ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
* * *
Ноч дыша цяжка, канае нібыта, і таму так нявесела мне. Неба зорамі моцна прыбіта, так пагрозна маўчыць у акне. Не. Не трэба! Цяжкасці-важкасці — слабым, прывучаным ныць. Маем права жыццёвыя радасці на зямлі між людзьмі падзяліць. Вымыты ў росах, прапахнуты зёлкамі, абапёршыся на пляцень, падперазаўся цуднай вясёлкаю нованароджаны дзень.
Мароз
— Я дужы. Захочу — замучу да слёз. Спыню, закаваю крыгі. Усё анямее... Хваліўся мароз, пакуль не было адлігі. Не ад такога ліхога, як сам, што мучыць, марозіць бясконца і нораў дыктуе жорсткім вятрам,— загінуў мароз ад сонца.
Кволасць
Жаночае амаль не знаю кволі, хоць сэрца тужыць восенню па ёй. Жыцця ўмалот вятры перамалолі і скроні нат абсыпалі мукой. Я на тваіх разлогах — чарацінка, зямля мая, мой солад і мой боль. Мой жытні хлеб з духмянаю скарынкай на твой абрус пакласці мне дазволь.
* * *
Цягнуцца ў неба таполі. Шлях нацянькі да сяла. Я заблудзілася ў полі, сцежкай крутою пайшла. Дуб у задуме глыбокай. Гнецца вярба да зямлі. Тутака вераць ва ўрокі, Пэўна, мяне ураклі. Пахла ля ног канюшына. Буйна цвіла сенажаць. Поле мяне навучыла з родных дарог не змыляць. Часам спынюся ад болю. Моўчкі пот вытру з чала. Я заблудзілася ў полі, сцежкай крутою пайшла.
* * *
Іду скрозь зялёныя шолахі дрэў, адна між падоўжаных ценяў. Пух тапаліны на скроні асеў. Не здзьмуць яго ветрам асеннім.
Дом дзяцінства
Працягнулася дарога моўчкі за сялом. там, за марывам разлогаў, мой вясковы дом. Злева — альшына густая, луг цвіце, як май. Справа ў неба вырастае белазоры гай. Пахне свежа бор сасновы, каля ног чабор. Расспяваўся дзень ліпнёвы, бы пчаліны хор. Ходзяць там «буслэ» паволі, зелена кругом. Мной пакінуты між поля мой вясковы дом.
Зубр-адзінец
Зубр-адзінец ад статка адвык, не ахвярай, а панам у лесе. Адзін, як пільгрым, што ў святыню пранік. Адзін, як арол ў паднябессі. Наканаванне накрэсліць кругі, разгон, узвышшы палёту. Каго палюбілі аднойчы багі, сіла яго — адзінота. Красуецца статак прыплодам цялят, гульнямі ў травах пахучых. А ў сэрцы адзінца інакшы загад — быць рыкам адвечнае пушчы. Стойбішча статка і статка лугі. Адзінцу — трывога у сэрцы. Каго палюбілі аднойчы багі, са статкам той не сальецца.
* * *

Нада мною столь з дошак і бэлек

пралягла на бярвеннях тугіх,

стырчаць гакі старых калыбеляў,

ноч мінуласць калыша на іх.

* * *
Песня каронай на голаў лягла, з церня вянком на чало. Песня-сяброўка з малога сяла сціплая, нібы сяло... Хочацца рукі шырока падняць і даць ёй свабодны ўзлёт. Хай кружыць, буркуе, пяе, як вясна, прарваўшы праменнем лёд.
* * *
З болю народа, з ягоных надзей, як любоў і сумленне свету, як носьбіты вольных і светлых ідэй, з зямлі прарастаюць паэты. Шкода, не кожны аб ёй запяе, парад у яе запытае. Хоць сіла, што й дрэвам магутнасць дае, ў сваіх нетрах і песню стварае!
Паэты
Поўнае сэрца узнёслых турбот, красою зямлі захапленне. Паэты — зусім не манашаскі род. Паэты — жывыя стварэнні. Не па разліку бывалых людзей, папаўшыся ў пераплёт, слухаюць сэрца. Яно праўдзівей, ім крэсліць напрамак, лёт. З шэрасці твораць жыцця ідэал і смела наперад варожаць. Ля вогнішча — думаў натхнёных запал і песень разліў пераможны. Не ўсе з ім музыкі, не ўсе салаўі, што зоры трывожаць начамі. Без енку ў цярпенні, без страху ў баі. Паэты бываюць арламі.
У песнях ёсць хлеб
А мяне, мусіць, з гора нарадзіла зямля, толькі ціхай пакоры ў сэрца мне уліла. Ноч, як подых хаўтурны, нат зара не ўзышла, не з прамення, а з буры, мусіць, выйшла душа. Сонца на небасхіле. Кружыць птах над зямлёй. Ён пазычыў мне крылле і паклікаў з сабой. Крылле — скарб небагаты. Ўзлётаў не падзяліць. Не хапіла зярнятаў, каб усіх накарміць. Толькі песень хапіла, каб хтось духам акрэп. Пэўна, ў песні ёсць сіла. Пэўна, ў песні ёсць хлеб.
Успамінала дзяўчынанька
Ўспамінала дзяўчынанька залатую вясну. Да магілачкі вернай быць — хто цалуе адну. I зімою ці летам цераз буры і снег за такім ісці следам, хто кахае навек. Быў жа — доляю выснены, сэрца болем крануў. Вусны — спелыя вішні — пунсавелі яму. Як ішлі ганаровыя. Ён ад брата вярней. Ды такія героямі паляглі на вайне.
* * *
Будзьце з пагодай, мірныя дні — плён чалавечай працы. Будзьце з лагодай, смелыя сны, што сэрцу людскому сняцца. Будзь урадлівай заўсёды, зямля, шчодрай, вільготнай вечна, што родным братам прытулак дала ў сям’і сваёй чалавечай. Але ў блакіце азёраў і рэк з косамі спелага жыта радзіма чакае вас, як Сольвейг чакала калісь Пер Гюнта.
* * *
Юным не спіцца, не ўцішыць сяла, тужаць, кахаюць гітары, ночка-цыганка высока ўзняла месяца поўную чару. Іскрыцца водблеск далёкіх планет, сад ў галасоў перагудзе, які ж ты харошы, харошы свет, ты ўвесь для радасці людзям! З сэрца пачуцці, як кіпень з каўша, сіла бурліць маладая, плешчацца ў песнях жывая душа, долю на бой выклікае. Вецер, разлукі, вайны не прароч! Шчасце — як струн пераборы. Рукі сплятаюцца ў гэткую ноч, сэрцы вянчаюцца ў зорах. Нельга снарадам — у веснія дні, нельга ракетай — у долю, сэрцам на свеце не трэба вайны, ні сёння, ні заўтра — ніколі!
Поделиться с друзьями: