Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
А чэхі працаваць умелі! Яны цудоўна разбудавалі свае гарады, паставілі промысел амаль на ўзровень амерыканскаму, вялі разумную дэмакратычную палітыку. Іх першы прэзідэнт быў даслоўна бацькам для народу. Яго так і называлі «Тацічэк Масарык». Томаш Гарыг Масарык [46] (Гарыг — прозвішча па жонцы-амерыканцы) быў лепшым прадстаўніком дэмакрацыі й гуманізму у Еўропе. Памёр ён у год, калі мы прыехалі з сынам, яшчэ перад нашым прыездам. Казалі, што народ не зыходзіў з вуліцаў і ноччу, каб пабачыць яшчэ, правесці ў апошнюю дарогу свайго дарагога «Тацічка». Цяпер быў прэзідэнтам Эдуард Бэнэш [47] — паплечнік Масарыка, друг заходніх дэмакрацыяў і вялікі славянафіл. Наагул, чэхі — гэта былі такія славяне, аб якіх мне ніколі не снілася. Славянства яны разглядалі не як расу, а як роднае па крыві брацтва з любоўю й вялікай надзеяй на яго ў будучыні. На граніцах славянства зрадзілася такая аж маліцвенная адданасць яму, аб якой, напрыклад, ніколі не падумалі палякі, асабліва ў адносінах да нас.
46
Масарык Томаш Гарыг (1850–1937) — чэхаславацкі палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэзідэнт Чэхаславацкай Рэспублікі (1918–1935).
47
Бэнэш Эдуард (1884–1948) — чэхаславацкі дзяржаўны дзеяч, прэзідэнт Чэхаславацкай Рэспублікі (1935–1938; 1946–1948).
Мне падабалася, што на вуліцах цудоўнай Прагі мы свабодна гутарылі на роднай мове й ніхто не паказваў на нас пальцамі, не высмейваў нас і не праследаваў, як гэта было ў Польшчы. На ўсё гэта я паглядала з вялікай радасцю, а мае асабістыя адносіны да людзей здабылі мне такія сімпатыі, што шмат пазней следавацель у Менску сказаў мне на злосных допытах: «Што вы за чалавек — ні ў Беларусі, ні ў Чэхаславаччыне не можам на вас знайсці сведкаў!» Так іх і не знайшлі, мяне судзілі без ніякіх сведкаў. Чэхі часам крыху зыходзяць са свае яснай дарогі, але трэба прызнаць ім, што зноў на яе вяртаюцца Масарыкавыя дзеці.
Усё мне тут было новым, але не лепшым, чымсьці ў нас. Сытасць ніколі не была маім ідэалам, а вось чалавечнасць — заўсёды. Чэхаў я часам не разумела — яны маглі плакаць, калі птушанятка ўпала з гнязда, і спакойна праходзіць міма чалавека ў бядзе. Усё ў іх лічылася на «коруны» [48] , і кожным трэцім словам у гутарцы іхняй была «коруна». Тут не верылі так моцна ў Бога, як у маім краі, і хоць храмы ў іх былі болей велічныя й прыгожыя, чымсьці ў нас, здавалася мне, што ў нас сумленне, ахвярнасць і праўда ў адносінах да людзей куды вышэйшыя. Чыста было ў іх усюды й вялікі парадак ва усім, і гэта я падзіўляла.
48
Коруна (чэшск. koruna) — грашовая адзінка некаторых заходнееўрапейскіх краінаў.
Як жа часта шчаміла мне сэрца туга па сваіх. У вачох стаяла мама з слязамі пры прашчанні — так я апошні раз яе бачыла й болей ужо не сустрэла ў жыцці. Нарэшце мы знайшлі пакойчык у Празе й развіталіся з дзядзькам Васілём і паняй Крэчэўскай. Там жылі зімою артысты цырку. Вясною яны выязджалі на гастролі па мястэчках і сёлах і на гэты час здалі нам кватэру са скромнымі мэблямі. Наш сын зусім добра чуўся й праяўляў вялікую самастойнасць. Аднойчы недзе падзеўся, і знайшла я яго на другім баку шырачэзнай вуліцы, дзе сядзеў за столікам і папіваў спакойна малачко. Гэта менавіта замовіў. Чэхі любяць дзяцей і ахвотна яго абслужылі, пэўныя, што я за ўсё разлічуся. Хлопец быў харошы настолькі, што звярталі на яго ўвагу ў трамваях, на вуліцы, а суседзьі вельмі яго любілі, насілі яму розныя смачнасці, клікалі да сябе.
Жылі мы ў вялікім доме, т.зв. Кашпараку [49] . Жыла там, за малымі выняткамі, пераважна бяднота, эмігранты й прастытуткі. Побач з намі жыў чэшскі настаўнік з сям’ёй, і мы з імі пасябравалі. Яшчэ прыязджалі да нас Вострыя, гэта быў малады інжынер са сваёю жонкай-настаўніцай. З гэтым харошым і надзвычайна інтэлігентным мужавым сябрам са студэнцкіх часоў мы пасябравалі на ўсё жыццё. Я навучылася варыць чэшскія стравы, пячы булкі па-іхняму.
Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ёй, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь.
49
Кашпарак — цяпер дом № 70 на вул. 5 Траўня ў Празе.
Мы жылі ў адных сенях з той сям’ёй, дзе жыў мой муж раней з панам Новакам — маладым студэнтам. Якія дзіўныя чэхі! Аднойчы прыйшла да мяне тая гаспадыня з прэтэнзіямі, што, пэўна, з мае віны выберацца яе добры кватарант. Я здзівілася, бо амаль не ведала яго. Аказалася, што прыгожы студэнт не можа вучыцца, ён, бачыце, улюбіўся ў пані дактарову, бярэ ўсё да сябе Іжычка, згубіў спакой і зусім не можа вучыцца, і я вінавата! Хто такую несуразіцу чуў? Пасля мы шчыра пагаварылі з панам Новакам. Ён стараўся зразумець незразумелае. Паводле яго слоў, быў ён сынам гандляра, ніякі не рамантык, меў нарачоную, якую, здавалася яму, кахаў. Усё абдумана, запланавана як належыць, і раптам нешта такое, з чым яму ніяк не справіцца! Для мяне гэта таксама было дзіўным, як можна планаваць і пачуцці? Я нічым не магла памагчы разбуджанай душы гэтага чалавека, і ён з гэтай кватэры ўцёк. Вось такія былі чэхі — цвярозыя, чэсныя, але душа ў іх была.
Чэшскі быт памалу ўваходзіў у мае прывычкі. Каб лепей варыць, я купіла сабе кулінарную кніжачку й з цікавасцю прачытала там, як прыгатаваць на абед «жабі стэгінка» (жабіныя кульшачкі). У гэты час мне прыпомніліся нашыя каўбасы, сальцісоны, вантрабянкі, парасяты і індыкі, якія так смачна падавалі на Беларусі. Жабы, гэта ж, мусіць быць, несусветная несмач! Але чэшскія кнэдлікі мне падабаліся.
А тым часам падзеі не стаялі на месцы. Нейк Прага не спала цэлую ноч, гэта тады, калі немцы акупавалі Аўстрыю. Чэхі адчувалі, што падобнае можа аднойчы быць і з імі. На жаль, яны не памыліліся. А тым часам быў у Празе апошні й цудоўны Сакольскі злёт [50] . Гэта была адчайная дэманстрацыя патрыятызму, прыгажосці, спартыўнасці, сілы. Прага некалькі тыдняў не прачыналася й не засынала, Прага проста не спала! Яна вітала, паіла, карміла, дарыла й гасціла чужых і айчынных гасцей. Яна смяялася й плакала, адчыняючы людзям насцеж сваё чыстае сэрца й быццам просячы зразумення, ратунку й помачы супраць таго, што маршыравала адмераным каваным крокам з Захаду й на цэлую Еўропу ўжо крычала: «Гайль Гітлер!». На стадыёне былі цуды зладжанай масавай гімнастыкі, быў улюбёны свой прэзідэнт з неадступным другам — мілай і дастойнай першай дамай Рэспублікі — сваёй жонкай. Але гэта быў апошні размах свабоднага народу. Насоўваліся цяжкія хмары. Усе мясціны свабоднай дзяржавы прывезлі на гэты злёт любоў і вернасць ураду сваяму й сталіцы. Я бачыла, як таргоўкі бралі ў прыпол цытрыны й памяранцы са сваіх латкоў і няслі іх моладзьі, якая ўсё прыбывала й прыбывала ў Прагу, вітаючы дарагую сталіцу. Я бачыла пасля, як кожная з гэтых гандлярак трымала ў руках газету, дзе пісалася аб адарванні ад Рэспублікі яе правінцыяў і галоўнае — Судэцкага краю, і як кожная плакала з гора. Плакаў тады ўвесьь гэты харошы, пакінуты ўсімі народ. Гэта не была Рэспубліка, а дом іх дарагі й гасцінны, сям’я іх адзіная, на якую тупым маршам ішоў іх адвечны вораг, і знікуль не відно было ратунку. Прагна адскубла сабе з жывога цела Рэспублікі й ачумелая Польшча, быццам не думаючы аб тым, што чакае заўтра яе безабаронны, няшчасны народ. Адна толькі Румынія засталася ў тыя страшныя дні чалавечнай і дружнай. Недарма, знача, румынскія жанчыны на Сакольскім злёце крычалі перад трыбунай ураду аб сваёй адданасці й аб дружбе...
50
Сакольскі злёт — сход удзельнікаў чэшскай гімнастычнай арганізацыі «Сокал», створанай у 1862 г.
А час ішоў. Я не магу забыцца аб чэшскай мабілізацыі. Усе мы ў нашым доме супольна слухалі, як гаварыў Гітлер. Ён крычаў, злаваўся, быццам крыкам хацеў паралізаваць запалоханыя народы. Нарэшце ноччу аб’явілі аб мабілізацыі. Людзі смяяліся, кідаліся сабе ў абдымкі! Яны не плакалі, не баяліся, яны былі шчаслівыя, што могуць, маюць шчасце йсці бараніць сваю волю, сваю Радзіму. «Тэдь вімэ, на чэм йсмэ!» (ведаем, што рабіць!) — крычаў мне сусед наш з несказаным шчасцем. Мы не думалі, што вораг дасць чэхам спакойна мабілізавацца. Суседзі паадзявалі маскі, а ў нас была толькі адна, і мы з мужам пачалі тут сварыцца: ён пхаў яе мне, а я яму назад, і нарэшце мы адкінулі яе зусім. Назаўтра муж папытаўся ў мяне, што, на маю думку, яму рабіць? На маю й на яго думку трэба было вось цяпер адудзячыцца харошаму народу за асвету й за гасціннасць, і муж пайшоў і запісаўся дабравольцам. Але вайны не было, а чаму, я гэтага нават не ведаю... Як я цяпер думаю, дык Прага не ў сілах была стрымаць нямецкую ўсю напорыстую навалу, але навала гэтая была ў сілах пакінуць ад тысячагадовага горада мокрае месца... Спакойна сабе паехалі дамоў Даладзье [51] , Чэмберлен [52] і інш., якія на так коратка адвярнулі ад сябе небяспеку. Прэзідэнт Эдуард Бэнэш пакідаў сваю Бацькаўшчыну. Усе, плачучы, слухалі ягоную апошнюю прамову. Ён прашчаўся са сваім народам, змушаны пакінуць яго. Мне так захацелася ў гэты час падзякаваць яму за ўсё, што чэхі зрабілі для нас, што я, каб муж не ведаў, напісала яму на Град падзяку ад нас, усіх беларусаў у Празе, і шчырае спагаданне з прычыны такой гістарычнай сумнай, трагічнай падзеі. Мужу пасля толькі паказала падзяку з Граду, якая, як адказ на мой ліст, надышла з Граду. Мы доўга яе перахоўвалі вайною.
51
Даладзье Эдуард (1884–1970) — французскі палітычны і дзяржаўны дзеяч.
52
Чэмберлен Нэвіл (1869–1940) — англійскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністр Англіі (1937–1940).
У Чэхаславакіі ўтварыўся новы ўрад на чале з трагічнай асобаю Гахі [53] . Пасля 15 сакавіка 39-га года ў бурны, ветраны, заснежаны дзень увайшлі ў Прагу немцы. У гэтыя дні я на вуліцу не выходзіла. Мала хто плакаў цяпер, людзі кінуліся ў крамы й пачалі купляць усё — ад мыла й сала пачынаючы. У Кашпараку жыла сям’я нямецкіх камуністаў. Гэта быў рабочы й нейкі дзеяч Ота Кляўдэр, Ані, ягоная жонка, і іх дачка. Ані мне многа радзіла, памагала. Ота вадзіў Юру на спацыр, калі я мыла бялізну, і часта нам прыносіў маскоўскія газеты. Ён мне сказаў, што вайну вырашыць савецкая зброя, і гэта пасля аказалася праўдай. У іх я пазнаёмілася з многімі людзьмі. Адныя з іх — румынскія яўрэі — уцякалі з Прагі й пакінулі нам сваю кватэру. Гэта быў невялічкі пакойчык, і цераз карыдор куханька. Недарагая кватэра й для нас акурат. Яўрэі былі вельмі маладыя, і жонка была надзвычайна прыгожая. Гэта быў чацвёрты паверх, найвышэй у гэтым доме. Ніжэй пад намі жыла пані Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Украінкі [54] , і яшчэ ніжэй — сям’я Малжулаў, дзе былі дзве дачкі-студэнткі. З малодшай Лідаю мы пасябравалі.
53
Гаха Эміль (1872–1945) — чэшскі палітычны дзеяч. Пасля Мюнхенскай змовы (1938) i эмiграцыi Э. Бэнэша быў выбраны прэзiдэнтам Чэхаславацкай Рэспублiкi (без Судэцкiх земляў). Падпiсаў з А. Гiтлерам дамову аб акупацыi фашыстамi Чэхii (1939) i ачольваў чэшскую цывiльную ўладу ў Пратэктараце Чэхiя i Маравiя. Арыштаваны ў 1945 г., памёр у турэмным шпiталi.
54
Леся Украінка (сапр. Ларыса Косач-Квітка; 1871—1913) — украінская паэтка.
Цяпер усё пераважна залежала ад немцаў, і праца. Беспрацоўных цяпер не было. Немцы ваявалі, а чэхі йшлі на іх месца. Арміі свае чэхі не давалі, але працоўную сілу — так. Але муж па-ранейшаму працаваў у доктара Градзіла, якога ўжо прагналі з Граду, але ён быў такі нервовы й такі няшчасны, што не мог працаваць. А можа, і не хацеў... Усе дні напралёт ён праводзіў ля радыё, слухаў заходнія дэмакрацыі.
Пасля былі апошнія лісты ад нашых бацькоў, і пачыналася вайна з Польшчай.
Да нас аднойчы завітаў незнаёмы чалавек, які назваў сябе Тыран. Дасканала гутарыў па-беларуску й прыехаў быццам з Латвіі. Меў усе выданыя тады кніжкі Максіма Танка. Мы выпрасілі ў яго толькі Танкаву фатаграфію з першай старонкі. Ён цікавіўся, што мы думаім, што збіраемся рабіць і г.д. Дзівіўся мужавай пасіўнасці, запалоханасці, але выразна нічога не гаварыў. Ён начаваў у нас у сенях, бо было цесна — было гэта яшчэ ў Кашпараку. Назаўтра, калі муж пайшоў на працу, ён папрасіў у мяне нажа, скінуў чаравік і пачаў майстраваць абцас. Калі яго разварушыў, дык у абцасе паказалася дзюрка, а ў ёй паперка на 500 зл. — яшчэ Польшча тады існавала. Ён глядзеў, як я буду рэагаваць на гэта, але я толькі папыталася: пашто яму гэта? «Хачу студыяваць у Празе», — кажа. «Ну й ну, — думаю, — гэта чалавек нядобры, і пашто ён пры мне даставаў тыя грошы, во дзіва?» Чалавек усім кватарантам паказаўся падазроным, і яны пачалі шаптацца й пытацца ў мяне: хто гэта? Я ім сказала, што нейкі будучы студэнт. Чалавек прасіў, каб я яго крыху пакінула аднаго ў хаце, пасля ён пайшоў. Муж быў на рабоце. Вечарам, яшчэ муж не вярнуўся, я клала Юрачку спаць, як раптам прыйшоў да нас малады чалавек і працягнуў мне легітымацыю, на якую я нават не глянула — так спалохалася, што падкасіліся ногі. Ён супакоіў мяне, распытаўся пра нашага начнога госця й пайшоў. Я абняла толькі Юрку й ледзь дачакалася мужа.
Нядаўна я пра гэта расказвала адной жанчыне. Яна ў мяне толькі папыталася: «Такі Хрыстападобны?» Кажу: «Так, бледны, худы, страшны й менавіта Хрыстападобны». Яна назвала яго. Гэты чалавек дапамог арганізаваць, а пасля так жа прадаць і праваліць «Грамаду»... Быў гэта страшны чалавек... Болей мы ў хату такіх не пускалі, прыходзілі да нас толькі свае сябры й нашыя з Моджанаў.
Пасля падзелу Чэхаславаччыны нас пачалі вельмі праследаваць палякі. Яны відавочна патрабавалі, каб чэхі нас вярнулі ў Польшчу, бо мы ж былі польскімі грамадзянамі. І вось у нас без выхаднае становішча, нас выкідаюць. Нехта перадаў мужу, каб мы з сынам схадзілі да аднаго з чэшскіх сенатараў і папрасілі заручыцца за нас. І вось ідзем мы з Юрачкам, вяду яго за руку. Калі мы туды прыйшлі, дык усе ва ўрадзе зацікавіліся цудоўным хлопчыкам, які міла гаварыў чэшскія вершы. Пан сенатар прыняў нас ветліва. Я вельмі няўмела папрасіла яго памагчы нам — прасіць нешта для сябе мне было заўсёды цяжка. Ён загадаў сакратарцы напісаць нешта, падпісаў гэта, і мы трапілі ў рукі ўсіх супрацоўнікаў гэтага ўраду. Яны паспелі ўжо купіць Юру чэшскія кніжачкі для дзяцей і сабралі яму троха й грошай. Я старалася скрыць тое, што я не прывыкла, каб давалі мне грошы, што я іх прывыкла людзям даваць, але яны ўсе былі такія шчырыя, такія харошыя, што я ўзяла гэты падарак для сына, і мы сардэчна развіталіся з імі. Так мы засталіся ў Празе, і грозны начальнік паліцыі для чужынцаў, нейкі славак — забылася яго прозвішча ўжо,— не мог нас так сабе выкінуць.