ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
* * *
Сёння месяц, рагаты і грэшны, блудзіць небам, шукае прыгод. Гэткай ноччу складаюцца вершы аж да раніцы навылёт.
* * *
Час імчыцца. Мінуласці соладка спіцца. Новых думак і мараў не пафасны хор, новай праўды другія, жывыя крыніцы разбудзіў звышракетны, шалёны віхор. Не, не атам! Няхай лепш у стомленых сэрцах стане розум насупраць тупых кулакоў. Дасягненні навукі ў паядынку са смерцю. Супраць згубы планеты ўся мудрасць вякоў.
Дзе блудзяць сны
Цішыня раўнамерна плыве за акном, як жыццё без прынады, без смеху. Часам вецер зазвоніць аб шыбу крылом ці заб’ецца з разгону аб стрэху. Я лічу павароты ўжо пройдзеных дзён. Тых, што прыйдуць, спазнаць не ўмею. Час плыве. Я не сплю. Заблудзіўся мой сон ва ўспамінах суровых завеяў.
* * *
Айчына — адвечнае слова з глыбінь з жыццём удыхнулі у сэрцы. Долі палын і надзеяў цяплынь і вернасць надзеям да смерці. Айчына — зямелька, магілы дзядоў, іх думкі і творчая праца. У снежную замець дарога дамоў. То — не баяцца! То — радасць світання і сум вечароў, ад сонца салодкая ўтома. То — светлая, верная ў сэрцы любоў. Айчына — то дома! Дома! Спрадвечпая доля — жыць і ўміраць. Працягласць супольнага роду. Ці будуць часамі сыны ўспамінаць, як пойдзем ужо назаўсёды?
Бяссонне
Апалі хмары — кудзелі клочча з начное цьмы за шэры небасхіл. А маладзік ад пацалункаў ночы у рукі дзеўчыны упаў без сіл. Зарою светлай неба закранула. Збудзілі птушкі поле да жыцця. А я зусім пакуль што не заснула – гаворцы з сэрцам не чутно канца. Паэтаў сон часамі й недарэчны. Тут мары з яваю не пагадзіць. То — дыялог, напружаная спрэчка таго, што ёсць, і як магло ўжо быць.
Жняя
Белая кашуля і сярпок праз плечы. Тканая спадніца, хвартушок квяцісты. Вось ідзе дзяўчына і пяе, шчабеча з ніваю даспелай, з раннем залацістым. Ды не постаць стане, загарне калоссе, зубленым сярпочкам, сабярэ ў далоні. Золата цяжкое, каб не растраслося, лёгенька і спрытна да зямлі наклоніць. Ды уздыме жменьку зноў над галавою. Ды калоссем спелым, бы праменнем ясным, з лёгкасцю птушынай ўскалыхне з любоўю і паложыць жменю ўніз на перавясла. Адарвецца часам, сноп высокі звяжа. За сабой паставіць ветру на забаву. I стаяць снапочкі залатою стражай ля мяжы зялёнай з чубам кучаравым. Кончыцца дзянёчак, дык на ржышчы гладкім зжатаю дарогай у сутонні шэрым стройныя снапочкі сыдуцца ў дзесяткі. А дзяўчына пойдзе ў хату на вячэру.
Асенні
Сонейка не выйшла больш на неба ў золаце ад галавы да пят. Дзень сягоння апрануўся ў зрэб’е хмар абшморганых і хмаранят. Нават вачаняты не смяюцца пад асенні, пад імглісты шум. Туманамі ў галаве снуюцца пасмы сумных жураўліных дум. Адлятае, заціхае радасць. Толькі сэрца стогне, бы крумкач, быццам бы прыгнула нас адказнасць за віхураў безуцешны плач.
* * *
Мы паэты, высокі ўзлёт. Нам да хлеба — глыточак славы. Каб расплавіць на Нёмне лёд, неба дорыць нам вершы-праявы. Мы адкрыта глядзім на свет, наша вогнішча не патушаць. Мы застогнем — наш спеў, як след, застанецца адбіткам на душах.
* * *
Па гасцінцы, капытамі ўбітым, шпарка едзе параконны воз. Паганяе вецер хваляй жыта, звоняць росы ў кудзерах бяроз. Пчолы ў вуллях шчэ. Ранютка ранне. Прачынаецца ледзь-ледзь сяло. Толькі што нясмелае світанне чарку сонца ў неба падняло. Бор прачнуўся ў важкім задуменні. Бронзу сосен дзятлы не куюць. Ад глыбокіх, векавых карэнняў маладыя парасткі растуць.
* * *
Сонечна. Ветрыку ціхі напеў. Ладзіцца подступ шчодраму лету. Цёмная зелень разгалістых дрэў мяне аддзяляе ад свету. Кветкі вакол. Травы ля ног. Я не пайду за блакітны той плёс. Хаты сялянскай стаптаны парог мне падарункам належыць... Мой лёс...
Начная акварэль
Такая ноч. Не зварухнецца вецер. Галіна не зварушыцца на здзіў. На зрэб’і хмар з бурштыну бранзалецік — прынадна свеціць кволы маладзік. Апошняе святло ў акне агасла. Мядзведзем расцягнуўся цёмны бор. Ў задуме ўсё. Адны толькі Пегасы кранаюць капытамі зор.
* * *
Выходжу над Нёман пад клёкат буслоў, углыб запускаю невад. Ці будзе на шчасце багаты ўлоў, трудна згадаць наперад. Сцелецца травамі бераг ракі, ўздрыгвае гладзь вадзяная. Плешчуцца ў хвалях язі, шчупакі, сом паветра глынуць вынырае. З тоняў, з глыбінь ля сваіх берагоў невад цягнуць — асалода. Выплеснуць з вершы тугіх шчупакоў, а плотак пусціць у воду. Выйду насустрач плыні крутой, невад закіну на шчасце. Рыбкі шукаю сваёй залатой – ці вылавіць з хваль яе ўдасца?
* * *
Зашумела ў задуменным лесе, загайдалася ў вышыні. Ува мне старадаўняя песня запусціла свае карані. З-пад сярпа прагучала калісьці ля зярністых жытнёвых снапоў, калі бусел гайдаў калыску яснавокіх дзіцячых гадоў.
* * *
Жыць бы на аднаселлі, дзе на дасвецці стукоча ў скроні, будзіць са сну вецер. Жыць бы на аднаселлі — зораў шукаць у прысадзе, прасці вятроў кудзелю, што некалі не дапрадзецца. Агонь патрэсквае ў печы. Каханне шчыра шчабеча. Ад шчасця маўчыць, як бяздонне, гаючае Прынямонне.
* * *
Падкрадаецца знячэўку страх ды рукой кашчавай сэрца ўшчыміць. Цвёрда на сваіх стаю нагах і гляджу цвярозымі вачыма. Каб мякіны за ўмалот не ўзяць, лёгкае слаўцо кладу на вагу. Каб хлусні ды праўдай не назваць, я знайду яшчэ ў грудзёх адвагу.
* * *
Напластаванне пройдзеных гадоў — ужо амаль курганне нарастае. I сэрца халадок, і снег віскоў, які ў вясновы поўдзень не растане,— нагадваюць далёкі цяжкі шлях, куды паеду, скуль няма звароту. Застыне іней ў цёмных валасах вянком апошнім шчыраму народу.
Поделиться с друзьями: