Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
1947
* * *
Надходзіць зноў туманны час — прадонне дзён нявольных. Магчыма, больш не ўбачу вас, браты мае, ніколі. Душы людской не дам скаваць, бунтарных дум узмахам я прывітанні буду слаць вам з кожным вольным птахам. Няхай не крышыць сэрцаў сум — усім жа не устояць... Адныя сцяг свой данясуць, другія ўпадуць ў боі... Не страшны здзек мне, ні прымус, над Краем толькі плачу. Дала мне Маці-Беларусь, відаць, такую ўдачу... Заўсёды ў мроях з вамі, ў снах — жыць буду ці загіну. П’ю чару горычы да дна за вас і за Краіну. 1947
* * *
Будзь здаровы, далёкі мой Краю, разлучыла з табою нас смерць, ўжо нікога больш не прычакаю, не змагу больш нікога сустрэць... Не ўсміхнецца надзеяю болей сіратліва-жалобная даль, дарагія не прыйдуць ніколі, мне няма ўжо каго выглядаць... Можа, вецер, рвучы павуценне на бязлюдных асенніх палёх, прынясе адгалосы мучэнняў ці апошні ўміраючы ўздох. Можа, хмары, напіўшыся слёзаў над гаротнай, радзімай зямлёй, з ніў заблудзяць сюды па дарозе і расплачуцца жалем са мной. Можа, птах у вяснянае ранне, не знайшоўшы старога гнязда, прынясе ад цябе прывітанне, летучы у чужыну, назад. На каптан твой нявольнічы, шэры песні вольнай, бунтарнай душы я хацела, як вечныя перлы, табе ўзорам на грудзі крышыць. Сёння ў пальцах маіх, недабітка, ненавісці шалеючых бур, абарвалася родная нітка, звонкіх перлаў рассыпаўся шнур. На каменнях нялюбага краю не згаўлю я крывавячых ран, сваіх перлаў больш не пазбіраю, не прышыю на шэры каптан... Будзь здароў, Краю мой, я малюся за сям’і свае змучанай кроў сэрцам, п’яным маёй Беларуссю, будзь здароў, Краю мой, будзь здароў... 1947
* * *
Забалела падбітае сэрца, затужыла, як ранены птах, ці ж не прыйдзе яно, не вярнецца на радзімы, бярозавы шлях? Ціхі волат прачнецца, устане, арлянём над Краінай ўзляціць. Дачакаюцца брацця світання у народным пакутным жыцці. Глянь на рэкі — то нашыя слёзы, на зямельку — там нашая кроў, дзе ёсць красак найбольш пры дарозе — там ціхія равы змагароў. Глянь, як крыж над палямі сагнуўся, адбіваючы полымяў жар — то гараць па лясох Беларусі сэрцы й целы адданых ахвяр. Як ягня літасціваму Богу, адкупленне нянашых грахоў — разам з лесам гараць пры дарогах рукі й сэрцы жывых Крывічоў. 1947
* * *
Бы у жнівень сухі, смага мучыць мяне, ўжо няма братніх сэрцаў-крыніцаў. Нават рыцар святы наш на белым кане ў маёй хаце не смее спыніцца... Нельга з вамі дзяліць сёння сэрца адно — перастала бы біць, нежывое. А без вас, без братоў, мэты мне не відно і не бачу шляхоў прад сабою. Дарма рукі свае працягаю з тугой і чакаю трывожнымі днямі — ўжо не скажа ніхто: «Мы, пяснярка, з табой, не сумуй над сабой і над намі». Стыне сэрца ў грудзёх, думы ймкнуць да людзей, дні ўміраюць без чынаў, без словаў, што хацелі трымаць мужнай верай ў бядзе, грэць у сцюжу, як поўдзень ліпнёвы. 1947
* * *
Іду супроць долі свае нецвяроза, губляючы гора, збіраючы слёзы. Усё пад зямлёю, боль толькі не гіне, туга не сціхае па любай Краіне. Супольна з нявольным народу цярпеннем сум душу жалобіць нудою і ценем. Зямля мая-маці, о дай мне магчымасць парваць Табе путы адвагай і чынам, кроў верную й думаў бурлівыя воды разліць аж да каплі за долю народу, і бурыць, і ставіць, і бачыць вачыма свабоду і волю убогай Айчыны... То ж ёсць мая мроя, жыцця майго мэта, крывіцкая воля і шчасце паэта! 1947
Непасланаму
Дзе ты быў у дні нашы бунтарныя — я шукала цябе кругом… Сцежкі слаліся толькі ахвярамі, кроў бязвінна лілася ручвом… Дзе ты быў, як вачыма туманнымі заглядзеўшыся нема у даль, між старымі шляхамі курганнымі выйшла Маці цябе выглядаць? І да рук Яе белых заломаных толькі вецер ласкава прыпаў, толькі краскі сярэбраным гоманам абазваліся недзе між траў… Аб нас доля, ты знаеш, не рупіцца, казкі шчасця для нас няма… Недзе ў ноч маладая заручніца дзецюка вызваляла дарма… Доўга, прагна шукаючы помачы, пралятала, як птах, сяло. Выйшлі людзі, збядована стогнучы, выглядалі — цябе не было… Із руінаў, пажарам асмаленых, пакідаючы бацькавы кут, iшлі нашы суродзічы ў далі дзесь, на спатканне нязнаных пакут. І пад іхнымі світамі шэрымі да багатых чужых людзей сэрцы біліся горка-зняверана, а цябе — не было нідзе… Ўсе, пустымі дадзетыя крыкамі ап’янелых крывёю дзён, твайго сэрца шукалі вялікага i адвагі у мужных грудзёх. І чакалі дарма яны рання там, тыя людзі з пахілых хат, i дарма яны сэрцам параненым так хацелі цябе пакахаць… Цяжка з ніў было родных засеяных у чужыну кудысь ісці… Ты быў казкаю, ты быў надзеяю, а цябе не было ў жыцці… За туманамі следу не бачачы, на бяспуцці крывіцкіх дарог доўга-доўга стаяла я, плачучы, што цябе не паслаў да нас Бог… 1948
Дзе ты, кут далёкі…
Дзе ты, кут далёкі, дзе ты з даўніх дзён тугі нясмелай! Я плятуся шэрым светам з сэрцам, з болю анямелым. Сум з тугою пачародна прыплятаюць маю долю. Вецер з ніў далёкіх, родных, небаракаю скуголіць. Так далёкі шлях да мэты, сіл нямнога засталося. На дварэ красуе лета, а у сэрцы плача восень. Ураган вакол бяскрайны. Можа, прыйдзецца загінуць... Што ж табе, мой любы Краю, я тады змагу пакінуць? Слава тым, хто паў за волю, за цябе хто сплыў крывёю! Мне ж тваю цяжкую долю дай забраці із сабою. Замуж
Дзе ж гэта Ганчыны краскі з прысаддзя? Помню іх тутка з мінулай вясны — сэрцам тады ад іх паху учадзеў... Сёння ж — чамусьці ўжо не зацвілі! Доўга я думаў аб сонечнай хаце, ўтульна ў вішнёвым схаванай галлі. Чыста было тут ля ейных палацяў... Сёння ж — і сцежачак не замялі! Ганчыны летась пад белай чарэсняй узорам цвілі ручнікі, дываны, гойдала голле радзімая песня... Сёння ж — замоўклі напевы вясны! Гэтак было тут прытульна і ветла гронкі сузор’яў лічыць давідна. Снілася хата, абсыпана цветам... Сёння ж — маўкліва сумуе яна! — Позна прыйшоў ты. Нядаўна у белі наша чарэсня, як сонца, цвіла; ў час той вясняны згулялі вяселле... Замуж, саколе, дзяўчына пайшла! Скарбы слоў
Я скарбы слоў, з душы народнай літых, без тонкасці налётнай і чужой, збіраю на дарогах прагавіта, змываю пыл расчуленай слязой. Малітвенна ўздымаю сэрцам словы з пяску вякоў да зорнай вышыні. Высокай пробы звон радзімай мовы, вякамі гартаванай на агні. У горне сэрцаў Скарыны, Купалы апалены той залаты метал. На гэтай мове маці мне пяяла над зыбкаю пра наш народны жаль. Радзімаю наканавана жыць мне, крывёю сэрца новы спеў пісаць. Купалавай, Скарынавай, мужыцкай, народнай мове доўг святы аддаць. * * *
Зноў вясны пераможнай напеў, беласнежных галінаў у квеце. Да зялёных кустоў, да расквечаных дрэў, як дзяцюк, заляцаецца вецер. Закаханы, вясняны пануе настрой, рой пчаліны на цвет ападае. Мы за рукі ўзяліся, як дзеці, з табой, свае вёсны ізноў спамінаем. Праз чужыя дарогі, чужыя шляхі мы ідзем, толькі думы ля Нёмна, ля свае залатой, саламянай страхі, і у сэрцы надзея – як промні! * * *
Благаславенны край наш, ад азёраў сіні, лугоў раздолле, як шырокі стэп, сынам даючыя жыццё жанчыны і нівы, родзячыя смачны хлеб! Адвечныя шляхі маёй Айчыны, мячы і кнігі Белае Русі і гарады, дзе родзяцца Скарыны, сялібы, скуль выходзяць Кастусі. Благаславенныя лясы нашы і рэкі, наш белы сад, блакітныя ляны. Благаславенныя заўсёды і навекі краіны нашай верныя сыны! Благаславенныя старыя ў пушчах дрэвы і роднай мовы найсвяцейшы скарб, старой зямлі спрадвечныя напевы і нашы продкі, што ў курганах спяць. Поделиться с друзьями: