Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
Вечарам
Прада мною два цені каля дрэваў густых. Нейкі крок летуценны, адно сэрца ў дваіх. Супраць нашага дома абняліся, стаяць. Можа, нехта знаёмы, можа, некалі я? Не ў нейлоне празрыстым, як світальная мгла, у сукенцы з батысту я з табою ішла. Ды цямнейшы быў россып незаплеценых кос, і ніжэйшы абцасік, і вышэйшы мой рост. Ды хіба не ўсё роўна? Хтось жыве, нехта жыў. Гэты ж месяц у поўні нам абедзвюм свяціў. Толькі лекарам першым быў з зальвянцаў мой друг. Мае першыя вершы з сэрца ўпалі на брук. Памяць
Памяць — вечны сябра, неадступны цень, непагаслых фарбаў залаты прамень, закідае невад у мінуласць дзён — надвячоркаў спевы, шэпты ля вакон. На чужыя воды, плыні, берагі, у ліхую воддаль, маразы, снягі цягне, цягне сетку, бачную ледзь-ледзь. Памяць не нябожчык, і не ёй сатлець. Еўфрасіння Полацкая
Мінуласць ляжыць надмагільным вянком над тымі, што ў смерці застылі, ззяе святлом праз цемру вякоў святое імя Еўфрасінні. А доля ж была у крывіцкіх жанчын з кудзеляю, з прасніцай злучана. Яна ж за асветніцкі слаўны пачын дастойна прайшла ў неўміручасць. Ад Лады, вяснянай красуні ў бары, ад моцы Ярылы, Стварога знайшла сярод вечна паганскай пары да мудрасці новай дарогу. Яшчэ над Дзвіною старыя багі ў сялібах людзьмі карагодзяць, яе ўжо прывабіў свет праўды другі, што неслі Кірыл і Мяфодзій. У пушчы-лясы адыходзяць далей продкаў сівых абаронцы. Пісьменніцтва, новая вера мацней за ўсіх багоў грому і сонца. Народ яшчэ даўніх мілуе багоў. З камення ім стодзівы ставіць. Абараняць іх у пушчах гатоў і моц над людзьмі славіць. Дарэмна. Другія стаяць алтары. У Прадыславы мэта — святыні, цэрквы, манастыры — тагачасныя універсітэты. Вяртаецца ў край з навукай, з дабром, братэрства і мір у ім сее. Валодае смела князёўна пяром, людзьмі завалодаць сумее. Асветніца наша, духоўны ўладар, паганства і цемру скарыла, каб Полацк узвысіць. На шлях яе мар з Полацка выйшаў Скарына. У сэрцы чарніцы палае агонь. Падзеі тых дзён па парадку збірае на славу народа свайго і летапіс піша нашчадкам. У келлі маленькай, у ціхім Сяльцы, не марыць пра узнагароду. Не толькі царкве яе веліч душы — жывому народу і роду. Адчула: народ не учора паўстаў. Не заўтра канец нам прысудзяць. З мінуўшчыны слаўнай падзеяў і спраў мы ёсць. Мы былі. Мы будзем! Над старымі друкаванымі кнігамі
Уладзіміру Караткевічу
Хмялееце. Тут анігадкі ўпіцца, гартаючы старонкі мудрых кніг. Апавясцілі поўнач са званіцы, і крочыць ноч, а вы ўсё каля іх. Забыты скарб вяртаеце народу. Тут болей сэрцу, як вачам, відно. Ні пыл вякоў, ні час — не перашкода, калі нашчадак з продкам заадно. Ці бачыце? Пагас у хмарах бурых пабляклы месяц — кованы ліхтар. Заснуў з утомы на мядзведжых шкурах гасцінны і натруджаны друкар. Варушыце вякоў старыя тайны. Усхваляваны знойдзеным да слёз, не чуеце, як конь заржаў у стайні і раздувае храпаю авёс. Ўсё дарагое, вырванае ў смерці і ў небыцця, што з пылу паднялі, у гэту ноч схавайце ў нетрах сэрца, каб апасля апавясціць зямлі. Няхай раскажа час мінулы сённячы усім забыўшым мову і свой род пра справы слаўныя Скарынаў і Мамонічаў, пра першы друк — наш велькі чын і ўзлёт.* * *
Адзінай мэты не зракуся, і сэрца мне не задрыжыць: як жыць — дык жыць для Беларусі. А без яе — зусім не жыць. Час
Скрыпучым возам ехаў час, калдобістаю каляінай, а ветах выплываў і гас, а воз каціўся без упыну. Ўставала сонца з-за лясоў, ішло ў зеніт па небасхіле. А воз каціўся, конь ішоў, дарога курчылася ў пыле. Гарыць агонь, лясы маўчаць, прыпалі коні да атавы. Пара вякі ператрасаць, перацаніць людскія справы. Забытым трактам я іду, ступае побач адзінота. Шукаю вынашаных дум, падбітых крылаў з тых узлётаў. Іду, задумны пілігрым, слядоў шукаю ў каляінах. Сюдэма йшоў Паўлюк Багрым, сюды дамоў спяшаў Скарына. Няма даўно ўжо іх слядоў. Лёг пыл на шэрыя стагоддзі. I толькі сэнс вялікіх слоў у нечых ранніх сэрцах бродзіць. * * *
Я сэрца ўздым, жыццё сваё і вернасць, і ўсё, чым вымяраецца любоў, аддам табе, пяшчотная бязмерна, пакутная зямля маіх дзядоў. Два рэхі
М. Т.
Мы з Вамі два рэхі ў адным бары ад Нарачы аж да Нёмана, на матчынай мове, па песні сябры, і думаем крышку падобна. Здалося мне: рэкі плывуць назад, гады вяртаюцца з выраю. Стаю сярод поля, дзе дрэвы ў рад — якую ж пуціну выберу? Капытамі коні кранаюць зямлю, іржуць, патрасаючы грывамі. Я песні з аселіц сэрцам лаўлю — тужлівыя, спеўныя, жніўныя. Я ведаю многа песень чужых, усё ж тыя жніўныя, родныя, як жураўліны асенні крык, навекі мяне запалонілі. Шэрыя хаты пад шэранню стрэх, шэрае беднае зрэб’е. Шэрыя твары плачуць праз смех, Шэрыя вёсны, бясхлеб’е. А мова, як ліра: спявае, гудзе, стагоддзямі вусна прадзецца. Промнямі слоў суцяшае ў бядзе. А мова, як сэрца, б’ецца. Слухаю, думаю... Думка адна: людзі пакрыўджаны родныя, просяць за іх заступіцца, аднак сілы такія няроўныя. Трэба змагацца. З панамі на бой. Трэба, як дуб, як камень. Нашая песня панам, як мазоль: шкадуюць і зводзяць вякамі. З’яўляліся хлопцы, праз цемру вякоў народныя раны гоячы, за сілу адважных закляццяў і слоў жывымі згаралі на вогнішчы. Ірваліся ў полымя, у забыццё, каб толькі не плакаць, не каяцца! З болю на свет прыходзіць жыццё, болем яно адкупляецца. Гэта было ў той завейнай пары, Калі, размахнуўшыся крыламі, Вы сталі змагацца яшчэ на зары з народнымі вечнымі крыўдамі.* * *
Зямля мая любая, дзень мой і ноч, водгулле песняў, у полі калоссе. Часам ударыць аб шыбіну дождж, сумна ля вокан вятры загалосяць. І з заараных даўно каляін роднага поля маёй мадалосці вырвецца часам балючы ўспамін, даўно адышоўшых пакліча у госці. У покуці, тата, цябе пасаджу, прысядзе матуля зычлівая побач. У сне-успаміне на вас пагляджу і буду вас сцішана слухаць за поўнач. * * *
За акном у сутонні сонца нікне са стрэх. Дождж мне вымыў далоні. Шчокі выбеліў снег. Ільняную кашулю на мой змучаны стан каб на ноч апранулі ды паслалі дыван, ды паклалі на ўзлессі у старым дзірване, каб цягучыя песні калыхалі мяне. * * *
Думы — коні мае вараныя, грыва з ветрам і цокат капытаў. Напярэймы — жывыя, зямныя, выкрасаюцца іскры з граніту. Сялянка я
Шугае позірк смела за аблокі, што пралятаюць над гняздом маім. Сялянка я з душой маёй шырокай і з думкамі, як Нёмана уздым. З цішы лясной, з тугі і крыху з поту. Я працу ведаю і крылля смелы ўзмах. Мяняю я на ніваў пазалоту ўсё золата на пальцах і ў вушах. Хтось плача, што насіў калісьці лапці і з путаю за статкам босы йшоў. А мне найлепей у сялянскай хаце, што ведае, дзе мір і дзе любоў. Калі на сэрцы ные боль шчымлівы, хтось адыходзіць ў невараць з сям’і,— нам гояць раны залатыя нівы, палі бязмежныя. Сяляне мы. Медзвядзёва фарба
На каптан для мужа, на ўток і аснову, шукала жанчына фарбы медзвядзёвай. Гэткай незвычайнай пражаю снавала кросны, гэткай ніткай бабка патыкала, не гнядой, не бурай і не каштановай — іменна наяўнай фарбай медзвядзёвай. І малюе мара маладой жанчыны бурага мядзведзя ў нерушах айчынных, і вачмі прабабкі бачыць, як у буру валакуць мужчыны медзвядзёву шкуру. Ды па тых адважных згасла памяць недзе, што змагалі ў пушчы бурага мядзведзя. А жанчына марыць ночкаю зімовай і шукае фарбы толькі медзвядзёвай. Беларусы
Беларусы ад касы. Нам сняцца высокія травы, пракосы, як паясы. Касавіца для нас — забава. Лоб у поце, лугі з расой. Гнецца першына, зноў атава. Размахнуцца шырока касой — маладая мужчынская справа. Беларусы ад касы. З асялком у кішэні кожны. Пахіляюцца каласы з налітым зернем на пожню. Косы звіняць у сяле, іх клеплюць на бой пераможны. І хлеб, бы зара, на стале, і засек зімой не парожні. Беларусы ад касы. Дарогамі да світання хлопцы з косамі йшлі ў лясы, на бунт ішлі, на паўстанне. Вашчыла іх вёў, Кастусь. Звінелі ў паходах косы. Адраджалася Беларусь пад звон іх рашучы й востры. Вокам сябра гляджу на касу. Асялок кранаю рукою. Не, на злом яе не панясу. Няхай павісіць пад страхою. Поделиться с друзьями: