Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
1966
Зла няма
У прыродзе зла няма, усё умоўнае. Спыніўся бой — адразу боль заціх і роў цвіце! Прырода ж не дароўвае. Прырода проста родзіць за дваіх... Няма калі ёй бесканечна хмарыцца, зялёных рук няма калі ламаць,— вось толькі што халаднаватай раніцай раса пасыплецца на сенажаць... Асушыць ветрыкам, усцішыць працаю, абмые ліўнямі сляды пакут, трэба расці-цвісці, трэба змагацца ёй, на ранах, попеле тварыці цуд. Яна не мсцівая, злопамінальная, яна красуецца, яна жыве, таму прырода мо і незнішчальная, хавае шрамы ўсе ў буйной траве... Людскому сэрцу так сказаць бы горача: «Змый роснай раніцай ўспамін крыві, змый хваляй Нёмнавай пакуты горычы і, як зямля твая, твары, жыві!!!» 1966
Куфар
Быў час ў маім Краі сягоння туманны, аднесены хваляй, час прадзены, тканы. Працоўныя рукі каханай матулі усіх накармілі, усіх апранулі. Ад лёну зярняці да белых палотнаў паслала, спрала, паткала ахвотна. Не проста, не роўна, а ўсё пераборам, пад колер краіны цудоўным узорам. О сэрца матулі, жывая крыніца, дазволь мне сягоння ля куфра спыніцца. Над працай тваёй у паклоне сагнуцца, ўспамінам мазольнай рукі дакрануцца. За тое, што нас ты вякі апранала, за тое, што лёгка табе не бывала. * Шырокі, высокі, акованы куфар, малёваны вокал, з клямкаю са сталі, не стыдна б такому і на панскі хутар. Куфар незамкнёны, бо у нас не кралі. Загарнула бабка посцілку удвое і нядужай века падняла рукою. У пахучым куфры важна ўсё ляжала, што сама бабуля працай рук прыдбала. Быццам водар з поля пранясло ля хаты — так запахла лугам, чабаром і мятай. * Ах, ляны, ляны — залатыя сны, белы кужаль — цвет вішнёвы на грудзях вясны. Ля маёй мяжы век бы ім цвісці: поўны куфар тканай белі — замуж можна йсці. Сінія ляны, зіхацяць яны. Ў бурны Нёман на світанні выплылі чаўны. Наперадзе той, каго Пётрам зваць. Мне бы сёння на красёнках сонейка снаваць… Адцвілі ляны. Восень, туманы… Буду церці кволы лён мой, прасці да вясны. Буду віць, снаваць, досвіткамі ткаць, вечарамі прыйдзе Пётра песняй памагаць. * Палатна сувоі белыя, льняныя, стаяць, нібы сваі цёсаныя тыя, спрадзеныя тонка, вытканыя туга, выбеліў іх травень сонейкам і лугам. Вечарамі колькі трэба было прасці, колькі ткаць, бяліці, пакуль ў куфар скласці. * Бела навокал, аж вочы баляць, вішні лунаюць ля плота, белы ўвесь сад, беляхціць сенажаць — то сонейка беліць палотны. Белыя косы, бялявы хлапец каля дзяўчат завіхнуўся, з песняю выйшлі дзень белы сустрэць белыя, белыя, русыя. * Сцежкамі у полі ўздоўж дарожных даляў вышытыя розна ручнікі ляжалі, белыя, даўгія — гэтак ў час мяцелі студзень каля хатаў чысты снег пасцеле. А на іх рукою вышыты жаночай сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні. Па канцах карункі тонкім павуценнем альбо пераплётам фрэндзлі зіхацелі. Ў покуці павесіць, на абраз у хату, альбо перакінуць цераз плечы свату ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне, знача з працавітых, калі поўна скрыня, няхай паглядаюць і сваты, і госці — колькі вышыванай, любай прыгажосці. * Пальцам няцяжка нітачку віць, долю з праменных валокнаў, нітачка ўецца, песня ляціць, зоры калыша звонку. Дзеўцы няцяжка кросенцы ткаць, ўзор вышываці не сумна, на ніцях, на струнах чаўночкі мігцяць, за імі снуюцца думы… * Белыя кашулі, рукавы ў заборы, пазуха скрозь-наскразь вышыта узорам чорным і чырвоным, ў васілёчкі — сінім, роўненька пры боку зложаныя ў скрыні. Некалькі настольніц з найтанчэйшай пражы, а у кожнай колер і узор інакшы! Вось бліскучы, ў восем нічальніц, шырокі і другі, ў чатыры, з фрэндзлямі навокал, той з льняной карункай, мяккі, бы шаўковы, той утком суровым на другой аснове… Вось, здаецца б, выняў, на сталы паслаў бы і гасцей жаданых пасадзіў на лавы, пірагі паставіў, частаваў бы мёдам, ганарыўся працай і харошым родам. * Дываноў жа столькі, ўсе па лёне воўнай. Глянеш — як на ніве: зелена, чароўна. Тканыя ў гурочкі ў нічальніц чатэры васількамі тымі па аснове шэрай. То узорам чорным па утку зялёным, то па белым — сінім, бы расой замглёным, то ў вянкі, ў алені нейк перабірана, быццам не рукамі, а машынай ткана. То з адное воўны дываны на сані. Ярыя, як вішні, кутасы звісаюць. * Дываны — луг квяцісты ў руках, мары дзіўныя, ўтканыя ў ніці, каляровы дзявочы пасаг, промень шчасця з жыццёвай крыніцы. Кветак спеў, чорнай долі на злосць, кліч тугі, апяяны узорам. Дываны — маладосць, прыгажосць, гоман сэрца жывы і задорны. Калі ходзе дзяўчына, як мак, калі хата цвіце дыванамі, не мяняўся б ніводзін юнак сваёй доляю нават з панамі! * А хустак, як макаў! Розных шаляновак з дзён яшчэ дзявочых, сініх і бурдовых. Цёмныя — у цэркву, калі пост надыдзе. Ясныя, як сонца, — тыя на Вялікдзень. У кветкі, юргіні, каласы і зелень. Тыя — йсці ў гасціну, тыя — на нядзелю. Ясны шоўк — на свята, а паркаль — на будзень. Ёсць у чым бабусі паказацца ў людзі. * Кветка у полі — галоўка жанчыны, сонца ў вачах, а сама — сцебялёк, хустку на косы вясёлкай накіне, каб макам ці ружаю ззяла здалёк. Чыстую, светлую альбо узорную, часам чырвоную — ў радасны дзень, часам ўдавіную, сумную, чорную: без хусткі ў людзі дзяўчына не йдзе. Гнуцца на сцежкі сцяблінкі чароўныя, кветкі на косах залётна нясуць. Сёстры бярозаў, танклявыя, стройныя, Краем сваім беларускі ідуць. * Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая, баба яе велькай хусткай называе. Ёю ў непагоду добра атуліцца, старым у дарозе і для маладзіцаў. Мяккаю, шырокай, зложанай удвое, ахінуць ля сэрца дзіцянё малое. Вось ляжаць ля хустаў, скручаныя роўна, горкі саматканых паяскоў цудоўных. Ў ёлачку, у пчолку, вузенькіх, шырокіх, каляровых, розных — не палічыш вокам! Паясочак сіні — недзе ад матулі, а чырвоны, яры — мужу да кашулі, а вось гэты — гожы, доўгі, з кутасамі, падпяразваў святам бабін брат часамі. Загудзелі дуды, гуслі заігралі, брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі… І слязу змахнула рукавом бабуся, бо адзіны брат той з вайны не вярнуўся. А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі, падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі. Зіхацеў на свіце, шырынёй — бы ў пана, толькі што не слуцкі, а удома тканы. Хутчэй, чым прыняці той абычай панскі, спадабала шляхта паясок сялянскі, не слуцкі — родны паясок зрадзіўся, а насіці пояс пан ў сялян вучыўся. * Зноў хусткі, палотны, ручнікоў ці мала, ўсё гэта дарылі бабусі, бывала. Гэтакі абычай й сёння не загінуў: без гасцінца людзі не йдуць у гасціну. Ці то маладога ў войска прызываюць, ці далёка сына з хаты выпраўляюць. Дораць на радзіны і на наваселле, дораць на хрысціны, дораць на вяселле бацькоў маладога і сястру, і брата, дораць музыкантаў, шчодра дораць свата. Гуляюць вяселле. П’юць сябры не дарам! Дораць ўсе ад сэрца маладую пару. Дружна пры гасціне п’юць, пяюць, гавораць, выйдуць — патанцуюць, і ўсё дораць, дораць. У старэнькай бабкі, як у маладзіцы, каптаноў ўсялякіх, блузаў ды спадніцаў. Андарак вішнёвы з долам аксамітным, андарак матулін, стужкамі расшыты, цёмна-маліновы, клетачкаю роўнай, гарусам патканы, сіненькім па чорным. Андарак у паскі, ўпоперак, пярэсты, гэткія насілі некалі дубенцы і з другіх, суседніх каля Дубна1 вёсак. На яго казалі проста: занямонскі. Каля іх ірдзіцца вышыты сардачак, сіні, аксамітны, бабчын, не іначай, зубчыкі навокал з жоўтай атарочкай, вузенькі, прыгожы, як ўспамін дзявочы. Цяжкі сувой суконны дзедаві на світку, зваляны, патканы ў суканую нітку. Гэтакае світкі дажджам не адужаць, не праняці ветру, не прабіці сцюжы. На каптан для дзеда вытканы святочны, глянеш, возьмеш ў руку — крамнага не схочаш. Доўгія губіцы посцілак нясшытых, нагавіц суконных пад кажух ці світу. * Хвартушок — гэта белае дзіва, найтанчэйшы, з кудзелі лянок, гэта гонар ўдалой маладзіцы, кветкі — ўзорным вяночкам ля ног. Можна ім закрыць вочы ад шчасця, калі шчокі калінай ірдзяць, схаваць слёзы, калі не удасца тое шчасце навекі ўтрымаць. Хвартушок — чарадзейнае хусце — гэта стан твой задорна абвіць. Ў бель чаромухі голаў чыюсьці ў забыцці на хвартух палажыць. Хвартухоў у бабкі — розна вышываных, белых, ясных, сініх, дарагіх і танных, гэтыя — на будзень, тыя — пад кудзелю, гэтыя — ў гасціну, тыя — на нядзелю, гэты — йсці у цэркву, той — на дзень кірмашны, на канве рабінай вышыты, інакшы. А вось гэты, ў кветкі, з тоненькае пражы — то на смерць бабуся адлажыла важна. Гэткая кашуля і каптан навюткі, андарак сліўковы, хуста і абутак — ўсё гэта заўчасу зложанае ў скрыні і чакае толькі той сумной гадзіны, каб у раз апошні, гожа, па-сялянску, апрануць бабусю без чужое ласкі. Гэтак і для дзеда, гэтакі абычай, — ўсё ляжыць, чакае, покуль смерць пакліча. А ў малым прыскрынку, што збоку прыбіты, акрамя караляў, стужак аксамітных ёсць і жменька грошай — на долы, на труны, на шчырасць апошняй гасціны хаўтурнай. * А дзе пахаваці? Бабусіна воля: сялянка жыве й застаецца на полі. Здалёк супроць вёскі, на горцы пясчанай схілілі бярозы галіны з пашанай. Туды на сон вечны сышліся сяляне, пад крыжам бяспечна ляжаць на кургане. Каменныя пліты касцей ім не гнуць, іх памяць і славу нашчадкі нясуць. Шчабечуць там птушкі, пяюць салаўі, там ляжа бабуля, як серад сям’і. Вясною ў сяле нават будзе чуваць, як будзе зязюля па ёй кукаваць. Ды з дрэвамі разам па ёй на зары заплачуць, затужаць сумныя вятры… * Сутонне. Ўжо мала што ў куфры відаць, схілілася голаў бяссільна. Не хочацца куфра таго закрываць, ўспаміны яго абступілі. Зрабілася цёмна і пуста наўкруг, прабіліся слёзы на вейкі, і цяжка апала са змораных рук акована куфрава века. 1965
На чабары настоена (1982)
Жаўрук
О кліч вясны непераможны! Рунее поле, водаў бег. Пыл на нагах маіх дарожны, на скронях белым-белы снег. У полі жаўранак вітае вясну, узняўся, каб пяяць. І я — жаўрук. I я такая. I мне без песень не стрываць. Звінець душой, пяяць і верыць у цвет лугоў, у гон ракі. Любіць зямлю сваю бязмерна, як толькі ўмеюць жаўрукі. Дрэмле вечар у ціхай дуброве
Дрэмле вечар у ціхай дуброве, летняй стомаю ные зямля. Заспявай мне на матчынай мове незабыўную песню з сяла. Пра сярпочак, дзявочыя рукі, васільковы на скронях вянок. Хай над пожняй калышуцца гукі, надрываецца рэха здалёк. Месяц выплыў на хмарку сярпочкам. Мала стомы ў руках маладых. Млее ноч ад тых песняў дзявочых. Бог Ярыла ля ніваў прыціх. Дыван
Пад старасць дзён, калі так ломіць змора ўсяго жыцця, што засталося ў снах, прыгадваю дзівосныя узоры у ромбікі на матчыных краснах. Узор пяе па лоне пражы белай, шнурок з квадратаў роўненька бяжыць. Як вылічыць, як аснаваць сумела дыван свой, каб аж так заваражыць? Так далікатна, анідзе памылкі, на бель асновы колерам лягло, так ад калыскі да самой магілкі жыццё людское выткана было: квадраты дзён, запоўненыя працай, між імі — сонца залаты прасвет. Так роўненька, так нельга памыляцца, каб спраўным быў дыван жыцця як след. Беларусь
Беларусь мая спеўная, летняя, жніўная, Палавеюць загоны густой ярыной. Напаю свае вочы блакітам і нівамі і лясоў тваіх цьмяных суровай красой. На дарогах жыцця слёз нап’юся папоўніцы. Кожны крок мне да болю бывае цяжкім. Толькі ласкай тваёю душа мая поўніцца. Імя тваё светлае ў сэрцы маім. Аддалёк, бы дыван, зелянее бульбянішча, паабапал дарогі адцвіў чабарок. О, зямля маіх прадзедаў, наша прыстанішча. Зноў на грудзі мне ўпала сляза незнарок. Паглядаю навокал — дачка твая верная — і люблю да адчаю, мой скарбе, цябе. Шлях даўгі, адзінокі, усыпаны цернямі. Толькі я не прыстала яшчэ ў барацьбе. Жлобаўцы
Жыта морам наўкол, сіні лён і пшаніца. Кроны дзічак на межах. Ячмень і аўсы. То дзяцінства майго залатая крыніца вабіць жоралам вечна жывое красы. З ветрам дрэвы шумяць, нешта сэрцу гавораць. Прад вачыма расквечаны траваў дыван. А рачулка гаючая хваль пераборам ціха гойдае вербаў пахілены стан. Дзе дарога наўпрост, полем сцежка віецца, сонца шчодрымі промнямі сее кругом. Блаславёным цяплом заварожвае сэрца, кліча светлымі вокнамі дзедаўскі дом. Нехта быдла з дубовага поіць карыта, ля драўлянае студні рыпіць журавель. А ў вадзе адбіваецца неба блакітам і палошчуць аблокі пушаную бель. Як тут зелена, хораша, ціха, адвечна. Панадворак травой, канюшынай прапах. Адбіваецца засмуж нябёснай сінечы у задуманых злёгку дзявочых вачах. Чысціня
Тут белы дзень і белы цвет палотнаў у каморах. У белай світцы белы дзед, а ўнук бялявы поруч. Бярозаў белым-белы стан, ля іх красуня ў белі, звісае белая каса, як белы лён з кудзелі. I белы сыр і белы стол паважныя, аж люба. Уся сямейка навакол сядзіць ля белай бульбы. Над імі маці са збанком і дочкі, як галубкі. Струменем белым малако паволі льецца ў кубкі. Абраз пад белым ручніком, бялявыя дзяўчаты і белы боз, што пад акном, як снег, буслы над хатай. I вішні бела зацвілі, і з белай грывай коні. Чарнелі толькі мазалі рубцамі на далонях. Унуку
Твой век праедзе на машынах. Мой пехатой прайшоў. Ля васількоў, да болі сініх, ля спелых каласоў. Зязюля мне гады лічыла. За рукі вецер вёў. I нехта з сумнымі вачыма непадалёк ішоў. Красе мяне вучыла поле. А белы свет — кахаць. Людскія радасці і болі ў жыцці не абмінаць. Гнязду радзімаму і мове заўсёды вернай быць і хлеб надзённы напалову ў бядзе з людзьмі дзяліць. Кніжка
Гамана і разгул на дзядзінцы ад дзіцячых нястрыманых слоў. Едзе тата. Чакаем гасцінцаў, сустракаем з дарогі дамоў. Хлопцам — ножык, цукеркі ў далонях, абаранкі, істужкі да кос. — Я табе, разумная доня, з крамы некалькі кніжак прывёз. Шапаціць з ветрам лісцейка звонку, рой вясёлы дзіцячы гудзе. Шалясцяць у куточку старонкі — як цікава чытаць пра людзей! З абразочка хлапец паглядае, ён у лес за братамі пайшоў. Хлопцы дровы сякуць, ён блукае, ловіць рэха ялінаў, дубоў. То бяжыць за вавёркаю рыжай, выглядае русалак з азёр, ловіць гукі, любоўна іх ніжа у цудоўны няведаны ўзор. Мякка гнецца трава пад нагамі, кожны з нечым да хаты бяжыць, толькі хлопец з пустымі рукамі, але ж вершы якія злажыў! Я жыла б, як русалка, не еўшы сярод цішы аеру і траў. Мілы хлопчык, каму тыя вершы ты на досвітку з сэрцам аддаў? Кніжка побач. Я сплю, не прачнуся. Водзіць сон па далёкіх кутках. Назіраю. Нясу Беларусі нізку вершаў у кволых руках. Восень
Золата, чырвань і медзь на кустах. Вецер свавольны аж хмеліць. Фарбаў багацце — то восень-мастак малюе свае акварэлі. Хмарам збірацца і лісцю кружыць, вітаючы сумную госцю. Хораша позняю восенню жыць, дыхаць яе прыгажосцю. З трывогай у сэрцы на край мой гляджу, на лад і разлад на планеце. У засяроджанай цішы кажу: — Хай выйграе праўда на свеце. Хай замець закруціць сумётаў сувой, бінт снегу на раны паркана. Хай людзі жывуць на планеце сваёй, каму колькі наканавана. Поделиться с друзьями: