ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

А сыночак рос, быў гэта цудоўны, заўсёды чысцюткі хлопчык, каханы ўсёй нашай сям’ёй. Найболей любілі яго малая Люсенька й мая мама. Хлопчык называў мяне «Вавацька» (Ларачка), а маму маю называў так, як усе мы — мамай. Прыехаў тата мужаў і цешыўся хлопчыкам, купіў мне й яму падаркі, пабыў крыху з намі. Муж пісаў часта, але вярнуцца ў Польшчу не мог, яго тут ужо праследавалі й зусім не скрывалі, што пасадзілі б яго ў Картуз-Бярозу [34] . Я была ў бацькоў, далей памагала тату нейк утрымаць нашыя Жлобаўцы. Былі залеглыя вялікія падаткі й даўгі ў воўпянскіх купцоў, пераважна тыя, за якія мы ўжо заплацілі. Тата мой моцна засумаваў. Было б доўга апісваць усё маё змаганне, напады секвестратараў на нас і на сяло побач. Як валаклі каровы, цялушкі, палотны, дываны й лён. Як білі ботамі цяжарную жанчыну, аж скінула дзецятко на пятым месяцы, як раскрадалі дзявочыя скрыні, што маці наткалі ім за жыццё на пасаг... Ніхто не караў за крыўды, якія чынілі нашаму народу, чужым ад гэтага не балела сэрца. Гэта ж былі нелюдзі толькі, вось такія, якія й сяння яшчэ бяскарна праследуюць і душаць астаткі жыцця майго й робяць з намі што хочуць. Нават ліст ад сына йдзе да нас два разы так доўга, як ходзіць звычайна, ну, альбо гэтых лістоў нам не аддаюць наагул... Здаецца часам, што жывем мы не сярод людзей...

34

Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер — месца зняволення палітычных вязняў у Польшчы (цяпер г. Бяроза Брэсцкай вобласці).

Нарэшце напісаў мне муж, каб я старалася выехаць да яго. Ён знайшоў недзе скромную працу, і час ужо яму ўбачыць сына. Паўгода цягнулася справа майго выезду. Я ўжо жыла ў Зэльве, куды вярнулася й мама майго мужа. Яна вельмі палюбіла свайго ўнука й вучыла яго розным песенькам. Хлопчык сапраўды быў харошы, калі я часам плакала, дык браў мяне рукамі за шыю й казаў: «Апаць, Вавацька, апаць» — не плач, знача, і мне ўжо было лягчэй. Аднойчы пачаў крычаць на мяне мой тата, дык ён стаў супраць яго з дубцом і голасна заявіў яму: «Монё Вавацька кіцяць!» — няможна на Ларачку крычаць. Дзед вельмі засароміўся, а крычаў ён на мяне таму, што я заступілася за Расціслава, тата быў несправядлівы да яго часам. Мне загадвалі заўсёды за два тыдні прыехаць у староства, і зноў адказвалі даць дазвол, і зноў загадвалі за два тыдні прыехаць. Так цягнулася ўжо паўгода, але я ездзіла, прасіла, не губляла надзеі.

Бацькі па-ранейшаму гаспадарылі, выкручваліся з даўгоў. Часам выклікалі мяне, калі было трудна. Гэта былі апошнія часы майго прабывання на Бацькаўшчыне. Быў канец 37-га года. З палёў цягнула халодным ветрам, і сонца нейк заходзіла болей крывава. Вечарамі, начамі луналі пажары частыя, як на бяду. Яшчэ раз выклікалі тату адносна выпіскі беларускіх газетаў, прыгразілі штрафам (напрыклад, за сабак і т.п.) і непрыемнасцямі, а тата ўжо прывык да іх. Яны пашыралі веды аб Беларусі, закраналі нашу гісторыю, ля іх групаваліся нашыя лепшыя літаратары. Уздымалі яны разумна, абгрунтавана, не лозунгамі, а нязбітымі довадамі на права нашай самастойнасці, незалежнасці, наш народ. Я крыху пісала, вершаў сваіх па-ранейшаму нікуды не пасылала, часам мужу:

Калі першая зорка на неба загляне, тады ўспомні, мілы, пра нас, душа мая выйдзе к табе, на спатканне, па небе, на зорку якраз... і т.п.

Вершы загінулі. А народ стагнаў. Палякі яшчэ мелі нагласць закідаць нам, што мы іх не любім, не ўдзячныя ім, бачыце, за путы... А пратэст супраць іх нарастаў. Я маўчала, але ўсё гэта асядала на сэрцы прагай змагання за лепшы свет.

Аднойчы сутоннем я трымала Юрачку на руках, было вельмі ціха, нікога не было ў хаце. Я думала аб лёсе нашага народу й раптам адчула такую пэўнасць, такі прыліў сілаў, што ўсё стала мне не страшным і я не баялася за далейшы мой шлях. Моцна прытуліла да сабе дзіця й аж замерла ад нейкага шчасця. З той пары я йшла наперад упэўнена й толькі згодна з маім сумленнем. У Зэльве парадзіла мне жонка тагачаснага войта, між іншым беларуса, каб я, калі зноў паеду ў староства па дазвол, сказала, што мая народнасць польская. Я хутка туды паехала й сказала ім, што я беларуска, каб ведалі, што беларуска й ніколі свае народнасці не змяню й цяпер знаю, што толькі таму яны мяне не пускаюць да мужа! Яны збянтэжыліся й сказалі, што ад часу, як я падала паперы на выезд, яны ўжо пусцілі за граніцу 300 яўрэяў і што справа не ў гэтым. Падышоў да мяне нейкі высокі ўраднік і сказаў, што ён беларус таксама, што пастараецца мне дапамагчы. За нейкі час мне сапраўды далі дазвол. Я паехала развітацца з бацькамі. Усе былі радыя, што мы едзем, а я так плакала, так плакала, як ніколі. Мне так цяжка было іх усіх пакідаць. Гэта зноў я сваімі нервамі, сваім завосьтраным адчуваннем прадбачыла ўсю трагедыю, якая чакала маю сям’ю. Горача я развіталася з татам мужа, узяла сына, крыху пасцелі, абраз свой, якім мяне благаславілі, чамадан — і паехала. Да Ваўкавыска праваджалі мяне мама й Люсенька. Мама надта любіла Юру, калі я ад іх ад’язджала, мама схапіла яго й аднесла ў поле, каб ніхто не бачыў яе болю й слёзаў па каханым унуку. Вось і цяпер трудна было ёй адарваць хлопчыка ад грудзей. Я яшчэ купіла Люсеньцы маленькія падаруначкі, расцалавала маму, яе вочы й рукі, і ўскочыла у цягнік. Мама пахіснулася, яе падтрымалі, цягнік рушыў.

Прага

У Варшаве сустрэлі мяне знаёмыя й назаўтра пасадзілі ў пражскі цягнік. Нямодна апранутая, худая й сумная, я трымала на каленях цікавага хлопчыка, тоўсценькага й чырванатварага. Людзі частавалі хлопчыка ў купэ хто чым меў, а ён шчабятаў ім па-беларуску.

Прайшлі мы польскі кантроль, яны былі няветлівыя. І вось прыходзяць амаль такія ж, але сардэчна вітаюць нас, смяюцца, і мне дзіва. Аказалася, што гэта ўжо чэхі, хоць гутарылі па-польску. Каля мяне сабраліся людзі, нехта ўзяў Юру на рукі й сказаў, што ён яго тата. Хлопчык запярэчыў, але свайго тата ён пазнаў адразу, абняў яго за шыю, і так мы пайшлі да таксі.

Два гады зрабілі нейкую трэшчыну ў нашых адносінах, і гэта адчувалася. Муж быў на кватэры, з нейкім студэнтам наймаў пакойчык. Мы прыехалі ў апошнія дні 37-га года, мужа калега паехаў да сваіх бацькоў. Пару тыдняў мы пажылі разам, а пасля завёз муж мяне й свайго цікаўнага залішне хлопчыка, які ўжо паспеў яму паламаць стрэлкі на гадзінніку (бо чаму яны круціліся?), у Моджаны. Гэта быў прыгарад Прагі, і там жыў дзядзька Васіль Захарка, якому нядаўна памерла дарагая жонка, і пані Марыя Крэчэўская. Вось там ён нас і пакінуў. Сам ён жыў і працаваў у Празе, да нас часам прыязджаў, на нядзелю абавязкова.

Мяне сустрэлі тут як сваю, сардэчна й цёпла. Пані Крэчэўская была ўдавой па памершым Старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Пятру Антонавічу Крэчэўскім [39] , была гэта старэйшая інтэлігентная й вельмі тактоўная дама. Жылі яны з дзядзькам Васілём у адным доме, але паасобку. У яе быў маленькі пакойчык, ледзь на адну асобу, а дзядзька меў два пакоі й кухню. Вось адзін пакой ён і адступіў нам.

Дзядзька быў намеснікам П. Крэчэўскага, а некалі ва ўрадзе БНР міністрам фінансаў. Гэта быў вельмі паважны чалавек з думкамі толькі пра Беларусь. Ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася на нашых землях. Ад мяне ён многа даведаўся. Палітычнай дзейнасці ён ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў [40] , падтрымоўваў эміграцыю й меў цесную лучнасць з эміграцыяй другіх народаў — украінскай, рускай. Быў ён беларускім эсэрам. У Бога не верыў, але пасля прасіў пахаваць яго па-хрысціянску. У Прагу запрасілі іх чэхаславакі ўжо з Літвы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад ураду, а за акупацыі — ад чэшскага Чырвонага Крыжа.

39

Крэчэўскі Пятро (1879–1928) — палітычны дзеяч, з 1919 г. узначальваў Раду БНР.

40

Ліга Нацый — міжнародная арганізацыя дзяржаваў, створаная на Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919).

Пасля з’езду [41] , які быў скліканы ў Берліне, дзе заклікаліся ўсе беларусы, каб вяртацца й будаваць т. зв. «Народны свой дом», як тады казалі, цэнтр БНР не прыняў прапанову Цішкі Гартнага [42] (Жылуновіча) і не ліквідаваў БНР. На Бацькаўшчыну яны не вярнуліся й захавалі чэсна, хоць самыя былі ў цяжкіх матэрыяльных варунках, ідэю незалежнасці Беларусі. Цвікевіч [43] , Заяц [44] і Пракулевіч [45] вярнуліся ў БССР, але хутка іх там зліквідавалі фізічна.

41

Пасля з’езду…– маецца на ўвазе Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая адбылася ў 1925 г. у Берліне.

42

Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер; 1887–1937) — беларускі пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1928). У 1919 г. займаў пасаду старшыні часовага ўрада савецкай Беларусі.

43

Цвікевіч Аляксандр (1888–1937) — гісторык, філосаф, палітычны дзеяч. Прэм’ер-міністр БНР на эміграцыі (1923–1925).

44

Заяц Леанард (1890–1935) — палітычны дзеяч, з 1918 г. загадчык канцылярыі, дзяржаўны сакратар урада БНР.

45

Пракулевіч Уладзімір (1887–1938) — палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання (1920). З 1923 г. дзяржаўны сакратар урада БНР на эміграцыі на чале з А. Цвікевічам.

Жонка дзядзькі Васіля была родам з маленькага фальварачка Валосава каля сяла Бязводнага, цяпер у Зэльвенскім раёне. Гэта была асвечаная, разумная жанчына. Яна прыязджала да нас, калі ехала да свайго брата й маці. Мы з мужам у 35-м годзе яе фурманкай да іх адвозілі. Паліна Іванаўна з Ляўтаў была шчырым і дастойным другам дзядзькі Васіля, і без яе ён пастарэў і асунуўся. Пры мне ён пісаў гісторыю Беларусі. Усё жыццё на гэта збіраў матэрыялы. Усім нашым ён ахвотна чытаў адрыўкі са свае працы, якую не спыняў да смерці. Галоўнай рысай характару дзядзькі Васіля была яго беззаганная чэснасць. Жыў ён вельмі скромна, ды я й не спаткала там багатых эмігрантаў, калі былі яны менавіта чэснымі людзьмі.

У Чэхах я адразу адчула вельмі нямілую з’яву — там выразна не любілі т.зв. чужынцаў. Іх было ў Празе многа, ад яўрэяў пачынаючы. У Чэхаславаччыне была сапраўдная дэмакратыя, свабода, там кожны мог вучыцца й жыць. Праўда, працаваць не ўсім дазвалялася, бо было шмат сваіх беспрацоўных, і так мой муж працаваў, сказаць, нелегальна за маленькія грошы. Ён замяшчаў лекара — спецыяліста скурна-венерычных хваробаў, чэшскага легіянера палкоўніка Вітэслава Градзіла, які працаваў сам на Чэшскім Градзе (Крамлі), а муж увесььь час вёў ягоны кабінет. Градзілу падабалася чэснасць і працавітасць беларуса, а муж меў там харошую й цікавую практыку й мінімум для нашага пражыцця.

Я вельмі хутка навучылася па-чэшску і ўсюды ўжо магла даць сабе рады. Культура, якую я вынесла са свайго дому, нічуць не ўступала хвалёнай еўрапейскай. Чэснасць і ветлівасць, праўдзівасць і смеласць, гасціннасць, ахвярнасць і крыху такі розуму адразу пакарылі тых, якія мяне ведалі. Яны казалі: «Іжычэк е хытры по мамінцэ» — знача, што Юрка разумны па маме, бо «хытры» па-іхняму — гэта разумны. Калі я да іх прыгледзелася, дык і народ наш не быў горшы ні ў чым за іх. «Слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць — роўны з намі»,— падумала я сабе. Вось каб нам даць такую самастойнасць, як маюць яны, і мы ўмелі б працаваць для сябе не горай за іх, бо й нашыя людзі талковыя.

Поделиться с друзьями: