Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
Тост
Адкінуўшы ўбок блытаніну чужых надакучлівых слоў, іду я старой каляінай, забытаю сцежкай дамоў. I кожны мой крок — то памяць, позірк — сустрэча з былым. Раны старыя паляць, боль вочы грызе, як дым. Я чую, як мёдам ліповым з вуснаў жанчыпы любой льецца родная мова і гоіць нязлечаны боль. Хачу на пачэснае месца ля вышытых ручнікоў за стол свой дубовы сесці, склікаць ў застолле сяброў. I хлеба чорнага лусту ўсім раздзяліць пароўну ды з чаркі, па бераг поўнай, выпіць за ваша здароўе, хто гэтай зямлі гаспадар. Сцежка
Іду штодзённа сцежкай студзёнай. Бяру за грыву долю-каня. Здаецца часам: пяюць верацёны пад бацькавай стрэхаю аж давідна. Водгук мінуласці, любы і спеўны, як хвалі калосся, як шум баравы. Матчыных рук дотык мяккі, сугрэўны, кранаецца промнем маёй галавы. Усё гэта – прывіды, здані. Вяртанне да вёснаў, да матчыных рук цеплыні. Сялянскаю шчыраю песняй світання трывожыць асеннія познія дні. Сумна на сэрцы і крыху балюча без баяў кудзельных, без матчыных слоў. Такая у гэтым усім неўміручасць, гаючая душу святая любоў. Торбачка
Як дзядулі ў дарогу выпраўлялі бацькоў, кожны з торбачкай, з Богам з роднай хаты пайшоў. А ў той торбе ў паперы — цёплай бондачкі круг, хлеб, прапахлы аерам, з любых матчыных рук. О шляхі і дарогі! Ціхі ў полі папас. Перамералі ногі вашу далеч не раз. Прамінула сутонне. Выйшлі не ў пасталах дзецюкі нашы сёння на асфальтавы шлях. Гарадоў панарама кліча за небакрай. А ўсё чуецца: — Мама! З сабой торбачку дай. Палажы нам у вырай подых роднай зямлі, нашу сціпласць і шчырасць на абходак з людзьмі, і тугі вераценца, што начамі звіла. Мову родную з сэрца, нашы песні з сяла. Сілы бацькавай крыху і павагі людской, гэтай любасці ціхай, што завуць дабратой. Хай падтрымкаю будзе смелы ўзлёт, слаўны чын. Каб пыталіся людзі, скуль я, маці, і чый. Я не спяшаюся Я не спяшаюся. Нібы той дзед з сявенькай, што рассявае ў полі збажыну, ступаю роўна, сею памаленьку, бо як пасею, так я і пажну. Не ўзыдзе хлеб — запозна ці зарана і гэта ведама майму пяру. Узыдзе ён, калі наканавана. Як прыйдзе час, уздымецца ўгару. І хоць вятры не раз тут загалосяць і застракоча па сцяблінах град, прыйдзе пара — і нівы закалосяць, паставіць жнівень дзесяткі у рад. Малая я. Гадуюся ў законе пяшчоты сонца, мудрасці зямлі. Калі дабро пасею на загоне, закаласяцца і дабром палі. Я не спяшаюся. Як сонейка, як дрэвы, стаю ля ніў, а нада мной — сусвет. Дзяды вучылі: добрыя пасевы, дзе зернетка і ворыва як след. Сялянка. Веру ў розум, веру ў працу. У чарназём. У цёплы дождж з гары. У думках можна толькі разагнацца. А на палетках — пачакай пары. Няма без працы на ўмалот надзеі. Змалоцім каласы — тады спачнём. І сёння трэба праўду ў полі сеяць. Бо што пасеем, тое і пажнём. Арлы не пакідаюць гнёзд
Кінулі мы ветру сцежкі-межанькі. Пасумнела па старых кутах. Зіхаціць з канца ў канец аб’езджаны, выліты асфальтам шлях. Кліча да вандровак, смелых вылетаў, вырывае птушанят з гнязда, каб з вясняным, самым першым выраем, з жураўлямі іх вярнуць назад. Кліча дом сцяжынаю пратоптанай. Маці стомлена дамоў пайшла. Зноў трывожаць сэрца тыя клопаты з наднямонскага радзімага сяла. Здэцца, ступіш — і зямля загутарыць, загамоняць спеўна каласы, сцежкі зноў зазелянеюць рутаю, птушкі мераюць завоблачную сінь. Бацькаў зруб, акраец жытні хлеба, цішыня, ахвочай працы час. І дымок над хатамі да неба, і руплівасць матчына аб нас. Сэрца, нібы яблык, налілося буйным сокам роднае зямлі. Сонца ўсюды. Кос вярбовых россып. Хлеб з прыполу роднае зямлі. Восень зноў. І жураўлі цыбатыя адлятуць у край чужы наўпрост. Толькі мы душой з сваімі хатамі. Бо арлы не пакідаюць гнёзд. Белы сон
Белы сон. Толькі неба здалёк ў мігатлівым брыльянтавым маку. I скрыпіць пад нагамі пясок, і гамоняць з марозам сабакі. Недзе месяц брыдзе наўздагад. Беляхціць пад сумётамі поле. Цемень ночы на нечы загад пахавалася соснам пад голле. Праз рассеяны месячны свет з нерассеянай шчыраю верай у бясконцы жыцця запавет крочу — сілам не ведаю меры. ...Праляцелі, прабеглі гады. Сэрца непагадзі не забудзе. А здавалася — дужай — тады, што на свеце харошыя людзі. Раннія думкі каля вёскі
Па лесе бура лютавала, кавалі віхры соснаў медзь, а вёска ціха пазяхала, як неразбуджаны мядзведзь. Я закрычаць хацела проста: — Гудуць ракеты над зямлёй! Адны ўжо выбраліся ў космас, другія — на смяротны бой. Але замоўк знячэўку голас, спыніўся мой рашучы крок... — Да сонца спі, драмай да промняў, не разбуджу цябе знарок. Песнярам
Цёпла на сэрцы, хоць неба асенняе хмарамі сонца закрыла ўгары. Ды разбудзілі вясну летуценную песні старыя — пяюць песняры. Што ў беларуса пад сэрцам схавана, тысячагоддзе ў вёсцы жыло, самае кволае, самае ранняе гонарам, болем на струны лягло. Песня злятае натхнёнай малітваю, мужнаю нотай на струнах гучыць, шчасцем смяецца, калісь перажытым, папараць-кветку шукае ўначы. Каб аднавіць і дабром і каханнем песню, каб долю народа пазнаць, каб песні вякоў хвалявалі так сёння, трэба іх сэрцам, прачула пяяць. * * *
Я ганаруся з асваення неба. Але калі ракеты чую гром, мне хочацца нажаць сярпочкам хлеба і з ворагам пабіцца кулаком. Пазяхае раніца ветрыкам нявыспаным
Пазяхае раніца ветрыкам нявыспаным. Дрэвы пацягаюцца, голлямі шумяць. Плечы распраўляюць дубы ганарыстыя, на зямельцы прадзедаў вартаю стаяць. Гулка звоніць раніца хорам птушак зладжаным, травы абмываюцца кроплямі расы. Аснавала сонейка залатою пражаю — першымі праменнямі поле і лясы. Вочы падымаюцца ў неба беззаганнае. Чысціню празорую п’е нагбом душа. З ветру ўсхваляванага, з цішыні духмянае, з даляў недасягнутых сіняга каўша. Урачыстасць ранняя сэрца растрывожыла, душу набалелую атуліў блакіт. Прыгаство зялёнае, сінь непераможная адагналі клопаты пра штодзённы быт. Промнямі ахрышчана, росамі абмытая, ветрам зачасаная, зелянее рунь. Сталі сцежкі роўнымі. Ўсе вузлы разблытаны. Многа сэрцу ведама, ведама пяру. Дзед
Цікавы, мудры быў мой дзед. Любіў жніва багацце. Жаніўся ў васемнаццаць лет, шаснаццаць раз быў бацькам. Пісаць ён, праўда, не прывык, хоць меў пад старасць слуг. Усё лічыў, што алавік куды цяжэй, чым плуг. Старанны, добры дзед мой быў. I ведаў вартасць волі. Дзён, як на паншчыну хадзіў, не забываў ніколі. А скажа слова — быць таму, бо слова — праўды мера. I людзі верылі яму. Ён чалавеку верыў. Да старасці апошніх дзён нязгорблены і стрункі, ён запрагаў каня ў фургон ды не любіў чыгункі. Захутка прэцца той цягнік, на крык не затармозіць, а дзед паціхеньку прывык з прыпынкамі ў дарозе. Бывала, ў сцюжу ці ў мароз заложыць пару коней ды ў санках едзе сотню вёрст, каб толькі не ў вагоне. То закіруе на папас, аброк каню падкіне. З сябрамі стрэнецца якраз або купца запыне. Гарэла, спела безліч спраў з дарогі да дарогі. Нікому дзед не адмаўляў разумнай дапамогі. * * *
Сіратліва ўзіраецца топаль у асенніх дарог каламуць. Калі ў сэрцы паэта попел, у агонь яго не раздзьмуць. Працягласць
На роднай зямельцы усе мы не госці, усе мы чыесьці, усе мы кагосьці. Хоць спарахнелі дзядоў нашых косці, у нашай натуры ёсць іхняе штосьці. У падняволлі ад пыхі адсталасць, на вузкіх загонах народу трываласць. Жаночая гожасць, мужчынская сталасць, лагоднасць з сябрамі і з ворагам ярасць. У цягліцах сіла, а ў сэрцы каханне. У працы і ў песні без стомы, хістання. Роднаму вернасць, да гнёздаў вяртанне, з тугою бязмернай — ўсе крыху сяляне. Усе з баразёнкі, ад нівы, ад плуга йдзем часам асфальтам, як полем ці лугам, калі непасільна бывае і туга, мы к ворагу грозна, а з сэрцам да друга. * * *
Ад моцнага ветру павеву ляцяць сёння яблыкі з дрэва цяжкія, бы золата злітак, на стол наш гасцінны прыбытак. Як дар, на мае далоні антонаўкі падаюць сёння. Упрыгожаць маё застолле, калі пабялее поле. Цвярдыя, духмяныя, сочныя, радуюць сэрца і вочы мне. З высокага дрэва, бы з неба. не, іншых «ракетаў» не трэба! Поделиться с друзьями: