелі залацісты пух. Маладая пралляў задумёнасць, досвіткамі казкі без канца, белая, зімовая чароўнасць, ў пост вялікі хвосцік селядца. Ўсё гэта завалакло гадамі, я сягоння ў сваім краі — госць. Варушу вось цяжкі, шэры камень, што маю прыціснуў маладосць. Ціхі боль, якому не уняцца, незнарок разбуджаны ўспамін пра мазольныя далоні ў працы, пад сярмягай — людскасць і цяплынь. Гудзевічы, род мой незабыты, беларуская мая сям’я. Дождж змывае з надмагільнай пліты дарогое дзедава імя...
Поделиться с друзьями: