ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
Лес
Шумі, наш лес, у залацістай зброі! Салдаты-сосны выйшлі на парад. Як небяспека зноў, сыны з табою, надзейны друг наш, даражэнькі брат. З зямелькі ты, з народам неразлучны. Кляновы чуб, як вогнішча, гарыць. I рэха мовы роднае, пявучай дзяўчаты пагублялі між суніц. Пяе пра лён сям’я бярозаў гожых, пра даўніну твае дубы гудуць. Калі бяда, мы да цябе прыходзім Ярылаў сказ, яцвяжскі кліч пачуць. Адно пачэсныя ў цябе законы: карэнне ўглыб пускаць, не падаць ніц. Ніколі з родных не сыдзеш загонаў, нашчадак сівых пушчаў без граніц. Грудзьмі ствалоў, у панцыры закутых, з сукамі вострымі наперавес стаіш, вартуеш славу і магутнасць старой зямлі, наш беларускі лес.
Жменя калосся ў покуці
У покуці добра сярпочак паставіць, хай ведаюць людзі, што жыта зажалі. I спорную жменьку пачэсна праславіць, як працу і збожжа дзяды праслаўлялі. — Снапок — гэта ўдача, багацце ў каморы, прад ім у пашане здымаецца шапка. А жнеш, дык здаецца, з калоссем гаворыш, — даверліва, шчыра шаптала мне бабка. Стракочуць камбайны, лягчэй сёння жнецца. Над постаццю ў полі не гнуцца красуні. I даўняя звычка у нас застаецца — у покуці жменя калосся красуе.
* * *
Лепш не кліч у свет мяне з сабою, мне патрэбны вецер малады, гутарка адвечная з зямлёю, асабліва як цвітуць сады. Мне патрэбна ў ціхі час вячэрні слухаць песні даўнія касцоў, каб палеткі сыпанулі зерне на далоні проста з каласоў. Над маленькай рэчкаю прылегчы, у нябёсы чыстыя глядзець, на сутонні пры гарачай печцы зыбкім полымем душу сагрэць. Мне патрэбна роздуму гадзінка, цені дрэваў на рачной вадзе, надвячоркам мілая сцяжынка, што дахаты сцішана вядзе.
* * *
Святы запавет ад прадаўніх часоў: не біць, не глуміць, не калечыць, шчасліва і мірна каб людзям прайшоў адмераны век чалавечы. Нам трэба, хоць кожнаму раны баляць, піць праўду з жыццёвых крыніцаў, дастойнасць людскую высока трымаць… А рэшта? А рэшта — драбніцы!
* * *
Навокал снег, як сівізна на скронях маёй зямлі, застыўшай ад вятроў. Гляджу на шлях, і сумна мне сягоння. Прачнуцца б сэрцу ад трывожных сноў. З-за грудаў хмар ледзь заблішчэла сонца і ўрэзалася ў неба, як лямеш. Я ніці дум вію на верацёнцы і з пасмаў слоў сную і тку мой верш. Прамерзла крыху, як той дзень зімовы. Завеі свіст заместа салаўя. На ўзлессі сосны строга хмураць бровы. Суровы гімн пяе зямля мая.
* * *
Луг прайсці і ног не намачыць — гэткае не кожнаму даецца. То не значыць, што умелі жыць, гэта значыць, што не мелі сэрца. Не зайздрошчу вышыні ў жыцці, кожны шчыт здаецца мне убогім, на які хтось здолеў прапаўзці, да калень не прамачыўшы ногі. З ночы гінуўшых не ратаваў і братоў не даставаў з прадоння, песень не пяяў, а падпяваў, пляскаў, дзе патрэбна, у далоні. Не ступіў і ног не намачыў, калі брацця гразлі па калені, не здабыўся на гуманны чын, калі людзі ў холадзе калелі. Пакрамсалі роднае — маўчаў, мову забіралі — не пярэчыў. I хваліў пракляты свіст біча, што Радзіме ападаў на плечы. Выдаваць адважных памагаў, братні лёс яму быў абыякавы. Толькі косткі сытай не ўпускаў, за якую грызліся сабакі. Вечна не намочаны, сухі, калі б гналі у ясыр і маці, і тады застаўся б ён глухі — голас сэрца не дае багацця.
Мы — народ
Агонь душы не паканаюць сцюжы. Марозамі агню не пагасіць. З цярпенняў — веліч, як на цернях — ружы... I з болю родзіцца дзіця, каб жыць. Адважна лёсу камяні ўспрымаю. Баліць душа, але ў душы спакой. Пячэ душа агнём, але стрываю, не перашкодзяць раны выйсці ў бой. Не быць начы! Няма жыцця без сонца, яно узыдзе, азарыць акно. Мана хлуслівых страціць абаронцаў і волавам апусціцца на дно. А праўда — то не кліч, штыком падперты, прыгодны злыдням для нячыстых спраў. А праўда — з лёсаў, з душ, з народных нетраў, з цярпення, што народ ператрываў. Ліхой хлусні бяссільны крык варожы. Да дзён прыгону страшны паварот. А праўда ўсё ж жыве і пераможа! Мы вам не слугаў племя — мы народ!
Стукачы
Самім чортам быць трэба і злом, рогі чорныя мець і капыты, каб сядзець за гасцінным сталом і выслухваць, вынюхваць, выпытваць! Каб сабраць матэр’ял на данос, яны ў душы залазяць з нагамі, ўсюды сунуць смярдзючы свой нос, найсвяцейшае сэрцу — паганяць. Чалавечы ў людзей падыход да любое жыццёвае справы. Стукачы — не людскі гэта род, а сабачы, з пароды лягавых. Крочыць юда па сцежках крутых, лічыць грошы з цяжкіх нашых мукаў, што ж, і мы дабярэмся да іх, па заслугах ў патыліцу стукнем. Незайздросны у продкаў быў лёс, хлеба ў хатах з вясны не хапала. А таго, хто на брата данёс, у сяле за вярсту абміналі. Бараніць ад паганых народ! Ад вякоў Беларусь — гэта людзі. А пасеяны ў полі асот разрасцецца — і хлеба не будзе. Годзе слёзам народным цячы! Годзе кідаць нявінных на мукі! Напіліся крыві стукачы, прыйшоў час і па іх ужо стукнуць!
Баравікі
З прыполу хмар асенні дождж пасеяў грыбы, грыбы... Вось забірай дарма. У бор прыбегла з кошыкам надзеяў — шукаю шчырых, а такіх няма. Кругом паганкі, дробязь, мухаморы, не злічыш пачарнелых савякоў, размяклых ад расы і не ў гуморы, што апусцілі капялюш далоў. Гараць рыжкі, ірдзяцца сыраежкі і слізгаюцца ў пальцах маслякі. Чырвоныя галовікі на ўзмежку, а ў сэрцы мрояцца баравікі. Такія шчырыя, праўдзівыя, што крэмень, нібы браты, харошаю сям’ёй, з’яднаныя грыбніцаю, карэннем, без чарвяточыны, пад галіной. Шукаю шчырых, баравых, харошых, хоць сонейка ўзнялося угару і мой яшчэ зусім не поўны кошык, шукаю шчырых, іншых не бяру.
* * *
З беларускай тугою ў сэрцы гэты край мяне нарадзіў. Пасадзілі мяне, як дрэўца, сярод поля, шырокіх ніў. Любы край мой з нялёгкім лёсам то ў няволі, то у вайне. Па зямлі мы ступалі босыя, як ступаюць па дыване. Да зямлі прыкладалі рукі, нізка кланяліся чалом каласку на сцябліне гнуткай, падціналі яе сярпом. Басанож ішлі ранкамі роснымі і на землю пад свіст касы пад расхрыстанымі нябёсамі кладавіліся, бы каласы...
* * *
Згасае дзень, я па зямлі ступаю, і сцежачка ляжыць перада мной. Здаецца мне, мая зямля святая — прасякнутая болем і крывёй...
* * *
Гадавалі і пралі матулі. З ніткай роднаю песня плыла. I няўстыд было роднай кашулі, калі сіла пад ёю была.
* * *
Мы – як зубры мы у сябе дома, тутэйшыя, што ад вякоў жывуць. Мы – як дубы, нас можна знішчыць громам, але з зямлі нас роднай не скрануць...
* * *
Над маёй галавой праляцяць самалёты, недзе ў далях да зор праплывуць караблі. I застыне арол на халодных высотах. Толькі я застануся на роднай зямлі. Пераплыць акіяны надзея слабая. А пражыць на зямлі яшчэ меней надзей. З год дзяцінства маіх вецер казачкі бае, і становіцца сэрцу ад іх маладзей. У траву па калені сыходжу з асфальту, як калісь над Ваўпянкай лугамі брыду... Толькі жаль — да радзімай, да бацькавай хаты ні за ноч, ні за век я, бадай, не дайду.
Поделиться с друзьями: