ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
* * *
Розна бывае. I зноў неспакой. Нялёгка мне, не пярэчу. Долю бяру жаночай рукой, нібы каня пад вуздэчку. Будзе ў нагу паслухмяна ісці. Волі маёй не здрадзіць. Не дам сябе ў бездарожжа нясці па дзён маіх лістападзе. Жыву — гэта значыць зноў на кані. З зацуглянаю доляю. У прорву рване — не баюся ані. Праскачу? Утрымаю? Не здолею?
* * *
Тут дарога бяжыць праз палі, абмінае над крушнямі дзічкі, б’е вада ля каменняў з зямлі ў лона ціхай празрыстай крынічкі. Я расту, як ячмень, як авёс, зерне ў коласе пэўна хаваю, а ў снягі і ў суровы мароз я, здаецца, з раллёй спачываю. Што жывое, я сэрцам люблю. Кожны ведаю твар невялічкі. Ласку сонейка ў душу лаўлю і ад бур не хаваю аблічча.
У сёлах даўно не прадуць
Воўны белай пасмачкі кволыя з хмар-кудзелі вятры прадуць, не на кужаль, што ткалі ў сёлах. Па сёлах даўно не прадуць. Не снуюць вечарамі, не мараць ды не ладзяць забытых красён. Калі ўбачаць старое прыладдзе, даўніну ўспамінаюць, як сон. З ціхай сцежкі жыццё саступіла, шэрых досвіткаў болей няма. Не майструе грабель і цапільнаў, на таку не малоціць зіма. Не патрэбны ні свірны, ні гумны. Малацьба без цапоў і грабель. Толькі сэрцу даўнейшаму сумна. Часам сніцца кужэльная бель.
* * *
Цячэ ў крыві не дух слабы і прэсны, што хіліцца прад кожнай хваляй зла, а сум лясны, старыя нашы песні з наднёманскага роднага сяла. Упэўнена цячэ яна па жылах — народа кроў, што пратрываў вякі, бунтарная, бы некалі ў Вашчылы...
* * *
У неба ўперліся дубоў кароны. Стаяць яны, равеснікі вякам, бы стройныя дарыйскія калоны, нагадваюць стары антычны храм. З паганцаў я. Красе зямлі малюся, ў сябе ўбіраю веліч і спакой. Імкнуся ў свет шляхамі Беларусі. Сняжынкі таюць на вачах слязой.
* * *
На сонечных гонях, дзе я падрасла, над маёю зялёнай калыскаю гамоніць вясна, зацвітае вясна, маланкі зігзагамі бліскаюць. Не горад вялікі, асфальтавы шлях, палацы і сутарэнні,— дзяцінства ільнянае сніцца, а ў снах суніцы ў мурзатай жмені.
* * *
На прыпечку мурлыча кот, гадзіннік мірна б’ецца, і сэрца шыфраваны код чутно ў цішы, здаецца. Маўчанне, цемень угары. Насуперак спакою я з вамі гутару, сябры, слязінаю скупою.
Лекі
Гляджу з акна: снягі паволі таюць і сонца ўстала гожае як след, паветра зноў напоўніцу глытаю і цешуся, што зарунеў сусвет. Душа ізноў, бы сонейка, яснее, і ногі ўсё нясуць мяне далей, і хочацца зярняты шчодра сеяць, на крылах слоў за воблакі ляцець. Вітаць вачыма кожную травінку, аказвацца на шчыры стрэчны смех, ісці сцяжынамі без адпачынку, тварыць, як твораць вёсны, не наспех. Выходзіць з вострым лемяхом у поле, прылёт птушыны, звонкі спеў вітаць, расці ажно да неба сіняй столі, з прыродаю душою расцвітаць. Сплывае з дрэў адвечная жывіца, вятры задорна ў правадах гудуць. Спакойны сон, майго жыцця крыніца, залечваць раны да цябе іду.
* * *
Жыццё – не грушка на вярбе, гатовы каравай. Стваральнай працы для сябе ў нас непачаты край. Паспець бы раны загаіць, хто ў бітвах паў, за тых, усё вярнуць, ізноў стварыць і дакахаць за іх. Звярыных лапаў сцерці след, людзей дабру вучыць і паказаць нашчадкам свет, ў якім не страшна жыць.
* * *
У кожнага зара сваіх надзей, радасці свае, свае турботы. Таму не можа звонкі салавей, пяюн вясны, свістаць па воўчых нотах.
У час войнаў на нашай зямлі
Тут усё прыдбана і ў зямлі схавана. Хлеб ёсць і да хлеба ў цяжкі час. Самі апранаемся і самі лечым раны,— гэтак войны навучылі нас. Лён і воўна — вопратка гатова. Кажухі і світкі. Сала. Мёд. Вораг кулямі вядзе размову — кулямі адкажа наш народ. Як бяда нішчымніцу стварае — будзе дужы з бульбы, з лебяды. Толькі чалавечнасць захавае, дабрыню, сумленнасць, як заўжды. Шчыра тут усё ў нас і папросту: нівы, збожжа. Веліч нашых спраў. I няўцям пажары і забойствы тым, хто хлеб рукамі здабываў. Зноў сяло за лесам дагарае, зацягнулі небасхіл дымы. Хіжы вораг нас не пастраляе. Тут каменні робяцца людзьмі.
Вырай малады
Народ аседлы мы, не птушкі пералётныя, і Бацькаўшчына нашая — не стэп. З зямелькі ворнае, з сяўні і поту мы, так пакахаўшыя касу і серп. Дажджамі мы абмытыя і росамі, жывучасць нам дае сама вясна. Мы ад зямлі — складаныя і простыя і шчодрыя такія ж, як яна. Натураю, як сонейка, мы добрыя і літасцівыя, як матчына любоў. У барацьбе мы стойкія, харобрыя і верныя зямлі сваіх дзядоў. Як нашы пчолы, гэтак працавітыя, нібы мурашкі, дружныя з сабой. Ад долі труднай гартаваныя, гранітныя, ішлі стотысячнаю «Грамадой». Душою мы, як песні шчырыя, у свет загнаныя мы са спалоху дзён, дамоў вяртаемся, як птушкі з выраю, і ападаем на стары загон. І мілае нам неба грудаватае, і восені, і летні санцапёк. Бары адвечныя, сады за хатамі, нагамі роду стоптаны парог. Жывём мы гнёздамі, сваімі сёламі, насельваем старыя гарады, ў бяседзе дружныя, падчас вясёлыя, з вясковых хатаў вырай малады.
Маладосць i старасць
Маладосць — палёт мараў высокіх, нестрыманасць парываў і бунт. Старасць робіць маленькія крокі, але пэўна ступае на грунт. Маладосць без задумаў, дакораў часам прыме за золата медзь. Скіраваць свае крокі да зораў — шчэ не значыць да іх даляцець... Ў маладых — парыванне і слова, буралом на спакойнай зямлі. Мужнасць важкая ў сівагаловых, што карэннем у дол ураслі. Маладосць, замагаючы многа, дарам блудзіць сабе ў аблаках. Старасць ведае лепей дарогу і на правільны выведзе шлях. Слаўны ўзлёт малады і прыгожы, ўсё ж падводзіць няведанне спраў. У жыцці толькі той пераможа, хто ў сябе мудрасць старца ўвабраў. Ну, а мудрасць не з ветру бярэцца — аднагодак стагоддзям амаль. Доўга молатам цяжкім куецца, покуль стане гартоўнаю сталь. Смелы бунт, побач мудрая рада, пэўнасць крокаў і думаў палёт. I адна толькі простая праўда: хай жыве і дужэе народ.
Завея
Даль, як глянуць, бялее. Белы кужаль дарог, закруціла завея белы снег у палёх. Ашалела завея, загубіла мой след. Насумёціла, вее аж каню па хрыбет. Палазам не працерці шлях стары да сяла. Гурбы снегу і ў сэрцы мне зіма намяла. Мроі, мары, надзеі вырваў вецер з дарог. Круціць, круціць завея белым снегам ля ног.
Поделиться с друзьями: