Шрифт:
Ларыса Геніюш
Збор твораў у двух тамах
Том 2. Проза
Сто ранаў у сэрца
Нарадзілася я ў 1910 г. на сваёй зямлі з дзядоў і бацькоў беларусаў. Дзед мой, Павел Францавіч Міклашэвіч [1] , паходзіў з Крынак [2] . Паспеў ён яшчэ адрабіць 6 дзён паншчыны, а пасля прадаў свайго 1/2 участка зямлі (было іх два браты), да гэтага пазычыў грошай на банк і купіў сабе харошы маёнтачак Астапкаўшчыну. Кажуць, што дзед мой пасвіў гоўцы і знайшоў скарб, за які пасля і купляў сабе зямлю. Я ў гэта не веру. Ён быў працавіты і разумны чалавек, прытым славіўся сваёй чэснасцю. Быў амаль непісьменны, ледзь-ледзь мог каравенька падпісацца. Іншай мовы не ведаў, акрамя беларускай, і да смерці еў драўлянаю лыжкаю, каб не апарыць сабе языка.
1
Павел Францавіч Міклашэвіч (1845—1929) – дзед Л. Геніюш, з сялянаў, пазней стаў абшарнікам; пахаваны ў Гудзевічах.
2
Крынкі — мястэчка ў цяперашнім Беластоцкім ваяводстве (Польшча), цэнтр Крынкаўскага раёна Беластоцкай вобласці (1940–1944). З Крынак таксама паходзіў і род мужа паэткі Янкi Геніюша.
Дзед мой ажаніўся ў 18 г[адоў] з Марфаю з Чамяроў, якой было 16 гадкоў. Было ў іх нешта 16 дзяцей, з якіх жыло 8. Пасля Астапкаўшчыны дзед мой купіў яшчэ Гудзевічы. Іх прайграла нейкая графіня ў карты, і дзеду яны прыйшліся нядорага. Кажуць, што тая графіня вельмі хацела вярнуць сабе Гудзевічы, але дзед мой іх не адпрадаў. Графіня яго праклінала, а ён лічыў, што яна гэтай зямлі не варта.
Калі тата [3] мой вярнуўся з далёкай японскай вайны, дзед ажаніў яго і купіў яму, на гэткі ж Віленска-Тульскі банк, Жлобаўцы каля старога мястэчка Воўпа. Там я і нарадзілася. Здавалася мне, што я паўстала з жытоў, з неба і траў, а перадусім – з любай беларускай мовы, на якой ласкава звярталіся да мяне бацькі, старэнькая няня і іншыя. Мне было светла і добра, але хутка забралі тату на вайну. Мы, тры малыя сястрычкі, уцякалі з мамаю на фургонах ад немцаў і апынуліся недзе аж на Украіне. Там і сустрэла нас пасля рэвалюцыя. З усіх гэтых вялікіх падзеяў застаўся ў душы маёй жах ад стрэлаў і ад забітых.
3
Тата мой… — Антон Паўлавіч Міклашэвіч, нарадзіўся ў 1882 г. у мястэчку Крынкі на Беласточчыне. Быў арыштаваны 21 кастрычніка 1939, абвінавачваўся ў антысавецкай дзейнасці (арт. 74 Крымінальнага кодэкса БССР). Паводле пастановы асобнай нарады пры НКУС СССР ад 22 сакавіка 1941 г. быў асуджаны на 5 гадоў лагеру. Быў амніставаны як польскі грамадзянін і накіроўваўся для пражывання ў г. Бійск Алтайскага краю. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 14 снежня 1989 г. пракуратурай Гарадзенскай вобласці.
Бацька мой шчасліва вярнуўся з вайны, і толькі пры ім я чулася болей бяспечна.
Мама [4] мая паходзіла таксама з сялян з вёскі Завадзічы каля Чарлёнай на Гродзеншчыне. Яе бацька Васіль Манюта кінуў вёску і пайшоў на арэнду. Дзяцей у яго было таксама 16, з якіх выгадавалася толькі пяцёра. Малыя патрэбы сялян і іх вялікая працавітасць зрабілі іх хутка багатымі. Дзеда пачалі праследаваць ягоныя сваякі, хацелі нават забіць. Яго абвінавачвалі, што ён знайшоў залаты скарб і гэтакім чынам разбагацеў. Цярпеў дзед Васіль да той пары, пакуль нейкі ягоны сваяк не выараў з зямлі сагана з залатымі грашмі. Ён так крычаў з радасці, што набеглі людзі і ў момант расхваталі ўсе тыя грошы. Дзеда пакінулі ў спакоі.
4
Мама мая…– Аляксандра Васільеўна Міклашэвіч, з роду Манютаў.
Вось такім чынам мы пыйшлі ў паны, застаўшыся прытым шчырымі беларусамі.
У бежанстве вечарамі сыходзіліся да нас сваякі, бо ўсе мы сабраліся бліжэй сябе, успаміналі мінулае... Пра суды і зямлю, пра пасты і бабіны малітвы, пра тое, як збіраліся восенню ў Крынках і дзве нядзелі маліліся за памершых, як з’ядалі кадушку насоленай бараніны і выпівалі нямала гарэлкі. Аб тым, як баба Марфа ўспамінала паўстанцаў, якія, акрываўленыя і раненыя, палілі ў іхняй печы паперы, як прадзед мой, лясун Чамер, памагаў ім. Расказвалі пра дзівы і духаў, якія вельмі актыўна, паводле іх слоў, умешваліся ў жыццё гэтых сем’яў. Гутарылі пра Беларусь сваю з тугою, з вялікім каханнем і толькі мілаю роднаю моваю, зусім не так, як гутарылі з чужымі. Рваліся ўсе дамоў, рабілі планы, што будаваць, дзе сеяць, якое заводзіць быдла ды коні. I я горача кахала тую зямлю і чакала павароту дамоў разам з усімі.
На сваю радзіму мы вярнуліся ў 1919 г. Ехалі й зноў коньмі праз пустыя вёскі, дзе хаты былі без дзвярэй і без вокан, са стрэхаў расла крапіва, а вакол шумелі кустарнікі. Пуста было і ў нас на падворку. Стаялі абсмаленыя муры і захавалася толькі адна старая, маленькая хата. Было многа грыбоў і малавата хлеба. З бежанства вярталіся людзі, ніхто ім не памагаў. Супрагаю аралі зямлю, аднаўлялі хаты, пралі-ткалі і неяк жылі. Мяне аддалі вучыцца спачатку ў Гудзевічы, а пасля ў Ваўкавыск, у гімназію.
У Ваўкавыск я заўсягды ехала неахвотна. Цяжка мне было пакідаць зялёныя ці заснежаныя Жлобаўцы, сваю сям’ю, дзе ўжо нарадзіліся брацікі. Да болю мне было сумна без ветру ў палёх, без сялян і без дрэваў. Навука давалася мне лёгка, але зямля клікала мяне, моцна трымала ў зялёных руках маё сэрца, змушала думаць і параўноўваць.
Гімназія, як і ўсе школы тады, была польскай. Я была дачкой паноў, і да мяне адносіліся добра, але вось усіх харошых маіх землякоў лічылі толькі слугамі і мужыкамі.Мучылі мяне роздумы аб тым, што кожны родзіцца маленькі і голы, і як жа розна кожны абрастае тым шчасцем у жыцці. Якая ж няроўная, несправядлівая доля! Я глядзела на свой харошы народ, які дзялілі рэлігіямі, штучна творачы з нашых каталікоў палякаў, хаця адвечнай іх роднаю мовай была толькі беларуская мова. Гэта было зусім не ў духу Хрыста, і я пачала бачыць розніцу між Богам і клерам. Колькі ж можна дзяліць, разрозніваць і ўніжаць мой народ? – думала я тады.
Цяжка было беларусам вучыцца. Спачатку вучыліся чужой мовы, а пасля ўсяго іншага на чужой мове. Чужыя прыносілі нам малітву і навуку, толькі на “панскай” іхняй мове, уніжаючы нашу, Скарынаўскую. Каб здабыць беларусу сярэднюю асвету, часта трэба было выракацца народнасці і рэлігіі. Я не выраклася нічога, асабліва не выраклася майго народу і яго долі. Я кахала яго, як кахаюць родных бацькоў ці найбольшую дабрату, ці найвышэйшую праўду. Я была жывою часткай яго, багатая яго грунтоўнай культурай, ласкавая яго дабрынёй і сільная для змагання з яго горам.
Як зачараваны недругамі волат, ляжаў на вузкіх палосках Скарынаў народ і не меў магчымасці ісці шляхамі вялікага продка. Я верыла ў свой народ, і толькі мне хацелася некалі ўбачыць, якіх поспехаў дасягне ў школе пастух і як успрыме святло жывых ведаў служанка. У той беспрасветны час гэта толькі былі летуценні і гутаркі з месяцам.
Я далей не вучылася, у бацькоў было нас сямёра дзяцей, а навука каштавала вялікія грошы. Я была найстаршай з дзяцей, і часта бацька ўскладваў на мае дзявочыя плечы абавязкі гаспадара. Я вазіла прадаваць бульбу і збожжа, выпрошвала адклад ліцытацыі маёмасці за даўгі і неімаверна вялікія падаткі, старалася разлажыць на сплаткі вялікі банкаўскі доўг. Я горача кахала зямлю, садзіла на ёй лес і кветкі, жала і грабіла, прала лён і ўслухалася ў песні, казкі і прымаўкі нашых людзей. Паэзія Міцкевіча [5] , філаматаў [6] і філарэтаў [7] , яшчэ ў школе адкрыла мне вочы на вялікія скарбы, схаваныя ў нетрах народнай душы. Сяляне былі ў сваёй большасці бедныя, многа раз ужо яны падзялілі свае надзелы, і не ўсім з іх хапала хлеба да новага. Але яны былі сціплыя, зарадныя, працавітыя. Свята і цесна злучаныя з зямлёй, толькі яны маглі жыць і выжыць у такіх варунках і заставацца людзьмі. Душа мая была поўная гімнаў для іх, якія пасля, на чужыне, выліліся ў гарачыя вершы. У мяне не было пашпарту, але аднойчы, узяўшы ў рукі пашпарт нашага рабочага, у рубрыцы народнасць я прачытала, што ён — тутэйшы...
5
Міцкевіч Адам (1798—1855) — польскі паэт беларускага паходжання.
6
Філаматы — патаемнае студэнцкае таварыства ў Віленскім універсітэце (1817—1923).
7
Філарэты — канспіратыўнае таварыства студэнцкай моладзі ў Вільні (1820—1823).
Мне стала агідна і крыўдна, і я адчула пякучае таўро няволі на целе беларусаў. Былі мы выкарыстоўваемыя і змучаныя на нашай зямлі. У крамах не было сталых цэнаў на тавары, як і не было іх на сельскія прадукты. Цэны на іх залежалі ад згавору і капрызу прагных купцоў. Яны вельмі нізка падалі ў час аплаты падаткаў, а вясною зноў, калі трэба было купіць хлеба, неімаверна падымаліся ўгору. Маленькія гробікі дзяцей бясконца вандравалі на могілкі, а саслаблыя жанчыны, ледзь паспеўшы нарадзіць дзіця, ішлі на работу. Сто ранаў у сэрца было для мяне бачыць усё гэта і ўсё гэта стрываць.
Памятаю аднойчы, як назначылі ліцытацыю за падаткі нашай жывёлы, свіней і збожжа. Было гэта неспадзявана. Сярод ночы я знайшла ў Лунне начальніка падаткавага ўраду і выянчыла ў яго стрыманне той ліцытацыі. Ён спрачаўся са мною, адцягваў час. Ліцытацыя была назначана на 12 г[адзін] дня, а тое стрыманне ён падпісаў мне ў 10.30. Перада мною было 12 вёрст дарогі, і я паспела. Я амаль загнала каня, але выратавала жывёлу і гаспадарку. Секвестратары ганяліся за свіньмі па ўсім панадворку, а бабы, стоячы, хахаталі над іх бездапаможнасцю, кажучы: “Вось цяпер дык у нас будуць парасяты...” Я ўсё прыпыніла. Адвязалі каровы ад вазоў, пазаганялі свінні, ізноў у тарпіну злажылі з вазоў цяжкія жытнія снапы. Секвестратары азвярэлі. Нічога ўжо не могучы зрабіць нам, яны ўварваліся ў сяло і там патрабавалі грошай за падаткі. Калі ім давалі квіты, яны рвалі іх на вачох у людзей. Я ўвайшла ў сяло, вазы начальства былі поўныя дываноў, палотнаў і скруткаў лёну. Да ручак вазоў былі прывязаны цялушкі і каровы, якія рваліся з вяровак, бо ніколі не хадзілі яшчэ на валаводзе. Секвестратары ўварваліся ў хату беднага Петручка, якога швагерка служыла ў жыдоў. Адкрылі швагерчын куфар і пачалі рабаваць. Жонка Петручкова сілай бараніла гэты тканы і прадзены дзявочы сястрын пасаг, яе кінулі на зямлю і таўклі ботамі. Пасаг з куфра раскупілі за бесцань ваўпянскія яўрэі, а Петручкова жонка ў муках нарадзіла неданошанае, нежывое дзіцятко... Як жа было мне цяжка.
Аднойчы я моцна пасварылася з татам, проста зазлавалася і ўцякла з хаты. Забраў мяне да сябе дзядзька ў Петравічы. Я была вельмі сумная і вельмі гордая, ужо змучаная жыццём. Там я сустрэла іншых сялян, гэта ўжо былі людзі бунтарныя і ідэйныя, яны змагаліся. Гэта яны пяялі мне: “Жыў на свеце Лявон” і апавядалі пра турмы. Там я пазнаёмілася з маім мужам.
Аднойчы ў час масавых арыштаў забралі і майго дзядзьку. Цётка ў плач, а я запрагла каня і следам за імі. Закавалі дзядзьку, пасадзілі на воз, а кругом расселіся паліцыянты. Да аглобляў з аднаго і другога боку прыкавалі хлопцаў, здаецца, з сяла Цыганаўкі. Вязу я гэту нечысць і выпытваю, куды іх павязуць. Даведалася, што ў Ваўкавыск. Цяжка каля Чортавай Печы ішоў конік пад горку, нават паліцыянты пазлазілі. Дрыжыць мой дзядзька і шэпча мне: “Калі зноў пасядаюць на воз, дык ты іх хапі за вінтоўкі, каб не стрэльнулі, а я махану ў лес, бо як будуць біць...” Я палічыла гэта лішне рызыкоўным. Дзядзьку і многа хлопцаў тады выпусцілі, але дзе-каторых я бачыла, як вялі па Ваўкавыску, а яны ледзь прыступалі на ногі. Пасля я даведалася, што іх гумамі білі ў пяты.