ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
* * *
Пралеска раскрылася ў жмені. Лес першай травою прапах. Блакіт ператкала праменне вясны на птушыных шляхах. Мінула завеяў дакука. Вылазіць пралеска з зямлі. Пяшчотныя ручанькі ўнука за шыю мяне абнялі.
Коні
Прамінуў непаўторна час журботы ў палёх. Загудзелі маторы, ажно вецер прыглох. Конь наш, верны наш конік, сябра ў долі цяжкой. Пасміхаецца комік над табою з сахой. Забываюць, саколік, пра аратага з ніў, як да трактарнай долі ты нас хлебам карміў. Без цябе як жылося б? Ты гаротна іржаў ды вазіў праз палоскі нашу радасць і жаль. Да млына нетаропка, ўлегцы — рвеш, не ўцячы... Трапяталі жаробкі, на кірмаш бегучы. Да цябе прыпадалі ў сумны час дзецюкі, жонкі грывы спляталі і кармілі з рукі. Ды не раз маладзіцу везучы сабе ў дом, падзяліўся вазніца сваім шчасцем з канём. Слёзаў, слёзаў прадонне. Гнёт суровай пары. Ды былі ж у нас коні, як бываюць сябры.
Сыну ў Беласток
Задрыжала знячэўку асіна, подзьмух сцюжы прабег па кары. Восень згрэбла атаву, звазіла, пазганяла жывёлу ў двары. Мокры вецер ахрып, занядужаў, над ракою лякоча вярба. Павуцінне — апошні свой кужаль — ткалля-восень снуе з серабра. Мо сумуеш, а можа, рагочаш. Я шкадую, што ты не пры мне. Дождж з-пад Воўпы цябе не намочыць, вецер жлобаўскі не закране.
Доўг
Хтось адыдзе, нехта развітаецца, застанецца жменя сумных слоў. I буслы не ўсе дамоў вяртаюцца з афрыканскіх сонечных краёў. Абарвуцца думкі чалавечыя, згасне сон дзявочы на зары. У жыцці няма нічога вечнага, бо жыццё самое да пары. Я стаю сярод палёў засеяных, пад нагамі гнуцца бадылі. Бацькавы слядочкі ветрам звеяны, пазатоптаны, даўно ў зямлі. Грэліся пад шэрай стрэшкай разам мы, смех звінеў ад раніцы ў палёх. Так шкада — не ўсё дарэшты сказана, не адплачаны бацькам наш доўг.
* * *
Іду сваёй сялібай неабжытай, не спадзяюся тут сустрэць кагосьць. На танкаструнных сцебялёчках жыта вятры зайгралі мне пра маладосць. А жыта наліваецца, расуе, а зернеткі растуць адно ў адно. У курганах ляжаць і не пачуюць браты мае, як зазвініць яно.
* * *
Крутавата цягнецца дарога. Лес абапал цёмнаю сцяной. Сцежкі тупкай ледзь кранаюць ногі — маладосць іх носіць над зямлёй. Ззяе братаў твар, амаль дзяціны. Я і ён. I ноч. I родны край. Родныя да болю каляіны і на хмарцы месяц-каравай. Хуценька спяшаемся дахаты, завідна не ўправімся, аднак. Бачыла... ў газетах... зноў гарматы... Вечна людзям трызніцца вайна. Пра вайну зусім старыя байкі у дзядоў. А нам бы жыць ды жыць. Нас у свет шырокі клічуць грайкі. Сто дарог у далечы бяжыць. Цішыня. Ніхто ў сяле не свеціць. Гасне зорак ператлелы жар. Выграбае мітуслівы вецер бохан-месяц з чорнай печы хмар. Мы ідзём. Бадзёрым словам звонім войнам, страху, цемрадзі на злосць. Не заступіць гора, не дагоніць у жытнёвым полі маладосць! А вайна ля межаў гаманіла — азвярэлая, агідная жывым. Заставаўся попел, ды магілы, ды ўспаміны, бы ахвярны дым. Зноў успомню — закрычу ад болю: — Не аддам цябе, сынок, вайне! Хай вайна суровая ніколі маладосці ў полі не сажне!
Аблокі
Абуджаецца родны край, гладзяць косы вятры пералётныя. Бохан хлеба, нібы каравай, у ручнік матуля загортвае. А птушыная скрозь мітусня! Завушніцы на голлі бярозаў. Урываецца ў смех вясна з белых дрэў, зарунелых барознаў. Так лагодна ў вільготных палёх вецер гладзіць русыя косы. Гнуцца травы пад пальцамі ног, шчэ з вясны бялюсенькіх, босых. Аблачыны-гускі плывуць, ўзвейна-лёгкія, з белага пуху. Так шчымліва ўзняць галаву — адгалоскі далёкія слухаць.
Баразна
Вярніся зноў, вясновы вецер звонкі! I голас таты за вярсту чуваць: — Гэй, не мыляйце, хлопцы, з баразёнкі! Сур’ёзна трэба плугам кіраваць. Каб роўна рэзаў плуг барозны-струны, каб не глыбока і не плытка браць. Калі папар засееш, з добрай руні найлепей тое ворыва відаць. І сеяла ўся Беларусь, і жала, у хатах прала, ткала давідна і толькі думкі новыя снавала і душы высвабоджвала з ярма. Аджыў наш плуг сваё жыццё пачэсна, сярпочак пад паветкаю спачыў. I не на лавах, на адказных крэслах сядзяць сыны, што адышлі ад ніў. Не плугам, яркім лазерам працуюць. Бяруць за чуб жыццёвы пералом. Высокаю энергіяй кіруюць і пішуць самалётавым крылом. I крыкнуць хочацца нашчадкам юным: — Змагайцеся з няведамым смялей! Прастуйце плугам, каб барозны-струны і ворыва не горш, як у людзей. Шляхі жыцця — запрэжаныя коні, гаспадароў хай слухаюць яны. Трымайце лейцы моцна у далонях і не мыляйце роднай баразны.
* * *
Хлопчык маленькі, ты — быццам світанне, калі вецер сонейку вочы развяжа, яснае, з хмараў жыццёвых прагляне, праўду дзіцячымі вуснамі скажа. Гэта, мой хлопчык, у цяжкай патрэбе, калі болей сіл у жыцці не хапае, ясны праменьчык паслала нам неба за мукі і боль для радзімага Краю.
Вясковы дом
Вясковы дом. Тут зруб звычайны і сіла бацькавай рукі. Бярвенняў, высечаных дбайна, цяжар прылёг на вушакі. Глядзіць на свет, прапах жывіцай, на летнім сонейку прасох, між дрэва ветру не прабіцца — ляжыць там туга шэры мох. Чысцеюць сені і святліца да ўсіх прыветліва, з цяплом. Тут кожны можа прыпыніцца, хто завітае не са злом. Хлеб пад абрусам хатні, свежы, мядок ліпнёвы загусцеў. Ахвотна нож акраец рэжа і мажа мёдам для гасцей. Сляды маіх дзядоў на лаве, дыван з матуліных красён. За абразамі пахнуць травы, цвітуць юргіні пад акном. Сагрэта вішнямі сяліба, сцяжынак ад суседзяў бег, засеяная хлебам скіба айчынных ніваў з веку ў век.
* * *
Ужо ў маім жыцці і вечарэе. Канчаецца працоўны ясны дзень. Яшчэ блішчыць зарой адна надзея — сынок у сасняку не прападзе. Цямнее. Ці была без сэрца маці: паслала сына пашукаць бычка. Хай спалі б думкі смелыя дзіцяці каля прымурка цёплага бачка.
* * *
Гэткі сон, болем нат не разбуджаны. Сонца сыпле надзеі з каўша. На далонях тваіх натруджаных спіць, здаецца, Радзімы душа. Сонным сэрцам зямля пагарджае. Людзі ж родзяцца, каб тварыць. Не збярэ жнівом ураджаю, хто вясну маладую праспіць.
* * *
Праляцелі гады з разлукаю. Туманамі боль уваччу. Ты раскажаш, а я паслухаю. Ты спытаеш, а я змаўчу. Слоў не хопіць, каб праўду выказаць. Хопіць сілы — маўчаць магу. Успаміны нярадаснай нізкаю разбудзілі маю тугу.
Мінск
На скрыжаванні адвечных шляхоў ты стаяў па-славянску гасцінны, напаўнялі тавары замежных купцоў кублы, жалезныя скрыні. Руйнавалі, палілі, а ты паўставаў, красаваўся, як памяць былога. Панаваў, гандляваў і сардэчна вітаў гандляроў ля гасцінных парогаў. Непахісны ў змаганні і мужны ў бядзе, калі ў друзах здаваўся памершым, паўставаў, быццам з ночы народжаны дзень, малады і яшчэ прыгажэйшы. Глянь на працу сваю, мудры продак стары, наша дзевяцьсотгодняе «ўчора». А мядзведзь жа за крокам сачыў у бары, як ты клаў першы камень пад горад. Конь у гербе даўнейшым капытам грабе, меч і шчыт — тваёй волі зарука. «Нур фюр дойтшэ»,— казалі чужынцы табе. Ты ж, як быў, так і ёсць беларускі. Шмат вады і крыві паплыло з той пары, і другія стаяць абеліскі. А з металу і з пушчы выходзяць зубры на гасцінец асфальтавы мінскі. У шчаслівы і благаславёны той час з неабчэсаных смоленых брусаў залажыў гэты горад наш продак для нас, для нашчадкаў сваіх, беларусаў.
Віцебск
Тваіх ранаў не пералічыш, вой стары з маладым абліччам. Нескароны ў крутой барацьбе, акрыяў, ажыў — пакалечаны. Нашы сэрцы імкнуцца к табе, як калісьць на забытае веча. Лёс шчаслівы дазволіў сынам на шчыце тваім век свой высечы. Ганарыцца нашчадак — дзядам і не сто і не дзвесце — тысяча. Жыць табе у вянку нашых сёл, новай славай гудзець, красавацца. Хай к табе за святочны стол прыйдзе мір і плённая праца. Рэхам слоў, што вякамі гучаць з дзён Ярылавых, як бяссмерце, калышы светла-русых дзяўчат, беражы каля мужнага сэрца.
Зэльва
Раненым крыллем сонейка хіліцца, коўзаецца і, як птушка, далоў. Тонкім вэлюмам дым над Зэльваю ўецца з пабеленых каміноў. Сцежкай асенняй, лістотай засеянай, з сумкамі, з кніжкамі хлапчукі. А над Зальвянкаю вуды з прыманкамі, хлопцы з каханкамі, аблакі.
Поделиться с друзьями: