Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
* * *
Зіхаціць за сцяною чаротаў накрухмалены Нёмна абрус. Што спыняе думак узлёты, я пакіну, як цяжкі груз. Песня, песня, народная ліра. Я з кайданаў яе узняла. Што ні нота — адкрытасць і шчырасць, Скарб адзін — дарагая зямля. У нас
Вочы мае сонныя. Сны на вейках. Не заспалі сонейка, салавейка. З ручніком кужэльным каб памыцца ранняю расою,— да крыніцы. Быдла за ваколіцу. На прастор дзеці. Жыта ў пояс клоніцца. Вее вецер. На льняным настольніку хлеб духмяны. Сыр, аладкі на століку да смятаны. Дык яшчэ з прынукаю, як вядзецца: — Ешце, ешце, госцікі, бо ад сэрца. * * *
Народ паважаеш, адкрыта жывеш — прыходзіць натхненне ад шчодрага сэрца. З маленькіх пачуццяў не зродзіцца верш, як з пустога вядзерца вада не нальецца. Шмат чаго трэба ў душу увабраць. Там змесціцца больш, як у нашых далонях. Зачэрпнуць з крыніцы святла і дабра — хай наша мінуласць праз вершы гамоніць. Пісаць пра мінуласць — не крочыць назад. Пісаць пра сучаснасць — не рвацца наперад. Трэба ў паэму жыццё нанізаць — зважыць былое, у заўтра паверыць. Тварыць – гэта значыць кахаць і цярпець. З праўдаю лёс свой злучыць пазаўсёды. Не ўчора пачатак, не заўтра канец надзеям і думкам старога народу! Зямля
О зямля! Сноў сялянскіх калыска, беларуская наша доля. Ты, як маці, нам родная, блізкая. Наша поле, шырокае поле. Ные сэрца соладка-соладка, маладзенькая грыва руні, і палеткаў бяскрайніх золата, і тарпіны снапоў на гумнах. Ужо арэм і жнём мы машынамі, нават дзічак не абмінаем. Ты ж цвіцеш, як цвіла, шыпшынаю, ты шуміш тапалёвым гаем. Мы аднымі дажджамі змытыя, мы са сцюжы, з нялёгкай долі, з родных песень, з палеткаў жыта мы. Урадлівае наша поле. * * *
Верны будзь слову, якім Купала, прарок народны, сэрцы ўзварушыў. Верны будзь слову, якое ўпала з матчыных вуснаў, як з неба, ў душу. * * *
Толькі чыстыя сэрцы пяюць. Толькі птушкі, вітаючы сонца ды калі свае гнёзды ўюць, звоняць песнямі ў неба бясконца. Гэта подзьмух жывучай вясны, ясных промняў няўлоўная жменя прабудзіла кругом галасы маладосці, сілы, квітнення. Сум праходзіць мінулай зімы, заміраюць нягоды жыццёвыя, падымаецца радасць з зямлі, сакавіцкім павевам адноўленай; Сіла крылаў не знае граніц, абмінаючы сцежкі глухія, п’е душа з першародных крыніц беларускай адвечнай стыхіі. Вырываецца песня у свет моцнай прагай дабра і свабоды за птушынымі песнямі ўслед. I паэты птушынага роду. Крыніцы
У бязмежную эру касмічную, бы ў сівую пару лучын, б’е празора вада крынічная, абмываючы пяткі вярбін. Той, хто зведаў палётаў кружэнні, даль міжзорных шляхоў без граніц, нахіліўся, глыкнуў са жмені, каб шылінкі ў яе не ўраніць. Як бы высака мы ні ўзляталі, як далёка б мы ні былі, нас да вербаў крынічкі вярталі. Мы юнацтва з крынічак пілі. Вецер
За вокнамі дождж, не бадзёры, не звонкі, плакаў, аб чым – нат не знаў. Вецер рабіны чырвонае гронкі, як пацеркі, перабіраў. Сэрца трапеча ў нясталага ветру: — Красуня, суцеш, супакой. Чаму не злажыла караляў ты летам, я ажаніўся б з табой. А то заручыўся з бялявай бярозкай, косы ёй плёў давідна, верна чакала абдымкаў за вёскай, сёння без лісця яна. Гутаркі ветру былі несумесныя. Зазіхацела рабіна красой I засталася асенняй нявестаю, жонкаю нічыёй. Буслы
Ходзяць госці — буслы па даліне. Скуль да нас прыляцелі, сябры? Крэкчуць жабы на дождж ў лугавіне, салаўі заспявалі ў бары. Смела, буслікі, лётайце дома, віце гнёзды бліжэй каля нас. Ў нас усё, як даўней, па-старому, хоць і новы, як кажуць, час. Можа, крыху інакшую, звонкую, па-старому каб вас прывітаць, мы зацягнем на дрэва баронку, каб лягчэй вам гняздо будаваць. Гэтак многа шырокіх дарогаў. Нам мілей даль палёў і лясы, дзе вякамі да нашых парогаў прылятаюць на весну буслы. Смага
Жывым струменем з нетраў б’е халодная, бы лёд, крыніца. Як праўду, чэрпаю яе з зямлі, што мне не чужаніца. Цячэ вадзіца проста ў збан. А пэўна, што лягчэй удвое, паволі адкруціўшы кран, напоўніць конаўкі вадою. Пайду насуперак вятроў насустрач ніў і польных макаў пад ценем ліпаў і дубоў па воду тую, што да смаку. Вайной
Сэрца маці начамі не спіць, лекаціць, як зыманы голуб. Сэрца маці за ўсіх баліць. Белізна пакрывае голаў. Нарадзіць, карміць, гадаваць. Чуць іх голас, бачыць усюды і вайне на няміласць аддаць ды чакаць чорнай весткі ці цуду. Хмарай зноў груганам кружыць над пабоішчам. Тлець папялішчам. Як жа зроблена мала, каб жыць. Як жа зроблена многа, каб нішчыць. * * *
Свішча вецер ашалела, востра, хлешча гордую душу маю. З непагодай у адзінаборстве вытрывала ўсё. Яшчэ стаю. Не зламалі недругі і гора. Бо ў часы праверак і нягод пунктам непахіснае апоры быў такі трывалы мой народ. Жыць
Жыць — гэта ў хаце са смольных бярвенняў з нашым адвечным гаючым цяплом, прагнуць, каб родныя тры пакаленні хоць часам сышліся за шчодрым сталом. Жыць — кідаць зерне ў ворыва спорна, садзіць маладыя лясы і сады. Дотыкам ног цалаваць тое поле, дзе цяжка ступалі бацькі і дзяды. Будую дом
Будую дом. Палац не ломкай гліны. У друз парассыпаецца бетон. Жывых людзей прывальваюць руіны. Я пабудую трывалы дом. Са сцежак ён, што праляглі праз церні. Ён са змагання, дзе мае сляды. З малога і вялікага цярпення, народзе мой, стары і малады. Мой век мінуўся, жудасны і сумны. З сяўні маёй наступіць умалот, як будзе жыць акрылены, разумны, паэтамі праслаўлены народ. Поделиться с друзьями: